маха́тма

(санскр. mahātmā = літар. вялікая душа)

1) сусветны дух, бажаство-звышчалавек у індуісцкай міфалогіі і тэасофіі;

2) дадатак з адценнем асаблівай павагі, які далучаецца да прозвішча славутых асоб і выдатных грамадскіх дзеячаў у Індыі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

імпі́чмент

(англ. impeachment = ганьбаванне, абвінавачванне)

працэдура прыцягнення да суда парламента вышэйшых службовых асоб дзяржавы (прэзідэнта, кіраўніка ўрада і інш.) з мэтай пазбаўлення іх паўнамоцтваў.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

кале́гія

(лац. collegium = таварыства, супольнасць)

1) адміністрацыйны, дарадчы або распарадчы орган (напр. к. міністэрства, рэдакцыйная к.);

2) аб’яднанне асоб некаторых прафесій (напр. к. адвакатаў).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

се́кта

(лац. secta = вучэнне, напрамак, школа)

1) рэлігійная група, якая адкалолася ад пануючай царквы;

2) перан. група асоб, якая замкнулася ва ўласных вузкіх інтарэсах.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

іпаста́сь

(гр. hypostasis = сутнасць)

1) адна з асоб хрысціянскай тройцы (бог выступае ў трох іпастасях: бог-бацька, бог-сын і бог-дух святы);

2) перан. тое, што цесна далучаецца да каго-н., чаго-н. іншага.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

катэго́рыя

(лац. categoria, ад гр. kategoria = выказванне, суджэнне)

1) навуковае паняцце, якое выражае найбольш агульныя і істотныя сувязі з’яў рэчаіснасці (напр. к. прычыннасці);

2) група з’яў, прадметаў або асоб, аб’яднаных агульнымі прыкметамі (напр. узроставая к.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Скле́зень ‘малы, малеча’ (Нас., Касп., Бяльк.), ‘пра слабую, худую (звычайна маладую) істоту’ (Янк. Маг., Барад.), ‘хілае, капрызнае дзіця’ (Юрч., Яўс.), ‘худы чалавек, няўдаліца’ (Сл. рэг. лекс.), ‘слізень’ (Бяльк.), склязнёнак ‘фізічна слабая істота’ (Мядзв.), ‘нованароджанае недаразвітае дзіця’ (Мат. Маг.). Панюціч (Лексіка, 86) выводзіцца ад скліць ‘скуліць, ныць’ (гл.), параўн. скліза ‘кволае, хваравітае дзіця’ (Юрч.), што ў далейшым было набліжана да склізкі (гл.), параўн. склізня́ ‘смоўж’, ‘капрызная дзяўчынка’, ‘слізота, галалёд’ (Яўс.), склі́зень ‘слізняк’, ‘нікчэмны чалавек’ (Нар. Гом.). Не выключаны, як пачатковая аснова, дзеяслоў склець ‘чэзнуць’ (гл.). Аб суф. ‑з(а), ‑ень, ‑інь, якія ўтвараюць экспрэсіўныя назвы асоб, гл. Сцяцко, Афікс. наз., 38, 41, параўн. слімаза, слімень (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БЕЛАРУ́СКАЕ ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА ў Берліне.

Створана ў канцы 1939 пры мін-ве ўнутраных спраў Германіі. Займалася выяўленнем асоб бел. нацыянальнасці ў Германіі і на захопленых ёй тэрыторыях. У розны час кіраўнікамі былі Ф.​Акінчыц, А.​Шкуцька і інш. У 1940 пры Беларускім прадстаўніцтве быў створаны Бел. к-т самапомачы з філіяламі ў Варшаве, Празе, Вене, Лодзі, Мюнхене і інш. гарадах. Беларускае прадстаўніцтва і Бел. к-т самапомачы супрацоўнічалі з герм. разведслужбамі і службай бяспекі (СД), вялі работу з ваеннапалоннымі беларусамі з Войска Польскага. Напярэдадні Вял. Айч. вайны дзейнасць Беларускага прадстаўніцтва і Бел. к-та самапомачы выкарыстоўвалася ў разведвальных і прапагандысцкіх мэтах, арганізацыі дыверсійных груп, падрыхтоўцы кадраў цывільнай адміністрацыі для Беларусі. У чэрв. 1941 у Берліне на радзе прадстаўнікоў Беларускага прадстаўніцтва і Бел. к-та самапомачы ўтвораны Беларускі нацыянальны цэнтр. Беларускае прадстаўніцтва выдавала газ. «Раніца».

А.​М.​Літвін.

т. 2, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (БНК) у Рэгенсбургу, грамадская арганізацыя ў Германіі ў 1945—50, якая займалася культ.-асв., дабрачыннай дзейнасцю сярод бел. эмігрантаў. Створаны ў жн. 1945 у амер. акупац. зоне для прадстаўніцтва бел. пасляваен. эміграцыі. У снеж. 1945 БНК дамогся спынення прымусовай рэпатрыяцыі беларусаў і правоў на арг-цыю бел. нац. лагераў для перамешчаных асоб (былі створаны ў Рэгенсбургу, Міхельсдорфе, Розенгайме, Остэргофене, Ватэнштэце, Мітэнвальдзе і інш.). БНК супрацоўнічаў з амер. акупац. ўладамі, К-там Аб’яднаных Нацый па дапамозе і аднаўленні (ЮНРРА), з інш. нац. камітэтамі па аказанні дабрачыннай дапамогі былым вязням, інвалідам, сіротам. Па ініцыятыве БНК у вер. 1945 у бел. лагерах былі адчынены 2 школы, у снеж. 1945 — першая бел. гімназія на чужыне (гл. Беларуская гімназія імя Янкі Купалы). Дзейнасць БНК спынена ў выніку масавага ад’езду з Германіі бел. эмігрантаў.

Т.​А.​Папоўская.

т. 2, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЫЧАЁВАЕ ПРА́ВА,

сукупнасць няпісаных прававых норм, агульнапрынятых у пэўным грамадстве. Узнікла непасрэдна з грамадскіх адносін і санкцыянавана дзярж. уладай. На Беларусі панавала да 15 ст. У 15 — пач. 16 ст. паступова замянялася пісаным правам, у якім побач з новымі нормамі захоўваліся нормы З.п. ў форме закону. Пасля выдання Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 З.п. адводзілася толькі дапаможная роля ў рэгуляванні тых праваадносін, якія не былі прадугледжаны законам. З.п. рэгулявала ўсе праваадносіны ў грамадскім жыцці, дзейнасць службовых асоб, дзярж. павіннасці насельніцтва, асн. грамадзянска-прававыя адносіны і інш. Найб. доўга панавала ў шлюбна-сямейных адносінах. Асаблівае месца ў сістэме З.п. займалі нормы копнага права, якія дзейнічалі на Беларусі з глыбокай старажытнасці да 18 ст. (гл. Копны суд). Уплыў З.п. адчуваўся і пазней, асабліва ў зямельным і сямейным праве.

Літ.:

Юхо І. Крыніцы беларуска-літоўскага права. Мн., 1991.

Я.​І.​Юхо.

т. 7, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)