прыпе́рціся, ‑пруся, ‑прэшся, ‑прэцца; ‑промся, ‑працеся; пр. прыпёрся, ‑перлася; зак.
1. Абаперціся аб што‑н., прываліцца да чаго‑н., стаўшы або сеўшы дзе‑н. Прыперціся спінай да дзвярэй. □ Сцяпан кінуўся на двор, доўга чагосьці шукаў там, .. пасля знайшоў: прыпёрся ілбом да мокрага ствала старой ігрушы. Чорны. Падышоў. Сеў на вільготную зямлю, прыпёрся плячамі да шурпатай кары. Пянкрат. // Разм. Прысесці, прымасціцца. — Прыпрыся ж ты, вось хоць тут на зэдліку. Крапіва.
2. Разм. груб. Прыйсці, прыбыць. — Хіба ты не ведаеш майго нязгрэбу, — адказала сястра Магда. — Часам, як з прывязі сарваўшыся, першы прыпрэцца, а сёння хоць аглобляй падважвай... С. Александровіч. — І мая дачка, Жэня, старэйшая, там засталася. Сам я толькі здурнеў, прыпёрся з бежанства сюды. Брыль.
3. Разм. Знайсці сабе прыстанішча, прыстроіцца дзе‑н. — За плячыма павінна што-небудзь у чалавека быць, каб заўсёды прыперціся да чаго льга было... Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рассадзі́ць, ‑саджу, ‑садзіш, ‑садзіць; зак., каго-што.
1. Пасадзіць (некалькіх, многіх), даўшы кожнаму месца. Корань мігам рассадзіў усіх і пастукаў костачкамі пальцаў па стале. Ваданосаў. Нарэшце фатограф рассадзіў усіх, як належыць. Ус.
2. Памясціць, пасадзіць паасобку (звычайна тых, хто сядзеў разам). Рассадзілі нас усіх восем па адзіночках такіх велізарных пецярбургскіх «Крыжоў». Пальчэўскі. Людна з Шэйдакам першы час пасля таго, як іх рассадзілі, адчувалі сябе нібы тая рыба, якую выцягнулі з вады. Сабаленка.
3. Перасадзіць расліны радзей, іншым чынам. Рассадзіць расаду капусты. Рассадзіць памідоры.
4. Разм. Разбіць, раскалоць моцным ударам. І беглі ўсе на двор, дзе ляжаў сыры снег.., дзе ўжо мільгалі снежкі і цяжка гупалі ў дашчаны ганак, пакуль нехта не рассадзіў акно, пакуль не выбег той самы пануры вартаўнік, перавярнуўшы ў руках памяло. Адамчык. // Моцна параніць. — Антоська, даражэнькі, паміраю, — заплакаў п’янаваты Сцяпан.. — Во, глядзі, як рассадзіў мне галаву Рысь... С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спеў, спеву, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. спяваць, а таксама гукі гэтага дзеяння; спяванне. Час далёкі, час маленства Нечакана ажыве. Чую — спеў жалейкі з лесу Перапёлкаю плыве. А. Александровіч. Цябе вітаюць спевам ціхім каласы, пераліваюцца — віюцца галасы. Дубоўка. Цёплы вецер Заносіць спеў мірных гудкоў, Звон далёкіх апошніх трамваяў. А. Астапенка.
2. Песня. Свой спеў салавейка У галлі адшчабеча. Купала. З-пад пяра Алеся Гурло з яўляецца аптымістычны спеў «Не тужы». Хведаровіч. Танцаваць зноў пайду, Новы спеў засяду, Бо, як вішня, жыццё Зацвіло, зацвіло! Бядуля. // Песня рэлігійнага зместу.
3. Выкананне песень, арый і пад. як мастацтва. [Сашы] даўно ўжо захацелася пагутарыць з чалавекам, які разбіраецца ў спевах і мог бы па-сапраўднаму ацаніць яго голас. Рунец. Савецкае мастацтва харавога спеву займае пачэснае месца ў эстэтычным выхаванні працоўных. Шырма.
4. толькі мн. (спе́вы, ‑аў). Вучэбны прадмет. Апрача беларускай мовы і літаратуры, я выкаадала спевы. Мядзёлка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чаму́ 1, прысл.
1. пытальнае. З якой прычыны? І мне зноў успомніўся Галас. Чаму ён не згадзіўся ісці са мною праз лес? Колас.
2. адноснае. Ужываецца ў якасці злучальнага слова ў дапаўняльных сказах і адпавядае словам: па якой прычыне. Калі Марыя даведалася, чаму брат адмовіўся ад выгаднага месца, дык залямантавала. С. Александровіч.
3. у знач. злучн. Далучае сказы са значэннем выніку і адпавядае словам: таму, у выніку гэтага. І я ў захапленні, радасны і горды За свой край, народ, Убіраю ў сэрца дзіўныя акорды, Творчай сілы ўзлёт... Вось чаму я сёння не тужу па леце, Па сваёй вясне. Колас. На чым толькі мог [Даніла] ашчаджаўся, не траціў лішняе капейкі.. Вось чаму, калі часам дзеці ці жонка прасілі купіць селядца да бульбы ці алею да шаткаванай капусты, Даніла заўсёды знаходзіў што сказаць. Пальчэўскі.
чаму́ 2,
гл. што 1 (у 1, 8 і 9 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шта́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да штату 2 (у 1 знач.); які вызначаецца згодна са штатам. Штатны спіс. □ Самуйлёнак быў залічаны на штатную пасаду літаратурнага работніка газеты. «Маладосць». Бацька працаваў падзённа на чыгунцы, пасля яго прынялі на штатную пасаду рамонтным рабочым пад Магілёвам. С. Александровіч.
2. Які ўваходзіць у штат, знаходзіцца ў штаце 2 (у 2 знач.). Зроду не даводзілася мне Быць экскурсаводам штатным. Калачынскі. І не ведае Пятроўна, Што зрабілася яна Хоць не штатным, ды цудоўным Агітатарам у нас. Панчанка. // у знач. наз. шта́тны, ‑ага, м. Асоба, якая ўваходзіць у штат 2 (у 2 знач.). А назаўтра ўсе ў калгасе загулі, загаманілі: Курловіч узяўся за штатных... Дуброўскі. [Старшыня:] — Ноч во становіцца вялікая, дык калі качагара падменіш, калі манцёра. Будзеш там штатным. — Я ж працую, — Алег глянуў на свайго брыгадзіра. Ермаловіч.
•••
Штатны расклад гл. расклад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шу́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Разм.
1. Адразу, адным прыёмам зрабіць што‑н. Каб не давялося потым наракаць на сябе, яна [Юля] тут жа шухнула ў печ з вядра — вуголлі зашыпелі. Гроднеў. // Нечакана, раптоўна паваліцца. Стаяць нязручна, умошчваюся прысесці і чуць не шухнуў вобземлю. С. Александровіч.
2. Хутка абваліцца, асыпацца, спаўзці, з’ехаць куды‑н. Зямля шухнула ў дзірку і ледзь не засыпала мяне. Сачанка. Раптам зверху на яго [Петрыка] шухнула салаш. Гілевіч.
3. Надысці, настаць, прыйсці (пра якую‑н. з’яву, надзею). Пасля свята раптоўна шухнула адліга. Савіцкі.
4. Выехаць, выбыць адкуль‑н. [Галасок:] — Ды яно так і будзе, як Вербец кажа: з сваёю брыгадаю яны заробяць. Горад будуецца. І я прашу вас, таварыш старшыня, прыміце меры, бо ўслед за імі і ўся мая брыгада шухне. Савіцкі.
5. Рэзка, нечакана, з сілай падзьмуць, павеяць. Шухне [вецер], Аж самлееш, на нагах ты, Водар мяты і сасновых смол. Калачынскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шып 1, ‑а, м.
1. Востраканцовы цвёрды выступ, нарасць на целе ў некаторых жывёл.
2. Невялікі выступ на падэшвах спартыўнага абутку, колах, гусеніцах аўтамашын, трактароў і пад., які садзейнічае счэпліванню з глебай, служыць для лепшага ўпору пры руху. Скрут з Балашам адправіліся да горкага хрыбта. Узброіліся зусім па-зямному — альпенштокамі, апранулі чаравікі з вострымі шыпамі. Шыцік.
3. Спец. Канцавая частка вала, якой ён абапіраецца на падшыпнік; цапфа.
шып 2, ‑а, м.
Буйная прамысловая рыба сямейства асятровых, якая водзіцца ў Чорным, Азоўскім, Аральскім і Каспійскім марах.
шып 3, ‑у, м.
Тое, што і шыпенне. Вясною той, уначы, — а бачылі тое жыхары з Міра, Нясвіжа, .. — з шыпам і свістам прамчаў па небе агнявы змій з доўгім зыркім хвастом. Караткевіч. Ходзіць — нос па ветру носіць: — Тут нядобра, дрэнна там! — Шып яе змяінай злосці Даўся ў знакі батракам. А. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́разаць, ‑ражу, ‑ражаш, ‑рэжа; заг. вы́ражы і вы́раж; зак., што.
1. Выняць, дастаць, выдаліць што‑н. рэжучым інструментам. Выразаць мёд з вулля. Выразаць міндаліны.
2. Зрабіць выраз у чым‑н. Выразаць пройму. Выразаць праём у сцяне.
3. Вымежаваць, адмераць (участак зямлі, лесу і пад.); нарэзаць. [Гушка:] — З якога ж тады кавалка мне Сурвіла выража мае дзве дзесяціны? Чорны. Перш за ўсё.. [Каліна] зрабіў нажом на кары дрэваў зарубкі, каб адзначыць граніцы сваёй гаспадаркі, і выразаў сабе вельмі ладны кавалак пушчы. Багдановіч.
4. Вырабіць што‑н. разьбой. Выразаць лыжку.
5. Зрабіць рэжучым інструментам надпіс, малюнак і пад. Выразаць пячатку, ініцыялы. □ Трэба было ў дасканаласці авалодаць друкарскай тэхнікай, адліць адпаведныя шрыфты, выразаць вялікія літары гравюры. С. Александровіч.
6. Зрэзаць, адрэзаць для якой‑н. патрэбы. Выразаць лазіну.
7. Вынішчыць, забіць халоднай зброяй. Бандыты выразалі ўсю сям’ю. // Спілаваць, высечы. Выразаць лес. // Загрызці ўсіх або многіх (пра ваўкоў). Выразаць статак.
выраза́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.
Незак. да вы́разаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
згу́ба, ‑ы, ж.
Разм.
1. Смерць, гібель. Зберагчы ад згубы. □ Гамлет і Афелія кахаюць адзін другога і ў той жа час ускосна вядуць адзін аднаго да згубы. Лужанін. Малады вяпрук адстаў ад чарады, што бегла ад галоднай згубы. А. Вольскі. Не баяцца болей згубы Тут звяры. Пахавалі льва пад дубам Ля гары. Шушкевіч. // Знішчэнне. Жыць без лесу не магу на свеце — У вялікім перад ім даўгу. Лес хаваў не раз мяне ад смерці, Я яго ад згубы сцерагу. Непачаловіч. // Страта. — Няўдача, — адказаў дзядзька. — Косцік новую шапку пасеяў. .. Пачуўшы пра згубу, бацька сярдзіта паківаў пальцам, але надта не сварыўся. С. Александровіч.
2. Тое, што з’яўляецца прычынай гібелі або няшчасця для каго‑, чаго‑н. Марозы — згуба для кветак. □ — Карты — гэта згуба, бацюшка. Пальчэўскі.
3. Тое, што згублена, страчана. Дык прабач жа цяпер, мая згуба, Што з табой часта бачуся ў сне, Што халодныя рукі нялюбай Абдымаюць бясстрасна мяне. Смагаровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
павярну́цца, ‑вярнуся, ‑вернешся, ‑вернецца; зак.
1. Зрабіўшы паварот, змяніць сваё становішча. Павярнуцца кругом. □ [Насця] рэзка павярнулася і, не азіраючыся, хутка пайшла па вуліцы. Мележ. Павярнуўся рычаг, паравоз абарваў свой бег. Лынькоў.
2. перан. Змяніцца, атрымаць нечаканае развіццё. Справа павярнулася так, як не чакаў сам Пракоп. Ермаловіч. [Ірына Віктараўна] і ўявіць сабе не магла — ні дома, ні ў дарозе, — што так павернецца ўсё. Пальчэўскі.
3. Разм. Нядоўга пабыць, прабыць дзе‑н. Дзе толькі павернецца Дабрэня, там знікае сум і чуцен смех. Гурскі. Над урокамі Алесь сядзеў мала: трохі павернецца ў хаце і — ходу на вуліцу. С. Александровіч.
4. Разм. Зрабіць што‑н., управіцца з чым‑н. Павярнулася гаспадыня каля печы — і аладкі на стале. □ [Яўген:] — Нашы пакуль надумаюць ды пакуль павернуцца... У іх усё па чарзе ды памалу... Карпаў.
•••
Павярнуцца спінай да каго-чаго — выказаць абыякавасць, знявагу; перастаць звяртаць увагу на каго‑, што‑н.
Як толькі язык павярнуўся; язык не павернецца (не павярнуўся) гл. язык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)