міжнароднае аб’яднанне дзяржаў, якія ў сваёй знешняй палітыцы кіруюцца недалучэння прынцыпам. Афіцыйна створаны ў вер. 1961 на канферэнцыі 25 дзяржаў Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі, пры ўдзеле І.Ціта (Броз Ціта), Сукарна, Дж.Нэру і Г.А.Насэра. У 1960—80-я г. рэгулярна склікаліся канферэнцыі кіраўнікоў дзяржаў — членаў Н.р., на якіх абмяркоўвалася і каардынавалася знешняя палітыка гэтых краін у адносінах да звышдзяржаў — ЗША і СССР. З пач. 1980-х г. назіраўся крызіс Н.р.: некаторыя з недалучаных краін знаходзіліся ў стане ўзбр. канфлікту паміж сабой (Іран і Ірак), некаторыя фактычна дзейнічалі ў альянсе з СССР або ЗША, што парушала прынцып недалучэння. З распадам СССР (1991) востра паўстала пытанне пра змену і ўдасканаленне прынцыпаў Н.р. У 1990-я г. пра ўдзел у Н.р. заявілі больш за 100 краін свету, у т. л. ў 1998 Рэспубліка Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТРЫЯТЫ́ЧНЫ АНТЫГІ́ТЛЕРАЎСКІ ФРОНТ (ПАГФ, ПАФ),
аб’яднанне антыфаш. сіл Румыніі ў 2-ю сусв. вайну. Узнік у чэрв. 1943 па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам Камуніст. партыі Румыніі (КПР). Уваходзілі КПР, «Фронт земляробаў» (засн. ў 1933), Саюз патрыётаў (засн. ў 1942), Саюз венг. працоўных у Румыніі (засн. ў 1934), Сял.сацыяліст. партыя, некаторыя мясц. арг-цыі С.-д. партыі; сац. база — рабочыя, сяляне, ч. інтэлігенцыі. Яго праграма (платформа) прадугледжвала арганізацыю актыўнай, у т. л. ўзброенай, барацьбы за звяржэнне ваен. дыктатуры І.Антанеску, выхад Румыніі з вайны на баку фаш. дзяржаў і далучэнне да антыгітлераўскай кааліцыі, неадкладнае спыненне паставак харч. і ваен. тавараў Германіі, пакаранне ваен. злачынцаў і інш. ПАФ — этап на шляху да Народнага ўзброенага паўстання ў Румыніі 1944. 12.10.1944 арг-цыі — удзельніцы ПАФ разам з прафсаюзамі і інш. аб’яднаннямі ўтварылі Нац.-дэмакр. фронт, які істотна паўплываў на далейшае паліт. развіццё Румыніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІЭФІ́РНЫЯ ВАЛО́КНЫ,
сінтэтычныя валокны, якія фармуюць са складаных поліэфіраў, у асн. з расплаву поліэтылентэрэфталату. Гандл. назвы: лаўсан, дакрон, тэрылен, тэтэрон, тэргаль, элан і інш. Атрымліваюць таксама П.в. на аснове хімічна мадыфікаванага поліэтылентэрэфталату (т.зв. суполіэфірныя валокны) і ў значна меншай колькасці — з полікарбанатаў, поліэтыленоксібензаату, полібутылентэрэфталату, вадкакрышт. поліэфіраў і інш.
Для П.в. характэрны высокія трываласць, тэрма-, святло-, атмасфера- і зносаўстойлівасць. Устойлівыя да ўздзеяння кіслот (акрамя канцэнтраваных азотнай і сернай) і раствораў шчолачаў, многіх арган. растваральнікаў, у т. л. тых, што выкарыстоўваюць пры хім. чыстцы. Інтэрвал рабочых т-р ад -60 да 170 °C. Суполіэфірныя валокны пазбаўлены асн. недахопаў П.в. (цяжкасць фарбавання, гідрафобнасць, моцная наэлектрызаванасць і калянасць вырабаў). Выкарыстоўваюць у вытв-сці разнастайных тканін, трыкатажу, дываноў, штучнага футра, шыннага корду, тканін для гумава-тэхн. вырабаў, электра- і фільтравальных матэрыялаў і інш.
На Беларусі П.в. выпускае Магілёўскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКІ НАРО́ДНЫ ХОР, Акадэмічны рускі народны хор Расійскай Федэрацыі імя М.Я.Пятніцкага. Арганізаваны ў 1910 з нар. спевакоў Варонежскай, Разанскай і Смаленскай губ. М.Я.Пятніцкім (маст. кіраўнік хору да 1927). Выступаў у с. Аляксандраўскае (Варонежская вобл.), з 1918 — у Маскве. З 1927 прысвоена імя Пятніцкага. З 1937 у складзе Маскоўскай філармоніі. З 1940 — сучасная назва, з 1967 — акадэмічны. У 1938 рэарганізаваны: павялічана хар. група, створаны аркестр нар. інструментаў і танц. калектыў. Сярод кіраўнікоў хору П.Казьмін, У.Захараў, М.Коваль, В.Левашоў. Асаблівасць хору — вял. дыяпазон нар. музыкі, імкненне да «маляўнічага выканання песні» (паводле слоў Пятніцкага), тэатралізацыя, разыгрыванне сцэн сял. жыцця на фоне дэкарацый, аб’яднанне песень у цыклы («За аколіцай», «Вячоркі», «Вяселле»), частушкі, прыпеўкі, вак.-харэаграфічныя сюіты і кампазіцыі, творы сучасных кампазітараў. Пры хоры працуе фалькл. кабінет, захоўваецца вял. калекцыя нар. інструментаў і касцюмаў, сабраных Пятніцкім.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛУ́ЖБА ЧА́СУ,
сукупнасць работ па вызначэнні і захоўванні дакладнага часу і перадачы інфармацыі аб ім; аб’яднаннеастр. устаноў краіны, якія вядуць адпаведныя работы. Устанаўлівае сувязь паміж сусветным часам (вызначаецца з астр. назіранняў) і атамным часам (вызначаецца пры дапамозе квантавага гадзінніка, недакладнасць ходу якога каля 1 с за сто гадоў). Захоўванне часу паміж назіраннямі выконваецца пры дапамозе кварцавых гадзіннікаў, якія кантралююцца атамнымі і малекулярнымі стандартамі частаты з дакладнасцю, на 3—4 парадкі вышэйшай за дакладнасць вызначэння сусветнага часу. Для праверкі часу праз радыёвяшчальную сетку кожную гадзіну перадаюць 6 сігналаў, апошні з якіх адпавядае дадзенай гадзіне. Работу С.ч. розных краін каардынуе Міжнар. бюро часу пры Парыжскай абсерваторыі, якое па іх матэрыялах вылічвае і публікуе канчатковыя папраўкі радыёсігналаў. Міжнар. шкала атамнага часу рэалізуецца шляхам усярэднення паказанняў некалькіх дзесяткаў атамных гадзіннікаў С.ч. ў розных краінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАБРО́ЎСКІ Казімір (21.11.1869, б. маёнтак Крупляны, Карэліцкі р-н Гродзенскай вобл. — 8.6.1929),
жывапісец, педагог. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі, Польшчы, Расіі. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1887—94), акадэміі Жуліяна ў Парыжы. Пасля 1894 жыў і працаваў на Гродзеншчыне. Удзельнічаў у маст. выстаўках у Пецярбургу, Парыжы, Мюнхене, Венецыі. З 1902 чл.Т-ва польскіх мастакоў «Штука» і Т-ва падтрымкі прыгожых мастацтваў. Заснавальнік і кіраўнік (1904—09) Школы прыгожых мастацтваў у Варшаве. У 1922 заснаваў аб’яднанне мастакоў «Sursum Corda». Ствараў кампазіцыі фантастычна-сімвалічнага характару, пейзажы, партрэты ў стылі мадэрн. Сярод работ: «Магамет у пустыні» (1894), «Цішыня ў вёсцы» (паміж 1894—1900), серыя з 11 карцін «Шэсце навальніцы», «Белая ноч у Петраградзе каля раз’езда», «Змярканне ў Лазенкаўскім парку ў Варшаве», «Белыя ночы», партрэты С.Дамброўскага, Ф.Радашэўскага, Л.Рытлінскай, В.Семяшковай і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРАТЭ́Г (грэч. stratēgos ад stratos войска + agō вяду),
у старажытнагрэчаскіх полісах 6—1 ст. да н.э. военачальнік, надзелены шырокімі ваен. і паліт. паўнамоцтвамі. У Афінах існавала калегія з 10 С.: адзін — для камандавання гаплітамі (цяжкаўзброенай пяхотай), адзін — для падрыхтоўкі флоту, адзін — для аховы краіны, два — для аховы Пірэя, астатнія камандавалі войскамі ў паходах паводле строга вызначанай чаргі. Выбіраліся С. нар. сходам па аднаму ад кожнай філы (родаплемянное аб’яднанне) тэрмінам на 1 год (дазвалялася неаднаразовае выбранне — напр., Перыкл на працягу 15 гадоў). Пасада была безаплатнай. С. ўзначальвалі ваен.-паліт. саюзы (Фесалійскі, Эпірскі, Ахейскі і інш.). У Паўн. Прычарнамор’і калегіі С. вядомы ў Ольвіі і Херсанесе. Знешнім знакам адрознення С. былі асобая хламіда і вянок. Паводле некат. звестак, С. называліся военачальнікі таксама ў Егіпце і шэрагу краін М. Азіі. У сучасным значэнні С. — палкаводзец, кіраўнік буйных ваен. аперацый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯМ’Я́ў жывёл,
устойлівае аб’яднанне асобін, засн. на палавой цязе, сувязях паміж бацькамі і патомкамі, тэр. супольнасці і неабходнасці сумеснага клопату пра патомства. Гэтыя ўмовы выконваюцца ў манагамнай С., напр., у аселых відаў птушак, пары якіх захоўваюцца да смерці аднаго з партнёраў, а ч. маладняку застаецца на тэр. бацькоў. Такія камунальныя ячэйкі характэрны і для некат. млекакормячых (напр., мангусты). У многіх птушак (асабліва ва ўмераных паясах) манагамная С. ўтвараецца толькі на сезон размнажэння, але часта пары аднаўляюцца і на новы перыяд. У гусей і лебедзяў адзінства С. падтрымліваецца таксама ў час сезонных міграцый і на зімоўках. У большасці млекакормячых жывёл утвараецца сямейная група, якая складаецца з самкі, яе патомства аднаго ці двух пакаленняў і без самца. Структура і ўстойлівасць сямейных ячэек у палігамных відаў абумоўлены асаблівасцямі тыпу палавых зносін — праміскуітэт, полігінія ці поліандрыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРМС (сапр.Ювачоў) Данііл Іванавіч
(12.1.1906, С.-Пецярбург — 2.2.1942),
рускі пісьменнік. Скончыў ням. гімназію «Петэршуле» ў Пецярбургу. У 1927—30 у літ. групе «Аб’яднанне рэальнага мастацтва». У 1931 разам з інш.чл. аб’яднання арыштаваны, у чэрв. 1932 вызвалены і высланы ў Курск; у жн. 1941 зноў арыштаваны; сімуляваў вар’яцтва, памёр у псіхіятрычнай бальніцы. Рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1922. У паэзіі, п’есах «Камедыя горада Пецярбурга» (нап. 1927, апубл. пасмяротна), «Лізавета Бам» (паст. 1928), аповесці «Старая» (1939, апубл. 1991), гратэскавых апавяданнях (цыкл «Выпадкі», 1933—39; апубл. пасмяротна) абсурднасць быцця, абязлічванне чалавека, адчуванне трагічнай разарванасці свету, прадчуванне катастрофы. Яго творам уласцівы спалучэнне парадоксаў, алагізмаў і наўмыснай наіўнасці, фантасмагарычнасць, рытмічнае вылучэнне слоў, гукавыя паўторы і варыяцыі. Пісаў вершы для дзяцей, пабудаваныя на камічных эфектах і прынцыпах гульні.