КВІ́ТКА-АСНАЎЯ́НЕНКА (сапр.Квітка) Рыгор Фёдаравіч
(29.11.1778, с. Аснова, цяпер у межах г. Харкаў, Украіна — 20.8.1843),
украінскі пісьменнік, пачынальнік новай укр. мастацкай прозы. Адзін з заснавальнікаў Харкаўскага прафес.т-ра (у 1812 яго дырэктар). Літ. дзейнасць пачаў у 1816. Пісаў на ўкр. і рус. мовах. У сентыментальна- і бурлескна-рэаліст. апавяданнях і аповесцях 1830-х г. («Маруся», «Козыр-дзеўка», «Шчырае каханне», «Свята мерцвякоў», «Канатопская вядзьмарка» і інш.), а таксама ў «Маларасійскіх аповесцях, расказаных Грыцком Аснаўяненкам» (кн. 1—2, 1834—37), паказаў цяжкія ўмовы жыцця ўкр. сялянства 1-й пал. 19 ст., выкрываў п’янства як сац. зло. Сатырычнае адлюстраванне жыцця і побыту ўкр. дваран, каларытнасць і самабытнасць іх характараў у камедыях «Шальменка — валасны пісар» (1831), «Сватанне на Ганчароўцы» (1836, паст. ў Мінску 1848), «Шальменка-дзяншчык» (1840), раманах на рус. мове «Пан Халяўскі» (1839), «Жыццё і прыгоды Пятра Сцяпанава, сына Столбікава...» (1841) і інш. Асобныя творы К. не пазбаўлены элементаў дыдактызму, хрысціянскай маралі.
Тв.:
Зібрання творів. Т. 1—7. Київ, 1978—81;
Рус.пер. — Проза. М., 1990.
Літ.:
Гончар О.І. Григорій Квітка-Основ’яненко. Київ, 1969;
Луцький Ю.Д. Драматургія Г.Ф.Квіткі-Основ’яненка і театр. Київ, 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСЭ́НКА (Тарэнь) (Цярэнцій Германавіч; 10.11.1903, с. Гладосы Кіраваградскай вобл., Украіна — 6.8.1970),
украінскі паэт. Скончыў Камуніст.ун-т імя Арцёма ў Харкаве (1930). Друкаваўся з 1926. У кнігах вершаў, балад і паэм «Стэпавая медзь» (1927), «Айчына» (1937), «У стане воінаў» (1944), «Сярэбраная дарога» (1946), «Кіеўскія каштаны» (1954), «Барвовыя вяргіні» (1969), рамане ў вершах «Стэп» (кн. 1—2, 1938—68) і інш. паэтызацыя мірнага і ваен. подзвігу народа, багацце духоўнага свету суайчынніка. На словы М. напісаны шматлікія песні, рамансы, хары. Быў знаёмы з Я.Купалам і інш.бел. пісьменнікамі. Адзін з першых перакладчыкаў твораў Я.Купалы на ўкр. мову: паэмы «Адвечная песня», «Бандароўна», «Над ракою Арэсай», камедыя «Паўлінка» (разам з П.Тычынам), шматлікія вершы. Пераклаў асобныя творы А.Александровіча, М.Багдановіча, У.Дубоўкі, А.Дудара, Я.Коласа, П.Панчанкі, М.Танка, П.Труса. На бел. мову творы М. пераклалі С.Грахоўскі, С.Дзяргай, Х.Жычка, А.Зарыцкі, А.Звонак, М.Калачынскі, І.Калеснік, К.Кірэенка, Р.Няхай, Панчанка, П.Прыходзька.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛІ́Ш (Панцеляймон Аляксандравіч) (7.8.1819, г.п. Варонеж Сумскай вобл., Украіна — 14.2.1897),
украінскі пісьменнік, гісторык, этнограф. Вучыўся ў Кіеўскім ун-це (1839—40). У 1846—47 чл.Кірыла-Мяфодзіеўскага таварыства.
Пісаў на ўкр. і рус. мовах. Вывучаў гісторыю Украіны, этнаграфію, нар. творчасць: зб-кі «Украінскія народныя паданні» (1847), «Запіскі пра Паўднёвую Русь» (т. 1—2, 1856—57), гіст. працы «Гісторыя ўз’яднання Русі» (т. 1—3, 1874—77), «Адлучэнне Маларосіі ад Польшчы» (т. 1—3, 1888—89) і інш. Асэнсаванне гіст. падзей на Украіне ў паэме «Украіна» (1843), аповесці «Міхайла Чарнышэнка, або Маларосія восемдзесят гадоў назад» (ч. 1—3, 1843), гіст. рамане «Чорная Рада, хроніка 1663 г.» (1845—57). У маст. творах паказаў барацьбу казацтва за незалежнасць з пэўнай ідэалізацыяй гетманскіх вярхоў, даў рэаліст. карціны побыту. Аўтар зб-каў вершаў «Світанне» (1862), «Хутарская паэзія» (1882), «Звон» (1893). Заснаваў у Пецярбургу друкарню, дзе выдаў творы М.Гогаля, Т.Шаўчэнкі, І.Катлярэўскага, М.Ваўчок і інш. Удзельнічаў у рэформе нац. правапісу, склаў укр. буквар «Граматка» (1857). Перакладаў на ўкр. мову Біблію, творы У.Шэкспіра, Дж.Байрана, І.В.Гётэ, Ф.Шылера, А.Пушкіна, А.Міцкевіча і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУБКІ́ЎСКІ (Раман Мар’янавіч) (н. 10.8. 1941, с. Астравец Церабоўлянскага р-на Цярнопальскай вобл., Украіна),
украінскі паэт, перакладчык. Засл. дз. культ. Польшчы (1977). Скончыў Львоўскі ун-т (1963). З 1992 надзвычайны і паўнамоцны пасол Украіны ў Чэшскай і Славацкай федэратыўнай рэспубліцы, у 1993—95 у Чэшскай рэспубліцы. Аўтар паэт. зб-каў патрыят., культуралагічнай і філас. тэматыкі «Зачараваныя алені» (1965), «Перунова дрэва» (1967), «Паходні» (1975), «Астролаг» (1977, прэмія імя П.Тычыны), «Чуццё сям’і адзінай» (1979), «Славацкае лета» (1985), «Погляд вечнасці» (1990, Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1992) і інш. Перакладае з арм., слав., у т. л.бел., моў. Складальнік анталогій перакладаў «Славянскае неба» (1972) і «Славянская ліра» (1983). Пераклаў на ўкр. мову творы М.Багдановіча, Ф.Багушэвіча, Р.Барадуліна, П.Броўкі, Л.Геніюш, Н.Гілевіча, У.Дубоўкі, М.Дуксы, С.Законнікава, В.Зуёнка, К.Каганца, У.Караткевіча, Я.Коласа, Я.Купалы, А.Лойкі, М.Машары, ІІ.Пестрака, Ф.Скарыны, М.Танка, Цёткі, М.Чарота. На бел. мову асобныя творы Л. пераклалі Барадулін, Г.Бураўкін, Гілевіч, Законнікаў, Зуёнак, Караткевіч, В.Коўтун, В.Лукша, У.Немізанскі, Р.Семашкевіч, С.Панізнік, Я.Сіпакоў, М.Рудкоўскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ЦАЛА (Яўген Піліпавіч) (14.1.1937, с. Новажыватаў Вінніцкай вобл., Украіна — 5.7.1995),
украінскі пісьменнік. Скончыў Нежынскі пед.ін-т (1959). Друкаваўся з 1961. Аўтар зб-каў апавяданняў і навел «Людзі сярод людзей» (1962), «Яблыкі з восеньскага саду» (1964), «Выкупаная ў любісце» (1965), «Хусцінка шоўку зялёнага» (1966), «Пах кропу» (1969), лірыка-псіхал. аповесцей «Дзяўчаты на выданні» (1971), «Двое на свяце кахання» (1973), «З агню ўваскрэслыя» (1978), гумарыстычна-гратэскавага рамана-трылогіі «Пазычаны муж», «Прыватнае жыццё феномена», «Парад планет» (1982—84); зб-каў вершаў «Пісьмо зямлі» (1981), «Час і прастора» (1983), «Жывём на зары» (1984) і інш. Яго творы адзначаны мяккім лірызмам, тонкім моўным жывапісам, глыбокай народнасцю і філас. асэнсаваннем рэчаіснасці. За кн. прозы «Арламі аранае» (1977), «Што мы ведаем пра любоў» (1979), «Паляванне з гончым сабакам» (1980) і цыкл «Апавяданні з Цярноўкі» (1981) Літ. прэмія Ю.Яноўскага 1982; за зб-кі «Сайёра» (1980) і «Праляцелі коні» (1984) Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1985. За цыкл нарысаў-памфлетаў «Ментальнасць арды» (1994—95) прэмія імя І.Агіенкі 1996. На бел. мову асобныя творы Гуцалы пераклалі М.Дубянецкі, М.Лужанін, А.Мажэйка, М.Прашковіч, Л.Салавей, А.Чаркасаў, А.Шарахоўская, Б.Сачанка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫНЧЭ́НКА (Барыс Дзмітрыевіч) (9.12.1863, каля с. Рускія Цішкі Харкаўскага р-на, Украіна — 6.5.1910),
украінскі пісьменнік, вучоны і грамадскі дзеяч. У 1881—94 настаўнічаў. Адзін з арганізатараў Укр. радыкальнай партыі (1904). Старшыня Усеўкр. настаўніцкай суполкі (1905—07), т-ва «Просвіта» (1906—09). Прытрымліваўся пазіцый народніцтва, асветніцтва і нац.-дэмакратыі. У зб-ках вершаў «Пад вясковай страхой» (1886), «Пад хмарным небам» (1893), «Песні і думы» (1895), «Хвіліны» (1903), шматлікіх апавяданнях, аповесцях адлюстраваў жыццё ўкр. народа ў 2-й пал. 19 ст., яго імкненне да нац. вызвалення. Аўтар гіст. драм «Ясныя зоркі» (1895), «Стэпавы госць» (1897), «Нахмарылася» (1895—99). Даследаваў творчасць І.Катлярэўскага, Р.Квіткі-Аснаўяненкі, Я.Грабінкі і інш. У публіцыст. працах «Пісьмы з Украіны Наддняпроўскай» (1892—93), «Перад шырокім светам» (1907), «Народныя настаўнікі і ўкраінская школа» (1906) крытыкаваў нац. палітыку рус. царызму. Выдаў «Слоўнік украінскай мовы» (т. 1—4, 1907—09), «Этнаграфічныя матэрыялы, сабраныя ў Чарнігаўскай і суседніх з ёй губернях» (1895—99), фалькл.зб-кі «Песні і думкі» (1895), «Думы кабзара» (1897); склаў бібліягр. паказальнік «Літаратура ўкраінскага фальклору. 1777—1900» (1901). Пераклаў на ўкр. мову многія творы сусв. л-ры. На бел. мову асобныя творы Грынчэнкі перакладалі Э.Валасевіч, М Казбярук.
Тв.:
Твори. Т. 1—2. Київ, 1963.
Літ.:
Білецький О. Борис Грінченко // Білецькій О. Зібрання праць. Київ, 1965. Т. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́МСКІ (Агафангел Яфімавіч) (15.1.1871, г. Уладзімір-Валынскі, Украіна — 25.1.1942),
украінскі ўсходазнавец, славіст, пісьменнік. Па паходжанні беларус. Акад.АН Украіны (1919). Засл. дз. нав. Украіны (1940). Скончыў Лазараўскі ін-т усходніх моў у Маскве (1892) і Маск. ун-т (1896). У 1898—1918 выкладчык (з 1900 праф.) Лазараўскага ін-та ўсходніх моў, з 1918 праф. Кіеўскага ун-та. Адзін з арганізатараў АН Украіны, з 1918 у ёй працаваў (да 1928 сакратар). У 1921—29 дырэктар Ін-та ўкр.навук. мовы. Навук. працы па гісторыі, л-ры, мовах арабаў, персаў, туркаў і інш. народаў Б. і Сярэдняга Усходу, па гісторыі мусульманства. Даследаваў усх.-слав. мовы, фальклор: «Украінская граматыка» (ч. 1—2, 1907—08), «Пра «быліны». Рускія быліны старога і новага запісаў», «Да этнаграфіі т.зв. Новарасіі» (абедзве 1928). У працах «Філалогія і палодзінская гіпотэза» (1904), «Старажытнакіеўскі говар» (1906), «Пра антрапалагічны склад усходніх славян» (1928) закранаў пытанні паходжання бел. этнасу, яго мовы. Беларусазнаўчы матэрыял — у яго даследаванні «Да этнаграфіі Палесся» (1928). Аўтар зб-каў вершаў «Пальмавыя галіны» (кн. 1—3, 1901—22), прозы «Аповесці і эскізы з украінскага жыцця» (1895), «Бейруцкія апавяданні» (1906) і інш. твораў. Перакладаў з араб., тур., перс., англ., франц., ням. і інш. моў. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў М.Багдановіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТЛЯРО́ЎСКІ (Іван Пятровіч) (99.1769, г. Палтава, Украіна — 10.11.1838),
украінскі пісьменнік, пачынальнік новай укр. л-ры. Вучыўся ў Палтаўскай духоўнай семінарыі (1780—89). У 1796—1808 на вайск. службе (у 1807—08 у г. Ліда Гродзенскай вобл.). У 1818—21 дырэктар Палтаўскага т-ра. З 1821 ганаровы чл. Вольнага т-ва аматараў рас. славеснасці. Прытрымліваўся пазіцый памяркоўнага асветніцтва, хоць і быў блізкі да дзекабрысцкіх колаў. Аўтар сатырычнай, створанай на аснове сюжэта Вергілія, бурлескнай паэмы «Энеіда» (ч. 1—3, 1789; ч. 1—4, 1809; ч. 1—6, 1842) — першага ў нац. л-ры рэаліст. твора пра жыццё, побыт, норавы розных слаёў грамадства 2-й пал. 18 ст. Твор адметны выразна акрэсленым сац. зместам, вобразнай нар. мовай, каларытнымі нац. характарамі, прасякнуты гумарам і іроніяй. Вядомы як драматург: п’есы «Наталка Палтаўка» (1838; аднайм. опера М.Лысенкі 1889) і «Маскаль-чараўнік» (1841; абедзве паст. 1819). У 1840-я г. п’есы К. ставіліся ў т-рах Мінска і Віцебска. Пад уплывам «Энеіды» К. напісаны бел. ананімныя творы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе». На бел. мову «Энеіду» К. пераклаў А.Куляшоў.
Тв.:
Повне зібрання творів. Т. 1—2. Київ, 1969;
Твори. Київ, 1982;
Бел.пер. — Энеіда. Мн., 1969;
Рус. пер — Соч.Л., 1986.
Літ.:
Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971. С. 8—11;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЫ́ШКА (Андрэй Самойлавіч) (15.11. 1912, г. Абухаў Кіеўскай вобл. — 17.2.1970),
украінскі паэт. Скончыў Кіеўскі ін-тнар. адукацыі (1932). Друкаваўся з 1930. Аўтар зб-каў паэзіі «Радзіма» (1936), «Лірыка» (1938), «Жаваранкі» (1940), «Да бою ўставайце!» (1941), «За сінім морам» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), «Далёкія арбіты» (1962, Дзярж. прэмія Украіны імя Шаўчэнкі 1964), «Дарога пад яварамі» (1964, Дзярж. прэмія Украіны імя Шаўчэнкі 1964, Дзярж. прэмія СССР 1969), «Жнівень маёй душы» (1970) і інш., адметных тэматычным багаццем, глыбокім лірызмам, эмацыянальнасцю, патрыятычным гучаннем і філас. насычанасцю. Гісторыі Украіны прысвяціў паэмы «Ярына» (1938), «Кармалюк» (1940), «Дума пра казака Данілу» (1941), «Праметэй» (1946, Дзярж. прэмія СССР 1947), «Тарас Шаўчэнка» (1961). Выступаў як літ. крытык (кн. «Думкі пра паэзію», 1959; «Слова пра паэта», 1960). Прапагандаваў бел. л-ру і культуру. Пераклаў на ўкр. мову кн. выбраных твораў Я.Купалы (зб. «Лірыка», 1967), асобныя творы П.Броўкі, А.Вялюгіна, А.Куляшова, П.Панчанкі, А.Русака, М.Танка. На бел. мову яго творы пераклалі Куляшоў (зб. «Запаветная крыніца», 1962), А.Астрэйка, М.Аўрамчык, А.Бачыла, Г.Бураўкін, Вялюгін, А.Грачанікаў, Л.Дайнека, С.Дзяргай, Х.Жычка, А.Звонак, М.Калачынскі, М.Машара, Р.Няхай, П.Прыходзька, М.Хведаровіч і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧА́Р (Алесь) (Аляксандр Цярэнцьевіч; 3.4.1918, в. Суха Палтаўскай вобл., Украіна — 14.7.1995),
украінскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Акад.АН Украіны (1978). Герой Сац. Працы (1978). Ганаровы д-р Альберцкага ун-та (Канада, 1992). Старшыня СП Украіны (1959—71), сакратар Праўлення СП СССР (1959—86). Скончыў Днепрапятроўскі ун-т (1946). Друкаваўся з 1938. Аўтар раманаў, апавяданняў і аповесцей, нарысаў і публіцыстычных артыкулаў. Тэматычна звязаныя з падзеямі Вял.Айч. вайны трылогія «Сцяганосцы» («Альпы», 1946; «Блакітны Дунай», 1947; «Злата Прага», 1948; Дзярж. прэмія СССР 1948, 1949), зб. «Горы спяваюць» (1949), раман «Чалавек і зброя» (1960, Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Р.Шаўчэнкі 1962) і інш. Паднявольная праца, абуджэнне класавай свядомасці ўкр. сялянства ў 1920-я г. адлюстраваны ў дылогіі «Таўрыя» (1952) і «Перакоп» (1957), сац. і этычныя праблемы — у рамане «Сабор» (1968), мірная праца і здзяйсненні сучаснікаў, праблема пераемнасці пакаленняў у раманах «Тронка» (1963, Ленінская прэмія 1964), «Цыклон» (1970), «Бераг кахання» (1976), «Твой світанак» (1980, Дзярж. прэмія СССР 1982). У творчасці Ганчара арганічна спалучаюцца лірызм, рамантычная прыўзнятасць і паглыблены рэалізм у адлюстраванні жыцця. Аўтар кніг нарысаў і публіцыст. артыкулаў «Сустрэчы з сябрамі» (1950), «Японскія эцюды» (1961), «Пісьменніцкія роздумы» (1980), «Чым жывём» (1991) і інш. На бел. мову творы Ганчара перакладалі Т.Кабржыцкая, У.Краўчанка, А.Кулакоўскі, І.Мележ, С.Міхальчук, Л.Салавей, В.Рагойша, А.Шарахоўская, У.Шахавец.
Тв.:
Твори. Т. 1—7. Київ, 1987—88;
Бел.пер. — Сцяганосцы. Мн., 1949;
Тронка. Мн., 1974;
Твая зара. Мн., 1985.
Літ.:
Семенчук У. Олесь Гончар — художник слова. Киев, 1986;