ПОЛІСТЫРО́Л,

сінтэтычны тэрмапластычны палімер, прадукт полімерызацыі стыролу, [—CH2C(C6H5)H—]n, мал. м. (25—35)∙10​4.

Цвёрдае шклопадобнае рэчыва, шчыльн. 1050 кг/м³, т-ра шклавання 93 °C. Раствараецца ва ўласным манамеры, араматычных вуглевадародах, ацэтоне. Устойлівы да ўздзеяння шчолачаў і кіслот (акрамя канцэнтраванай азотнай і ледзяной воцатнай), радыеактыўных выпрамяненняў. Лёгка перапрацоўваецца, добра афарбоўваецца ў масе, выдатны дыэлектрык, крохкі, мае нізкую цеплаўстойлівасць. Больш цеплаўстойлівыя і менш крохкія супалімеры стыролу; у прам-сці найб. пашыраны П. ударатрывалы — тэрмапластычны матэрыял з 2-фазнай структурай (бесперапынная фаза — П., дыскрэтная фаза — каўчук) і АБС-пластык. Выкарыстоўваюць у вытв-сці пенапластаў, карпусоў радыё- і тэлеапаратуры, дэталей для аўтамабіляў, для вырабу тавараў шырокага ўжытку (цацкі, посуд разавага выкарыстання і інш.).

М.​Р.​Пракапчук.

т. 12, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАТЫ́Т (ад грэч. apatē падман),

мінерал класа фасфатаў Ca5[PO4]3∙(F, Cl, OH)2. Колькасць фосфарнага ангідрыту P2O5 — 41—42,3%. Прымесі CO2, SO3, SiO2, Mn, рэдказямельных элементаў, U, Sr і інш. Крышталізуецца ў гексагацальнай сінганіі, утвараючы падоўжана-прызматычныя, ігольчастыя, радзей таблітчастыя крышталі. Агрэгаты зярністыя, зямлістыя і інш. Колер белы, блакітны, жоўты, фіялетавы, чорны. Бляск шкляны, тлусты. Цв. 5. Шчыльн. ад 2,95 да 3,8 г/см³. Паходжанне магматычнае, гідратэрмальнае, пнеўматалітавае. Сумесь апатыту з кальцытам, гіпсам і інш. у выглядзе зямлістых утварэнняў або канкрэцый наз. фасфарытам. Сыравіна для вытв-сці ўгнаенняў, фосфарнай кіслаты і яе соляў; выкарыстоўваецца ў металургіі, керамічнай і шкляной прам-сці. На Беларусі як акцэсорны мінерал трапляецца ва ўсіх адкладах. Сінтэтычны апатыт з прымессю рэдказямельных элементаў выкарыстоўваюць у оптыцы.

Апатыт.

т. 1, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛБА́НСКАЯ МО́ВА,

самастойная група індаеўрапейскіх моў. Пашырана ў Албаніі (дзярж. мова), а таксама ў Югаславіі (аўт. край Косава), Італіі, Грэцыі, на Украіне (Адэская і Запарожская вобл.). Мяркуюць, што албанская мова паходзіць ад адной са стараж. палеабалканскіх моў, генетычна найб. блізкая да ілірыйскай, месапскай і фракійскай моў. Мае 2 дыялекты: гегскі (паўн.) і тоскскі (паўд.), на аснове якіх у 19 ст. склалася сучасная літ. мова (у 2 варыянтах). У фанетычнай сістэме 7 галосных і 29 зычных фанем; націск фіксаваны пераважна на перадапошнім складзе. Граматычны лад флектыўна-сінтэтычны з рысамі аналітызму. Першыя пісьмовыя помнікі датуюцца 15 ст. Адзіны алфавіт на лац. аснове створаны ў 1908.

Літ.:

Десницкая А.В. Албанский язык и его диалекты. Л., 1968;

Эйнтрей Г.И. Албанский язык. Л., 1982.

т. 1, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Д’Я́БАЛ (грэч. diabolos літар. паклёпнік),

у рэлігійным уяўленні злы дух, князь цемры, увасабленне злога пачатку на зямлі. Д. — вобраз сінтэтычны, сфарміраваўся ў старажытнасці, мае сац. і гнасеалагічныя карані. Яго гіст. крыніцай з’яўляюцца стараж.-ўсх. рэлігіі. Уяўленні славян аб Д. звязаны з міфалагічнымі канцэпцыямі аб чорце, злых духах, ведзьмаках. Уяўляецца ў выглядзе змея, дракона, страшэннай істоты, пакрытай доўгай поўсцю, з рагамі і капытамі. У зямным жыцці ён натхняльнік усіх нячыстых сіл, у замагільным — уладар пекла. У хрысціянстве ён — вельзевул, люцыпар, анёл, які з-за пыхі і зайздрасці нібыта выгнаны Богам з неба. Менавіта ён у асобе змея-спакусніка з’явіўся першапрычынай грэхападзення чалавека. Аналагічныя вобразы ёсць у інш. міфалогіях (у мусульманскай — шайтан, будысцкай — мара). Вобраз Д. выкарыстоўваецца ў фальклоры, нар. творчасці.

Т.​І.​Адула.

т. 6, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМІ́РСКІЯ МО́ВЫ,

арэальная сукупнасць роднасных моў, якія адносяцца да іранскіх моў (усх. група). Пашыраны ў далінах зах. і паўд. Паміра (Таджыкістан, Афганістан, Пакістан, паўн. Індыя, Кітай). Да П.м. належаць: ваханская, язгулямская, ішкашымская мовы, шугнана-рушанская група моў (шугнанская, рушанская, хуфская, бартангская, арашорская, сарыкольская), па пэўных уласцівасцях — мунджанская і йідга, мёртвая стараж.-ванджская і, магчыма, саргулямская. Грамат. лад П.м. пераважна сінтэтычны. Іх структурнае падабенства і агульнасць лексічнага фонду даюць падставы меркаваць пра іх канвергентнае развіццё ў моўным саюзе. П.м. беспісьмовыя. Для носьбітаў большасці з П.м. мовай пісьма і адукацыі служыць таджыкская мова, для носьбітаў сарыкольскай мовы — уйгурская.

Літ.:

Пахалина Т.Н. Памирские языки. М., 1969;

Яе ж. Исследование по сравнительно-исторической фонетике памирских языков. М., 1983.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 12, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

тэфло́н

(англ. teflon)

сінтэтычны палімер, цвёрды белы прадукт, выкарыстоўваецца для вырабу валакна і тканін, электраізаляцыйнага матэрыялу, абалонак кабелю і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

эластаме́ры

(ад н.-лац. elasticus = пругкі + -мер)

палімеры з высокаэластычнымі ўласцівасцямі ў шырокім дыяпазоне тэмператур (напр. натуральны і сінтэтычны каўчукі).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПОЛІФАРМАЛЬДЭГІ́Д,

поліметыленаксід, поліаксіметылен, сінтэтычны палімер, прадукт полімерызацыі фармальдэгіду, [—CH2O—]n. Ступень полімерызацыі n > 1000, нізкамалекулярны П. — парафармальдэгід.

У прам-сці пад агульнай назвай «П.» выпускаюць гомапалімер CH3COO[—CH2O—]nCOCH3 і супалімер фармальдэгіду з 2—3% (па масе) этыленаксіду, 1,3-дыаксалану ці інш. суманамерамі. Тэрмапласт. Мал. м. (3—7)∙10​4, шчыльн. 1410—1430 кг/м³, tпл 175—180 °C (гомапалімер) і 164—166 °C (супалімеры). Не раствараецца ў вадзе і большасці арган. растваральнікаў. Разбураецца пад уздзеяннем модных кіслот; супалімеры ўстойлівыя ў растворах шчолачаў. Для П. характэрны высокая стомленасная трываласць і зносаўстойлівасць, стабільнасць памераў вырабаў і нізкая паўзучасць. П. лёгка афарбоўваецца, зварваецца, механічна апрацоўваецца. Выкарыстоўваюць пераважна як канстр. матэрыял, які замяняе каляровыя металы і сплавы, у машына-, аўтамабіле- і прыборабудаванні, а таксама для вырабу тэхн. валакна і плёнкі.

т. 12, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРО́ВІН (Канстанцін Аляксеевіч) (5.12.1861, Масква — 11.9.1939),

рускі жывапісец. Прадстаўнік рус. імпрэсіянізму. Брат С.А.Каровіна. Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (1886), вучыўся ў А.​Саўрасава і В.​Паленава, у Пецярбургскай АМ (1882). Выкладаў у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1901—18) і Дзярж. вольных маст. майстэрнях (1918—19). Член аб’яднанняў «Мир искусства» і Саюз рус. мастакоў. Творы вылучаюцца свежасцю пленэрнага выканання, пастознасцю фарбавай масы, яркасцю каларыту і святлонасычанасцю, аптымістычнасцю светаўспрымання: «Паўночная ідылія» (1886), «Каля балкона» (1888—89), «Зімой» (1894), «Парыжская кавярня» (1899—1900), партрэты Т.​С.​Любатовіч (1886—87), Ф.​І.​Шаляпіна (1911) і інш. Як тэатр. мастак стварыў арыгінальны, сінтэтычны маст. вобраз муз. спектакляў («Садко», «Залаты пеўнік» М.​Рымскага-Корсакава, «Канёк-гарбунок» Ц.​Пуні і інш.). З 1923 працаваў у Францыі.

В.​Я.​Буйвал.

К.Каровін. Каля балкона. Іспанкі Леанора і Ампара. 1886.

т. 8, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІТЭТРАФТОРЭТЫЛЕ́Н,

сінтэтычны палімер, прадукт полімерызацыі тэтрафторэтылену, [—CF2—CF2—]n, мал. м. 5 10​4—10​7. Асн. гандл. назвы: фтарапласт-4, фтарлон-4, тэфлон.

Цвёрдае крышт. рэчыва белага колеру, шчыльн. 2150—2240 кг/м³, tпл 270—327 °C, пры t > 415 °C раскладаецца. Тэрмапласт. Не раствараецца ў вадзе і арган. растваральніках. Устойлівы да ўздзеяння кіслот, раствораў шчолачаў, моцных акісляльнікаў і інш. хім. рэагентаў; атмасфера-, каразійна- і радыяцыйнаўстойлівы. Не гарыць. Выдатны дыэлектрык. Выкарыстоўваюць для вырабу плёнак, валокнаў, радыё- і электратэхн. дэталей, ізаляцыі для правадоў і кабеляў, хім. рэактараў і лабараторнага посуду, пратэзаў розных органаў чалавека, труб, шлангаў, мембран і інш., нізкамалекулярны П. (мал. м. 20—30 тыс.) — як сухую змазку, кампанент антыфрыкцыйных матэрыялаў, напаўняльнік для пластмас і каўчукоў, суспензіі — для нанясення ахоўных пакрыццяў на металы, прамочвання тканін, прызначаных для працы ў агрэсіўным асяроддзі.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 12, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)