РУ́СКІ АЛФАВІ́Т,

сукупнасць графічных знакаў (літар), прынятых у пісьмовай рускай мове і размешчаных у пэўным парадку. Узнік у выніку ўдасканалення кірыліцы і ў ранні перыяд выкарыстоўваў усе яе літары. У працэсе развіцця літарны склад алфавіта перастаў адпавядаць гукавой сістэме: адпала патрэба ў дуплетных літарах (як і ў беларускім алфавіце), з’явілася неабходнасць у графічных сродках для перадачы зычнага j, гукаў «о» пасля мяккіх і «е» пасля цвёрдых зычных.

Важным этапам ва ўдасканаленні Р.а. з’явілася рэформа Пятра I (1708—10), у выніку якой створаны рус. грамадзянскі шрыфт; з мэтай прыстасаваць царк.-слав. шрыфты для свецкіх выданняў былі выключаны літары ѡ, ѫ, ꙋ, ѯ, ѱ; літары ѩ і ѧ заменены літарай «я», уведзена літара «э». Літару «ё» у 1797 ужыў М.​Карамзін замест злучэння «іо». Канчаткова склад Р.а. вызначыла рэформа правапісу 1917—18: са складу алфавіта былі выключаны літары ѣ, Θ, і, Ү. Кірыліцкія назвы літар («аз», «буки», «веди» і г.д.) заменены сучаснымі з мэтай палегчыць працэс навучання грамаце.

Сучасны Р.а. складаецца з 33 літар, 20 з іх перадаюць зычныя гукі: Бб, Вв, Гг, Дд, Жж, Зз, Кк, Лл, Мм, Нн, Пп, Рр, Сс, Тт, Фф, Хх, Цц, Чч, Шш, Щщ, 10 — галосныя: Аа, Ээ, Оо, Ыы, Ии, Уу або спалучэнні j+галосны: Яя, Ее, Ёё, Юю; літара «й» перадае j; «ь» і «ъ» не абазначаюць асобных гукаў. Ужыванне літары «ё» ў друку не з’яўляецца абавязковым, яна ўжываецца пераважна ў слоўніках і вучэбнай л-ры. Усе літары выразна адрозніваюцца паміж сабой, могуць ужывацца ў друкаваным і рукапісным выглядзе, маюць вялікую і малую формы. Р.а. зрабіў уплыў на бел. алфавіт, а таксама на некат. інш. мовы, якія маюць пісьменнасць на аснове кірыліцы.

Літ.:

Истрин В.А. 1100 лет славянской азбуки. М., 1963;

Мусаев К.М. Алфавиты языков народов СССР. М., 1965;

Шицгал А.Г. Русский типографский шрифт. 2 изд. М., 1985.

А.​М.​Булыка.

т. 13, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІКІ,

прадстаўнікі адной з плыней рас. грамадскай думкі 1840—50-х г., якія выступалі за развіццё Расіі па зах.-еўрап. шляху. Сярод З. пераважалі дваране, былі таксама разначынцы і выхадцы з багатага купецтва. Да З. належалі: літаратары П.Я.Чаадаеў, І.С.Тургенеў, М.​А.​Мельгуноў, В.​П.​Боткін, П.​В.​Аненкаў, вучоныя Ц.М.Граноўскі, С.М.Салаўёў, К.​Дз.Кавелін, І.В.Вярнадскі і інш., прымыкалі пісьменнікі Дз.В.Грыгаровіч і І.А.Ганчароў, В.​М.​Майкаў, М.А.Някрасаў, М.Я.Салтыкоў-Шчадрын і інш. У грамадскай барацьбе супраць «тэорыі афіцыйнай народнасці» і ў ідэйных спрэчках са славянафіламі 1840-х г. на баку З. выступалі і атаясамлівалі сябе з імі А.І.Герцэн, М.П.Агароў, В.Р.Бялінскі. З. супрацоўнічалі ў часопісах «Отечественные записки», «Современник», «Русский вестник», «Атеней», газ. «Московские ведомости» і інш. На філас. погляды З. значны ўплыў зрабілі творы зах.-еўрап. філосафаў Ц.Штрауса, Г.Гегеля, В.Баўэра, Г.Бокля і інш. Аснова іх светапогляду — запазычанае ў асветнікаў прызнанне вядучай ролі чалавечага розуму ў пазнанні, філас. асэнсаванні і практ. засваенні рэчаіснасці. Гіст. працэс З. ўспрымалі як прагрэс грамадства ад горшага да лепшага. Яны сцвярджалі самакаштоўнасць чалавечай асобы як носьбіта розуму, не прымалі патрыярхальную ідэю «сямейнага адзінства» памешчыкаў і іх прыгонных, былі прыхільнікамі хутчэйшага вызвалення сялян. З. лічылі «справядлівым» тое грамадства, дзе створаны ўсе ўмовы для існавання і самарэалізацыі асобы, крытычна ставіліся да парадкаў і сац. адносін у Зах. Еўропе, тлумачылі «заходні» шлях Расіі як перайманне лепшых рысаў зах.-еўрап. цывілізацыі. З. падзяляліся на т. зв. лібералаў (большасць), якія выступалі за мірныя, рэфарматарскія шляхі змен, і радыкалаў (лідэры А.​І.​Герцэн, і М.​П.​Агароў), якія дапускалі магчымасць рэв. змен у грамадстве. У 1860-я г. паміж радыкальнымі і ліберальнымі З. адбыўся рашучы разрыў. Многія тэарэт. палажэнні, выпрацаваныя З., сталі ідэалаг. асновай шэрагу радыкальных і ліберальных плыней рас. грамадскай думкі.

Літ.:

Сладкевич Н.Г. Очерки истории общественной мысли России в конце 50-х — начале 60-х гг. XIX в. Л., 1962;

Щукин В.Г. Русское западничество сороковых годов XIX в. как общественно-литературное явление. Краков, 1987;

Бердяев Н.А. Истоки и смысл русского коммунизма. М., 1990.

т. 7, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́КСІКА (ад грэч. lexikos які адносіцца да слова),

сукупнасць усіх слоў пэўнай мовы, яе слоўнікавы склад і ўзровень. У больш вузкім значэнні Л. — асобны пласт слоўнікавага складу мовы, вылучаны на падставе пэўнай прыкметы. Ад інш. моўных узроўняў (фаналогіі, марфалогіі, сінтаксісу і інш.) Л. адрозніваецца сваімі больш цеснымі і непасрэднымі сувязямі з рэчаіснасцю, больш высокай рухомасцю і зменлівасцю ў часе, няпэўнасцю межаў у кожны канкрэтны момант свайго існавання, адкрытасцю і пранікальнасцю для слоўных наватвораў, часавай і прасторавай усеабдымнасцю абазначаных словамі прадметаў, паняццяў і з’яў, шматлікасцю лексічных адзінак у слоўнікавым складзе жывой мовы. Паводле пэўнай прыкметы, што кладзецца ў аснову вылучэння, Л. падзяляецца на шэраг вял. груп слоў. Паводле нарматыўнасці ўсе бел. словы адносяцца да літ. Л. (агульнаўжывальная, агульнанар. і інш.) ці да нелітаратурнай Л., якая падзяляецца на дыялектную (гл. Дыялектызм), устарэлую (гл. Архаізм, гістарызм), новую (гл. Неалагізм, Аказіяналізм), тэрміналагічную і вытворча-прафес. Л. (тэрміны, наменклатурныя назвы, прафесіяналізм). Паводле паходжання словы адносяцца да спрадвечнай Л. (індаеўрапейская, агульнаславянская, усходнеслав., уласнабел.) ці да запазычанай Л. з інш. моў (гл. Запазычанні ў мове) або да агульнай для шмат якіх моў Л. (гл. Інтэрнацыяналізмы). Паводле стылістычнай афарбоўкі вылучаюць кніжную Л. (тэрміналагічная, гіст., паэт. і інш.) і размоўную Л. (прастамоўная, жаргонная, вульгарна-лаянкавая і інш.; гл. ў арт. Арго). Паводле эмацыянальна-экспрэсіўных магчымасцей словы адносяць да нейтральнай Л. (словы, што ўжываюцца ў любых стылях і кантэкстах) ці да канатацыйна-экспрэсіўнай Л. (абразлівая, узнёслая, фамільярная і інш.). Паводле сферы выкарыстання — на афіц.-дзелавую, бытавую, дзіцячую, студэнцкую і інш. Л. Паводле адрасатнай характарыстыкі вылучаюць Л. паэтычную, пэўнага твора (напр., Л. паэмы «Новая зямля» Я.​Коласа), аўтара і інш. Паводле ступені ўжывальнасці словы падзяляюць на актыўную лексіку і пасіўную лексіку. Л. вывучаюць лексікалогія, граматыка, фразеалогія, стылістыка і інш. лінгвістычныя дысцыпліны. Фіксацыяй і сістэматызацыяй Л. займаецца лексікаграфія.

Літ.:

Гістарычная лексікалогія беларускай мовы. Мн., 1970;

Шмелев Д.Н. Современный русский язык: Лексика. М., 1977;

Методы изучения лексики. Мн., 1975;

Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1994;

Беларускае слова ў тэксце і ў сістэме мовы. Мн., 1994.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 9, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́СНІ ПРА КАХА́ННЕ,

пазаабрадавая песенная паэзія розных народаў, звязаная з інтымнымі перажываннямі лірычнага героя. Сярод інш. песенных жанраў і груп вылучаюцца глыбокім рэалізмам. Іх лірычныя героі — канкрэтныя асобы (хлопец і дзяўчына) і іх унутр. свет, часта споведзь лірычнага героя. Вобраз дзяўчыны надзелены асабліва прывабнымі рысамі — пяшчотай, шчырасцю, адданасцю, багаццем духоўнага свету, высакароднасцю, мудрасцю, працавітасцю. Вернасць у каханні і самаахвярнасць узняты на самую высокую ступень агульначалавечай маралі. У бел. песнях шырока паказаны бяспраўнае становішча сял. дзяўчыны ва ўмовах патрыярхальна-сямейнага ўкладу і феад.-прыгонніцкага ладу, залежнасць яе ад бацькоў. Гераіня нярэдка ўздымаецца над суровай рэчаіснасцю, бароніць сваю годнасць, права на свабоду выбару, сваіх пачуццяў, ідэалаў і поглядаў. У іх цэлы комплекс чалавечых узаемаадносін, у якім паядналіся розныя сямейна-бытавыя і грамадскія праблемы — звычаёва-прававыя, сац., маральныя, філас., этычныя, эстэтычныя і інш. Дамінуе нар. мараль, якая выхоўвае ў чалавеку ідэалы дабра, справядлівасці, вышыні духу. Праз многія песні праходзіць матыў горкай долі напачатку ў бацькоў, потым у сям’і мужа, што ўспрымаецца як доля самога народа, суровая і беспрасветная. Сац. становішча, якое вызначала адносіны паміж людзьмі, негатыўна адбівалася на шчырых памкненнях закаханых. Але якім цяжкім ні было б каханне, калі яно заснавана на шчырым і ўзаемным пачуцці, яно заўсёды прыносіць чалавеку вял. радасць і шчасце — асн. змест большасці такіх песень. Прывабнымі фарбамі ў іх намаляваны і вобраз хлопца. Яго заляцанні, жаданне пабачыцца з каханаю, звязаць з ёю свой лёс маляўніча ўвасоблены ў многіх песнях. Побач з каханнем крочыць здрада, якая ніколі не даруецца. У песнях асуджаецца рэўнасць як сляпое пачуццё, як трагедыя вызначаецца адзінота, спароджаная маральна-этычнымі нормамі. Рускія П.п.к. падзяляюцца на частыя, дзе адносіны закаханых разгортваюцца на бытавым фоне, і працяжныя — элегічныя паводле тону, выказваюць сум, журбу, крыўду.

Публ.:

Песні пра каханне. Мн., 1978;

Пісні кохання. Київ, 1986.

Літ.:

Гілевіч Н.С. Наша родная песня. Мн., 1968;

Колпакова Н.П. Восточнославянская лирическая песня: (Сравнит. анализ поэтики) // Русский фольклор. М.; Л., 1968. Т. 11.

І.​К.​Цішчанка.

т. 12, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНКТ-ПЕЦЯРБУ́РГСКАЯ АКАДЭМІ́ЧНАЯ КАПЭ́ЛА імя М.​І.​Глінкі,

старэйшы рус. харавы прафес. калектыў. Бярэ пачатак ад заснавання ў 1479 у Маскве мужчынскага хору (т. зв. гасударавых пеўчых дзякаў, з 17 ст. ў ім спявалі і хлопчыкі), з 1703 у Пецярбургу, з 1763 — імператарская Прыдворная пеўчая капэла, з 1918 — Нар. акадэмія, з 1922 — Дзярж. акад. капэла, з 1954 — Ленінградская акад. капэла імя Глінкі, з 1992 — сучасная назва. У 1740—1844 пры капэле перыядычна працавалі інстр., з 1846 — дырыжорскія (рэгенцкія) класы, з 1858 — муз. школа, з 1922 — харавы тэхнікум, з 1945 — харавое вучылішча, з 1955 самаст. ўстанова. Як цэнтр рус. харавой культуры ўздзейнічала на фарміраванне традыцый хар. выканальніцтва і на стыль хар. пісьма без суправаджэння (a capella). У канцы 19 ст. — замкнуты царкоўны хор. З 1920 у складзе хору і жаночыя галасы. Акрамя культавай музыкі ў яе рэпертуары лепшыя творы кантатна-аратарыяльнага жанру кампазітараў 17—19 ст., класічныя і сучасныя хоры a capella, апрацоўкі нар. песень, кантаты, араторыі. Капэлай кіравалі: М.​Палтарацкі (1763—95), Дз.​Бартнянскі (1796—1825), Ф.​П.​Львоў (1825—36), А.​Ф.​Львоў (1837—61), М.​Бахмецеў (1861—83), М.​Балакіраў (1883—94), А.​Арэнскі (1895—90), С.​Смаленскі (1901—03), А.​Шарамецеў (1904—17). У 1837—39 у ёй працаваў Глінка, у 1883—94 — М.​Рымскі-Корсакаў. Вядучую ролю ў яе перабудове адыграў дырыжор М.​Клімаў (1917—35). Сярод інш. дырыжораў М.​Данілін (1936—37), А.​Свешнікаў (1937—41), Л.​Кудраўцава (1941—43), А.​Анісімаў (1955—65), У.​Мінін (1965—67), Ф.​Казлоў (1967—72), А.​Міхайлаў (1972—74), У.​Чарнушэнка (з 1974). У праграме капэлы класіка і творы рус. кампазітараў (20 ст.), у т. л. Г.​Свірыдава, В.​Салманава, Р.​Шчадрына, А.​Фляркоўскага, С.​Сланімскага і інш. У 1981 капэлай праведзены фестываль «Неўскія асамблеі», які складаўся з цыкла гіст. канцэртаў «Пяць вякоў рускай харавой музыкі».

Літ.:

Ершов А. Старейший русский хор Ленинградской государственной академической капеллы им. М.​И.​Глинки, 1703—1978. Л., 1973;

Певческая капелла С.-Петербурга: [Альбом]. СПб., 1994.

Л.​А.​Шымановіч.

т. 14, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІ ФРОНТ 1915—18,

аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне рус. армій у 1-ю сусв. вайну. Утвораны 12(25).8.1915. Штаб у Мінску, з 22.2.1918 у Смаленску, з 24.3.1918 у Тамбове. Ўваходзілі арміі: 1-я (да крас. 1916), 4-я (да кастр. 1916), Асобая (снеж. 1916 — ліп. 1917), 2, 3 і 10-я (да сак. 1918). Фронт размяшчаўся на Маскоўскім стратэг. напрамку працягласцю каля 500 км ад мяст. Відзы да р. Прыпяць. У маі 1917 налічваў каля 1560,9 тыс. чал. У тыле З.ф. размяшчалася Стаўка Вярх. галоўнакамандуючага (Магілёў).

У вер. 1915 войскі З.ф. вялі баі па ліквідацыі кав. групоўкі ворага, якая ў выніку Свянцянскага прарыву 1915 выйшла ў глыбокі тыл фронту і да кастр. 1915 адкінулі яе да лініі азёр Нарач—Свір. Фронт стабілізаваўся на лініі Дзвінск—воз. Нарач—Баранавічы—Пінск. Войскі З.ф. ў сак. 1916, каб аблегчыць становішча саюзнікаў, правялі Нарачанскую аперацыю 1916, у чэрв.—ліп. 1916 падтрымалі наступленне Паўн.-Зах. фронту Баранавіцкай аперацыяй 1916. Абедзве аперацыі скончыліся няўдачай. Паражэнні, бяссэнсавая гібель людзей, дрэннае забеспячэнне боепрыпасамі выклікалі незадаволенасць салдат, спрыялі разлажэнню рус. арміі. У выніку Лют. рэвалюцыі 1917 на 1.9.1917 на З.ф. дзейнічалі 7284 вайск. к-ты, у склад якіх было абрана 4825 афіцэраў, 1598 ваенных чыноўнікаў, 54 467 салдат. Наяўнасць гэтых арг-цый у войсках, а таксама пастаянны ўплыў Мінскага і інш. Саветаў фактычна стварылі на З.ф. двоеўладдзе. Паводле плана летняга 1917 наступлення рус. арміі войскі З.ф. сіламі 10-й арміі наносілі дапаможны ўдар у напрамку Вільні, але наступленне 9(22).7.1917 скончылася няўдачай. З.ф. адыграў важную ролю ў тым, што бальшавікі прыйшлі да ўлады. Сав. ўлада на З.ф. была абвешчана 20—25.11(3—8.12).1917 на 2-м з’ездзе армій Зах. фронту. Салдаты фронту актыўна адгукнуліся на прапанову Саўнаркома спыніць ваен. дзеянні, дагавор аб часовым прымірэнні быў падпісаны 21.11—(4.12).1917. У снеж. 1917 — студз. 1918 з З.ф. былі адпраўлены на франты грамадз. вайны каля 15 «найбольш моцных» палкоў пяхоты і З артыл. брыгады, якія падтрымлівалі бальшавікоў. Наступленне германскіх войск на З.ф. пачалося раніцай 18.2.1918. Пры адсутнасці неабходных сіл у войсках З.ф. пачаліся паніка і адступленне. З.ф. старой рус. арміі практычна спыніў сваё існаванне.

Літ.:

Ростунов И.И. Русский фронт первой мировой войны. М., 1976;

Смольянинов М.М. Революционное сознание солдат Западного фронта в 1917 г. Мн., 1991.

М.М. Смальянінаў.

т. 7, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛЖАНІ́ЦЫН (Аляксандр Ісаевіч) (н. 11.12.1918, г. Кіславодск, Расія),

рускі пісьменнік. Акад. Рас. АН (1997). Скончыў Растоўскі ун-т, Маскоўскі ін-т філасофіі, л-ры і гісторыі (абодва 1941). У 1945 арыштаваны, да 1953 у лагерах, да 1956 у ссылцы. У 1956 рэабілітаваны. У 1974 пазбаўлены сав. грамадзянства, жыў у Швейцарыі, з 1976 у ЗША. У 1994 вярнуўся ў Маскву. Друкуецца з 1962. У аповесці «Адзін дзень Івана Дзянісавіча» (1962), апавяданні «Матронін двор» (1963, абодва апубл. А.​Твардоўскім у час. «Новый мир»), аповесці «У крузе першым» (1968) захаванне чалавечай душы ва ўмовах жорсткай рэчаіснасці. Гал. тэма аповесці «Ракавы корпус» (1968, апубл. за мяжой) — барацьба чалавека са смерцю. Аўтар рамана «Архіпелаг ГУЛАГ» (1973, апубл. за мяжой; Дзярж. прэмія Расіі 1990). У цыкле гіст. раманаў «Чырвонае кола» (т. 1—10, 1971—91) на вял. фактычным матэрыяле разглядаюцца прычыны рэвалюцыі (слабасць улады, упадак рэлігіі, грамадскі радыкалізм) і яе ход, аналізуюцца паліт. і ідэалагічныя платформы розных партый і груп, абгрунтоўваецца магчымасць альтэрнатыўнага гіст. развіцця Расіі. Нарысы грамадскага і літ. жыцця 1960 — пач. 1970-х г. у кн. «Бадалася цяля з дубам» (1975, дапоўненае выд. 1991). Важныя праблемы грамадскага жыцця ўзнімае ў публіцыстыцы («Ліст да правадыроў Савецкага Саюза», «Раскаянне і самаабмежаванне як катэгорыі нацыянальнага жыцця», абодва 1973; «Як нам уладкаваць Расію», 1990; «Рускае пытанне» к канцу XX ст.», 1994, і інш.). Аўтар кн. «Дзвесце гадоў разам (1795—1995)» (ч. 1, 2001), п’ес і інш. У творчасці С., які працягвае традыцыі рус. класікі 19 ст., трагічныя лёсы герояў асэнсоўваюцца ім у святле маральнага і хрысціянскага ідэалу. У страце духоўных жыццёвых арыенціраў, страце асн. маральных прынцыпаў ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці, і найперш у палітыцы, С. бачыць вытокі крызісу сучаснага жыцця. Аснова гіст. працэсу — у маралі, прытрымліванні дабра. Нобелеўская прэмія 1970.

Тв.:

Избр. проза: Рассказы, повесть. М., 1990;

Архипелаг ГУЛАГ, 1918—1956: Опыт худож. исслед. Т. 1—3. М.;

Мн., 1990—91;

Пьесы М., 1990;

«Русский вопрос» к концу XX в. М., 1995;

Публицистика. Т. 1—3. Ярославль, 1995—97;

Россия в обвале. М., 1998;

На изломах: Малая проза. Ярославль, 1998;

Протеревши глаза. М., 1999.

Літ.:

Нива Ж. Солженицын: Пер. с фр. М., 1992;

Мешков Ю.А. Александр Солженицын: Личность. Творчество. Время. Екатеринбург, 1993;

Слово пробивает себе дорогу: Сб. статей и док. об А И.​Солженицыне, 1962—1974. М., 1998.

А.І.Салжаніцын.

т. 14, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́МСКАЯ ВАЙНА́ 1853—56,

Усходняя вайна, вайна паміж Расіяй і Турцыяй (з лют. 1854 на баку апошняй ваявалі таксама Вялікабрытанія, Францыя, з 1855 і Сардзінскае каралеўства) за панаванне на Б. Усходзе. Асн. баі праходзілі ў раёне Крымскага п-ва (адсюль назва), Закаўказзя і Чорнага м., дапаможныя — на Балтыйскім і Белым морах, Д. Усходзе. Выцесненая Вялікабрытаніяй і Францыяй з рынкаў Б. Усходу, Рас. імперыя імкнулася аднавіць тут свае пазіцыі, узяць пад кантроль чарнаморскія пралівы і Балканы. Вялікабрытанія і Францыя намагаліся захапіць Крым, Каўказ і інш. Зачэпкай да вайны сталі спрэчкі правасл. і каталіцкай цэркваў за святыя мясціны ў Палесціне і адмова ўлад Асманскай імперыі дазволіць мець апеку над яе правасл. жыхарамі Расіі. Пасля акупацыі рас. войскамі падвасальных Турцыі княстваў Малдовы і Валахіі Турцыя 16.10.1853 абвясціла Расіі вайну. Пры спробе тур. войск прарвацца да Тыфліса яны былі разбіты рас. корпусам ген.

В.​О.​Бебутава ў бітве пры Башкадыклары (1.12.1853) і ў інш. месцах, а іх флот пацярпеў паражэнне ў Сінопскай бітве 1853. 4.1.1854 эскадры Вялікабрытаніі і Францыі ўвайшлі ў Чорнае м., 21.2.1854 Расія абвясціла гэтым краінам вайну. Супраць 700 тыс. рас. вайскоўцаў дзейнічалі каля 1 млн. саюзнікаў, якія былі лепш аснашчаны тэхнічна. У крас. 1854 саюзныя эскадры бамбардзіравалі Адэсу. Перад пагрозай уступлення ў вайну Аўстрыі Расія вывела войскі з Малдовы і Валахіі. 14.9.1854 брыт., франц. і тур. войскі высадзіліся ў Крыме каля г. Еўпаторыя, 20.9.1854 на р. Альма разбілі рас. армію пад камандаваннем А.​С.​Меншыкава і разгарнулі наступленне на Севастопаль. Пачалася Севастопальская абарона 1854—55. Рас. войскі 25.10.1854 няўдала атакавалі брыт.-тур. базу ў Балаклаве, 5.11.1854 пацярпелі паражэнне каля Інкермана. Спробы саюзнікаў захапіць Салавецкія а-вы ў Белым м. (18—19.7.1854) і г. Петрапаўлаўск-Камчацкі (30.8—5.9.1854) былі адбіты рас. гарнізонамі. 16.8.1854 брыт.-франц. флот авалодаў рас. крэпасцю Бамарзунд на Аландскіх а-вах у Балтыйскім м. На Чарнаморскім узбярэжжы саюзнікі занялі гарады Севастопаль (8.9.1855), Керч, Енікале, Анапа, Кінбурн. У Закаўказзі рас. войскі (галоўнакаманд. М.М.Мураўёў) захапілі тур. крэпасць Карс (28.11.1855), прасунуліся да г. Эрзурум і пагражалі прарывам у М. Азію, што паскорыла завяршэнне вайны і заключэнне Парыжскага мірнага дагавора 1856. К.в. выявіла ваен.-тэхн. адсталасць Расіі, абумоўленую панаваннем прыгонніцкіх адносін, выклікала абуджэнне грамадскай думкі і наблізіла правядзенне ліберальных рэформ, у т. л. Сялянскай рэформы 1861.

Літ.:

Тарле Е.В. Крымская война. Т. 1—2. 2 изд. М., 1950;

Русский Север и Россия в годы Крымской войны (1853—1856 гг.): Сб. ст. Вологда, 1979;

Пономарев В.Н. Крымская война и русско-американские отношения. М., 1993;

Крымская война. 1853—1856: (неизвестные страницы) // Родина. 1995. № 3—4.

Да арт. Крымская вайна 1853—56. Адпраўка англа-французскіх вайскоўцаў У Керч. Гравюра Сімпсана. 1856.

т. 8, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́ЙСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ, Расія,

манархічная саслоўная шматнац. дзяржава ва Усх. Еўропе і на значнай ч. Азіі ў 1721—1917. Склалася на аснове Рускай цэнтралізаванай дзяржавы, якую Пётр I у ліст. 1721 абвясціў імперыяй. У 18 ст. у выніку 3-х падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) у склад Р.і. ўключаны Беларусь, паўд., паўд.-ўсх. і зах. Латвія, б.ч. Літвы; пасля войнаў з Турцыяй (1735—39, 1768—74, 1787—91) — Паўн. Прычарнамор’е, Паўн. Каўказ і Крым; тады ж пачалося асваенне і далучэнне да імперыі паўн.-зах. ускраіны Паўн. Амерыкі (гл. «Руская Амерыка»). У 19 ст. шляхам новых войнаў і мірных пагадненняў (з Турцыяй, Іранам, Швецыяй, Кітаем і інш.) да Р.і. далучаны Фінляндыя, Бесарабія, б.ч. Польшчы з Варшавай, Закаўказзе, Прыамур’е, Прымор’е і Сярэдняя Азія. Афіц. васаламі Р.і. былі Бухарскі эмірат і Хівінскае ханства. У канцы 19 ст. тэр. Р.і. складала 22,4 млн. км², нас. 128,2 млн. чал. (1897), больш як 100 нацыянальнасцей. 57% насельніцтва складалі нярус. народы, некат. з іх абмяжоўваліся ў правах, праводзілася палітыка русіфікацыі; аднак некат. тэрыторыі мелі самакіраванне. Рус. мова была афіц. агульнадзярж. мовай, абавязковай для ўсіх дзярж. устаноў. Тэр. Р.і. ў 1914 падзялялася на 81 губерню і 20 абласцей; ч. іх была аб’яднана ў генерал-губернатарствы. У Р.і. быў 931 горад. Р.і. была спадчыннай манархіяй на чале з імператарам з дынастыі Раманавых. Імператар валодаў самадзярж. уладай, ажыццяўляў заканад. уладу шляхам выдання указаў, з 1810 таксама праз Дзяржаўны савет і з 1906 — Дзяржаўную думу; дзярж. апаратам кіраваў праз Сенат, Савет міністраў і міністэрствы; з’яўляўся вярх. кіраўніком узбр. сіл. Пануючае становішча займала Рус. правасл. царква, якой кіраваў імператар праз Сінод. Усё насельніцтва лічылася падданымі Р.і. (мужчыны з 20 гадоў прысягалі імператару) і падзялялася на 4 асн. саслоўі, або «станы» (дваранства, духавенства, гар. абывацелі і сельскія абывацелі, г.зн. сяляне). Пануючым саслоўем было дваранства. Карэннае насельніцтва Казахстана, Сібіры і шэраг інш. народаў Р.і. вылучалася ў самаст. «стан» і наз. іншародцамі. Гэтая катэгорыя кіравалася асобнымі законапалажэннямі. Заканадаўства Р.і. было сабрана ў Поўным зборы законаў Расійскай імперыі і Зводзе законаў Р.і. Імперыя мела герб — двухгаловы арол з царскімі рэгаліямі; дзярж. сцяг — палотнішча з белай, сіняй і чырвонай гарыз. палоскамі; дзярж. гімн, які пачынаўся словамі «Боже, царя храни». Грашовая адзінка — рубель. Р.і. спыніла існаванне ў выніку Лютаўскай рэвалюцыі 1917 (14.9.1917 Расія абвешчана рэспублікай), у 1922—91 на б.ч. яе тэр. існаваў Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР). Сучасная Рас. Федэрацыя лічыць сябе правапераемніцай як Р.і., так і СССР. Пра гісторыю і культуру Р.і. гл. ў арт. Расія.

Літ.:

Троицкий С.М. Русский абсолютизм и дворянство в XVIII в. М., 1974;

Ерошкин Н.П. Самодержавие накануне краха. М. 1975;

Российская империя: Словарь-справ. СПб., 1992. Гл. таксама ліг. пры арт. Расія.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 13, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЙЗА́Ж (франц. paysage ад pays мясцовасць, краіна),

від, адлюстраванне якой-небудзь мясцовасці; адзін з асн. жанраў (і асобны твор) выяўл. мастацтва. Адлюстроўвае рэальную або ўяўную мясцовасць, эмац. адносіны чалавека да прыроды, светапогляд мастака. Часта з’яўляецца фонам у творах інш. жанраў (партрэт, нацюрморт, бытавы, батальны і інш.). У працэсе развіцця П. вылучыліся яго асобныя віды: ландшафтны, гарадскі, вясковы, марына, арх., індустрыяльны, гіст. і інш.

Адлюстраванне прыроды вядома з эпохі неаліту. Матывы П. вядомы ў насценных размалёўках і рэльефах Стараж. Усходу (Егіпет, Вавілонія), мастацтве Стараж. Грэцыі і Рыма, краін Д. Усходу. У 7—8 ст. самаст. значэнне набыў у мастацтве Кітая, у 12—13 ст. стаў адным з вядучых жанраў. У еўрап. мастацтве сярэднявечча элементы П. пераважна пазначалі месца дзеяння, выконвалі сімвалічную ці дэкар. ролю ў адлюстраванні рэліг.-міфалагічнай прасторы. У эпоху Адраджэння цэнтр. вобразам у П. стала адлюстраванне зямнога свету як адухоўленай з’явы, у якой касмічнае пераважае над тапаграфічна-канкрэтным. Мастакі вывучалі натуру, распрацоўвалі прынцыпы перспектыўнай пабудовы прасторы (Джарджоне, Джота ды Бандоне, Леанарда да Вінчы, Рафаэль, Тыцыян у Італіі, М.​Груневальд, А.​Дзюрэр, Л.​Кранах у Германіі, А.​Альтдорфер, П.​Брэйгель, Х. ван дэр Гус у Нідэрландах, Эль Грэка ў Іспаніі і інш.). У канцы 16 — пач. 17 ст. пад уплывам маньерызму ўзмацніліся эмацыянальнасць і падкрэсленая ідэалізацыя прыроды (А.​Карачы ў Італіі); у мастацтве барока пераважала адлюстраванне стыхійнага буяння прыроды, падкрэсленая надуманасцю і наяўнасцю фантаст. элементаў (П.​П.​Рубенс у Фландрыі, А.​Маньяска ў Італіі). Як самаст. жанр П. вылучыўся ў 2-й пал. 17 ст. ў творчасці Я. ван Гоена, Я. ван Ройсдала, С. ван Ройсдала, Рэмбранта ў Нідэрландах, К.​Ларэна, Н.​Пусэна ў Францыі і інш. і стаў носьбітам высокага этычнага зместу. У 18 ст. пашырыўся тонкалірычны (Ф.​Гвардзі) і відавы гарадскі (Каналета, Б.​Белота) П. У П. 1-й пал. 19 ст. пераважалі тэндэнцыі рамантызму (К.​Д.​Фрыдрых, Л.​Рыхтэр у Германіі, У.​І.​Кох у Аўстрыі, У.​Цёрнер у Вялікабрытаніі). Зацвердзілася розніца паміж накідам, эцюдам і завершаным П.-карцінай, з’явіліся элементы пленэру, сістэма валёраў і інш. Станаўленне і росквіт рэаліст. П. адбыўся ў 19—20 ст. ў творчасці К.​Каро, Г.​Курбэ, Ж.​Ф.​Міле (Францыя), Дж.​Констэбла (Вялікабрытанія), А.​Менцэля (Германія), І.​Айвазоўскага, А.​Бенуа, Л.​Бродскай, І.​Грабара, А.​Дайнекі, А.​Куінджы, І.​Левітана, Г.​Ніскага, В.​Паленава, М.​Рэрыха, А.​Саўрасава, В.​Сярова, І.​Шышкіна (Расія), М.​Сар’яна (Арменія), А.​Жмуйдзінавічуса (Літва) і інш. Плённа развіваўся ў творчасці мастакоў інш. стыляў і кірункаў. непасрэднасць пленэрных П. імпрэсіяністаў (П.​Банар, К.​Манэ, Э.​Манэ, К.​Пісаро, А.​Сіслей у Францыі), драматычна выразныя, эмацыянальна завостраныя П. экспрэсіяністаў (О.​Какошка ў Аўстрыі), эмац., дэкар.-плоскасныя П. постімпрэсіяністаў (П.​Гаген, П.​Сезан у Францыі, В. ван Гог у Нідэрландах) і інш.

У бел. мастацтве элементы П. вядомы з 15 ст. (мініяцюры Радзівілаўскага летапісу). Значнае месца адведзена П. ў гравюрах выданняў Ф.​Скарыны («Навухаданосар цар вавілонскі здабывае Іерусалім», 1518; «Руф, прабаба цара Давідава падбірае каласы за жняцы», 1519), жывапісным творы «Бітва пад Оршай» (каля 1515). У графіцы 2-й пал. 16—17 ст. П. набыў самаст. гучанне: гравюры з адлюстраваннем гар. панарам Гродна, Полацка, Вільні, Бабруйска, Брэста, Рэчыцы, Нясвіжа, Трокаў, Коўна, Клецка (у т. л. Т.​Макоўскага), замкаў і палацаў (гравюры М.​Цюнта), акварэль «Аблога Полацка 29.8.1579» С.​Пахалавіцкага і інш. У жанры П. шмат працаваў А.​Тарасевіч (12 аркушаў «Поры года», 1672). У 17—18 ст. элементы П. трапляюцца ў іканапісе («Праабражэнне», 1648; «Пакроў», 1649; «Успенне, 1650; клеймы абраза «Параскева з жыціем», 1659; «Пакланенне вешчуноў» басценавіцкага майстра, 1723—28; «Мікола», 1751), манум. жывапісе (размалёўкі Аршанскага Куцеінскага Богаяўленскага манастыра, 17 ст; фрэскі касцёлаў кармелітаў у Бельчыцах, Мсціславе і Магілёве, 18 ст.) і дэкар.-прыкладным мастацтве (у шпалерах Нясвіжскай, Карэліцкай і Слонімскай мануфактур). Як самаст. жанр П. пачаў складвацца ў канцы 18 — пач. 19 ст. і да сярэдзіны 19 ст. эвалюцыяніраваў ад класіцызму праз рамантызм да праяў рэалізму. У 19 — пач. 20 ст. да П. звярталіся К.​Альхімовіч, В.​Бялыніцкі-Біруля, А. і І. Гараўскія. С.​Жукоўскі, В.​Ваньковіч, Я.​Дамель, Н.​Орда, Ю.​Пэн, К.​Русецкі, Ф.​Рушчыц, Я.​Сухадольскі, І.​Трутнеў і інш. У 20 ст. ў П. развіваўся пераважна рэаліст. кірунак. Сярод найб. значных прадстаўнікоў І.​Ахрэмчык, Бялыніцкі-Біруля, В.​Волкаў, І.​Гембіцкі, Я.​Драздовіч, Я.​Зайцаў, У.​Кудрэвіч, Л.​Лейтман, С.​Лі, М.​Сеўрук, М.​Станюта, А.​Тычына (1920—50-я г.), А.​Бархаткоў, У.​Басалыга, Я.​Батальёнак, Г.​Вашчанка, В.​І.​Вярсоцкі, В.​Грамыка, М.​Данцыг, М.​Ісаёнак, К.​Качан, А.​Кроль, У.​Лагун, З.​Літвінава, А.​Малішэўскі, А.​Марачкін, Л.​Марчанка, У.​Маскоўскіх, П.​Масленікаў, Г.​Паплаўскі. У.​Пасюкевіч, М.​Селяшчук, Г.​Скрыпнічэнка, В.​Сумараў, І.​Рэй, В.​Цвірка, Л.​Шчамялёў (1950—90-я г.) і інш.

Літ.:

Федоров-Давыдов А. Русский пейзаж XVIII — начала XIX в. М., 1953;

Яго ж. Советский пейзаж. М., 1958;

Яго ж. Русский пейзаж конца XIX — начала XX в. М., 1974;

Мальцева Ф. Мастера русского реалистического пейзажа. Вып. 1—2. М., 1953—59;

Виноградова Н.А. Китайская пейзажная живопись. М., 1972;

Калитина Н. Французская пейзажная живопись, 1870—1970. Л., 1972;

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;

Яго ж. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;

Беларускі пейзажны жывапіс: [Альбом]. Мн., 1982;

Никулина О.Р. Природа глазами художника. М., 1982.

М.​Л.​Цыбульскі.

Да арт. Пейзаж. С. ван Ройсдал. Рачны пейзаж. 1646.
Да арт. Пейзаж. І.​Левітан. Вясна — вялікая вада. 1897.
Да арт. Пейзаж. В.​Цвірка. Прыпяць. Вясна. 1966.
Да арт. Пейзаж. В.​Грамыка. Раніца туманная. 1974.
Да арт. Пейзаж. В.​Вярсоцкі. Ліпеньскія навальніцы. 1975.

т. 12, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)