ПАЛАЗЕ́Р’Е, Паўазер’е,

возера ва Ушацкім р-не на мяжы з Бешанковіцкім р-нам Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 28 км на У ад г.п. Ушачы. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 8 км², даўж. 4,8 км, найб. шыр. 1,9 км, найб. глыб. 17 м, даўж. берагавой лініі 17,9 км. Пл. вадазбору 30,9 км². Катлавіна складаецца з паўн. глыбакаводнага (17 м) і паўд. мелкаводнага (да 9 м) плёсаў. Схілы выш. 2—8 м, часткова разараныя, на Пн і ПнЗ — 20—25 м, параслі лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, участкамі зліваюцца са схіламі. Шматлікія залівы. На З і У пойма шыр. да 100—150 м. Дно роўнае, у паўн. плёсе лейкападобнай формы, да глыб. 1 м пясчанае, да 2—3 м укрыта апясчаненымі адкладамі, глыбей сапрапелістае, на макс. глыбінях ілістае. 2 невял. астравы. Мінералізацыя вады 140—150 мг/л, празрыстасць 2,6 м. Эўтрофнае. Расліннасць да глыб. 3—4 м: рдзесты, харавыя водарасці, рагаліснік. Возера зарыблялася сазанам, карпам. Упадаюць ручаі з азёр Любжынскае, Калесіна і возера без назвы, выцякае ручай у воз. Крывое, злучана канавай з воз. Мугірына.

Возера Палазер’е.

т. 11, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСО́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала ў жн. 1941 — вер. 1942 у г.п. Расоны і раёне Віцебскай вобл. Аб’ядноўвала групы (больш за 100 чал.): у Расонах (38 чал., арганізатар і кіраўнік настаўнік П.​М.​Машэраў), вёсках Альбрэхтава (П.​А.​Альшанікаў), Грачушына (У.​А.​Яфрэменка), Клясціцы (С.​П.​Пархімовіч, І.​М.​Малахаў, Б.​Я.​Руба), Мілавіды (І.​М.​Марачкоўскі), Пірагі (У.​А.​Хамчаноўскі), Ражнова (М.​М.​Іваноў), Шалашнікі (М.Я. і П.Я. Гігелевы), Ізбішча, Роўнае Поле, Сінск, Фаміно, Юхавічы і інш. Пазней да падпольшчыкаў далучыліся чырвонаармейцы, што ўцяклі з палону. Узначальваў падполле к-т, які наладзіў сувязі з Гарбачэва-Мурагоўскім, Заборскім, Межаўскім, Сельніцкім, Сакалішчанскім падполлямі, Прошкаўскім камсамольска-маладзёжным падполлем. Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, праводзілі агітац. работу, здабывалі бланкі дакументаў акупац. улад, збіралі разведданыя, рыхтавалі дыверсіі, перашкаджалі акупантам вывозіць да чыгункі нарабаваныя ў насельніцтва прадукты харчавання. Сталі ініцыятарамі разгортвання ў раёне масавага партыз. руху. Каб выратаваць сем’і ад рэпрэсій акупантаў, кіраўніцтва арг-цыі распрацавала план адыходу падпольшчыкаў да партызан. Да восені 1943 амаль усе падпольшчыкі сталі партызанамі Расонска-Асвейскай партызанскай зоны. Памяць аб загінуўшых падпольшчыках увекавечана ў мемар. комплексе ў Расонах, у в. Сельнікі пастаўлена стэла.

Л.​А.​Папкоўскі.

т. 13, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

бало́на Вялікае, адкрытае роўнае месца пры населеным пункце або ў полі, паляна (Нас.). Тое ж балоніна, балонь (Нас.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

дакло́нь Роўнае поле з балотцамі, якое мае невялікі нахіл да ракі (Слаўг.).

□ ур. Даклонь (поле) каля в. Рабавічы Слаўг.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

паралелі́зм, ‑у, м.

1. Роўнае, аднолькавае на ўсім працягу знаходжанне адной ад другой ліній і плоскасцей. Паралелізм ліній.

2. Нязменныя суадносіны і адначасовасць дзвюх з’яў, двух дзеянняў. Пры выкарыстанні паралелізму песня звычайна будуецца на супастаўленні двух вобразаў: аднаго — узятага з прыроды, другога — з чалавечага жыцця. Саламевіч. // Аналогія, падабенства, агульнасць характэрных рыс; паўтарэнне, дубліраванне чаго‑н. Паралелізм у рабоце.

3. У паэтыцы — аднолькавая сінтаксічная і інтанацыйная пабудова некалькіх сказаў, якія ідуць адзін за адным.

4. У музыцы — аднолькавы інтэрвал у руху галасоў пры шматгалосым спеве.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́ўнядзь, ‑і, ж.

Роўнае месца, раўніна. Амярцвелае поле рассцілалася белым абрусам аднастайнай роўнядзі, а лес цёмна-сіняю сцяною выступае ў нерухлівай постаці і тупой немаце. Колас. // чаго або якая. Роўная паверхня чаго‑н.; гладзь. Белыя чайкі лятаюць высока над стрэхамі хат, а над люстранай роўняддзю азёр планіруюць спрадвечныя сябры гэтых стрэх — буслы... Брыль. Адсюль далёка відаць наваколле: і роўнядзь поля, і асфальтавая стужка дарогі, і горад. Марціновіч. Сонца апускаецца яшчэ ніжэй, і вось за намі, па рачной роўнядзі, пачынае, як хвост, цягнуцца .. люстраная паласа. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Блех ’луг ля рэчкі, дзе беляць палотны’ (Нас.); ’адбельваючы парашок’ (Влад.); ’хлорка’ (Інстр. I), блехаваць ’хларыраваць’ (Інстр. I); укр. бліх, бліхува́ти (ст.-укр. бле́хи, XVII ст.). Запазычанне з польск. мовы: польск. blech, blich ’месца, дзе беляць воск або палатно; бяленне’ (< ням. Bleiche, bleichen; параўн. bleich ’бледны, белы, светлы’; Варш. сл., 1, 164; Брукнер, 28); Рыхардт, Poln., 35; Кюнэ, Poln., 45; Шалудзька, Нім., 22. Рудніцкі, 148 (услед за Р. Смаль–Стоцкім), прымае непасрэднае запазычанне з ням. мовы. Сюды таксама блех ’роўнае месца’ (Касп.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плошча ’вялікая незабудаваная тэрыторыя ў горадзе ці вёсцы’, ’месца, памяшканне, прызначаныя для якой-н. мэты’ (ТСБМ; Гарэц.; Др.-Падб.; Бяльк.; пух., Сл. ПЗБ). Укр. площа, площи́на ’плоскасць, раўніна’, ’плошча’, ’паляна’, рус. алан. площа, площи́ца ’плошча’, ’пляцоўка каля дома, на двары’; славен. plȍsk, plóska ’паверхня’, ’раўніна’, ’поле’, plọ́šča ’пліта, дошка’, ’плітка’. Да прасл. *plosk‑ja, больш падрабязна гл. плоскі; у літаратурнай мове пашырылася за кошт лексемы пляц у значэнні ’роўнае незабудаванае месца ў горадзе’ пад уплывам рус. площадь ’тс’ (Германовіч, Аб некат. асабл., 13).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

НЬЮ́ТАНА ЗАКО́НЫ МЕХА́НІКІ,

тры законы, на якіх грунтуецца класічная механіка. З’яўляюцца вынікам абагульнення даследаванняў Г.Галілея, Р.Гука, К.Гюйгенса, І.Ньютана і інш.

Сфармуляваны І.​Ньютанам (1687) у наступным выглядае. 1-ы закон: «Кожнае цела працягвае ўтрымлівацца ў сваім стане спакою або раўнамернага і прамалінейнага руху, пакуль і паколькі яно не вымушаецца прыкладзенымі сіламі змяніць гэты стан». 2-і закон: «Змена колькасці руху (імпульсу) прапарцыянальная прыкладзенай рухальнай сіле і адбываецца ў напрамку той прамой, уздоўж якой гэтая сіла дзейнічае». 3-і закон: «Дзеянню заўсёды ёсць роўнае і процілеглае процідзеянне, інакш, узаемадзеянне двух цел адно на аднаго паміж сабой роўныя і накіраваны ў процілеглыя бакі». Паводле сучасных уяўленняў пад целам трэба разумець матэрыяльны пункт, а яго рух разглядаць адносна інерцыяльнай сістэмы адліку. Матэм. фармулёўка 2-га закону: dp→ / dt = F→ , дзе p→ = mv→ — імпульс, m — маса і v→ — скорасць матэрыяльнага пункта, t — час, F→ — раўнадзейная ўсіх сіл, што дзейнічаюць на матэрыяльны пункт. Н.з.м. выконваюцца для ўсіх макрацел, якія рухаюцца са скарасцямі, значна меншымі за скорасць святла ў вакууме. Рух мікрааб’ектаў (атамаў і малекул) падпарадкоўваецца законам квантавай механікі. Н.з.м. разам з сусветнага прыцягнення законам адыгралі важную ролю ў станаўленні фізічнай карціны свету.

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 128—133;

Гинзбург В.Л. К трехсотлетию «Математических начал натуральной философии» Исаака Ньютона // Успехи физ. наук. 1987. Т. 151, вып. 1.

А.​І.​Зубаў.

т. 11, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСО́НСКА-АСВЕ́ЙСКАЯ ПАРТЫЗА́НСКАЯ ЗО́НА ў Вялікую Айчынную вайну,

тэрыторыя на Пн Віцебскай вобл., якую кантралявалі партызаны. Утварылася ў 1942 у выніку баёў (у т. л. Расонскага бою 1942) па вызваленні партызанамі ад ням.-фаш. захопнікаў тэр. Расонскага, Асвейскага, ч. Дрысенскага і Полацкага р-наў. Да вясны 1943 пл. 5 тыс. км². Вызваленая тэрыторыя стала часткай партыз. краю, створанага бел., латышскімі і рус. партызанамі на сумежжы Беларусі, Латвіі і Расіі (10 тыс. км², больш за 100 тыс. чал.). Зону абаранялі партыз. фарміраванні гэтых рэгіёнаў. На тэр. зоны базіраваліся падп. райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ, была адноўлена сав. ўлада, працавалі хлебапякарні, млыны, прамысл. майстэрні, выдаваліся раённыя газеты; падтрымлівалася сувязь з сав. тылам, дзейнічалі аэрадромы і пасадачныя пляцоўкі. Партызаны пастаянна праводзілі дыверсіі на камунікацыях ворага, у т. л. ў час «рэйкавай вайны», аперацыі па разгроме яго гарнізонаў. Ням. фашысты з мэтай ліквідацыі зоны часта праводзілі карныя аперацыі (№ 12, 13, 14, «Пантэра», «Заяц-бяляк», «Зімовае чараўніцтва», «Генрых», «Ота» і інш.), таму яе тэрыторыя была ператворана акупантамі ў «выпаленую зямлю». У памяць пра Р.-А.п.в. насыпаны курганы каля в. Прошкі Верхнядзвінскага, Марачкова і Маторына Расонскага р-наў, пастаўлены помнікі ў Расонах, вёсках Дзёрнавічы, Новы Лад Верхнядзвінскага, Канюхова, Межна, Роўнае Поле, Сяляўшчына Расонскага р-наў Віцебскай вобл.

Літ.:

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990.

Э.​Ф.​Языковіч.

т. 13, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)