А́НДЭРСЕН ((Anderstn) Ханс Крысціян) (2.4.1805, г. Одэнсе, Данія — 4.8.1875),

дацкі пісьменнік. Аўтар кніг «Казкі для дзяцей» (т. 1—3, 1835—37), «Новыя казкі» (1843—48), «Гісторыі» (1852—53); раманаў «Імправізатар» (1835), «Толькі скрыпач» (1837), «Дзве баранесы» (т. 1—3, 1849); зб. навел «Кніга карцін без карцін» (1840); п’ес «Мулат», «Маўрытанка» (абедзве 1840), аўтабіяграфіі «Казка майго жыцця» (1846), падарожных нарысаў. Сусв. вядомасць Андэрсену прынеслі казкі «Дзюймовачка», «Крэсіва», «Снежная каралева», «Прынцэса на гарошыне», «Новае ўбранне караля», «Брыдкае качаня», «Стойкі алавяны салдацік». Творчасці Андэрсена ўласцівыя рамантызм і народнасць, іронія і гумар, гуманізм і філас. мудрасць. На бел. мову казкі Анднрсена перакладалі Я.​Маўр, А.​Якімовіч і інш. Казка «Салавей» паст. Дзярж. т-рам лялек Беларусі (1980). 1975 быў аб’яўлены годам Андэрсена.

Тв.:

Бел. пер. — Брыдкае качаня. Мн., 1938;

Выбраныя казкі. Мн., 1946;

Стойкі алавяны салдацік. Мн., 1947;

Казкі. Мн., 1955;

Дзікія лебедзі. Мн., 1971;

Рус. пер. — Сказки и истории. М., 1980.

Літ.:

Грёнбек Бо. Ханс Кристиан Андерсен: Жизнь. Творчество. Личность: Пер. с дат. М., 1979;

Переслегина Э.В. Ханс Кристиан Андерсен: Биобиблиогр. указ. М., 1979.

У.​Л.​Сакалоўскі.

Х.К.Андэрсен.

т. 1, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫВІДУА́ЛЬНАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,

адзін з кірункаў глыбіннай псіхалогіі, які заснаваны на вучэнні аўстр. псіхолага А.Адлера. Гал. яе ідэя ў тым, што чалавек — адзіны і непадзельны арганізм, ва ўзаемасувязі якога знаходзяцца не толькі мозг і цела, але і ўсе праявы яго псіхічнага жыцця, Адлер лічыў, што ўжо ў дзяцінстве ў чалавека часам праяўляецца пачуццё фіз. ці псіхал. непаўнацэннасці (т.зв. «комплекс непаўнацэннасці»), якое ён імкнецца пераадолець. У кожнага складваецца свой унікальны стыль жыцця, фарміруецца т.зв. «сацыяльны інтарэс», на развіццё якога істотны ўплыў аказваюць асаблівасці сямейнага выхавання і сацыялізацыі асобы. Састаўной часткай І.п. з’яўляецца канцэпцыя творчага «Я», паводле якой кожны чалавек патэнцыяльна здольны дзейнічаць творча, стваральна, а яго паводзіны вызначаюцца пастаўленай жыццёвай мэтай — дасягнуць асабістай дасканаласці, цэласнасці і самарэалізацыі. І.п. аказала ўплыў на развіццё сацыяльна-псіхалагічных і групавых метадаў тэрапіі (К.​Хорні, Э.​Фром і інш.).

Літ.:

Адлер А. Практика и теория индивидуальной психологии: Пер. с нем. М., 1995;

Яго ж. Понять природу человека: Пер. с нем. СПб., 1997;

Хьел Л., Зиглер Д. Теории личности: Основные положения, исслед. и применение: Пер. с англ. СПб., 1997.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 7, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ГЕРКВІСТ ((Lagerkvist) Пер Фабіян) (23.5.1891, г. Векшэ. Швецыя — 11.7.1974),

шведскі пісьменнік. Чл. Шведскай акадэміі (з 1940). Скончыў Упсальскі ун-т (1912), вывучаў гісторыю мастацтваў у Парыжы (1913). Дэбютаваў у 1912. У цэнтры творчасці Л. — пошук сэнсу жыцця чалавека ў неўладкаваным свеце. У ранняй паэзіі (зб. «Страх», 1916), навелах (зб. «Жалеза і людзі», 1915), п’есах («Апошні чалавек», 1917, і інш.) уплыў экспрэсіянізму і сімвалізму, імкненне надаць творам нац. афарбоўку. Раманы і аповесці «Госць рэчаіснасці» (1925), «Кат» (1933), «Карлік» (1944), «Варава» (1950), «Сібіла» (1956), «Смерць Агасфера» (1960), «Марыямна» (1967), зб-кі паэзіі «Песні сэрца» (1926), «Паэзія і змаганне» (1940), зб. навел «Злыя сагі» (1924), драмы «Кароль» (1932), «Камень мудрасці» (1947) вылучаюцца гуманіст. пафасам, непрыманнем фашызму і інш. форм таталітарызму, эвалюцыяніруюць да «сімвалічнага рэалізму». Аўтар кніг эсэ «Сціснуты кулак» (1934), «Вызвалены чалавек» (1939). На бел. мову асобныя творы Л. пераклалі Г.​Шупенька, М.​Гіль. Нобелеўская прэмія 1951.

Тв.:

Бел. пер.Кат. Карлік. Мн., 1986;

Рус. пер.Соч. Т. 1—2. Харьков, 1997.

Літ.:

Неустроев В.П. Литературные очерки и портреты. М., 1983.

Л.​П.​Баршчэўскі.

П.Лагерквіст.

т. 9, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАПЦА́РАЎ (Нікола Іонкаў) (7.12.1909, г. Банска, Балгарыя — 23.7.1942),

балгарскі паэт. Скончыў марское тэхн. вучылішча (1932). У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік антыфаш. руху ў Балгарыі, расстраляны гітлераўцамі. Друкаваўся з 1926. Працягваў традыцыі балг. рэв. паэзіі (Х.​Боцеў, Х.​Смірненскі), выступіў як паэт-наватар. У зб. «Песні матора» (1940) адлюстраваў сац. зрухі часу, атмасферу завода, рух машын, працоўныя будні, веру ў светлую будучыню. Цыкл «Песні пра адну краіну» прысвечаны антыфаш. барацьбе ў Іспаніі. На бел. мову яго вершы перакладалі А.​Астрэйка, Н.​Гілевіч і інш.

Тв.:

Бел. пер. — Песня пра чалавека. Мн., 1982;

Рус. пер. — Избранное. М., 1984

Г.​Я.​Адамовіч.

т. 3, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГРА́НА (Елісавета) (сапр. Белчава; 29.4.1893, Сафія — 23.3.1991),

балгарская паэтэса. Скончыла Сафійскі ун-т (1915). Першы зб. вершаў «Вечная і святая» (1927) напісаны пад уплывам нар.-песеннай паэзіі. У зб-ках «Зорка марака» (1932), «Сэрца чалавечае» (1936) уражанні ад вандраванняў па роднай краіне, Францыі, Італіі, Славеніі, вобраз горада з яго сац. кантрастамі, узмацненне трагічных і песімістычных нот. Аўтар лірычных зб-каў «Ад берага да берага» (1963), «Святлацені» (1977), «На беразе часу» (1983) і інш., кн. для дзяцей. Дзімітраўская прэмія 1950. На бел. мову яе вершы перакладаў Н.​Гілевіч.

Тв.:

Бел. пер. — У кн.: Ад стром балканскіх. Мн., 1965;

Рус. пер. — Сердце человеческое. М., 1959;

Стихи. М., 1979.

т. 2, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НДЭРСАН ((Anderson) Шэрвуд) (13.9.1879, г. Камдэн, штат Агайо, ЗША — 8.3.1941),

амерыканскі пісьменнік. Першы раман «Сын Уіндзі Макферсана» (1916). Вядомасць прынеслі зб-кі апавяданняў «Уайнсбург, Агайо» (1919), «Трыумф яйка» (1921), «Коні і людзі» (1923) і інш. Даследаваў уплыў індустрыялізацыі і сац. адчужэння на чалавечую псіхіку (раманы «Людзі, якія маршыруюць», 1917; «Па той бок жадання», 1932, і інш.). Пад уплывам фрэйдызму напісаны раманы «Мноства шлюбаў» (1923), «Цёмны смех» (1925). Як бескампрамісны рэаліст і праніклівы псіхолаг зрабіў уплыў на некаторых амер. пісьменнікаў 20 ст.

Тв.:

Бел. пер. — Папяровыя шарыкі;

Ніхто не ведае;

Прыстойнасць;

Хлусня: [Навелы // Далягляды. Мн., 1989;

Рус. пер. — Избранное. М., 1983.

Ш.Андэрсан.

т. 1, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЯЛЕ́-ЛЕ-ДЗЮК ((Violett-le-Duk) Эжэн Эмануэль) (27.1.1814, Парыж — 17.9.1879),

французскі архітэктар, гісторык і тэарэтык архітэктуры; адзін з заснавальнікаў тэорыі і практыкі рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры. Рэстаўрыраваў шэраг франц. гатычных сабораў і замкаў (сабор Нотр-Дам у Парыжы, з 1845, разам з Ж.​Б.​Ласю; умацаванні Каркасона, замак П’ерфон і інш.). У гістарычна-тэарэт. працах імкнуўся выявіць агульныя заканамернасці архітэктуры, своеасаблівасць нац. школ, прыроду сярэдневяковага мастацтва («Тлумачальны слоўнік французскай архітэктуры», т. 1—10, 1854—68; «Гутаркі аб архітэктуры», т. 1—2, 1858—72, рус. пер. 1937—38; «Рускае мастацтва», 1877, рус. пер. 1879).

Літ.:

Pevsner N. Ruskin and Violett-le-Duk... London, 1969.

т. 4, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́БЭ КО́БА (сапр. Кіміфуса; н. 7.3.1924, Токіо),

японскі пісьменнік. Вядомасць Абэ Коба прынеслі раманы-прытчы «Жанчына ў пяску» (1962), «Чужы твар» (1964), «Спаленая карта» (1967), «Чалавек-скрынка» (1973), «Тайнае спатканне» (1977), «Каўчэг «Сакура» (1984) і інш., гратэскава-фантаст. п’есы «Паляванне на рабоў» (1955), «Прывіды сярод нас» (1958), «Сказанне пра веліканаў» (1960), «Крэпасць» (1962), «Мужчына, які ператварыўся ў дубінку» (1969) і інш. У цэнтры твораў Абэ Коба маральна-філас. праблемы, трагедыя адзіноцтва ў сучасным свеце, працэс адчужэння асобы, матывы безвыходнасці. Аўтар аповесці «Сцяна. Злачынства S. Карума» (1951; літ. прэмія Акутагавы).

Тв.:

Бел. Пер. — Жанчына ў пяску;

Чужы твар. Мн., 1986;

рус. пер. — Избранное. М., 1988.

Абэ Коба.

т. 1, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЧКАВІЧ ((Бећковић) Мація) (н. 29.11.1939, г. Сента, Сербія),

сербскі паэт, публіцыст, грамадскі дзеяч. Акад. Сербскай акадэміі навук і мастацтваў (1985). Адзін з самых прыкметных майстроў слова пасляваен. пакалення. Аўтар паэт. зб-каў «Вера Паўладольска» (1962), «Аблудная куля» (1963), «Так казаў Мація» (1965), «Кажа мне адзін чалавек» (1970), «Мяжа Вука Шалёнага» (1976), «Вой і куку» (1978), «Два светы» (1980), «Паэмы» (1983), «Богаяўленне» (1985), кн. публіцыстыкі «Пра міжчассе» (1969). На бел. мову яго вершы перакладалі Н.​Гілевіч, М.​Мятліцкі, І.​Чарота.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Сербская паэзія. Мн., 1989;

Рус. пер. — у кн.: Поэзия современной Югославии. М., 1981.

І.​А.​Чарота.

т. 3, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛУА́ ((Galois) Эварыст) (26.10.1811, г. Бур-ла-Рэн, Францыя — 30.5.1832),

французскі матэматык, заснавальнік сучаснай алгебры. Вучыўся ў ліцэі Луі-дэ-Гран, к моманту заканчэння якога ўжо вёў творчую працу па матэматыцы. У 1830 паступіў у Вышэйшую нармальную школу; у 1831 выключаны з яе за ўдзел у паліт. барацьбе супраць каралеўскага рэжыму Францыі. Загінуў на дуэлі. Стварыў агульную тэорыю рашэння алг. ураўненняў; Галуа тэорыю. Увёў паняцці групы, поля. Ідэі Галуа пачалі разумець толькі ў 1870-я г.

Літ.:

Инфельд Л. Эварист Галуа. Избранник богов: Пер. с англ. М., 1965;

Дальма А. Эварист Галуа, революционер и математик: Пер. с фр. 2 изд. М., 1984.

Э.Галуа.

т. 4, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)