члены каталіцкага манаскага ордэна Таварыства Ісуса, створанага ў 1534 ісп. дваранінам І.Лаёлам для барацьбы з Рэфармацыяй і ўмацавання каталіцызму. Ордэн пабудаваны на аснове строгай цэнтралізацыі, суровай дысцыпліны і абсалютнай волі яго кіраўніка — генерала («чорнага папы»), які выбіраецца пажыццёва і падначальваецца толькі папе рымскаму. З цягам часу ордэн ператварыўся ў моцную арг-цыю, якая пашырылася ў Еўропе, пранікла ў краіны Афрыкі, Азіі, Паўд. Амерыкі. У 1569 Е. пачалі дзейнасць у ВКЛ. У 1773 булай папы Клімента XIV ордэн скасаваны. Ва ўсх. Беларусі Кацярына II насуперак папскай буле захавала ордэн. Е. заснавалі ў Полацку навіцыят (курсы падрыхтоўкі для ўступлення ў ордэн). Свае школы Е. вызвалілі ад урадавага кантролю і падначалілі Полацкаму калегіуму (з 1812 Полацкая езуіцкая акадэмія). Іх калегіумы існавалі ў многіх гарадах Беларусі, у т. л. ў Віцебску, Магілёве, Оршы (гл.Калегіум, Езуіцкія навучальныя ўстановы). У 1820 Е. былі выгнаны з Рас. імперыі. У 1814 ордэн адноўлены папам Піем VII ва ўсім свеце. У 1920—30-я г. ў Зах. Беларусі была створана каталіцка-езуіцкая група ў Альбярціне. У наш час Е. — адзін з буйнейшых і ўплывовых каталіцкіх ордэнаў.
Літ.:
Мараш Я.Н. Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии XVIII в. Мн., 1974;
Блинова Т.Б. Иезуиты в Белоруссии. Мн., 1990;
Цярохін С.Ф. Многія прыйдуць пад імем маім (езуіты на Беларусі). Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ну́нцый
(лац. nuntius)
пастаянны дыпламатычны прадстаўнік рымскага папы пры ўрадзе якой-н. дзяржавы (параўн.легат1 2).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
АРНО́ЛЬД БРЭШЫЯ́НСКІ, Арнальда Брэшыянскі (лац. Arnoldus de Brixia, італьян. Arnaldo da Brescia; каля 1100, г. Брэша, Італія — 18.6.1155),
італьянскі паліт. і царкоўны рэфарматар. Вучань П.Абеляра. У 1137 узначаліў барацьбу жыхароў Брэшы супраць епіскапа — сеньёра горада. Рашэннем Усяленскага сабора 1139 выдвараны з Італіі. За крытыку духавенства выгнаны з Францыі, Цюрыха. Вярнуўшыся ў Рым (1145), удзельнічаў у кіраванні Рымскай рэспублікай (1143—55), створанай у выніку антыпапскага паўстання, выступіў як ідэолаг барацьбы рымлян за захаванне рэспублікі, пазбаўленне духавенства ўласнасці і свецкай улады. Паводле распараджэння папы пакараны смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАЛІ́ЦКІЯ ЦЭ́РКВЫ УСХО́ДНЯГА АБРА́ДУ,
цэрквы, якія адышлі ад розных кірункаў усх. хрысціянства (праваслаўя, монафісіцтва, нестарыянства, монафеліцтва) і маюць унію (саюз) з каталіцкай царквой. Прызнаюць вярх. ўладу папы, асн. догматы каталіцызму, захоўваючы сваю традыцыйную абраднасць, царк. арг-цыю і літургічную мову. Дзейнічаюць 6 К.ц.у.а.: мараніцкая, грэка-каталіцкая (мелькіцкая), халдзейская (сіра-халдзейская, або асіра-халдзейская), сіра-каталіцкая, армяна-каталіцкая, копта-каталіцкая. Прыхільнікі К.ц.ў.а. жывуць пераважна ў краінах Б. Усходу — Ліване, Сірыі, Турцыі, Іарданіі, Ізраілі, Егіпце, але маюць абшчыны ў інш. рэгіёнах (гл. таксама Беларуская грэка-каталіцкая царква).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРДЭСІЛЬЯ́СКІ ДАГАВО́Р 1494,
пагадненне паміж Іспаніяй і Партугаліяй аб падзеле сфер калан. захопаў у Зах. паўшар’і, заключанае 7 чэрв. ў г. Тардэсільяс (Іспанія). Дагавор удакладняў лінію падзелу, што станавілі булы рым.папы ад 1493. Паводле Т.д. дэмаркацыйная лінія праходзіла праз абодва полюсы Зямлі і перасякала Атлантычны ак. на адлегласці 370 ліг (больш за 2 тыс.км) ад самай зах. часткі а-воў Зялёнага Мыса (каля зах. ўзбярэжжа Афрыкі). Землі на У ад гэтай лініі прызнаваліся ўладаннямі Партугаліі, на З ад яе — Іспаніі. Т.д. скасаваны ў 1777.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
папі́зм
(польск. papizm, ад слац. papismos)
1) рэакцыйная плынь, якая прапагандуе ўстанаўленне палітычнай улады рымскага папы;
2) каталіцызм.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ВІНЬЁЛА (Vignola; сапр.Бароцы, Barozzi) Джакама да (1.10.1507, г. Віньёла, Італія — 7.7.1573), італьянскі архітэктар позняга Адраджэння. Вучыўся ў Б.Перуцы і А. да Сангала Малодшага.
Асн. збудаванні Віньёлы ў Рыме: віла папы Юлія III (1550—55), першая авальная ў плане царква Сант-Андрэа (1555), царква гал. езуіцкага ордэна Іль Джэзу (пачата ў 1568; стала ўзорам для Нясвіжскага касцёла езуітаў), 2 малыя купалы на саборы св. Пятра (пачаты ў 1564); палац Фарнезе ў Капрароле каля Вітэрба (1558—73). Аўтар трактата «Правілы пяці ордэраў архітэктуры» (1562).
Да арт. Дж.Віньёла. Інтэр’ер царквы Іль Джэзу ў Рыме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«І́НДЭКС ЗАБАРО́НЕНЫХ КНІГ»
(лац. index librorum prohibitorum),
афіцыйны паказальнік кніг (выдаваўся Ватыканам у 1559—1966), чытанне якіх каталіцкая царква забараняла веруючым пад пагрозай адлучэння. Упершыню надрукаваны па ўказанні рымскага папы Паўла IV. Перавыдаваўся і сістэматычна папаўняўся больш за 40 разоў. У яго ўносілі творы Дж.Бруна, Т.Гобса, Б.Спінозы, Вальтэра, Р.Дэкарта, І.Канта, Г.Гейнэ і інш. У апошнім выданні (1948) змяшчаў каля 8 тыс. назваў кніг. З 1966 вядзенне «І.з.к.» ў ранейшай форме спынена, адначасова на Кангрэгацыю веравучэння і канферэнцыі епіскапаў ускладзена задача сачыць за новымі выданнямі кніг і папярэджваць веруючых ад чытання няўхваленых твораў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕГА́Т (ад лац. legatus пасол),
1) у Старажытным Рыме прызначаны сенатам пасол ці ўпаўнаважаны, які выконваў паліт. даручэнне. У перыяд позняй рэспублікі Л. наз. памочнікаў палкаводцаў і намеснікаў у правінцыях. Пры Юлію Цэзару Л. камандавалі легіёнамі. У час імперыі Л. — намеснікі ў імператарскіх правінцыях, валодалі консульскай уладай.
2) Л. папскі — тытул вышэйшага дыпламат. прадстаўніка папы рымскага. Упершыню сталі прызначацца ў 6 ст. У каталіцкай царкве існуе некалькі відаў Л.
3) У грамадз. праве Л. — завяшчальная адмова (лац. legatum), ускладанне на спадчынніка паводле завяшчання выканання якіх-н. абавязацельстваў на карысць якіх-н. асоб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЁНТАК Казімір (н. 21.10.1914, г. Валга, Эстонія),
рымска-каталіцкі царк. дзеяч Беларусі. Скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю імя Фамы Аквінскага ў Пінску (1939). У 1939—44 в.а. пробашча парафіі ў Пружанах. У крас. 1941 арыштаваны і зняволены на 2 месяцы ў брэсцкую турму. У снеж. 1944 зноў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў, зняволенне адбываў у лагерах Сібіры і Комі АССР. Пасля вызвалення 16.6.1954 вярнуўся да пастырскай дзейнасці, з 1.12.1954 пробашч парафіі ў Пінску. З 13.4.1991 архібіскуп, мітрапаліт мінска-магілёўскі, апостальскі адміністратар Пінскай рымска-каталіцкай епархіі. 26.11.1993 ад папы Іаана Паўла 11 атрымаў званне кардынала.