ІНУЛІ́Н,

поліцукрыд, які складаецца з астаткаў D-фруктозы. Малекулярная маса 5000—6000. Белы гіграскапічны аморфны парашок. Пры растварэнні ў вадзе ўтварае вязкія калоіды саладкаватага смаку. Запасны вуглявод многіх раслін, у асн. складанакветных. У клубнях і каранях тапінамбуру, вяргіні, нарцыса, гіяцынту, тубярозы, цыкорыі, кок-сагызу, дзьмухаўцу да 10—12%. Добра засвойваецца, ужываецца ў лячэбным харчаванні хворых на цукр. дыябет. У медыцыне выкарыстоўваюць пры даследаванні функцыі нырак, у біялогіі — для вывучэння водна-салявога абмену і мочаўтварэння ў жывёл.

т. 7, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дэрматаміязі́т

(ад дэрмата + гр. mys, myos = мышца)

калагеноз з паражэннем скуры, мышцаў, нерваў, а таксама сэрца, нырак і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

нефрало́гія

(ад нефра- + -логія)

раздзел медыцыны, які вывучае будову, функцыі і хваробы нырак, а таксама распрацоўвае метады іх лячэння.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

КАНТУ́ЗІЯ (ад лац. contusio удар),

паталагічны стан, што ўзнікае пры ўздзеянні на паверхню ўсяго цела ці большай яго ч. мех. сілы (напр., завал пяском), або ўдарнай паветранай хвалі (выбух і інш.). Для К. характэрныя страта прытомнасці (ад некалькі хвілін да сутак), нязначныя знешнія пашкоджанні ці іх адсутнасць. Бываюць цяжкія пашкоджанні ўнутр. органаў (печані, нырак, страўніка і інш.), пераломы канечнасцей, рэбраў, чэрапна-мазгавыя траўмы. Пасля апрытомлівання — моцны галаўны боль, моташнасць, ірвота, парушэнні адчувальнасці, мовы, рухомасці, паралічы і інш. Найб. цяжкая К. галаўнога мозга.

т. 8, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРФУ́ЗІЯ (ад лац. perfusio абліванне, уліванне),

метад прапускання фізіял. раствораў, крыві, кровазаменных і інш. вадкасцей праз крывяносныя сасуды органа, ч. цела або ўсяго арганізма. Адрозніваюць П. органаў, цалкам вынятых з арганізма, і П. органаў, якія знаходзяцца ў арганізме, але ізаляваны ад яго сасудзістага рэчышча. Пашырана ў эксперым. фізіялогіі, дазваляе захоўваць пэўны час жыццядзейнасць органаў. Выкарыстоўваюць пры трансплантацыі; пры аперацыях на сэрцы робяць П. ўсяго арганізма. П. наз. таксама кровазабеспячэнне органаў цела ў натуральных умовах (напр., П. нырак, галаўнога мозга і інш.).

т. 12, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАДГАСТА́ЙН (Badgastein),

бальнеалагічны і горнакліматычны курорт у Аўстрыі. На Пд ад г. Зальцбург ва Усх. Альпах на выш. каля 1000 м. Развіваецца з 14 ст., міжнар. вядомасць набыў у 19 ст. Клімат горны, з мяккай зімой і халаднаватым летам. Каля 20 крыніц тэрмальных (да 50 °C) радонавых мінер. водаў (адкрыты ў 7 ст.), якія выкарыстоўваюць пры лячэнні органаў руху і апоры, кровазвароту, нырак і мочаправодных шляхоў. Спелеатэрапію (пры хваробах суставаў, сасудаў, перыферычнай нерв. і эндакрыннай сістэм) праводзяць у штольнях з павышанай радыеактыўнасцю паветра. Цэнтр міжнар. турызму і зімовага спорту.

т. 2, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІШЫ́ (Vichy),

горад у Францыі, у дэпартаменце Алье, на р. Алье. Вядомы з часоў Стараж. Рыма. У 1940—44 месца знаходжання калабарацыянісцкага ўрада маршала Ф.Петэна. 28 тыс. ж. (1990). Вузел чыгунак. Аэрапорт. Эл.-тэхн., фармацэўтычная, шкларобчая прам-сць. Маст. і гіст. музеі. Казіно. Буйнейшы бальнеакліматычны курорт у Францыі. Развіваецца з пач. 17 ст. Цёплы, умерана вільготны клімат, спрыяльны для адпачынку і лячэння. Больш за 10 крыніц субтэрмальных і гарачых (да 66 °C) радонавых мінер. вод, якія выкарыстоўваюцца пры лячэнні хвароб печані, жоўцевых шляхоў, кішэчніка, нырак, эндакрынных залоз.

т. 4, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСУА́Н (стараж. назва Сіене, Сіена),

горад на ПдУ Егіпта. Адм. ц. мухафазы Асуан. Порт на р. Ніл. Трансп. вузел. 192 тыс. ж. (1986). Хім. (азотныя ўгнаенні), тэкст., харч. прам-сць, здабыча жал. руды, буд. каменю. Каля горада гідраэнергет. комплексы Асуанскіх плацін. Цэнтр турызму і месца паломніцтва мусульманаў — ісмаілітаў, філіял Каірскага музея старажытнасцяў. Помнікі архітэктуры: скальная грабніца намарха Сарэнпута II (20 ст. да нашай эры), Абу-Сімбел, хрысц. манастыр св. Сімяона (8—13 ст.), мінарэт і маўзалеі (10—11 ст.). Батанічны сад. Курорт. Сухі трапічны клімат з умовамі для лячэння хвароб нырак.

т. 2, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЎЦО́ВА (Гарына Іванаўна) (н. 22.1.1937, Мінск),

бел. вучоны ў галіне паталагічнай анатоміі. Д-р мед. н. (1981), праф. (1987). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1960). З 1968 працуе ў ім. Навук. працы па перынатальнай паталогіі і паталогіі дзіцячага ўзросту, паталаг. анатоміі прыроджаных заган развіцця, паследу, нырак і інш.

Тв.:

Врожденные дисплазии почек. Мн., 1982 (разам з М.​Я.​Саўчанкам, С.​А.​Плісан);

Тератология человека: Руководство для врачей. 2 изд. М., 1991 (у сааўт.);

Болезни плода, новорожденного и ребенка: Справ. пособие. 2 изд. Мн., 1996 (у сааўт.).

т. 8, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКАРЭ́НКА (Уладзімір Сцяпанавіч) (н. 14.12.1929, г. Віцебск),

бел. вучоны ў галіне паталагічнай фізіялогіі. Д-р мед. н. (1978), праф. (1981). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1952), працуе ў ім з 1955 (у 1969—96 заг. кафедры). Навук. працы па патафізіялогіі нырак і печані.

Тв.:

Функциональное состояние и компенсаторные возможности почек после продолжительной острой почечной ишемии (разам з В.​М.​Гапановіч) // Патологическая физиология и эксперимент. терапия. 1972. № 3;

Интенсивность перекисного окисления липидов в почках при миогемоглобинурической острой почечной недостаточности (разам з В.​У.​Тушкіным) // Там жа. 1993. № 4.

т. 9, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)