працэс і вынік набыцця сістэматызаваных ведаў, уменняў і навыкаў у галіне гуманіт. (грамадскіх) навук. Структура гуманітарнай адукацыі вызначаецца традыцыямі адукацыі і выхавання, якія склаліся ў канкрэтных супольнасцях. У краінах Зах. Еўропы і ЗША да гуманіт. дысцыплін адносяць гісторыю, філасофію, рэлігіязнаўства, л-ру, выяўл. мастацтва, музыку, замежную і родную мовы, а таксама сац. навукі (псіхалогію, эканоміку, сацыялогію, антрапалогію, лінгвістыку, паліт. дысцыпліны). У Беларусі і ў інш. краінах СНД гуманітарная адукацыя трактуецца больш расшырана — як сац.-гуманітарная ці гуманітарная і сац.-эканамічная. Змест гуманітарнай адукацыі вызначаецца сукупнасцю навук, якія дазваляюць чалавеку пазнаць самога сябе, навакольнае асяроддзе, шляхі развіцця грамадства з улікам яго культ.-гіст. спадчыны. У сістэме адукацыі Беларусі сац.-гуманіт. падрыхтоўка ахоплівае гіст., эканам., сац.-паліт., правазнаўчыя, псіхолага-пед. дысцыпліны, родную і замежную мовы. У ліку асн. тэндэнцый рэфармавання адукацыі прадугледжваецца гуманізацыя (змест гуманітарнай адукацыі павінен грунтавацца на антрапакультуралагічным падыходзе) і гуманітарызацыя (сістэма мер, праз якія рэалізуюцца высакародныя мэты і прынцыпы гуманіст. каштоўнасцей у навуч. працэсе).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЖЫ,
востраў у паўн. частцы Анежскага воз., у Карэліі, Расія. На востраве ансамбль драўляных збудаванняў Кіжскага (Спаскага) пагоста. З 14 ст. знаходзіўся на шляху Ноўгарад—Беламор’е (цераз возера). Кіжскі пагост з 14 ст. быў адм. цэнтрам вёсак, размешчаных на астравах Анежскага возера, у 16 ст. ўключаў больш за 100 вёсак.
У ансамблі К. драўляныя цэрквы: 22-купальная Праабражэнская (1714, у інтэр’еры 4-ярусны іканастас 18 ст.), 9-купальная Пакроўская (1764) і шатровая званіца (1874, будаўнік С.Пятрухін), узведзеныя нар. майстрамі без выкарыстання цвікоў. Пластычныя, маляўнічыя па сілуэце пабудовы ўдала ўпісваюцца ў навакольнае асяроддзе, утвараючы гарманічны ансамбль. У 1960 на тэр. К. створаны музей-запаведнік нар. драўлянага дойлідства і этнаграфіі Карэліі. Тут размешчаны драўляныя цэрквы (у т. л. Лазараўская Мурамскага манастыра, 14 ст.), сял. хаты, гасп. пабудовы 17 — пач. 19 ст., характэрныя для мясц. дойлідства. К. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫРОДААХО́ЎНАЕ ЗАКАНАДА́ЎСТВА сукупнасць нарматыўна-прававых актаў, якія рэгулююць адносіны, што ўзнікаюць пры правядзенні мерапрыемстваў па захаванні, узнаўленні і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў. На Беларусі асновай П.з. з’яўляецца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, арт. 46 якой абвяшчае грамадзянам права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе і на пакрыццё шкоды, прычыненай парушэннем гэтага права; ускладае на дзяржаву кантроль за рацыянальным выкарыстаннем прыродных рэсурсаў з мэтай абароны і паляпшэння ўмоў жыцця, а таксама аховы і аднаўлення навакольнага асяроддзя. Нормы П.з. ёсць у большасці кодэксаў краіны (лясным, зямельным, аб нетрах), законах аб ахове здароўя, навакольнага асяроддзя, атм. паветра, ахове і выкарыстанні жывёльнага свету, асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях і аб’ектах, санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва і інш. Крымінальны, адм. і грамадзянскі кодэксы прадугледжваюць адказнасць за парушэнне патрабаванняў П.з. Нормы П.з. таксама змяшчаюцца ў спец. пастановах мясц. і цэнтр. органаў улады, ведамасных распараджэннях, інструкцыях і інш.Гл. таксама Ахова атмасферы, Ахова водаў, Ахова жывёл, Ахова зямель, Ахова прыроды, Ахова раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЧЫ́СТКА СЦЁКАВЫХ ВО́ДАЎ,
выдаленне забруджвальных рэчываў, якія ёсць у сцёкавых водах і могуць неспрыяльна паўплываць на здароўе чалавека і навакольнае асяроддзе. Праводзіцца ў спец.ачышчальных збудаваннях пры падрыхтоўцы сцёкавых водаў да скідвання ў прыродныя вадаёмы або для паўторнага выкарыстання ў паўторнапаслядоўных сістэмах водакарыстання ці сістэмах зваротнага водакарыстання. Існуюць метады механічнай, фіз.-хім., біялагічнай ачысткі сцёкавых водаў.
Пры механічнай ачыстцы нерастваральныя дамешкі выдаляюцца працэджваннем, адстойваннем, фільтраваннем, флатацыяй з дапамогай тлустых спіртоў, сернакіслага алюмінію або хлорнага жалеза, цэнтрабежнай сепарацыяй і інш. Пры фізіка-хімічнай ачыстцы выкарыстоўваюць: рэагентную каагуляцыю і працэс адгезіі (прыліпанне дамешкаў да паверхні інертных матэрыялаў); нейтралізацыю кіслот і шчолачаў вапнай; экстракцыю арган. растваральнікамі (бензол, бутылацэтат і інш.); перагонку з сухой парай (для выдалення фенолаў); сорбцыю праз актываваны вугаль; фільтрацыю праз іонаабменныя матэрыялы; апрацоўку хлорам (эл.-хім. акісленне); мокрае спальванне (для выдалення арган. рэчываў). Выдаленыя са сцёкавых водаў забруджвальныя рэчывы ў шэрагу выпадкаў — каштоўныя для нар. гаспадаркі прадукты, якія здабываюць з дапамогай спец.тэхнал. установак (гл.Утылізацыя забруджвальнікаў).
Літ.:
Технические записки по проблемам воды: Пер. с англ.Т. 1—2. М., 1983;
Очистка производственных сточных вод. 2 изд М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́БУХ,
працэс вызвалення вял. колькасці энергіі ў абмежаваным аб’ёме за кароткі прамежак часу. У выніку выбуху выбуховае рэчыва ператвараецца ў газ з высокім ціскам і т-рай, які з вял. сілай уздзейнічае на навакольнае асяроддзе і прыводзіць яго ў рух (гл.Ударная хваля).
Бывае выбух хім. выбуховых рэчываў у выніку ланцуговай хімічнай рэакцыі, ядзерны выбух у выніку рэакцый дзялення або сінтэзу атамных ядраў (гл.Ланцуговыя ядзерныя рэакцыі, Тэрмаядзерныя рэакцыі). Выбух можа адбывацца таксама за кошт энергіі вонкавых крыніц, калі яе дастаткова для выпарэння рэчыва: праходжанне магутных эл. токаў праз рэчыва; імпульснае ўздзеянне лазернага выпрамянення (гл.Лазер), многія прыродныя з’явы (напр., маланка, раптоўнае вывяржэнне вулкана, падзенне буйных метэарытаў). У космасе адбываюцца выбухі каласальных маштабаў: храмасферныя ўспышкі на Сонцы, успышкі новых і звышновых зорак, выбухі ядраў галактык.
Выбух выкарыстоўваецца ў навук. даследаваннях, даследаваннях атмасферы і ўнутранай будовы Зямлі, у тэхніцы, нар. гаспадарцы і ваен. тэхніцы. Гл. таксама Вакуумная зброя.
комплекс мер для аслаблення ўздзеяння іанізавальнага выпрамянення на людзей, аб’екты, абсталяванне, навакольнае асяроддзе і інш. Мае 2 аспекты: засцярогу ад знешніх патокаў «закрытых» крыніц выпрамянення (радыеактыўныя прэпараты, рэактары, рэнтгенаўскія ўстаноўкі, паскаральнікі) і засцярогу біясферы ад забруджванняў радыеактыўнымі рэчывамі з «адкрытых» крыніц (прадукты выкарыстання ядз. зброі, адходы ядз. прам-сці і інш.), якія трапляюць у арганізм чалавека (ці жывёлы) непасрэдна, а таксама з вадой або ежай.
Фіз. З.с.і.в. з’яўляецца матэрыял, які добра паглынае выпрамяненне (напр., свінец, бетон) і размешчаны паміж крыніцай і аб’ектам. Індывідуальныя сродкі засцярогі — камбінезоны, пнеўмакасцюмы, спец. абутак, чахлы, пальчаткі і інш.; калектыўныя — траншэі, акопы, сховішчы і інш. (гл.Ахоўныя збудаванні а таксама ваен. тэхніка, якая мае засцерагальныя ўласцівасці за кошт выкарыстання канстр. матэрыялаў, адбівальных ці паглынальных экранаў, ахоўных пакрыццяў. Хім. З.с.і.в. дасягаецца ўвядзеннем (папярэдне ці ў час апрамянення) у арганізм чалавека (ці жывёлы) рэчываў, якія павышаюць яго агульную супраціўляльнасць (лілаполіцукрыды, спалучэнні амінакіслот і вітамінаў, вакцыны) ці маюць проціпрамянёвае дзеянне (радыепратэктары; напр., меркаптааміны, цыяніды, нітрылы). Гл. таксама Грамадзянская абарона, Засцярога ад зброі масавага знішчэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т МЕХА́НІКІ МЕТАЛАПАЛІМЕ́РНЫХ СІСТЭ́Мімя У.А.Белага Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1969 у Гомелі на базе Аддзела механікі палімераў АНБССР (існаваў з 1963). У ін-це (1998) 11 аддзелаў, аспірантура і дактарантура, савет па абароне канд. і доктарскіх дысертацый.
Асн. кірункі навук. даследаванняў: тэарэт. асновы кіравання трываласнымі, адгезійнымі, антыфрыкцыйнымі і антыкаразійнымі ўласцівасцямі кампазітаў і інш. сістэм на аснове арган. і неарган. палімераў з мэтаю стварэння матэрыялаў для дэталей і вузлоў машын, абсталявання і прылад; тэорыя трэння і зношвання палімерных кампазітаў; метады разліку дэталей з палімераў і палімерных кампазітаў. Створаны палімерныя матэрыялы, якія даюць магчымасць значна павялічыць рэсурс і надзейнасць машын, зменшыць адмоўнае ўздзеянне вытв. дзейнасці на навакольнае асяроддзе; распрацаваны метады і спосабы кіравання ўласцівасцямі палімерных матэрыялаў пры дапамозе ўздзеяння эл. і магн. палёў, іанізавальнага выпрамянення, фіз.-хім. мадыфікавання; арыгінальныя тэхналогіі і тэхнал. абсталяванне для атрымання такіх матэрыялаў. У ін-це працавалі акад.АН Беларусі У.А.Белы, А.І.Свірыдзёнак; працуюць чл.-кар.Нац.АН Беларусі Б.І.Купчынаў, Ю.М.Плескачэўскі (дырэктар з 1992).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАВЫ́ ЦЫКЛ,
морфафізіялагічныя працэсы ў палаваспелых самак вышэйшых шматклетачных жывёл і чалавека, якія перыядычна паўтараюцца і звязаны з размнажэннем. Поліцыклічныя жывёлы размнажаюцца на працягу ўсяго года (П.ц. паўтараецца шматразова і бесперапынна). Монацыклічныя жывёлы (насяляюць пераважна ўмераныя і сярэднія шыроты) маюць адзін П.ц. у адзіны рэпрадуктыўны перыяд года. Найб. просты П.ц. (у большасці беспазваночных, рыб, земнаводных і паўзуноў) мае фалікулярную стадыю, на працягу якой адбываецца рост яец, іх выспяванне і вывядзенне ў навакольнае асяроддзе (нераставанне ў рыб і земнаводных, адкладанне яец у паўзуноў). У птушак П.ц. мае 3 стадыі: фалікулярную, стадыю наседжвання знесеных яец і стадыю выкормлівання птушанят. Поўны П.ц. уласцівы плацэнтарным млекакормячым і мае 4 стадыі, у большасці млекакормячых наз. эстральным (цечка), у прыматаў і чалавека — менструальным цыклам. У ганадах самцоў жывёл, што размнажаюцца сезонна, з наступленнем шлюбнага перыяду пачынаецца рост і выспяванне семявых клетак, які завяршаецца адначасова з наступленнем цечкі ў самак. У поліцыклічных жывёл самцы маюць пастаянную патэнцыю, якая рэалізуецца ў залежнасці ад гатоўнасці самкі да спарвання. П.ц. рэгулюецца нерв. і эндакрыннай сістэмамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
навако́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які знаходзіцца або жыве ў наваколлі. Навакольныя калгасы. □ Навакольны недалёкі лес дыхаў роснай вільгаццю.Пестрак.З вялікай надзеяй і гонарам глядзяць цяпер усе навакольныя людзі на тры велічныя капры.Кулакоўскі.
2. Які адбываецца навокал каго‑, чаго‑н. Аляксей Аўдзейчык стаіць пад сцяною кароўніка і любуецца навакольнай прыгажосцю восені.Дуброўскі.Шасціць пад коламі лісце, не глушачы навакольных гукаў.Аляхновіч.
3.узнач.наз.навако́льнае, ‑ага, н. Тое, што знаходзіцца навокал каго‑, чаго‑н. Жанчына жыла толькі.. [дзіцем], глухая да навакольнага, поўная роўнай увагі і любасці..Карпаў.
4.узнач.наз.навако́льныя, ‑ых, мн. Людзі, якія знаходзяцца навокал каго‑, чаго‑н. Верка аглядалася, меркавала, якое робіць уражанне на навакольных.Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВА́ДКАСНЫ РАКЕ́ТНЫ РУХАВІ́К,
ракетны рухавік, які працуе на вадкім паліве; асн. тып рухавікоў касм. апаратаў. Схему рухавіка распрацаваў К.Э.Цыялкоўскі (1903). Адрозніваюць асноўныя (для разгону ракеты) і дапаможныя (рулявыя, тармазныя і інш.). У залежнасці ад акісляльніку бываюць кіслародныя, азотнакіслотныя, фторныя і інш. Гаручае — газа, вадарод, аміяк і інш.
Складаецца з камеры згарання, рэактыўнага сапла, сістэм сілкавання, рэгулявання падачы і ўзгарання паліва і дапаможных агрэгатаў. Сістэма сілкавання палівам — выцясняльная (газабалонная) ці турбапомпавая. Гаручае і акісляльнік змешваюцца і ўзгараюцца ў камеры, адкуль газавы струмень праз сапло з вял. скорасцю выкідваецца ў навакольнае асяроддзе і стварае цягу. Асн. ахалоджванне камеры ажыццяўляецца цёкам гаручага па каналах у сценцы. У сучасных вадкасных ракетных рухавіках выкарыстоўваецца двухкампанентнае ракетнае паліва (складаецца з акісляльніку і гаручага, якія захоўваюцца ў асобных баках) і аднакампанентнае (вадкасць, здольная да каталітычнага раскладання). Выкарыстоўваюцца таксама ў балістычных ракетах далёкага дзеяння, зенітных кіроўных ракетах і інш.