НАВАКО́ЛЬНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ,
асяроддзе пражывання і вытв. дзейнасці чалавека. Уключае прыроднае асяроддзе і штучнае (тэхнагеннае) асяроддзе (жылыя пабудовы, прамысл. прадпрыемствы, каналы, вадасховішчы і інш.). Узаемаадносіны чалавека і Н.а. грунтуюцца на іх непарыўнай сувязі, якая пастаянна адбываецца праз абмен рэчываў, энергіі і інфармацыі з прыродным асяроддзем, пераважна на аснове прац. дзейнасці чалавека. Змест і функцыянаванне Н.а. вызначаюцца прыроднымі і сац. фактарамі. Ва ўмовах навукова-тэхн. рэвалюцыі сфера чалавечай дзейнасці практычна ахапіла геаграфічную абалонку і касм. прастору (гл. Наасфера). Чалавечае грамадства істотна змяніла Н.а. ў працэсе яго гасп. асваення (гл. Антрапагеннае ўздзеянне на прыроду), асабліва значныя змены адбыліся ў вял. гарадах. У многіх выпадках умяшанне чалавека ў прыродныя працэсы мела негатыўныя вынікі (гл. Забруджванне навакольнага асяроддзя). Ужо недастаткова мер па ахове атмасферы, вод, глеб і інш. кампанентаў прыроднага асяроддзя (гл. Ахова прыроды) у межах асобных краін, таму ўзнікла неабходнасць аб’яднаць і актывізаваць намаганні ўсіх народаў Зямлі.
Э.В.Клёсава.
т. 11, с. 99
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯССЦЁКАВАЯ ТЭХНАЛО́ГІЯ,
тэхналагічны працэс, пры якім у навакольнае асяроддзе не паступаюць сцёкавыя воды. Ажыццяўляецца арганізацыяй водаабароту — лакальнай ачысткі забруджанай вады і яе вяртання ў тэхнал. працэс або выкарыстання ў іншых мэтах. Гл. таксама Абаротнае водазабеспячэнне.
т. 3, с. 419
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЯРО́ДДЗЕ ў біялогіі,
сукупнасць абіятычных (нежывых) і біятычных (жывых) умоў існавання жывёл, раслін і мікраарганізмаў. Адрозніваюць асяроддзі: знешняе — сукупнасць сіл і з’яў прыроды, якія не абавязкова кантактуюць з жывымі арганізмамі; навакольнае — маецца на ўвазе непасрэдны кантакт з арганізмамі; прыроднае — уключае абіятычныя, біятычныя і антрапагенныя фактары, што ўздзейнічаюць на арганізм.
т. 2, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЗАРЭ́НКАЎ (Аляксандр Міхайлавіч) (н. 26.7.1946, в. Шаравічы Смаленскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне аховы працы. Д-р тэхн. н. (1993), праф. (1995). Скончыў БПІ (1968), працуе ў БПА. Навук. даследаванні па ацэнцы ўмоў працы ў ліцейнай вытв-сці, іх уплыву на працуючых і навакольнае асяроддзе.
Тв.:
Проблемы безопасности жизнедеятельности. М., 1997 (у сааўт.).
т. 9, с. 99
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕТАРГІ́Я (грэч. lēthargia ад lētē забыццё + argia бяздзейнасць),
паталагічны стан чалавека, аслабленне ўсіх праяў жыцця (несапраўдная смерць), адсутнасць рэакцый на знешнія раздражняльнікі. Сустракаецца пры істэрыі, агульным знясіленні, пасля моцных хваляванняў. Прыступы раптоўныя, працягваюцца ад некалькіх гадзін да многіх дзён. Свядомасць пры Л. захоўваецца: хворыя ўспрымаюць і запамінаюць навакольнае, але не рэагуюць на яго.
т. 9, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ЛПАВЫ ВЫ́КІД,
адначасовы канцэнтраваны выкід значнай колькасці забруджвальных рэчываў у навакольнае асяроддзе; аварыйны выкід. Выкарыстоўваўся прадпрыемствамі з устарэлымі сістэмамі ачышчальных збудаванняў наўмысна, напр., на буйных вадатоках у час паводкі (з мэтай хуткага разбаўлення сцёкаў). Прычыняе ўрон прыродзе, рэзка парушае колькасныя і якасныя суадносіны асн. матэрыяльна-энергетычных кампанентаў асяроддзя (вод, глеб, энергіі, расліннага покрыва, жывёльнага свету і інш.).
т. 6, с. 516
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУМІФІКА́ЦЫЯ (ад мумія + лац. facio раблю),
высыханне трупа ці асобных адмерлых частак жывога арганізма. Натуральная М. адбываецца пры пераходзе вільгаці з мёртвай тканкі ці трупа ў навакольнае асяроддзе і адсутнасці ўмоў для гніласнага распаду тканак (напр., высокая т-ра). Пры штучнай М. труп насычаецца спец. рэчывамі, якія яго кансервуюць. Пасля М. труп ці яго ч. захоўвае форму, страта масы дасягае 75%.
т. 11, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯМБЛІЁЗ,
інвазійная хвароба чалавека і жывёл, якая выклікаецца жгуцікавымі прасцейшымі — лямбліямі. Характарызуецца пашкоджаннем верхніх аддзелаў тонкай кішкі з развіццём энтэрытаў, энтэракалітаў, астэнізацыяй. Крыніца інфекцыі — хворыя і лямбліяносьбіты, якія выдзяляюць цысты лямблій у навакольнае асяроддзе з калам. Заражэнне адбываецца фекальна-аральным шляхам пры незахаванні сан.-гігіен. правіл. Прыкметы: ныючыя болі ў эпігастральнай вобласці і вакол пупка, метэарызм, няўстойлівы стул і інш. Лячэнне тэрапеўтычнае.
А.А.Астапаў.
т. 9, с. 423
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГРАВА́ЛЬНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
цеплатэхнічныя прылады і прыстасаванні для нагрэву рэчываў (матэрыялаў), прадметаў, асяроддзя, ацяплення памяшканняў. Падзяляюцца на цеплагенерыруючыя і цеплаабменныя.
У цеплагенерыруючых Н.п. адбываецца згаранне вадкага, цвёрдага, газавага паліва (паяльныя лямпы, полымныя печы, газавыя прылады) або напал электраспіралі пры працяканні эл. току (электрычныя печы, паяльнікі, электраканвектары), у цеплаабменных — перадача цяпла, што падводзіцца рознымі цепланосьбітамі (гарачай вадой, парай), у навакольнае асяроддзе (ацяпляльныя прылады, бойлеры, каларыферы, паветрападагравальнікі, радыятары, ацяпляльныя панэлі).
т. 11, с. 117
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛДЗІПРАБУДМАТЭРЫЯ́ЛЫ», Дзяржаўнае прадпрыемства «Белдзіпрабудматэрыялы» Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1988 у Мінску як Бел. дзярж. ін-т па праектаванні прадпрыемстваў прам-сці буд. матэрыялаў («Белдзіпрабудматэрыялы») на базе Мінскага аддз. Усесаюзнага ін-та «Саюздзіпрабудматэрыялы». З ліп. 1995 сучасная назва. Галаўны ін-т па праектаванні, рэканструкцыі і тэхн. перааснашчэнні прадпрыемстваў будматэрыялаў. Асн. кірункі дзейнасці: распрацоўка дакументацыі для вытворчасці нестандартызаванага абсталявання, тэхн. мерапрыемстваў па змяншэнні страт паліва, электраэнергіі і зніжэнні выкідаў у навакольнае асяроддзе.
т. 3, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)