медзь, ‑і, ж.
1. Хімічны элемент, метал чырванаватага колеру, вязкі і коўкі. // перан. Пра колер, які нагадвае колер медзі; чырвона-жоўты. Асенніх лісцяў плаўленая медзь кладзецца, астываючы, пад ногі. А. Вольскі. А неба звінела дубамі І сыпала медзь жалудоў. Пысін.
2. зб. Вырабы з гэтага металу. Не трубіў на зары гарніст, Не грымела аркестраў медзь. Панчанка.
3. зб. Разм. Медныя грошы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шу́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Разм. Тое, што і жарт (у 1 знач.). — Ну, што з вамі, мае шуткі? Што вы ў голавы ўзялі? — Гаварыў Сымонка з імі. Дый самога страх шугаў. Колас. Досыць! Не шутка іграць на кларнеце, Медныя жменяй сыпаць акорды. Танк. Заўсёды над кожным яна [Гэля] адпальвала якую-небудзь шутку. Паджартавала яна і над Зосяю. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
miedź
mied|ź
ж.
1. медзь;
siarczan ~zi хім. медны купарвас;
2. вырабы з медзі;
3. уст. медныя грошы; медзякі
Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)
Медзь, міедь, мідь ’вязкі і коўкі метал чырванаватага колеру’, ’выраб з медзі’, ’медныя грошы’ (ТСБМ; драг., КЭС; Бес.). Укр. мідь, рус. медь, польск. miedź ’медзь’, н.-луж. měź ’тс’, ’бронза’, ’латунь’, в.-луж. mjedź ’руда’, а значэнне ’медзь’ — з чэш. мовы (Шустар-Шэўц, 12, 920); чэш. měď, славац. meď ’медзь’, славен. mẹ̑d ’медзь’, ’латунь’, серб.-харв. mjȅd, макед., балг. мед, ст.-слав. мѣдь ’медзь’. Прасл. mědь не мае генетычна блізкіх і.-е. адпаведнікаў. Яе збліжаюць са ст.-ісл. smiðr, ст.-в.-ням. smid ’каваль’, з ірл. mēin(n) ’метал руды’, ст.-грэч. σμίλα ’нож для вырэзвання’ (Міклашыч, 194; Аткупшчыкоў, Из истории, 157). Бернекер (2, 46) параўноўваў яе з ц.-слав. смѣдь ’цёмны, шэры’. Больш падрабязна літаратуру гл. Фасмер (2, 591), Покарны (697). Абаеў (Зб. Младэнаву, 321) выводзіць лексему mědь з назвы краіны Мідзія са ст.-іран. Māda‑ праз ст.-грэч. іян. Μηδία, з якой медзь іянійцы прывозілі ў свае калоніі на Чорным моры (Ольвія і інш.). Аналагічна лац. cuprum ’медзь’ < ст.-грэч. Κύπρος ’Кіпр’. Сюды ж медзякі ’медныя грошы’ (Яруш., ТСБМ) (відаць, з разм. рус. медяки), ме́дны, медзя́ны, медзяні́сты ’які мае адносіны да медзі: зроблены з медзі, падобны колерам на медзь або да іншых каляровых металаў’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Сл. ПЗБ), ме́дзень ’медны кацёл’ (паўд.-усх., КЭС).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
БА́ДЭНСКАЯ КУЛЬТУ́РА (Baden),
археалагічная культура плямёнаў позняга энеаліту (3-е тыс. да нашай эры) на тэр. Аўстрыі, Чэхіі, Славакіі, Венгрыі, часткова Румыніі, Германіі, Зах. Украіны. Назва ад знаходак у пячоры каля г. Бадэн (Аўстрыя). Насельніцтва займалася паляваннем і жывёлагадоўляй, жыло на ўмацаваных паселішчах. Пахавальны абрад — адзіночныя і калектыўныя трупапалажэнні, радзей трупаспаленні на грунтавых могільніках. Характэрны каменныя паліраваныя сякеры, упрыгожанні з ракавін, трапляюцца медныя рэчы (сякеры-молаты, упрыгожанні з дроту). Кераміка цёмнага колеру, з высокімі ручкамі, вушкамі, часам упрыгожаная канелюрамі. У час Бадэнскай культуры ў Еўропе прыручаны конь, з’явіліся павозкі з суцэльнымі дыскападобнымі коламі.
т. 2, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЯЗНЕ́ННЕ,
1) нанясенне слоя жалеза на паверхню метал. вырабаў; разнавіднасць металізацыі. Робіцца электралітычным асаджэннем, газаполымным і плазменным напыленнем, выпарэннем і кандэнсацыяй жалеза ў вакууме. Выкарыстоўваецца для ўзнаўлення памераў зношаных дэталей, павышэння зносаўстойлівасці дэталей, якія труцца, ліквідацыі дэфектаў у адліўках; у паліграфіі — для вырабу клішэ спосабам гальванапластыкі, нанясення жал. пакрыццяў на медныя пласцінкі спосабам гальванастэгіі (для аховы іх ад акіслення друкарскай фарбай) і павышэння тыражаўстойлівасці стэрэатыпаў (гл. Стэрэатыпія).
2) Уціранне цэменту ў бетонныя паверхні зацірачнай машынай або стальной цёркай да паяўлення метал. бляску. Робіцца для павышэння трываласці на сціранне і шчыльнасці бетонных пакрыццяў.
т. 6, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІКО́ЎСКІ СКАРБ,
манетны скарб, знойдзены ў в. Лікоўка Гродзенскага р-на ў 1953. Ухаваны ў канцы 17 — сярэдзіне 18 ст. Адзін з буйнейшых скарбаў медных солідаў Яна II Казіміра Вазы. Захавалася 190 сярэбраных, 2 нізкапробнага серабра, 6636 медных (з іх 544 фальшывыя) манет. Гал. частку скарбу складаюць медныя соліды Рэчы Паспалітай: манеты ВКЛ 1660 (26 экз.), 1661 (299), 1663 (141), 1664 (314), 1665 (718), 1666 (1325), 166X (767), Каралеўства Польскага 1660 (137), 1661 (169), 1663 (382), 1664 (706), 1665 (432), 166X (651), з зацёртымі гербамі 166X (24). Захоўваецца ў Гродзенскім гіст.-археал. музеі.
т. 9, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАРН (ад швед. skarn гразь, адкіды),
высокатэмпературная кантактава-метасаматычная, поўнакрышт., масіўная, светлаафарбаваная горная парода, складзеная з вапнавых, магнезіяльна-жалезістых і марганцавых сілікатаў і алюмасілікатаў. Утвараецца шляхам хім. ўзаемадзеяння кантактуючых алюмасілікатных і карбанатных парод з высокатэмпературнымі растворамі. Паводле механізму пераносу рэчыва адрозніваюць С. дыфузійны (біметасаматычны) і С. інфільтрацыйны; паводле саставу вылучаюць С.: вапнавы, магнезіяльны, марганцавы. Пры класіфікацыі С. ўлічваюць таксама глыбіні і час утварэння адносна кансалідаваных інтрузіўных сілікатных парод, характар працэсаў пры скарнаўтварэнні і інш. фактары. Са С. звязаны радовішчы многіх карысных выкапняў: жалезныя, вальфрамавыя, медныя, свінцова-цынкавыя, малібдэнавыя руды, каштоўныя камяні (гранаты, у т. л. грасуляр, шпінэлі і інш.).
т. 14, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДЗЬ (лац. Cuprum),
Cu, хімічны элемент I групы перыяд. сістэмы, ат. н. 29, ат. м. 63,546. Прыродная М. складаецца з 2 стабільных ізатопаў 63Cu (69,09%) і 65Cu. У зямной кары 4,7∙10−3% па масе. Трапляецца пераважна ў выглядзе злучэнняў з серай, а таксама самародная М. (гл. Медныя руды). Іоны М. ўдзельнічаюць у шматлікіх фізіял. працэсах; сярэдняя колькасць М. ў жывых арганізмах 2 10−4% па масе, у крыві чалавека 10−3 мг/л. Вядомая чалавецтву з глыбокай старажытнасці; лац. назва паходзіць ад назвы в-ва Кіпр, славянская — ад назвы краіны Мідыя, дзе ў старажытнасці здабывалі медную руду.
Мяккі, пластычны і коўкі метал ружова-чырвонага колеру, 1083,4 °C, шчыльн. 8920 кг/м³. Найб. важныя фіз. ўласцівасці М. — высокая цеплаправоднасць і малое эл. супраціўленне (саступае толькі серабру). Хімічна мала актыўная. У сухім паветры не акісляецца, у вільготным (у прысутнасці дыаксіду вугляроду) пакрываецца зеленаватай плёнкай асноўнага карбанату CuCO3 Cu(OH)2. Раствараецца ў азотнай і канцэнтраванай сернай к-тах. Пры награванні на паветры акісляецца з утварэннем медзі аксідаў. Узаемадзейнічае з галагенамі, серай, селенам (гл. Медзі злучэнні). Непасрэдна не ўзаемадзейнічае з вадародам, азотам, вугляродам, крэмніем. Утварае комплексныя злучэнні з аміякам. цыянідамі і інш. Асн. колькасць М. атрымліваюць з сульфідных руд піраметалургічным метадам. Выкарыстоўваюць пераважна для вырабу правадоў, кабеляў, токавядучых частак эл. установак, як кампанент сплаваў (гл. Медныя сплавы).
Літ.:
Онаев И.А., Жакибаев Б.К. Медь в истории цивилизации. Алма-Ата, 1983;
Подчайнова В.Н., Симонова Л.Н. Медь. М., 1990.
Б.В.Корзун.
т. 10, с. 249
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
кантані́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Салдацкі сын, які з дня нараджэння лічыўся за ваенным ведамствам і рыхтаваўся да ваеннай службы ў асобай ніжэйшай ваеннай школе (у Расіі першай палавіны 19 ст.). Буланцоў паводзіў з кантаністаў, з парыяў, вучаных на медныя грошы, з тых, ніжэй за каго на ўсіх абшарах Расійскай імперыі былі толькі вайсковыя пасяленцы ды яшчэ паншчынныя мужыкі ў вельмі дрэнных паноў. Караткевіч.
[Ад ням. Kantonist — навабранец.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)