ДАДАІ́ЗМ (франц. dadaïsme ад dada драўляны конік; у пераносным сэнсе — дзіцячы лепет),
мадэрнісцкая літ.-маст. плынь у Зах. Еўропе ў 1916—22. Узнікла ў Цюрыху ў асяроддзі нігілістычна настроенай інтэлігенцыі, якая ўспрыняла 1-ю сусв. вайну як праяўленне ў чалавеку адвечных звярыных інстынктаў, а розум, мараль эстэтыку — толькі як іх маскіроўку. Тэарэтыкі Д. абвяшчалі поўны разрыў з літ. традыцыяй і існуючымі сац. ўстоямі («дадаісцкія маніфесты» Т.Тцара, Г.Баля, Р.Гюльзенбека). Гал. патрабаванне паэтыкі Д. — «спантаннасць», «аўтаматызм», якія выключалі разумовую дзейнасць у стварэнні тэкстаў, што па-сутнасці вяло да страты іх камунікатыўнасці. Дадаісты практыкавалі змяшэнне стылістычна несумяшчальных фрагментаў розных тэкстаў (а таксама ўключэнне ўжо гатовага тэксту), бязладнае гука- і шумаперайманне («бруізм»), эксперыменты са стварэннем «мудрагелістай» мовы, насуперак агульнапрынятым нормам. Большасць літ. тэкстаў паслядоўнікаў Д. так і засталіся на ўзроўні эксперыментаў, аднак найб. вядомыя паэты выйшлі за рамкі нігілістычных дэкларацый і стварылі шэраг значных твораў, што прадвызначылі паэтыку сюррэалізму (зб. «Магнітныя палі» А.Брэтона і Ф.Супо, «Жывёлы і іх людзі, людзі і іх жывёлы» П.Элюара, «Феерверк» Л.Арагона і інш.). Праграмны ірацыяналізм і дэманстратыўны антыэстэтызм характэрны і для мастакоў-дадаістаў (французы М.Дзюшан, М.Эрнст, Ф.Пікабія, швейцарац Г.Арп, немец К.Швітэрс і інш.). Іх метады зводзіліся да бессэнсоўных каракуляў (падобных на дзіцячы малюнак), псеўдатэхн. чарцяжоў, камбінацый выпадковых прадметаў, наклеек на палатно і да т.п. У 1920-я г. ў Францыі Д. зліўся з сюррэалізмам, у Германіі — з экспрэсіянізмам. Некаторыя ням. дадаісты выкарыстоўвалі прыёмы вулічнага малюнка (сатыр. графіка Ж.Гроса) ці мантажу (паліт. плакаты Дж.Гартфілда). Дадаісцкія метады камбінавання «гатовых» прадметаў у сярэдзіне 20 ст. далі пачатак поп-арту.
Літ.:
Каптерева Т. Дадаизм и сюрреализм // Модернизм. 3 изд. М., 1980.
К.М.Міхееў (дадаізм у літаратуры).
Да арт.Дадаізм. Г.Арп. Дошка з яйкамі 1922.Да арт.Дадаізм. М.Эрнст. П’ета, або Рэвалюцыйная ноч. 1923.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ста́нцыя, ‑і, ж.
1. Месца прыпынку паяздоў і іншых транспартных сродкаў, якія курсіруюць па пэўнаму маршруту. Чыгуначная станцыя. □ Кажуць, станцыяй хутка паўстанак той стане — Значыць, стрэнецца шчасце маё і яе.Бачыла.На станцыях .. [Гарышны] выскокваў з вагона ўзяць бутэльку піва.Ракітны.// Будынак на прыпынках, спецыяльна абсталяваны для пасажыраў. Уперадзе, з-за ўзгорка, выпаўзалі чырвоныя камяніцы станцыі.Мележ.// Адлегласць паміж двума такімі прыпынкамі. Яшчэ дзве станцыі засталося ехаць.
2. Спецыяльная ўстанова, якая абслугоўвае ў якіх‑н. адносінах насельніцтва, арганізацыі раёна, тэрыторыі. Санітарна-эпідэміялагічная станцыя. Лодачная станцыя. Тэлефонная станцыя. □ Каб суняць плывуны і зрабіць іх падатлівымі людзям, непадалёку ад ствалоў была пабудавана магутная станцыя замарожвання глебы.Кулакоўскі.// Група навуковых супрацоўнікаў, якія вядуць даследчую работу па спецыяльнай праграме. Дрэйфуючая станцыя «Паўночны полюс». Селекцыйная станцыя.
3.Спец. Серыя гідралагічных, метэаралагічных і пад. назіранняў, атрыманых на моры, на пэўнай тэрыторыі зямной паверхні. Глыбакаводныя станцыі. Магнітныя станцыі.
•••
Гідраметрычная станцыя — пункт на рацэ для вымярэння вышыні ўзроўню вады, хуткасці цячэння, расходу вады і пад.
Касмічная станцыя — штучны спадарожнік Зямлі, на якім можа жыць і працаваць зменны экіпаж касманаўтаў.
Сартавальная станцыя — чыгуначная станцыя, асноўнае прызначэнне якой — фарміраваць і расфарміроўваць чыгуначныя саставы.
[Ад лац. stantia.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ПАРАШКО́ВАЯ МЕТАЛУРГІ́Я,
галіна металургіі, якая ахоплівае выраб парашкоў металаў і металападобных злучэнняў, спечаных матэрыялаў (паўфабрыкатаў, дэталяў) з іх ці з сумесяў метал. парашкоў з неметалічнымі без расплаўлення асн. кампанента. Дазваляе атрымліваць матэрыялы і вырабы, якія немагчыма або эканамічна немэтазгодна вырабляць звычайнымі спосабамі (напр., плаўкай). Метадамі П.м. атрымліваюць кампазіцыйныя матэрыялы, керметы, магнітадыэлектрыкі, магнітныя матэрыялы, тугаплаўкія металы, карбідныя цвёрдыя сплавы, порыстыя, фрыкцыйныя і інш.
Асн. тэхнал. аперацыі П.м.: атрыманне парашкоў аднаўленнем аксідаў, мех. размолам, распыленнем і інш. спосабамі; прыгатаванне з парашкоў зыходнай сумесі (шыхты) з зададзенымі хім. саставам і ўласцівасцямі; фармаванне загатовак вырабаў (халодным прасаваннем шыхты ў прэс-формах, гарачым прасаваннем і шлікерным ліццём, працісканнем парашку, змешанага з пластыфікатарамі, праз адтуліну адпаведнай формы і інш.); наданне загатоўкам патрэбных фіз.-мех. уласцівасцей спяканнем (пераважна ў эл. печах) у аднаўляльным ці нейтральным асяроддзі пры т-ры, ніжэйшай за т-ру плаўлення асн. кампанента. Выкарыстоўваюць таксама спяканне пад ціскам, з адначасовым дзеяннем цэнтрабежных сіл ці насычэннем загатоўкі расплаўленым металам, хіміка-тэрмічнай апрацоўкай. Прынцыпы П.м. распрацавалі рас. вучоныя і інжынеры П.Р.Сабалеўскі і В.В.Любарскі, якія ў 1826 выкарысталі працэсы прасавання і спякання для атрымання вырабаў з парашку плаціны; М.М.Бякетаў у 1865 распрацаваў тэарэт. асновы атрымання парашкоў некаторых металаў. У 1920—30-я г. метады П.м. пачалі ўкараняцца ў прамысл.вытв-сцьСССР, ЗША, Германіі, Вялікабрытаніі. Удасканаленню метадаў П.м. садзейнічалі працы ўкр. вучоных Р.В.Самсонава, М.І.Фядорчанкі, І.М.Францэвіча, аўстр. вучонага Р.Кіфера, англ. даследчыка В.Джонса, амер. металурга Ф.Райнса і інш.
На Беларусі П.м. развіваецца з 1960, калі пры БПІ была створана базавая лабараторыя парашковай металургіі (з 1972 НДІ, з 1980 Бел. навукова-вытв. аб’яднанне, з 1996 Бел.дзярж. навукова-вытв. канцэрн парашковай металургіі, у які ўваходзяць НДІ парашковай металургіі, НДІ зваркі, НДІ імпульсных працэсаў, Маладзечанскі з-д парашковай металургіі і інш.). Вывучаны многія тэарэт. пытанні П.м., даследаваны новыя метады і распрацаваны тэхнал. працэсы, створаны машыны для прасавання вырабаў, высокаэфектыўныя матэрыялы, (А.У.Роман, П.А.Віцязь, Я.А.Дарашкевіч, Г.М.Ждановіч, А.Ф.Ільюшчанка, В.М.Капцэвіч, В.М.Кавалеўскі, В.К.Шэлег і інш.).
Літ.:
Порошковая металлургия: Материалы, технология, свойства, обл. применения. Киев, 1985;
Кипарисов С.С., Либенсон Г.А. Порошковая металлургия. 3 изд. М., 1991;
Витязь П.А., Капцевич В.М., Шелег В.К. Пористые порошковые материалы и изделия из них. Мн., 1987;
Актуальные проблемы порошковой металлургии. М., 1990;