Апрэ́снік, опрі́снок ’праснак’ (КТС, Інстр. I, Лекс. Палесся, 115–116), оприснячок ’рытуальны хлябец, які выпякаецца ў час пахавання нябожчыка’ (Клім.). Рус.опре́сно́к ’праснак’, ’маца’, опресноки ’яўрэйская пасха’, укр.опрі́снок ’праснак’, опрісноки ’пасха’. Польск.oprzasnek ’праснак’, славац.opresek ’тс’, славен.oprẹ̑snik ’тс’. У чэш., польск. без о‑: přesník, przaśnik ’праснак’, ’маца’. Ст.-слав.опрѣснъкъ, ст.-рус.опрѣснъкъ, ‑окъ ’праснак, маца, каталіцкая прасвіра’ (Сразн.), ст.-бел., ст.-укр.опрѣснокъ ’безквасие’ (Бярында). Суфіксальна-прэфіксальнае ўтварэнне ад прэсн‑ы; беларускі суфікс ‑ік, магчыма, у выніку словатворчай перапрацоўкі ст.-рус. з суфіксам ‑ъкъ, як і ў славенскай, ці ў выніку кантамінацыі дзвюх форм: опрѣснъкъ і прѣсникъ (адкуль чэшскія, польскія формы).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
БРЭ́СЦКАЯ У́НІЯ 1596,
акт пра арганізацыйнае аб’яднанне правасл. царквы з каталіцкай на тэр. Рэчы Паспалітай, абвешчаны 9.10.1596 на царк. саборы ў Брэсце (праходзіў 6—10.10.1596). Зацверджана каралём Жыгімонтам III Вазай. Паводле Брэсцкай уніі правасл. царква прызнавала вяршэнства папы рымскага і каталіцкі догмат аб зыходжанні Св. Духа не толькі ад Бога-айца, але і ад Бога-сына (з часам прынята і іншая каталіцкая дагматыка) і ператваралася ў грэка-каталіцкую (уніяцкую) царкву. Аднак уніяцкая царква захоўвала ўласную арганізац. структуру і іерархію, многія правасл. абрады, царк.-слав. і бел. мовы (на Украіне — укр.) у богаслужэнні, рэліг. л-ры, казаннях. Прыняцце Брэсцкай уніі праводзілася на аснове Фларэнційскай уніі 1439, якую спрабаваў увесці ў ВКЛ у сярэдзіне 15 ст. мітрапаліт Грыгорый Балгарын. Гал. прычынай заключэння уніі было імкненне да кансалідацыі царк. і свецкіх феадалаў ВКЛ і Польшчы пасля Люблінскай уніі 1569. Правасл. іерархі ВКЛ не жадалі падпарадкоўвацца маск. патрыярху, які прыняў гэты тытул у 1589 і меў намер пашырыць сваю ўладу на ўсю тэр.б. Кіеўскай Русі. Адначасова яны разлічвалі атрымаць усе прывілеі каталіцкіх біскупаў, абаперціся на падтрымку каталіцкай царквы ў нарастаючым канфлікце з брацтвамі і ў барацьбе з рэфармацыйным рухам. Папства праз Брэсцкую унію імкнулася пашырыць свой уплыў на Усход. Гал. тэарэтыкам уніі быў польскі езуіт П.Скарга, які абгрунтаваў сваю задуму ў кнізе «Пра еднасць касцёла Божага» (1577). Непасрэднымі ініцыятарамі падпісання Брэсцкай уніі сталі епіскап уладзімірскі і берасцейскі І.Пацей і епіскап луцкі і астрожскі К.Цярлецкі, якія ў 1595—96 наведалі Рым і падрыхтавалі з папам Кліментам VIII тэкст уніі. Унію падтрымала большасць іерархаў, у т. л. мітрапаліт кіеўскі М.Рагоза, які захаваў свой тытул. Аднак частка духавенства і свецкіх феадалаў на чале з кн. К.Астрожскім не прыняла Брэсцкую унію і правяла ў Брэсце свой сабор адначасова з уніяцкім. Правасл. царква ў Рэчы Паспалітай захавалася як самастойная побач з грэка-каталіцкай. Частка насельніцтва (асабліва мяшчане) змагаліся супраць уніі, аднак у канцы 18 ст. уніятамі было ўжо 75% жыхароў Беларусі. Брэсцкая унія скасавана ў Рас. імперыі Полацкім царкоўным саборам 1839 (за выключэннем Люблінскай, Сувалкаўскай і Сядлецкай губ., дзе уніяцтва існавала да 1875), у 1946 — у зах. абласцях Украіны (б. Галіцыя, знаходзілася ў складзе Аўстра-Венгрыі). Пра гісторыю уніяцтва гл. ў арт.Беларуская грэка-каталіцкая царква, Украінская грэка-каталіцкая царква.
Літ.:
Коялович М.О. Литовская церковная уния. Т. 1—2. СПб., 1859—61;
Жукович П.М. Сеймовая борьба православного западнорусского дворянства с церковной унией. Вып. 1—6. СПб., 1901—12;
Мараш Я.Н. Роль Ватикана в подготовке и утверждении Брестской унии 1596 г. // Вопросы истории религии и атеизма: Сб. ст.М., 1963. Т. 11;
Никольский Н.М. История русской церкви. Мн., 1990;
Likowski E. Dzieje kościoła unickiego na Litwie I Rusi w XVIII і XIX wieku. Cz. 1. 2 wyd. Warszawa, 1906;
Panucevič V. Bierasciejskaja vunija. Chicago, 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Касцёл ’касцёл, каталіцкая царква’ (ТСБМ, БРС, Сл. паўн.-зах. і г. д.). Рус.костёл, укр.костьо́л. У ст.-бел. мове засведчана з XVII ст. у формах костелъ, косцелъ. Непасрэднай крыніцай запазычання бел. слова было польск.kościół ’тс’. У польск. мове гэта слова ўзята, відаць, са ст.-чэш.kostel, якое, у сваю чаргу, запазычана са ст.-в.-ням.kastel < лац.castellum. Недакладна ў Булыкі, Запазыч., 173, дзе польск. лексема выводзіцца непасрэдна са ст.-в.-ням. На тэрыторыі ўсх. славян даная назва адзначаецца ўжо ў 1438 г. (гл. Фасмер, 2, 347). Гл. яшчэ Кюнэ, Poln., 67. Трэба спецыяльна падкрэсліць, што значэнне ’царква’ развілося ў зах. групе слав. моў і гэта трэба мець на ўвазе гісторыкам слав. моў.
палітычны і ваенны дзеяч, бел. мысліцель. Венгр па паходжанні. Быў сапернікам Стафана Баторыя ў барацьбе за трансільванскае княжанне, пазней — яго сябар і саюзнік. Пасля абрання Стафана Баторыя каралём Рэчы Паспалітай Бекеш камандаваў венгерскай пяхотай у каралеўскім войску. Свае ваенныя здольнасці паказаў у час Лівонскай вайны 1558—83, асабліва ў бітвах пад Гданьскам (1578) і Полацкам (1579). У апошнія гады жыцця атрымаў шляхецтва ВКЛ, некаторы час быў гарадзенскім ваяводам. Вакол яго групаваліся прыхільнікі антытрынітарызму. Паводле сведчання сучаснікаў, Бекеш не вызнаваў ніякай рэлігіі. Калі ён памёр у Гродне, каталіцкая і праваслаўная цэрквы забаранілі хаваць яго на сваіх могілках; пахаваны ў Вільні на высокім беразе ракі Вільня. Паводле наказу Бекеша, на яго надмагіллі высечаны надпіс: «...Не веру ў Бога, не прагну яго неба, не баюся пекла, не турбуюся пра Божы суд, не трывожуся пра цела і тым больш пра душу, якая памерла разам са мною...».
Тв.:
У кн.: Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии. Мн., 1962. С. 92—99.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́С»
(«Biełarus»),
штотыднёвая грамадска-паліт., літ.-маст. і рэліг.-асветная каталіцкая газета нац.-дэмакр. кірунку. Выдавалася з 13(26).1.1913 да 30.7(12.8).1915 у Вільні на бел. мове, друкавалася лацінкай. Была разлічана пераважна на каталіцкую частку бел. сялян і інтэлігенцыі. Рэдактары-выдаўцы: А.І.Бычкоўскі, з № 5 за 1914 Б.А.Пачопка. Друкавала артыкулы на эканам., паліт. і с.-г. тэмы, казанні святароў на тэмы маралі і педагогікі, жыціі святых, малітвы. Асаблівасць бел. адраджэнскай ідэі ў газ. «Беларус» — адзінства нац. культуры, асветы і хрысціянскай веры. Арыентавалася на сац. гармонію і вясковы, сялянскі лад жыцця, не прымала класавай барацьбы і сацыяліст. ідэі. Выступала за паступовае вырашэнне асн.сац. праблем праз асвету на роднай мове, выкарыстанне прагрэс. метадаў гаспадарання. У 1-ю сусв. вайну займала памяркоўную «патрыятычную» і «абарончую» пазіцыі, заклікала дапамагаць салдацкім сем’ям. Друкавала літ. творы А.Гаруна (пад псеўд. А.Сумны), А.Паўловіча, А.Зязюлі, Г.Леўчыка, К.Сваяка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЕ МАЖЭ́ЙКАВА,
вёска ў Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл. на аўтадарозе Жалудок-Васілішкі. Цэнтр Мажэйкаўскага с/с і саўгаса. За 25 км на ПнУ ад г. Шчучын, 93 км ад Гродна, 4 км ад чыг. ст. Скрыбаўцы. 812 ж., 340 двароў (1996).
Вядома з пач. 16 ст. як дварэц (фальварак) у складзе велікакняжацкай Жалудоцкай вол. Трокскага ваяв. У 16 — пач. 20 ст. належала Палубенскім, Скуміным-Тышкевічам, Нарушэвічам, Хадкевічам, Грабоўскім і інш. З 1795 у Рас. імперыі. Да 1886 цэнтр воласці, каталіцкая капліца, бровар, піцейны дом. У 1885 мела 67 рэвізскіх душ. З 1921 у Польшчы, у Шчучынскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 у Жалудоцкім р-не Баранавіцкай вобл. З 1962 у Шчучынскім р-не, з 1966 цэнтр сельсавета. У 1970 — 1008 жыхароў.
Шчучынскі з-д сельгасінвентару. Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік сядзібна-паркавага мастацтва — сядзіба (канец 18 — пач. 19 ст.) з паркам (1787).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТЭХІ́ЗІС (ад грэч. katēchēsis павучанне, вуснае настаўленне),
1) рэлігійная кніга; выкладанне асноў хрысц. веравучэння ў форме пытанняў і адказаў. Першапачаткова слова «К.» азначала вуснае настаўленне асоб, якія пераходзілі ў хрысціянства, перад прыняццем імі хрышчэння. З 16 ст. К. — кніга, навуч. дапаможнік, мэта якога — агульнае рэліг. навучанне вернікаў. Пачатак такім выданням паклаў М.Лютэр, які ў 1529 надрукаваў «Малы катэхізіс». У 1566 у Ватыкане выдадзены «Рымскі катэхізіс», у якім выкладзена каталіцкая дактрына: сімвал веры, таінствы, дэкалог (10 запаведзей), гал. малітвы. У сярэдзіне 19 ст.правасл. мітрапаліт Філарэт (Драздоў) склаў «Прасторны катэхізіс», які доўгі час быў падручнікам па закону Божаму. На бел. мове ў 1562 выдадзены «Катэхізіс» С.Буднага, у 1783 — Л.Зізанія. Існуе некалькі варыянтаў К. Звычайна яны складаюцца з 3 частак: у 1-й даюцца звесткі пра Бога і царкву, у 2-й — этычныя настаўленні, у 3-й апісаны сродкі атрымання божай міласці.
2) У перан. сэнсе — твор, напісаны ў форме пытанняў і адказаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫШКЕ́ВІЧ (Францішак) (Франук; 1904 ці 1906, мяст. Сухаволя Беластоцкага ваяв., Польшча — 1944 ці 1945),
бел. пісьменнік. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1926), літ.ф-т Карлава ун-та ў Празе. Д-р філасофіі. З 1939 узначальваў бел. школы Віленскай школьнай акругі. У 1941—44 дырэктар Віленскай бел. гімназіі. У 1944 арыштаваны, у час следства ў Мінску скончыў жыццё самагубствам. Друкаваўся з 1924. Лепшыя вершы пазначаны тонкім лірызмам, філасафічнасцю, у некат. матывы песімізму (зб. «Веснавыя мелодыі», 1927). Пісаў апавяданні («Куцця ў чужыне», «У калядны вечар»), выступаў як крытык, прапагандыст бел. л-ры ў Чэхаславакіі («Беларускае літаратурнае творства ў расейскім перакладзе», 1927; «Кароткі агляд дзеі ўкраінскае літаратуры», «Літаратурныя запіскі», 1928; рэцэнзіі на кн. паэзіі і прозы В.Адважнага, Н.Арсенневай, М.Багдановіча, М.Зарэцкага, Х.Ільяшэвіча, Я.Коласа, Р.Мурашкі, К.Чорнага і інш.). Аўтар публіцыстычных арт. «Каталіцкая місія на Беларусі» (1925), «Наш вечны сон» (1926), «Аб паходжанні нашае мовы» (1928), «У лабірынце маладое беларускае думкі» (1931). Пераклаў на бел. мову паасобныя творы І.В.Гётэ, О.Жупанчыча, І.Франко і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПАТКЕ́ВІЧЫ,
гарадскі пасёлак ў Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл., на р. Пціч. За 35 км ад Петрыкава, 18 км ад чыг. ст. Пціч на лініі Калінкавічы—Лунінец, аўтадарогамі злучаны з г.п. Акцябрскі і з аўтадарогай Калінкавічы—Пінск. 3,6 тыс.ж. (1998).
З сярэдзіны 16 ст. сяло ў Мінскім ваяв.ВКЛ, належала Яланскім. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Мазырскага пав. У 1863 секвестраваны, з 1868 належалі ген. Цылаву. У 1886—368 ж., 58 двароў, правасл. і рымска-каталіцкая цэрквы, яўр. школа і малітоўны дом, млын, 3 крамы. У 1897—1768 ж. У 1924—31 і 1935—62 цэнтр Капаткевіцкага раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну ням. фашысты загубілі ў К. і раёне 2897 чал., 17.1.1942 адбыўся Капаткевіцкі бой 1942. У 1931—35 і з 1962 у Петрыкаўскім р-не. У 1972—2,6 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя і муз. школы, школа-інтэрнат, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, малітоўны дом евангелістаў, аддз. сувязі. Магілы ахвяр фашызму, помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЕЎСКАЯ МІТРАПО́ЛІЯ,
царкоўна-адм. адзінка правасл. царквы. Утворана ў канцы 10 ст. ў юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярхата пасля ўвядзення хрысціянства ў Кіеўскай Русі. Першапачаткова ахоплівала тэр. ўсёй Русі, цэнтр быў у Кіеве, яе кіраўнік называўся мітрапалітам кіеўскім і ўсяе Русі. Падзялялася на епархіі, колькасць і межы якіх мяняліся. З заняпадам Кіева пасля мангола-татарскага нашэсця цэнтр К.м. ў сярэдзіне 13 ст. перанесены ва Уладзімір-на-Клязьме, у пач. 14 ст. — у Маскву. У сувязі з ўваходжаннем тэр.б. Кіеўскай Русі ў розныя дзярж. ўтварэнні з 14 ст. К.м. стала распадацца на Галіцкую (існавала з перапынкамі ў 14 ст.), Літоўска-Навагрудскую і Маск. мітраполіі; у 1458 канчаткова падзелена на 2 самастойныя мітраполіі: К.м. ў ВКЛ і Галіцыі з цэнтрам у Навагрудку (часам у Вільні) і Маскоўскую (стала так афіцыйна называцца з 1459). У 1596 кіеўскі мітрапаліт Міхаіл Рагоза падтрымаў Брэсцкую унію 1596, у выніку была створана уніяцкая царква (гл.Беларуская грэка-каталіцкая царква, Украінская грэка-каталіцкая царква), уніяцкія мітрапаліты называліся таксама кіеўскімі, галіцкімі і ўсяе Русі. У 1620 правасл. К.м. адноўлена ў юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярхата з цэнтрам у Кіеве. У выніку вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 частка мітраполіі (Левабярэжная Украіна і Кіеў) адышла да Расіі, у 1685 уся К.м. (уключала на той час тэр. Украіны і Беларусі) пераведзена пад юрысдыкцыю Маск. патрыярхата. Яна страціла свой высокі статус гал.царк.-адм. адзінкі краіны; мітрапаліт стаў называцца кіеўскім, галіцкім і Малыя Расіі. У 1722 скасавана царскім урадам. Імператрыца Лізавета аднавіла яе, мітрапаліт стаў называцца кіеўскім і галіцкім. Пасля 1917 утворана Украінская аўтакефальная правасл. царква (УАПЦ) на чале з мітрапалітам кіеўскім і ўсяе Украіны, у 1925 — менш значная Украінская правасл. царква (УПЦ); паралельна з імі на Украіне дзейнічала Руская правасл. царква. Прымусовае скасаванне ў 1930-я г. УАПЦ спыніла існаванне самастойнай К.м. У 1989 на Украіне разгарнуўся рух за аўтакефалію, у 1990 усеўкраінскі сабор УАПЦ абвясціў стварэнне Кіеўскага патрыярхата. Адначасова на Украіне працягвае дзейнасць і К.м. ў юрысдыкцыі Маск. патрыярхата.
Літ.:
Голубинский Е. История русской церкви. Т. 1. 2 изд. М., 1901;
Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни Буэнос-Айрес, 1966 (рэпр. выд.Мн., 1990);
Огіенко І.І. Українська церква. Т. 1—2. Київ, 1993;
Крижанівський О., Плохій С. Історія церкви та релігійної думкі в Україні. Київ, 1994. Кн. 3. С. 95—106, 131—133.