ВІКТАРЭ́НКА (Аляксей Сцяпанавіч) (н. 29.3.1947, с. Ольгінка Паўночна-Казахстанскай вобл., Казахстан),

савецкі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1987), лётчык-касманаўт СССР (1987). Скончыў Арэнбургскае вышэйшае авіяц. вучылішча лётчыкаў (1969). З 1978 у атрадзе касманаўтаў. 22—30.7.1987 здзейсніў касм. палёт на караблі «Саюз ТМ-3» (як камандзір; разам з А.П.Аляксандравым і М.​Фарысам, Сірыя), арбітальным комплексе «Мір» (разам з Ю.​В.​Раманенкам, А.​І.​Лавейкіным, Аляксандравым, Фарысам) і прызямліўся на спускальным апараце карабля «Саюз ТМ-2» (разам з Аляксандравым і Фарысам). 6.9.1989—19.2.1990 здзейсніў касм. палёт на караблі «Саюз ТМ-8» (як камандзір; разам з А.​А.​Серабровым) і арбітальным комплексе «Мір». У космасе правёў 167 сут.

т. 4, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛЫШАЎ (Юрый Васілевіч) (27.8. 1941, г. Нікалаеўск Валгаградскай вобл., Расія —8.11.1999),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1980, 1984), лётчык-касманаўт СССР (1980). Скончыў Харкаўскае вышэйшае ваен. авіяц. вучылішча лётчыкаў (1963). З 1967 у атрадзе касманаўтаў. 5—9.6.1980 з У.В.Аксёнавым здзейсніў палёт на касм. караблі (КК) «Саюз Т-2» (Як камандзір) і арбітальнай станцыі «Салют-6» (асн. экіпаж Л.І.Папоў і В.В.Румін); 3—11.4.1984 з Г.М.Стракалавым і Р.Шарма — палёт на КК «Саюз Т-11» (як камандзір; пасадка на КК «Саюз Т-10») і арбітальнай станцыі «Салют-7» (асн. экіпаж Л.​Дз.Кізім, У.А.Салаўёў, А.​Ю.​Ацькоў). У космасе правёў 11,8 сут.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 10, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПО́ВІЧ (Павел Раманавіч) (н. 5.10.1930, г. Узін Кіеўскай вобл., Украіна),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1962, 1974), лётчык-касманаўт СССР (1962). Ген.-маёр авіяцыі (1976, у адстаўцы). Канд. тэхн. н. (1977). Скончыў Качынскае ваен. авіяц. вучылішча (1954), Ваенна-паветр. інжынерную акадэмію імя М.​Я.​Жукоўскага (1968). З 1954 ваен. лётчык. У 1960—89 у атрадзе касманаўтаў. 12—15.8.1962 здзейсніў палёт вакол Зямлі на касмічным караблі (КК) «Усход-4»; 3—19.7.1974 з Ю.​П.​Арцюхіным — палёт (як камандзір) на КК «Саюз-14» і арбітальнай станцыі «Салют-3». У космасе правёў 18,7 сут. Залаты медаль імя К.​Э.​Цыялкоўскага АН СССР.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 12, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАЎЁЎ (Уладзімір Аляксеевіч) (н. 11.11.1946, Масква),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1984, 1986). Лётчык-касманаўт СССР (1984). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча імя М.​Э.​Баўмана (1970). З 1978 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.​А.​Гагарына. 8.2—2.10.1984 з Л.​Дз.​Кізімам і А.​Ю.​Ацьковым здзейсніў (як бортінжынер) палёт на касм. караблі (КК) «Саюз Т-10» і арбітальнай станцыі (АС) «Салют-7» (пасадка на КК «Саюз Т-11»); 13.3—16.7.1986 з Кізімам — на КК «Саюз Т-15» і АС «Салют-7» і «Мір». У космасе правёў 361,95 сут, у т. л. ў адкрытым космасе 32 гадз. Кіраўнік палётаў АС «Мір», Міжнар. касм. станцыі (ад Расіі).

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 14, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕВАСЦЬЯ́НАЎ (Віталь Іванавіч) (н. 8.7.1935, г. Краснаўральск Свярдлоўскай вобл., Расія),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1970, 1975). Лётчык-касманаўт СССР (1970). Канд. тэхн. н. (1965). Скончыў Маскоўскі авіяц. ін-т (1959). З 1959 у ракетна-касм. карпарацыі «Энергія» імя С.​П.​Каралёва. З 1967 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.​А.​Гагарына. 1—19.6.1970 з А.Р.Нікалаевым здзейсніў (як бортінжынер) палёт на касм. караблі (КК) «Саюз-9»; 24.5—26.7.1975 з П.А.Клімуком — палёт на КК «Саюз-18» (як бортінжынер) і арбітальнай станцыі «Салют-4». Правёў у космасе 80,7 сут. У 1975—87 камандзір атрада касманаўтаў-выпрабавальнікаў. Залатыя медалі імя К.​Э.​Цыялкоўскага АН СССР і імя Ю.​А.​Гагарына. Дзярж. прэмія СССР 1978.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 14, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ХТЭНБЕРГ ((Lichtenberg) Байран) (н. 9.2.1936),

касманаўт ЗША. Скончыў Масачусецкі ун-т (1958). Здзейсніў 2 палёты ў складзе экіпажаў касм. караблёў (КК) «Спейс шатл»; 28.11. — 8.12.1983 на КК «Калумбія», 24.3—2.4.1992 на КК «Атлантыс». У космасе правёў 19,25 сут.

т. 9, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРБАТКО́ (Віктар Васілевіч) (н. 3.12.1934, с. Венцы-Зара Краснадарскага краю, Расія),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1969, 1977), лётчык-касманаўт СССР (1969), ген.-маёр авіяцыі (1983). Скончыў Батайскае ваен. авіяц. вучылішча лётчыкаў (1956), Ваенна-паветр. інж. акадэмію імя М.​Я.​Жукоўскага (1968). У 1960—78 у атрадзе касманаўтаў. 12—17.10.1969 з А.В.Філіпчанкам і У.М.Волкавым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-7», які выконваў групавы палёт з касм. караблямі «Саюз-6» і «Саюз-8»; 7—25.2.1977 з Ю.М.Глазковым — палёт на касм. караблі «Саюз-24» (як камандзір) і на арбітальнай станцыі «Салют-5»; 23—31.7.1980 (як камандзір) з Фам Туанам — на караблі «Саюз-37» і арбітальнай станцыі «Салют-6». Правёў у космасе 30,53 сут. Залаты медаль імя К.​Э.​Цыялкоўскага АН СССР.

т. 5, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́БАРАЎ (Аляксей Аляксандравіч) (н. 29.3.1931, с. Гвардзейцы Самарскай вобл., Расія),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1975, 1978), лётчык-касманаўт СССР (1975). Герой ЧССР (1978). Ген.-маёр авіяцыі (1983). Д-р тэхн. навук. Скончыў ваенна-марское авіяц. вучылішча (1952), Ваенна-паветр. акадэмію імя Гагарына (1961). У 1963—81 у атрадзе касманаўтаў. 11.1—9.2.1975 з Г.М.Грэчкам здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-17» (як камандзір) і на арбітальнай станцыі «Салют-4»; 2—10.3.1978 з У.Рэмекам — палёт на касм. караблі «Саюз-28» (як камандзір; першы ў свеце міжнар. экіпаж па праграме «Інтэркосмас») і на арбітальнай станцыі «Салют-6» (асн. экіпаж: Ю.В.Раманенка, Грэчка) з прыстыкаваным да яе касм. караблём «Саюз-27». Правёў у космасе 37,5 сут. Залаты медаль імя К.​Э.​Цыялкоўскага АН СССР.

т. 5, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЗІ́М (Леанід Дзянісавіч) (н. 5.8 1941, г. Красны Ліман Данецкай вобл., Украіна),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1980, 1984), лётчык касманаўт СССР (1980), палкоўнік. Скончыў Чарнігаўскае вышэйшае ваен. авіяц. вучылішча лётчыкаў (1963), Ваен.-паветр. акадэмію імя Ю.​Гагарына (1975). З 1965 у атрадзе касманаўтаў. 27.11—10.12.1980 з А.Р.Макаравым і Г.​М.​Стракалавым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз Т-3» і арбітальнай станцыі «Салют-6» (як камандзір); 8.2—2.10.1984 з У.А.Салаўёвым і А.​Ю.​Ацьковым — палёт на касм. караблі «Саюз Т-10» і арбітальнай станцыі «Салют-7» (як камандзір); 13.3—16.7.1986 з Салаўёвым — палёт на касм. караблі «Саюз Т-15» і арбітальных станцыях «Мір» і «Салют-7», у час якога двойчы выходзіў у адкрыты космас. Правёў у космасе 374,75 сут.

т. 8, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУБА́САЎ (Валерый Мікалаевіч) (н. 7.1.1935, г. Вязнікі Уладзімірскай вобл., Расія),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1969, 1975). Лётчык-касманаўт СССР (1969), Герой Венгрыі (1980). Канд. тэхн. н. (1968). Скончыў Маскоўскі авіяц. ін-т (1958). З 1966 у атрадзе касманаўтаў. 11—16.10.1969 з Г.​С.​Шоніным здзейсніў палёт (як бортінжынер) на касм. караблі (КК) «Саюз-6»; 15—21.7.1975 з А.А.Лявонавым — палёт (як бортінжынер) на КК «Саюз-19» (па праграме ЭПАС); 26.5—3.6.1980 з Б.Фаркашам (Венгрыя) — палёт (як камандзір) на КК «Саюз-36» і на арбітальнай станцыі «Салют-6» (асн. экіпаж В.В.Румін, Л.І.Папоў), вярнуўся на Зямлю на КК «Саюз-35». Агульная працягласць палётаў 18,75 сут. Залаты медаль імя К.​Э.​Цыялкоўскага АН СССР, залаты медаль імя Ю.​А.​Гагарына.

т. 8, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)