КЛЕМЕ́НЦІ (Clementi) Муцыо (23.1.1752, Рым — 10.3.1832),

англійскі піяніст-віртуоз, кампазітар, педагог; заснавальнік т.зв. лонданскай школы піянізму. З 1766 жыў у Вялікабрытаніі (з 1773 у Лондане). Канцэртаваў у Еўропе (у 1781 у Вене спаборнічаў з В.​А.​Моцартам). Заснавальнік і саўладальнік шэрагу муз.-выдавецкіх прадпрыемстваў і ф-к муз. інструментаў. Адзін з заснавальнікаў і дырыжор (1813—24) Філарманічнага т-ва ў Лондане. Зрабіў значны ўклад у развіццё фп. мастацтва (празваны «бацькам фп. музыкі»), садзейнічаў зацвярджэнню класічнага цыкла санаты. Сярод твораў: араторыя; каля 15 сімфоній (зберагліся 4); уверцюры; канцэрт для фп. з аркестрам; творы для фп. (найб. вядомы зб. эцюдаў «Шлях да Парнаса», 1817—26). Свой выканальніцкі і пед. вопыт абагульніў у працы «Методыка ігры на фартэпіяна» (1801). Сярод яго вучняў: Ф.​Калькбрэнер, І.Б.Крамер, І.Мошэлес, Дж. Філд.

Літ.:

Николаев А.А. Муцио Клементи. М., 1983.

т. 8, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ШТРАВІЧ (Meštrović) Іван (15.8.1883, Врполе — 16.1.1962),

харвацкі скульптар і архітэктар; заснавальнік сучаснай харвацкай скульпт. школы. Вучыўся ў Венскай АМ (1901—04). З 1903 удзельнічаў у выстаўках «Венскага сецэсіёну». Заснавальнік творчага аб’яднання «Медуліч» (1908). У 1922—42 выкладаў у АМ у Заграбе. З 1942 у эміграцыі, з 1947 у ЗША. Зазнаў уплыў А.​Радэна, Э.​А.​Бурдэля, стылю мадэрн. Творам уласцівы суровасць і аскетычнасць формы ў спалучэнні з глыбокай героіка-драматычнай напружанасцю, імкненне стварыць нац. стыль. Сярод твораў: «Фантан жыцця» ў Заграбе (1905), «Успамін» (1908), скульптура для непабудаванага храма на Косавым полі (1907—12), «Маці» (1908), «Каралевіч Марко» (1909), «Мадонна з немаўлём» (1917). Захапляўся праблемамі сінтэзу мастацтваў; аўтар арх. аб’ектаў — помніка невядомаму салдату на гары Авала каля Бялграда, Дома мастацтваў у Заграбе (абодва 1934—38). У г. Спліт галерэя М., у Заграбе — дом-музей.

Я.​Ф.​Шунейка.

І.Мештравіч Маці. 1908.

т. 10, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРПА́ДЫ, Арпадавічы,

княжацка-каралеўская дынастыя ў Венгрыі [889—1301]. Правілі ў перыяд фарміравання феад. адносін і пачатку феад. раздробленасці. Заснавальнік дынастыі Арпад (Arpad) [889—907]. Найб. вядомыя прадстаўнікі: Іштван [997—1038, з 1000 першы кароль Венг. каралеўства Іштван I Святы], каралі Ласла I Святы [1077—95], Бела IV [1235—70].

т. 1, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШО́Т I Багратуні

(?—890),

армянскі цар [885—890], заснавальнік дынастыі Багратыдаў. Узначаліў барацьбу за незалежнасць і аб’яднанне Арменіі. Разбіў араб. войска (880-я г.). У 886 араб. халіф і візант. імператар, якія сапернічалі паміж сабой, паслалі Ашоту I кожны па кароне, г. зн. прызналі незалежнасць Арменіі.

т. 2, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМА́М (араб. які знаходзіцца наперадзе),

1) духоўны кіраўнік, настаўнік у мусульман.

2) Правіцель мусульманскай дзяржавы, які спалучае ў адной асобе свецкую і духоўную ўлады.

3) Заснавальнік рэліг.-юрыд. толкаў (мазхабаў) у сунізме.

4) Вярхоўны кіраўнік шыітаў.

5) Духоўная асоба, якая кіруе богаслужэннем у мячэці.

т. 7, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́МБРЫДЖСКАЯ ШКО́ЛА ў палітэканоміі,

адзін з кірункаў эканам. тэорыі. Узнікла ў канцы 19 ст. ў Вялікабрытаніі. Заснавальнік А.​Маршал, асн. прадстаўнікі А.​С.​Пігу, Д.​Робертсан. Даследавала заканамернасці развіцця асобных прыватных рынкаў, праблемы цэнаўтварэння, эканам. раўнавагі, дабрабыту і інш. Паклала пачатак сучаснаму мікраэканам. аналізу.

т. 8, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАРО́ДНАЯ ВО́ЛЯ»,

недзярж. грамадска-паліт. газета. Выдаецца з ліп. 1995 у Мінску штодзённа на бел. і рус. мовах. Заснавальнік І.​Сярэдзіч. Асвятляе пытанні грамадска-паліт., эканам., культ. і духоўнага жыцця рэспублікі, інфармуе пра мясц. і сусв. падзеі. Друкуе матэрыялы па гісторыі Беларусі, праблемах нац. адраджэння.

т. 11, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ТАН, Хатан (Hutton) Джэймс (3.6.1726, г. Эдынбург, Вялікабрытанія — 26.3.1797), шатландскі натураліст-геолаг; заснавальнік плутанізму. Даказаў інтрузіўнае паходжанне гранітаў. У працы «Тэорыя Зямлі» (1788) адлюстраваў гісторыю Зямлі як бясконцае паўтарэнне цыклаў з перыяд. зменай разбурэння адных кантынентаў і ўзнікнення іншых; паказаў падабенства стараж. і сучасных геал. працэсаў.

т. 5, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕНЕМХЕ́Т I,

егіпецкі фараон [каля 1991—1962 да н.э.]. Заснавальнік XII дынастыі (Сярэдняе царства). Вёў барацьбу за аслабленне ўлады мясц. правіцеляў-манархаў, здзейсніў паход у Палесціну, у вайне з лівійцамі заваяваў вобласць Вават. Загінуў у час палацавага перавароту. Захавалася «Павучанне» Аменехета I яго сыну Сенусерту I.

т. 1, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРЭ́ЛЬ (Forel) Франсуа Альфонс (2.2.1841, г. Морж, Швейцарыя — 8.8.1912),

швейцарскі натураліст; заснавальнік азёразнаўства. Праф. Лазанскага ун-та (1869—95). Даследаваў сейсмічныя з’явы, ледавікі і азёры ў Альпах, у т. л. Жэнеўскае воз., яго флору і фауну, фіз. ўмовы. Стварыў дапаможнік па азёразнаўстве (1901). Увёў тэрмін «лімналогія».

т. 16, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)