помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рус. стылю. Пабудавана ў 1912—14 з цэглы ў г. Камянец Брэсцкай вобл. Мае 4-часткавую кампазіцыю: квадратны трохнефавы асн. аб’ём, пяцігранная апсіда, трох’ярусная званіца і трапезная. У аб’ёмна-пластычнай структуры храма выкарыстаны формы маскоўскай архітэктуры 17 ст.: званіца (васьмярык на чацверыку) завершана васьмігранным шатром, прарэзаным люкарнамі, з цыбулепадобнай галоўкай, какошнікі, броўкі, закамары асн. аб’ёму, пяцікупалле і інш.Асн. кубападобны аб’ём пастаўлены на высокі цокаль і завершаны светлавым цыліндрычным барабанам. У дэкоры фасадаў выкарыстаны какошнікі, сухарыкі, закамары і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЯНЕ́ВІЦКІ КАСЦЁЛ МА́ЦІ БО́ЖАЙ,
помнік архітэктуры позняга барока. Пабудаваны ў сярэдзіне 18 ст. ў в. Касцяневічы Вілейскага р-на Мінскай вобл. Прамавугольны ў плане аб’ём накрыты высокім двухсхільным дахам з вальмай над алтарнай часткай. Сцены апрацаваны плоскімі пілястрамі. Гал. фасад завершаны атыкавым франтонам складанай формы з паўцыркульным аконным праёмам. Франтон упрыгожаны валютамі, пілястрамі, шматслаёвым карнізам. Да ўсх. крыла далучана прыбудова з атыкавым барочным франтонам над уваходам. Падлога касцёла выкладзена каляровай мазаікай. Алтар аздоблены 6 паўкруглымі калонамі з іанічнымі капітэлямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШЭ́ВІЦКАЯ УСПЕ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства 17 ст. Пабудавана ў 1642 у в. Кашэвічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. Спачатку мела глыбінна-прасторавую кампазіцыю, складалася з квадратнага ў плане асн. аб’ёму і 5-граннай апсіды. У 2-й пал. 19 ст. да асн. аб’ёму з З прыбудавана 2-ярусная чацверыковая вежа-званіца з дахам складанай канфігурацыі. Асн. аб’ём завершаны 2-ярусным васьмерыком з цыбулепадобным купалам. Апсіда накрыта шатровым дахам з купалком на глухім барабане. Помнік адметны своеасаблівай сістэмай прапорцый, звязанай са стараж.-рус. архітэктурай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́МАВІЦКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры позняга класіцызму. Пабудавана ў сярэдзіне 19 ст. ў г. Клімавічы Магілёўскай вобл. Будынак цагляны, складаецца з крыжовага ў плане асн. аб’ёму і прыбудаваных да яго паўкруглай апсіды з усходу і квадратнага бабінца з захаду. Над сяродкрыжжам чацвярык з вял. светлавым васьмігранным барабанам з купалам. Бабінец завершаны 3-яруснай вежай-званіцай (2 чацверыкі і васьмярык з гранёным купалам). Купал і званіца ўвянчаны галоўкамі. У дэкоры выкарыстаны плоскія нішы, сухарыкі, раскрапоўкі ў выглядзе трохвугольных франтонаў, двухколерная тынкоўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ АРХІЕПІ́СКАПСКІ ПАЛА́Ц,
помнік архітэктуры класіцызму ў Магілёве. Пабудаваны ў 1780-я г. Быў рэзідэнцыяй каталіцкага архіепіскапа С.Богуш-Сестранцэвіча (да 1827). Мураваны 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак з 2 невял. бакавымі крыламі, накрыты вальмавым дахам. Гал. фасад вылучаны 3 плоскімі рызалітамі: цэнтральны завершаны прамавугольным атыкам, бакавыя — трохвугольнымі франтонамі. Паверхі вылучаны развітымі гарыз. цягамі, ніжні аздоблены рустам, верхні — пілястрамі. Аконныя праёмы прамавугольныя, з разнастайным абрамленнем. Дваровым фасадам будынак выходзіў у сад, дзе знаходзіліся карпусы духоўнай кансісторыі (не захаваліся).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХРО́ЎСКАЯ ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства ў в. Махро Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана ў 1792 як уніяцкая. Складаецца з прамавугольнага ў плане асн. зруба і 5-граннай апсіды, накрытых агульным дахам з трохвугольнымі навісямі ў месцы злучэння аб’ёмаў. Гал.паўн. фасад вырашаны ў выглядзе шырокай пласціны, пры ўваходзе тамбур. Фасад падзелены на ярусы 2 развітымі карнізамі і завершаны 3 вежачкамі (бакавыя квадратныя ў плане, цэнтр. 8-гранная). Карнізы аздоблены разьбой. Каля царквы 2-ярусная чацверыковая каркасная званіца, накрытая шатром.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЁРСКІ УСПЕ́НСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неаготыкі ў г. Міёры Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1907 з цэглы на беразе Мёрскага воз.Манум. 3-нефавы 2-вежавы храм з 5-граннай апсідай, да якой з паўд. боку далучана сакрысція. Фасады будынка з высокім цокалем рытмічна расчлянёны ступеньчатымі контрфорсамі і стральчатымі аконнымі праёмамі. Вось сіметрыі гал. фасада падкрэслена ўваходным парталам і акном-ружай. 3-ярусныя вежы завершаны высокімі шпілямі, раскрапаваны вузкімі нішамі. Вежа-ліхтар завяршае цэнтр. аркатурны шчыт. Нефы перакрыты стральчатымі скляпеннямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РАЗАЎСКІ МІХА́ЙЛАЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры класіцызму ў г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1825—28 з цэглы і бутавага каменю. Прамавугольны ў плане будынак накрыты 2-схільным дахам. Гал. фасад завершаны трохвугольным франтонам. Сцены складзены з абчасанага каменю. Пілястры на фасадах, прамавугольныя абрамленні аконных праёмаў, фрыз, карніз і франтон гал. фасада цагляныя, атынкаваныя. Разныя алтары, кафедра, паліхромная драўляная скульптура (18 ст.) — характэрныя ўзоры нар.манум.-дэкар. мастацтва. У падбрамнай званіцы — звон з сюжэтнай гравіроўкай, адліты ў 1749.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ПЛЕЎСКІ КАСЦЁЛ МАРЫ́І,
помнік архітэктуры неаготыкі ў в. Рэпля Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. Закладзены ў 1902 з цэглы, неатынкаваны. Храм 2-вежавы базілікальнага тыпу з прамавугольнай апсідай і 2 сакрысціямі. Цэнтр.ч.гал. фасада завершана ступеньчатым атыкам, падобны атык і над апсідай. Вежы 2-ярусныя (1-ы ярус — чацверыковы, 2-і — 8-гранны, завершаны шатром). У цэнтры фасада — гал. ўваход, вылучаны ступеньчатым франтонам, над уваходам — акно-ружа. Бакавыя фасады маюць стральчатыя аконныя праёмы, паміж імі размешчаны контрфорсы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЗДЗЕЖСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1784 у в. Бездзеж (Драгічынскі р-н Брэсцкай вобл.) на фундаменце царквы 1-й пал. 17 ст. Мае рысы стылю барока. Прамавугольны ў плане асн. і алтарны зрубы аб’яднаны 2-схільным дахам з вальмай над алтаром і трохвугольнымі навісямі ў месцы злучэння зрубаў. Гал. фасад завершаны трохвугольным зрубам, які спалучаецца з паўвальмай, і 2 чацверыковымі вежамі з фігурнымі купалкамі. Інтэр’ер зальны, з 4 слупамі ў сярэдзіне, над уваходам — хоры; захаваліся абразы 17—18 ст. Перад царквой — брама-званіца, накрытая 2-схільным дахам.