Жо́ўты. Рус. желтый, укр. жо́втий, польск. żółty, серб.-луж. žółty, чэш. žlutý, славац. žltý, балг. жълт, макед. жолт, серб.-харв. жу̑т, славен. žôlt ’тс’. Ст.-слав. жлътѣница ’гатунак салаты’, ц.-слав. жлътъ ’жоўты’. Ст.-рус. жьлтый ’тс’. Параўн. яшчэ вытворныя жаўток, жаўцець, жаўціна прасл. характару і шэраг пазнейшых. Прасл. *žьltъ, роднаснае літ. gel̃tas ’жоўты’, лат. dzęltęns, ст.-прус. gelatynan ’тс’, узыходзіць да і.-е. кораня *gʼhel‑ або *ghel‑. Покарны (1, 429–30) лічыць зыходным першы, які мае шэраг і.-е. адпаведнікаў (у тым ліку ст.-іран. zari ’жоўты’, лац. helvus ’мёдава-жоўты’, брэтонск. gell ’светла-карычневы’, ням. gelb ’жоўты’ і інш.), але на слав. грунце дае зялёны, залаты (гл.). Тады, паводле Покарнага (услед за Персанам і Крэчмерам), балта-слав. *gel‑ тлумачыцца запазычаннем з моў kentum. Іншае тлумачэнне балта-слав. форм: праз наяўнасць і.-е. *g​hel‑ (> *gel‑, *gil‑), якое давала слав. *žьl‑ і ўзаемадзейнічала з *gʼhel‑ (Тапароў, E–H, 199). Так ці іначай у жоўты адлюстравана балта-слав. суфіксацыя *‑t‑, прычым у слав. корані (у адрозненне ад балт.) ‑ĭ‑. Гл. Фасмер, 2, 43–44; Траўтман, 83–84; Шанскі, 1, Ж, 282; Булахаў, Прым., 3, 76; Махэк₂, 730. Гл. яшчэ жоўць1, жоўкнуць, жаўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пе́ня1 ’гарачы, запальчывы чалавек’ (ТС), пеня́цца ’крыўдзіцца’ (чач., Мат. Гом.), пеня́ць ’скардзіцца’ (лудз., Сл. ПЗБ). Укр. пеня́ ’напасць, бяда; прыдзірлівы чалавек’, пеня́ти ’наракаць’; рус. пе́ня, пеня́ ’дакор, нараканне’, пеня́ться ’крыўдзіцца, наракаць’; ст.-рус. пеня ’вымова, дакор, папрок’, пеняти ’скардзіцца’; польск. pienia, pieniacz, pieniaka ’суцяга, зваднік’, pieniąc się ’зваднічаць’, чэш. pěnivý ’ўзбуджальны’, pěniti ’кіпець (пра кроў, жоўць)’, ’шалець, лютаваць’, в.-луж. pěnić so ’тс’, славен. pẹ́niti se ’злавацца на каго-небудзь’. Да прасл. *pěna, гл. пе́на. Утварылася пры дапамозе суф. *‑ja, які наслаіўся на асноўнае *‑n‑a > *nʼa, параўн. *tonʼa (< topnʼa) — tonǫti, соня < sopnʼasъpati. Семантыка лексемы стаіць бліжэй да зах.-слав. (уключаючы і славен.), а пеня́ць — да рус. моўнай тэрыторыі, хаце ў ст.-рус. мове пеня — ’спрэчка, судовая справа’, таму можна меркаваць, што гэтае значэнне — адно са старажытных, з якога пазней развілася сема ’пакаранне, штраф’. Фасмер (3, 233) мяркуе, што апошняе прыйшло з польск. мовы. Булыка (Лекс. запазыч., 84) таксама мяркуе, што ст.-бел. пеня ’пеня’ (1392 г.) паходзіць са ст.-польск. pena (якое з XVI ст.) < лац. poena ’пакаранне; штраф; пакуты’. Можна, аднак. дапусціць, што гэтае падабенства лац. і слав. лексем — вынік больш ранніх генетычных сувязей.

Пе́ня2, пе́на ’штраф’ (ТСБМ, Гарэц., Шат.), пе́нія ’пеня’ (Юрч. СНЛ). Да пе́ня1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)