Жоўць 2/332; 4/420, 421; 8/429; 10/72

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЖОЎЦЬ,

вадкі сакрэт жаўтавата-карычневага колеру, які бесперапынна выпрацоўваецца жалезістымі клеткамі (гепатацытамі) печані пазваночных жывёл і чалавека. Ж. эмульгуе тлушчы, павялічвае ўсмоктванне прадуктаў гідролізу тлушчаў, павышае актыўнасць панкрэатычных і кішачных ферментаў, рэгулюе маторную і сакраторную дзейнасць страўніка і тонкага кішэчніка, валодае бактэрыяльна-статыстычнымі ўласцівасцямі, удзельнічае ва ўсмоктванні са страўніка тлушчарастваральных вітамінаў, халестэрыну, амінакіслот і солей кальцыю, інактывуе пепсін страўнікавага соку. Адрозніваюць пячоначную Ж., якая выдзяляецца непасрэдна ў кішэчнік незалежна ад стрававання (злёгку вязкая залаціста-жоўтая), і пузырную Ж., што збіраецца ў жоўцевым пузыры (вязкая жоўта-бурая або зялёная) і трапляе ў кішэчнік, калі там ёсць ежа. Ж. мае ў сабе ваду, солі жоўцевых кіслот, жоўцевыя пігменты, халестэрын, неарган. солі і інш. біялагічна актыўныя рэчывы: гармоны — тыраксін, ферменты — фасфатазы, таксама вітаміны, фосфаліпіды і інш. Печань дарослага чалавека выдзяляе за суткі да 2 л Ж., буйн. раг. жывёлы — да 9,5 л. Прэпараты Ж. выкарыстоўваюцца ў медыцыне.

А.​С.​Леанцюк.

т. 6, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЛАНХО́ЛІЯ [грэч. melancholia ад melas (melanos) чорны + cholē жоўць],

псіхічны стан чалавека, які характарызуецца прыгнечаным настроем; адна з разнавіднасцей дэпрэсіі.

т. 10, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДСТРА́ЎНІКАВЫ СОК, панкрэатычны сок,

стрававальны сакрэт падстраўнікавай залозы, бясколерная вадкасць шчолачнай рэакцыі. Мае ферменты (трыпсін, хіматрыпсін, эластаза і інш.), якія ў працэсе стрававання расшчапляюць бялкі, тлушчы, вугляводы. У састаў П.с. ўваходзяць таксама мачавая кіслата, мачавіна, мікраэлементы. У чалавека П.с. за суткі выдзяляецца 1,5—2 л. Сакрэцыя кантралюецца нерв. і эндакрыннай сістэмамі. Фізіял. стымулятары выдзялення П.с. — саляная і некат. інш. к-ты, жоўць, ежа.

т. 11, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́ДРА,

у грэчаскай міфалогіі пачварная 9-галовая змяя, якая жыла ў Лернейскім балоце на п-ве Пелапанес, параджэнне пачвар Тыфона і Яхідны. Ядавітае дыханне гідры знішчала ўсё жывое. Лічылася непераможнай, бо на месцы адсечанай галавы ў яе вырасталі 2 новыя. Паводле міфа, Геракл з дапамогай пляменніка Іалая стаў прыпальваць абрубкі шыі і забіў гідру, а яе жоўць і кроў выкарыстоўваў як смяротны яд для стрэл.

т. 5, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЎЦЯГО́ННЫЯ СРО́ДКІ,

рэчывы, якія стымулююць утварэнне жоўці або павялічваюць выдзяленне яе ў дванаццаціперсную кішку.

Падзяляюць на 3 групы: прэпараты, у якіх ёсць жоўць і жоўцевыя к-ты (алахол, дыгідрахолевая к-та, халензім і інш.), сінт. рэчывы (оксафенамід, нікадзін і інш.), лек. настоі, экстракты, канцэнтраты, якія атрымліваюць з кветак бяссмертніку пясчанага, рыльцаў кукурузы, вял. падтынніку, амурскага барбарысу і інш. Ж.с. ўжываюць пры хваробах печані, жоўцевага пузыра і жоўцевывадных шляхоў (гепатыт, халецыстыт, жоўцекамянёвая хвароба, халангіт і інш.).

т. 6, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛЬГА́РНЫ МАТЭРЫЯЛІ́ЗМ,

філасофская плынь сярэдзіны 19 ст., якая спрашчала і агрубляла асн. прынцыпы матэрыялізму. Яе прадстаўнікі К.​Фогт, Л.​Бюхнер, Я.​Молешот адмаўлялі сац. прыроду свядомасці, лічылі, што яе змест абумоўлены гал. чынам хім. саставам прадуктаў харчавання, атаясамлівалі мысленне з матэрыяльнымі фізіял. працэсамі, што адбываюцца ў чалавечым мозгу (мозг выдзяляе думку накшталт таго, як печань жоўць). Вульгарны матэрыялізм — у многім рэакцыя на ідэаліст. (асабліва ням.) дыялектыку, якую яго прадстаўнікі характарызавалі як філас. шарлатанства і з свайго боку спадзяваліся вырашыць усе філас. праблемы праз канкрэтныя прыродазнаўчыя даследаванні. У тлумачэнні сац. з’яў вульгарны матэрыялізм прымыкае да сацыял-дарвінізму.

У.​К.​Лукашэвіч.

т. 4, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖО́ЎЦЕВЫ ПУЗЫ́Р,

полы орган стрававальнай сістэмы большасці пазваночных жывёл і чалавека, у якім адбываецца збіранне і канцэнтрацыя жоўці. Размешчаны на ніжняй паверхні правай долі печані. Адсутнічае ў міног, некат. рыб, птушак (галубы, зязюлі, калібры, папугаі, страусы, туканы), млекакормячых (кітападобныя, сланы, алені, вярблюды, няпарнакапытныя, многія мышападобныя грызуны).

Форма грушападобная, радзей канічная. Мае дно, цела і шыйку, якая пераходзіць у пузырную пратоку, што злучана з пячоначнай пратокай і ўтварае агульную жоўцевую пратоку. У чалавека ёмістасць Ж.п. 30—70 см, даўж. 10—14 см, шыр. 3,5—4 см. Сценка Ж.п. таўшч. 1,5—2 мм складаецца са слізістай і мышачнай абалонак, ніжняя паверхня ўкрыта брушынай. Пры перыяд. скарачэнні мускулатуры сценак Ж.п. жоўць паступае ў агульную жоўцевую пратоку і дванаццаціперсную кішку, дзе ўдзельнічае ў працэсах стрававання. Ж.п. рэгулюе і падтрымлівае на пастаянным узроўні ціск жоўці ў жоўцевых шляхах. Паталогіі Ж.п.: заганы развіцця, пашкоджанні, функцыян парушэнні, захворванні (запаленне — халецыстыт, жоўцекамянёвая хвароба), пухліны Лячэнне — кансерватыўнае і аператыўнае.

А.​С.​Леанцюк.

т. 6, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)