АБАГАЧЭ́ННЕ Я́ДЗЕРНАГА ПА́ЛІВА,

штучнае павелічэнне колькасці ізатопа урану ​235U, якому ўласціва дзяленне, у сумесі інш. яго ізатопаў. Бывае слабае (да 2%, дае ядзернае паліва для энергет. рэактараў) і высокае (да 92%, для даследчых і трансп. рэактараў гэтага тыпу). Робіцца фіз. метадамі раздзялення ізатопаў у многаступеньчатых апаратах з выкарыстаннем газавай ці тэрмічнай дыфузіі, цэнтрыфугавання і інш. метадаў, якія грунтуюцца на розніцы мас атамаў ізатопаў. Абагачэнне ядзернага паліва наз. таксама павышэнне (простым дабаўленнем) у ядз. паліве колькасці падзельнага ізатопа.

т. 1, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

румб

(англ. rhumb)

1) дзяленне на крузе компаса, якое адпавядае 1/32 частцы гарызонта;

2) вугал паміж дадзеным напрамкам і геаграфічным мерыдыянам.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АЎКСІ́НЫ,

прыродныя і сінтэтычныя рэчывы, рэгулятары росту раслін з групы фітагармонаў. Уздзейнічаюць на рост, дзяленне і дыферэнцыяцыю клетак. З прыродных (у асн. вытворныя індолу, фенілвоцатнай кіслаты) найб. пашыраны гетэрааўксін, які сінтэзуецца раслінамі з трыптафану бактэрыямі і грыбамі. Сінт. аналагі аўксінаў стымулююць утварэнне каранёў і чаранкоў, з іх дапамогай атрымліваюць плады без насення, прадухіляюць ападанне лісця.

У малых канцэнтрацыях дзейнічаюць як стымулятары (роставыя рэчывы), у вялікіх — як гербіцыды, дзеянне якіх заснавана на парушэнні абмену рэчываў з наступнай гібеллю раслін. Выкарыстоўваюцца ў раслінаводстве, навук. практыцы.

т. 2, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МБІЙ (ад позналац. cambium абмен, змена),

слой клетак утваральнай тканкі, з дапамогай якога здзяйсняецца другаснае патаўшчэнне сцёблаў і каранёў голанасенных і двухдольных раслін. Клеткі К. падоўжана-завостраныя на канцах, таблітчастыя (празенхімныя), з мяккімі цэлюлознымі абалонкамі. Размешчаны аднарадным цыліндрычным слоем (на папярочным зрэзе — у выглядзе кольца). Утварае ўнутр ад сябе драўніну (другасная ксілема), звонку — луб (другасная флаэма). Ва ўмераных шыротах на восень і зіму дзейнасць К. спыняецца. Сезонныя змены актыўнасці абумоўліваюць утварэнне гадавых кольцаў. Дзяленне некат. клетак К. на сцябле і корані дае корак.

т. 7, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУЛЬ (ад лац. nullus ніякі),

лік, які мае такую ўласцівасць, што любы іншы лік пры складанні з Н. не змяняецца. Абазначаецца сімвалам 0. Здабытак любога ліку на Н. роўны Н. Калі здабытак двух сапраўдных ці камплексных лікаў роўны Н., то абавязкова адзін з іх роўны Н. Дзяленне на Н. немагчыма. Н. функцыі — пункт, у якім функцыя роўная нулю; тое, што корань адпаведнага алг. ўраўнення. Графічна Н. функцыі адной пераменнай адпавядаюць пунктам перасячэння графіка зададзенай функцыі з воссю Ox ці інш. іх агульным пунктам.

т. 11, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

шызагані́я

(ад гр. schizo = раздзяляю, расшчапляю + -ганія)

адна з форм бясполага размнажэння ў прасцейшых і некаторых водарасцях, пры якім адбываецца шматразовае дзяленне ядра.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

аста́ча, ‑ы, ж.

1. Тое, што асталося пасля аддзялення часткі; рэшткі чаго‑н. Бавар[ац].. выліў у сваю чарку астачу з бутэлькі, не спяшаючыся выпіў і падаўся з альтанкі да запрэжанай фуры. Ракітны. За канаўкаю чалавек прывязаў каня да мізэрнай астачы плота. Чорны.

2. Спец. Велічыня, якая атрымліваецца пры адыманні ад дзеліва здабытку дзельніка на цэлую дзель. Дзяленне без астачы. Астача ад дзялення.

•••

Без астачы — цалкам, поўнасцю.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ААГЕНЕ́З (ад аа... + ...генез),

паслядоўны працэс развіцця жаночай гаметы ад першаснай палавой клеткі да спелага яйца. Ахоплівае стадыі: размнажэння (павелічэнне колькасці дыплоідных палавых клетак — аагоніяў), росту аацытаў (павольны ў першай фазе, якая ў чалавека і жывёл можа працягвацца гадамі, у другой фазе — хуткі, з інтэнсіўным павелічэннем аб’ёмаў клетак) і іх выспявання (меятычнае дзяленне з утварэннем гаплоідных яйцаклетак, здольных да апладнення). У губак, некаторых кішачнаполасцевых і чарвей аагенез адбываецца ў любой частцы цела, у астатніх жывёл і чалавека лакалізаваны ў яечніках, у раслін — у аагоніях, архегоніях або зародкавым мяшку.

т. 1, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУТЭ́НКА (Раіса Рыгораўна) (н. 13.9.1920, г. Белы Цвярской вобл., Расія),

савецкі біёлаг і біяхімік. Чл.-кар. АН СССР (1974), правадз. чл. УАСГНІЛ (1988). Скончыла Маскоўскую с.-г. акадэмію імя К.​А.​Ціміразева (1943). З 1947 у Ін-це фізіялогіі раслін АН СССР. Навук. працы па культуры ізаляваных клетак і тканак раслін, у т. л. эксперым. морфагенезе і дыферэнцыроўцы. Даследаванні па дзеянні іанізавальнага выпрамянення на дзяленне і рост клетак, з’яве фотаперыядызму. Дзярж. прэмія СССР 1984.

Тв.:

Культура изолированных тканей и физиология морфогенеза растений. М., 1964.

т. 3, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІТО́З (ад а... + мітоз),

прамое дзяленне ядра, адзін са спосабаў дзялення клеткі. Упершыню апісаў ням. біёлаг Р.​Рэмак (1841); тэрмін прапанаваў ням. гістолаг В.​Флемінг (1882). Адбываецца праз падзел ядзерца з наступнай перацяжкай усяго цела ядра без утварэння храмасом і ахрамацінавага верацяна. Пры амітозе, у адрозненне ад мітозу, не забяспечваецца раўнамернае размеркаванне генет. матэрыялу кожнай храмасомы паміж дзвюма даччынымі клеткамі. Часам пры дзяленні ядра ў ходзе амітозу ўтвараюцца мнагаядзерныя клеткі. Амітоз уласцівы некаторым прасцейшым, а таксама клеткам спец. тканак (напр., храстковай, злучальнай) і паталагічных разрастанняў, у прыватнасці пухлінных.

т. 1, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)