ВЫСЛО́ЎЕ,

агульная назва для розных відаў трапных выказванняў, якія маюць лагічна закончаную думку-суджэнне. Перадаюць яе лаканічна, яскрава і ўваходзяць у ідыяматыку мовы побач з лексікай і фразеалогіяй. Уключаюць афарызмы («Не шукай ты шчасця, долі На чужым далёкім полі». Я.​Купала), выказванні павучальна-маральнага характару — сентэнцыі («Ты са старымі размовы ахвотна вядзі і старанна. Хто разумнейшы за іх? Мудрасць іх словы нясуць». Я.​Л.​Намыслоўскі, зб. «Павучанні для ўсеагульнага карыстання ў жыцці», 1589), максімы, якія перадаюць лагічныя або этычныя прынцыпы, пэўныя нормы паводзін чалавека («Дарма пра песню пытацца ў глухога. Дарма пра сонца пытацца ў сляпога». М.​Танк), апафегмы — маральныя парады ў форме звароту да субяседніка («Гуслям, княжа, не пішуць законаў». Я.​Купала), прыказкі («Не чапай ліха, пакуль спіць ціха»), крылатыя словы, выражаныя сказам («Хто ж дужэй ад грамады?» Я.​Колас; «Усё мінае — Гонар не мінае, Бо народжаны адным сумленнем». У.​Караткевіч). Фалькларыст М.​Я.​Грынблат уключае ў паняцце «выслоўя» розныя кароткія жанры нар. вусна-паэт. творчасці: скорагаворкі («Цецеручыха цецеруковым цецеручанятам цеста месіць»), прыгаворкі і жарты ў час застолля («Госць, не дзьміся, еш што ў місе»), віншаванні, пажаданні ў тостах на вяселлях, радзінах («Каб у вас было ўвесь час на стале, у місцы і ў калысцы! Дай, Божа, разам двое: шчасця і здароўя! Каб ваш ложак добра скрыпаў і да года сынок выпаў!»), вітанні («Дзень добры ў хату!»), развітанні («Заставайцеся здаровенькія!»), нар. параўнанні («Зазвінела бы ў новым цэбры»); нават праклёны, зламоўныя пажаданні і пагрозы («Дай, Божа, каб твае дзеці тваімі рэбрамі яблыкі абівалі») і інш. Выслоўі шырока выкарыстоўваюцца ў маст. л-ры (творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, Ядвігіна Ш., А.​Паўловіча, К.​Крапівы, М.​Танка, У.​Караткевіча, Б.​Сачанкі, Я.​Брыля, В.​Адамчыка, Я.​Сіпакова і інш).

Літ.:

Выслоўі. Мн., 1979;

Янкоўскі Ф.М. Крылатыя словы і афарызмы. Мн, 1960;

Яго ж. Беларуская фразеалогія. Мн., 1968;

Яго ж. Беларускія народныя параўнанні: Кароткі слоўнік. Мн., 1973;

Яго ж. Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы. 3 выд. Мн., 1992;

Прыказкі і прымаўкі. Кн. 1—2. Мн., 1976;

Лепешаў І.Я. Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў. Ч. 1—2. Мн., 1981—93;

Яго ж. З народнай фразеалогіі: Дыферэнц. слоўнік. Мн., 1991;

Яго ж. Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы. Т. 1—2. Мн., 1993;

Шкраба І., Шкраба Р. Крынічнае слова: Бел. прыказкі і прымаўкі. Мн., 1987;

Лепешаў І.Я., Якаялцэвіч М.А. Слоўнік беларускіх прыказак. Мн., 1996.

І.​У.​Саламевіч.

т. 4, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ту́нна ‘дарэмна, дарма, марна’ (Нас., Гарэц. 1.), ‘бясплатна’, ‘без пакарання’: гэта табе тунна ня пройдзець; ту́нны ‘марны, дарэмны’, ‘бескарысны (пра працу)’ (Нас.), ст.-бел. туне ‘дарма, марна’ (ГСБМ). Укр. ту́нний, ту́ній ‘танны, даступны’, рус. ту́но ‘дарма, дарэмна, упустую’, ту́нный ‘дармавы’, ‘марны’, рус. і стараж.-рус. туне ‘дарэмна’, польск. усх. tuni, сілез. tůńi, каш. tóni, tóńi ‘танны’, н.-, в.-луж. tuni, славац. tuni, tuný, славен. tônj ‘тс’, zastóņj ‘дарэмна’, ст.-харв. ostunj, stunj, stunje ‘задарма, бясплатна, дарма’, балг. ту́на ў выразе: ту́ня беда ‘вялікая бяда’, ‘беспадстаўнае абвінавачанне’, макед. туне беда ‘тс’, ст.-слав. туне ‘дарэмна, бясплатна’. Прасл. *tuńь ‘дарэмны’ (Борысь, 626) ці *tunь‑jь ‘танны, даступны, дарэмны, бясплатны’ (ЕСУМ, 5, 676) узыходзіць да і.-е. *teu̯n‑. З іншым вакалізмам кораня на польскай моўнай тэрыторыі (другасная назалізацыя) прасл. *tanьjь, *tonьjь > та́нны (гл.). У якасці роднасных падаюцца: лат. taúņa ‘гультай’, taūņât ‘бадзяцца, хадзіць без справы, не брацца за работу’, ст.-в.-ням. dunni, ст.-н.-ням. thunni, ст.-ісл. þunnr ‘тонкі’. Развіццё індаеўрапейскай семантыкі ішло ад ‘тонкі, доўгі, выцягнуты’ > ‘невялікай вартасці’ > ‘танны’ (Шустар-Шэўц, 1558; (гл. таксама: Этимология–1967, 74; Зб. Бернштэйну, 474–480), чаму пярэчаць Фасмер, 4, 121; Сной у Бязлай, 4, 393. Адсутнічае пераканальная этымалогія (ESJSt, 17, 998).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

удава́ны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які выдаецца за сапраўднае; прытворны. [Мяшчанства] ганарыцца ўдаванымі заслугамі, дарма што на староннія вочы няма ў ім ніякай вагі і значнасці. Лужанін. — А-а, Васіль... — з удаванай абыякавасцю сказаў .. [Будрыс]. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзя́куй, часц.

1. каму і без дап. Ужыв. як выражэнне падзякі; дзякую.

Д. таварышам, што дапамаглі.

Д. за хлеб-соль.

2. у знач. наз. дзя́куй, нескл., м. і н. Падзяка, удзячнасць.

Вялікі (вялікае) д.

Партызанам — народны д.!

◊

Дзякуй (дзякаваць) богу (разм.) — добра, нядрэнна.

Дзякуй за ласку (разм., іран.) — ужыв. як выражэнне нязгоды з чыёй-н. непрымальнай прапановай.

За дзякуй (разм.) — дарма, бясплатна (рабіць што-н.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

За́ніц ’дарма’, ’многа’ (Шат.). Рус. (у Літве) за́ниц ’тс’ (< бел. ці польск.). З за ніц ’за нішто’; ніц < польск. nic ’нішто, нічога’. Націск на першым складзе можа ўказваць на польск. паходжанне слова ў цэлым.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

патра́ціць, ‑трачу, ‑траціш, ‑траціць; зак., што.

Зрасходаваць, затраціць. Купіць нічога не купілі — баяліся грошы патраціць. Якімовіч. Родны горад! Нашае багацце! Мы хвіліны дарма не патрацім, Мы сваёй не пашкадуем працы — Адбудуем светлыя палацы! Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нагрубія́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каму і без дап.

Разм. Нагаварыць чаго‑н. дзёрзкага; абысціся груба з кім‑н. [Забеліна:] — Што з таго, што ты запярэчыш або нагрубіяніш дырэктару, толькі дарма ў злосць яго ўгоніш. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

накасі́цца, ‑кашуся, ‑косішся, ‑косіцца; зак.

Разм. Напрацавацца, стаміцца на касьбе. Пакуль мы дабяромся да сенажаці, — гаварыў дзед.., — дык людзі накосяцца. Даніленка. Дарма стараста непакоіўся, што касцы будуць спаць. Тыя накасіліся ўжо да дзесятага поту. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падпа́льшчык, ‑а, м.

Той, хто наўмысна ўчыніў пажар. Пачалося расследаванне справы аб пажары. Але падпальшчыкаў знайсці не ўдалося. Матрунёнак. // перан. Той, хто падбухторвае да чаго‑н. Дарма падпальшчыкі вайны На службу смерці ставяць атам. Тарас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

daremnie

1. дарэмна; дарма; марна;

2. уст. бясплатна; дармова; задарма

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)