РЭ́ЧЫЦКІ ЗА́МАК Існаваў у 16—1-й пал. 17 ст. ў г.Рэчыца Гомельскай вобл. Пабудаваны з дрэва на высокім пагорку правага берага Дняпра на месцы стараж. гарадзішча пл. каля 1 га. Быў абнесены валам і абведзены ровам. Умацаванне авальнага ў плане замка складалася з драўляных абарончых сцен, зробленых па тыпу гародняў з 1 ярусам бою, 5 шматгранных і квадратных у плане вежаў, накрытых невысокімі шатровымі дахамі. Уезд у замак быў з ПдЗ праз пад’ёмны мост. Р.з. разбураны ў 1649 у час антыфеадальнай вайны 1648—51. Вядомы паводле плана і гравюры 1649.
Літ.:
Егоров Ю. Градостроительство Белоруссии. М., 1954. С. 77.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМСО́Н (стараж.-яўр.Шымшон, магчыма, ад шэмеш — хвоя),
у Бібліі (Стары запавет) старажытнаяўрэйскі герой-асілак, надзелены звышчалавечай сілай і адвагай; дванаццаты з «суддзяў ізраілевых». Здзейсніў шматлікія подзвігі ў барацьбе з філістымлянамі (знішчыў 1000 ворагаў, выкраў вароты г. Газа і інш), але закахаўся ў філістымлянку Далілу, якая выведала, што неадольная сіла С. — у яго валасах. У час сну філістымляне абстрыглі С., асляпілі і закавалі ў ланцугі. Калі валасы ў С. адраслі, ён разбурыў храм, пад абломкамі якога загінулі філістымляне і С. Біблейскія сюжэты, звязаныя з С., шырока ўвасоблены ў мастацтве: гравюра А.Дзюрэра, карціны Рэмбранта, А. ван Дэйка, А.Мантэньі, статуя М.І.Казлоўскага для фантана ў Пецяргофе, опера К.Сен-Санса і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАЧЫ́ЛЯС ((Skoczylas) Уладзіслаў) (4.4.1883, г. Вялічка Малапольскага ваяв., Польшча — 8.4.1934),
польскі гравёр, адзін са стваральнікаў польскай графічнай школы 20 ст. Вучыўся ў Маст.-прамысл. школе ў Вене (з 1901) і АМ у Кракаве (1904—06). З 1908 выкладаў у Школе апрацоўкі дрэва ў Закапанэ, з 1922 праф. Школы прыгожых мастацтваў у Варшаве. Ініцыятар стварэння творчых аб’яднанняў «Рытм» (1922) і «Гравюра» («Рыт», 1925). Адзін з заснавальнікаў Ін-та прапаганды мастацтва. У творчасці выкарыстоўваў традыцыі нар. гравюры і лубка. Ксілаграфіі С. на сял. тэмы ( «Паход разбойнікаў», «Танец разбойнікаў», абедзве 1919; «Дзяўчаты з карзінамі», 1928), гар. і вясковыя пейзажы (цыкл «Старая Варшава», 1930) вылучаюцца дэкар. вытанчанасцю кампазіцыі, выразнасцю лінейнага рытму, святлоценявымі кантрастамі, фактурнымі і каларыстычнымі эфектамі.
дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Сын Радзівіла Осцікавіча (гл. ў арт.Радзівілы). З 1481 намеснік смаленскі, з 1488 кашталян трокскі і намеснік навагрудскі, што дазволіла яму ўвайсці ў склад Рады ВКЛ. З 1492 ваявода віленскі і канцлер ВКЛ. У выкананне завяшчання вял.кн.Казіміра IV у 1492 забяспечыў пераход улады ў ВКЛ да вял.кн.Аляксандра. Выступаў за шлюб Аляксандра з Аленай Іванаўнай, дачкой вял.кн. маскоўскага Івана III. Быў адным з ініцыятараў падпісання ў 1499 новага акта уніі паміж ВКЛ і Польшчай. Кіраваў ВКЛ пры адсутнасці ў дзяржаве вял. князя. Згодна з завяшчаннем Аляксандра, садзейнічаў перадачы ў 1506 трона ВКЛ Жыгімонту I.
В.С.Пазднякоў.
М.Радзівіл Стары. Гравюра з альбома «Выявы роду князёў Радзівілаў». Нясвіж, 1758.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МЯДЗВЕ́ДЖЫЯ ПАЦЕ́ХІ»,
«мядзведжыя камедыі», паказы скамарохаў — дрэсіроўшчыкаў мядзведзяў. Пашыраны ў 16—19 ст. у Расіі, Польшчы. У Беларусі школы дрэсіроўкі мядзведзяў існавалі ў ваколіцах Гродна, Нясвіжа, Мінска, Ракава, на Палессі, найб. папулярная сярод іх была т.зв.«Смаргонская акадэмія». Бел. дрэсіроўшчыкі мядзведзяў упершыню ўпамінаюцца ў пач. 16 ст., калі «мядзведнікаў» абкладалі спец. падаткам. Існаваў асаблівы рэпертуар «М.п.», які складаўся з быт. сцэнак, анекдотаў, жартаў; выкарыстоўваўся спец. рэквізіт (палкі, бубен, шапкі). Паказы суправаджаліся жартамі і прымаўкамі павадыра, часта спалучаліся з выступленнямі скамарохаў-акрабатаў, лялечнікаў і музыкантаў. Разам з «мядзведжым цкаваннем» і «мядзведжай бойкай» уваходзілі ў мядзведжыя гульні. Павадыры з «вучонымі» мядзведзямі з Беларусі хадзілі па кірмашах Расіі, Венгрыі, Германіі, Італіі і Скандынавіі. Апошнія паказы «М.п.» зафіксаваны ў пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
лаві́с
(фр. lavis)
1) спосаб гравіравання, пры якім малюнак наносіцца на металічную пласцінку пэндзлем, змочаным у кіслаце;
2) гравюра на метале, выкананая такім спосабам, а таксама адбітак з такой гравюры.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ЕРАНІ́М ПРА́ЖСКІ (Jeroným Pražsky; каля 1378—30.5.1416),
чэшскі рэліг. рэфарматар, вучоны, прамоўца; паплечнік Я.Гуса. Скончыў Пражскі ун-т (1398). У 1399 быў у Оксфардзе, дзе стаў прыхільнікам ідэй англ. рэфарматара Дж.Уікліфа. У 1405—06 выкладаў ва ун-тах Парыжа, Гайдэльберга, Кёльна.
У 1406 зблізіўся з Гусам. Шмат падарожнічаў, выступаў з пропаведзямі, у якіх выкрываў злоўжыванні каталіцкага духавенства, ням. засілле ў Чэхіі. У 1413 запрошаны ў Кракаў, пазней пры двары вял.кн.літ. Вітаўта ў Вільні, разам з ім наведаў Віцебск і Пскоў з мэтай арганізаваць барацьбу супраць рым. курыі. Паводле пісьма кракаўскага епіскапа Е.П. быў у ВКЛ нядоўга, але выклікаў такое хваляванне ў духавенстве і народзе, якога не ведалі ў гэтых краях. Спадзеючыся выратаваць Гуса, у крас. 1415 прыехаў у Канстанцу на царк. сабор. Асуджаны саборам як ерэтык і спалены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЦЕ́ІНСКАЯ ШКО́ЛА ГРАВЮ́РЫ,
мастацкая школа ў бел. графіцы 17 ст.
Існавала ў 1630—54. Працягвала традыцыі Віленскай школы гравюры. Развіццё звязана з дзейнасцю друкароў Куцеінскай друкарні, гал. ролю ў яе фарміраванні адыграў С.Собаль. Кніжная гравюра (дрэварыт) стылістычна блізкая да бел.нар. лубка. Выданні мелі дэкар. тытульныя лісты, дзе часта змяшчаліся выявы людзей, былі багата ўпрыгожаны застаўкамі, канцоўкамі, ініцыяламі з выявамі птушак, звяроў, фігур чалавека, а таксама ілюстрацыямі і гербамі. Выкарыстоўваўся літы наборны арнамент. У тонка выкананых малюнках прыкметны ўплыў мясц. флоры і фауны. Характэрная асаблівасць школы — свецкі, жанравы характар адлюстраваных сцэн.Найб. яскрава яе рысы выявіліся ў кнігах, выдадзеных Собалем, «Брашна духоўнае», «Буквар», «Часаслоў», а таксама кнігах «Дзідаскалія...» С.Косава, «Гісторыя пра Варлаама Іасафа», «Брашна духоўнае», «Трэфалагіён», «Дыоптра», «Новы запавет», «Лексікон славенарускі» П.Бярынды і інш. Традыцыі К.ш.г. прадаўжала Магілёўская школа гравюры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭВАРЫ́Т, ксілаграфія,
гравюра па дрэве; адзін з найб.стараж. відаў пукатай гравюры, у якой адлюстраванне друкуецца з плоскай паверхні драўлянай дошкі, пакрытай фарбай. Бывае абразны (падоўжны) і тарцовы. У абразным Д. друкарская форма (клішэ) ствараецца на дошцы, распілаванай уздоўж валокнаў драўніны мяккіх парод. Лініі і плямы, што ўтвараюць малюнак, абразаюць нажом, свабодныя ад выявы месцы паглыбляюць долатам. Гэтаму віду Д. ўласцівы абагульненасць малюнка, кантрастныя суадносіны белага і чорнага колераў. Клішэ тарцовага Д. выконваюцца на брусках цвёрдых парод драўніны, распілаваных упоперак валакна. Тонкія штрыхі малюнка праразаюцца штыхелем. Спалучэнні штрыхоў даюць магчымасць ствараць тоны рознай насычанасці, што часта выкарыстоўваецца для рэпрадуцыравання жывапісных твораў і танальнага малюнка.
Д. вядомы з 6—7 ст. (Кітай), у Еўропе з’явіўся ў 14—15 ст. У 19 ст. шырока выкарыстоўваўся для друкавання ілюстрацый і рэпрадуцыравання жывапісу і малюнкаў. У 20 ст. пашыраны гал. чынам у станковай і кніжнай гравюры.
На Беларусі першыя Д. (абразныя) з’явіліся ў пач. 16 ст. ў выданнях Ф.Скарыны («Псалтыр», «Кніга Іова», «Кніга Ісуса Сірахава», усе 1517, кн. «Выхад», 1519). Кніжны Д. дамінаваў да пач. 17 ст. Склаліся рэгіянальныя школы бел. Д. (Віленская школа гравюры, Куцеінская школа гравюры, Магілёўская школа гравюры і інш.). У кніжнай графіцы працавалі П.Мсціславец, М. і В.Вашчанкі, Ф.Ангілейка і інш. У 18 ст. пашырыўся станковы Д., у т. л. народны лубок. Д. бел. старадрукаў адметны высокім узроўнем тэхнікі гравіравання і маст. якасцей. У 19 ст. Д. заняпаў. У 1-й пал. 20 ст. ў тэхніцы Д. працавалі М.Сеўрук, І.Гембіцкі, Я.Мінін, С.Юдовін, А.Тычына, А.Зайцаў і інш. У апошні час Д. саступіў месца інш. відам гравюры (афорт, літаграфія, лінарыт і інш.).
Т.М.Карэліна, В.Ф.Шматаў.
Да арт.Дрэварыт. Дачка фараона і Майсей. Гравюра з тытульнага ліста кнігі «Выхад» Ф.Скарыны. 1519.Да арт.Дрэварыт. М.Сеўрук. Вяртанне з працы. 1938.Да арт.Дрэварыт. А.Зайцаў. Партрэт Л.Стрыгалёва. 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РБЕРШТЭЙН, Герберштайн (Herberstein) Зігмунд фон (23.8.1486, вобл. Крайна, Славенія — 28.3.1556), дыпламат «Свяшчэннай Рымскай імперыі», падарожнік. Скончыў Венскі ун-т (1502). З 1506 на вайсковай, з 1514 на дыпламат. службе. Узначальваў пасольствы імператара Максіміляна I і эрцгерцага Фердынанда ў 1517 і 1526 у Маскву, накіроўваўся з даручэннямі ў Венгрыю, Польшчу, ВКЛ. Неаднаразова праязджаў праз Беларусь. У 1549 у Вене выдадзена яго праца «Запіскі аб маскоўскіх справах», дзе Герберштэйн выкарыстаў зах.-еўрап. і ўсх.-слав. пісьмовыя крыніцы, уласныя матэрыялы і назіранні. Кніга — каштоўная крыніца па гісторыі Расіі. У ёй прыведзены гіст.-этнагр., паліт. і культ. звесткі пра Беларусь і Літву: заняткі і побыт насельніцтва, рэліг. вераванні, гандл. сувязі, рэкі, крэпасці, пра ўзаемадачыненні ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы, мяцеж князёў Глінскіх, пра К.Астрожскага і інш. На падставе гэтай кнігі складзены шматлікія еўрап. карты Расіі і ВКЛ.