ГРАВЮ́РА (франц. gravure),

1) друкаваны адбітак на паперы (ці падобным матэрыяле) з пласціны (дошкі), на якую нанесены малюнак.

2) Від мастацтва графікі, што аб’ядноўвае разнастайныя спосабы ручной апрацоўкі «дошак» і друкавання з іх адбіткаў.

Спецыфічная асаблівасць гравюры — яе тыражнасць (магчымасць атрымаць значную колькасць раўнацэнных адбіткаў). Існуюць гравюра пукатая (часцей на дрэве — дрэварыт ці лінолеуме — лінагравюра) і паглыбленая (часцей на метале — афорт). Нярэдка да яе адносяць і літаграфію («плоская» гравюра). Асн. віды гравюры на метале (медзь, цынк): разцовая, сухая іголка, пункцірная манера, мецца-тынта, афорт, акватынта, мяккі лак, лавіс (маляванне кіслатой на дошцы). Шматколерныя гравюры друкуюцца з некалькіх дошак (на кожную кладуць пэўную фарбу) ці з адной пафарбаванай дошкі. Часта выкарыстоўваецца мяшаная тэхніка (дадаецца пластык, арган. шкло). Разам са станковымі гравюрамі (эстампамі) пашырана кніжная гравюра (ілюстрацыя). Гравюры належыць вял. роля ў мастацтве кнігі, карыкатуры і лубка.

Узнікненне гравюры звязана з рамёствамі, дзе былі працэсы гравіравання: разьба, набойка, ювелірная справа і інш. Гравюра на дрэве вядома ў Кітаі з 6—7 ст., у Зах. Еўропе — на мяжы 14—15 ст. Найб. значныя еўрап. Майстры 15—18 ст.: А.​Дзюрэр, Ж.​Кало, Рэмбрант, Дж.​Піранезі, Ф.​Гоя і інш. На 17—19 ст. прыпадае росквіт яп. ксілаграфіі (К.​Хакусай, Хіросіге). Сярод рус. гравёраў 18—20 ст. вылучаюцца А.​Зубаў, М.​Махаеў, С.​Галакціёнаў, А.​Ухтомскі, В.​Матэ, Г.​Астравумава-Лебедзева, А.​Краўчанка, У.​Фаворскі і інш.

На Беларусі гравюра ўзнікла ў пач. 16 ст. з развіццём кнігадрукавання (гравюра ў выданнях Ф.​Скарыны). У 16—18 ст. значнага ўзроўню дасягнула станковая («абразная») гравюра на дрэве: партрэт, пейзаж, гравюра-тэзіс, лубок. У тэхніцы дрэварыту працавалі П.​Мсціславец, Грынь Іванавіч, Ф.​Ангілейка, В.​Вашчанка, П.​Комар і інш. У 2-й пал. 16 ст. паявілася разцовая гравюра на метале (медзярыт) у творах Т.​Макоўскага. У канцы 17 ст. ўзнікла акватынта. У пач. 19 ст. асвоена тэхніка літаграфіі (творы Ю.​Азямблоўскага, Н.​Орды, Я.​Дамеля). У 20 ст. актыўна развіваюцца ўсе тэхнікі гравюры. У 1920-я г. найб. пашырана ксілаграфія (А.​Астаповіч, З.​Гарбавец, Я.​Мінін, А.​Тычына, С.​Юдовін). У даваен. час у тэхніцы гравюры на дрэве працавалі І.​Гембіцкі, М.​Сеўрук, у тэхніцы афорту — Б.​Малкін, Х.​Тыбер, лінагравюры — Я.​Горыд, літаграфіі — А.​Малярэвіч, Ф.​Фогт. Сярод сучасных майстроў гравюры: у тэхніцы афорту — Л.​Асецкі, І.​Вішнеўскі, А.​Кашкурэвіч, Г.​Паплаўскі, А.​Паслядовіч; літаграфіі — А.​Дзямарын, Г. і Н.​Паплаўскія, В.​Шаранговіч; лінагравюры — С.​Герус, А.​Лось, Шаранговіч; ксілаграфіі — А.​Зайцаў; розных тэхніках — У.​Савіч, М.​Купава, А.​Лапіцкая, М.​Селяшчук, В.​Славук, Л.​Марчанка, Ю.​Герасіменка, А.​Шэвераў і інш.

Літ.:

Турова В.В. Что такое гравюра. [3 изд.]. М., 1986;

Шматаў В.Ф. Сучасная беларуская графіка, 1945—1977. Мн., 1979;

Яго ж. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.

А.​М.​Пікулік, В.​Ф.​Шматаў.

т. 5, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Гравюра 2/6; 3/238, 576—577 (укл.), 579—580; 4/5, 6, 295; 5/70; 6/429, 506; 7/117; 11/474; 12/605, 610, 614

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Разцовая гравюра, гл. Гравюра

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Ксілаграфія, гл. Гравюра

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Лінагравюра, гл. Гравюра

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Дрэварыт 4/295, гл. Гравюра

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АНГІЛЕ́ЙКА Фёдар, бел. гравёр па дрэве канца 17 — пач. 18 ст. Прадстаўнік Магілёўскай школы гравюры. Аўтар гравюр у кн. «Ирмолой сиречь Осмогласник» Іаана Дамаскіна (1700), «Часослов сиречь Последованию службы» (1703), выдадзеных у друкарні М.Вашчанкі (Магілёў). Гравюрам Ангілейкі характэрна прастата тэхн. прыёмаў і нескладанасць кампазіцыі, што збліжае іх з творамі нар. мастацтва.

Ф.Ангілейка. «Успенне Багародзіцы». Гравюра на дрэве ў кнізе «Ирмолой сиречь Осмогласник» Іаана Дамаскіна. Магілёў. 1700.

т. 1, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАІ́СІЙ,

усходнеславянскі гравёр 17 ст. Аўтар падпісаных дрэварытаў «Вобраз Адзігітрыі» і «Іакаў Баравіцкі», змешчаных у кн. «Рай мыслены» (1659, выд. ў друкарні Іверскага манастыра на Валдаі, Расія). Магчыма, удзельнічаў у аздабленні «Часаслова» (1657 і 1658), «Брашна духоўнага» (1661) і інш. кніг, надрукаваных там жа. Мяркуюць, што да 1656 працаваў у Куцейне пад Оршай, дзе прымаў удзел у аздабленні выданняў Куцеінскай друкарні, а пасля 1676 — на Друкарскім двары ў Маскве.

Літ.:

Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.

В.​Ф.​Шматаў.

т. 11, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́СЕЛ (Яўген Сямёнавіч) (н. 14.2.1936, в. Міхайлаўка Светлагорскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1991). Скончыў Маскоўскі паліграф. ін-т (1964). Працуе ў галіне станковай і кніжнай графікі. Шэраг твораў зроблены ў традыцыях лубка. Сярод работ: серыі гравюр «Беларускія народныя прымаўкі» (1975), «Беларускія жартоўныя песні» (1980), графічныя лісты «Вяртанне рыбакоў» (1979), «Вяргіні цвітуць», «Бацькаўшчына», «Толькі сэрцам трывожным пачую» (усе 1981), зб. карыкатур «Лішняя вага» (1975), ілюстрацыі да апавяданняў М.​Гарэцкага (1987), серыя лінарытаў па вершах М.​Багдановіча (1992) і інш.

Я.Бусел. Гравюра з серыі «Беларускія народныя прымаўкі». 1975.

т. 3, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯЙБО́ВІЧ (Гершка) (1700—1770),

бел. гравёр. Працаваў у Нясвіжскай друкарні кн. Радзівілаў. Для альбома «Выява роду князёў Радзівілаў» (надрукаваны ў Нясвіжскай друкарні ў 1758, экзэмпляр захоўваецца ў Нац. гіст. архіве Рэспублікі Беларусь) выканаў партрэты Вайшунда (Войсцундуса) I Хрысціяна і Караля Станіслава (Пане Каханку; 1750-я г.), 3 экслібрысы для нясвіжскай б-кі, герб Радзівілаў (змешчаны ў «Артыкулах ваенных», Нясвіж, 1754), награвіраваў карту літ. правінцыі бернардзінцаў, інтэр’ер касцёла езуітаў у Нясвіжы і інш.

Літ.:

Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984. С. 170—175.

Г.Ляйбовіч. Партрэт Вайшунда (Войсцундуса) І.​Хрысціяна. 1750-я г.

т. 9, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)