ЯЗА́ТЫ,

у старажытнаіранскай рэлігіі і міфалогіі клас божастваў — памочнікаў вярх. бога Ахурамазды: бог сонца і справядлівасці Мітра, багіня вады і ўрадлівасці Ардвісура Анахіта, бог вайны і перамогі Верэтрагна і інш. божаствы, ніжэйшыя рангам за Ахурамазду і 6—7 божастваў з яго найбліжэйшага акружэння, што сімвалізуюць дух святасці, добрую думку, ісціну, уладу, набожнасць, цэласнасць, бессмяротнасць і вядомы пад агульнай назвай Амеша Спента. У больш шырокім значэнні як «бажаство», «нябесны жыхар», тэрмін «Я.» абазначаў не толькі ўласна Я., але і самога Ахурамазду разам з Амеша Спента.

т. 18, кн. 1, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ШНА (санскр., літар. цёмны, чорны),

у індуізме і індуісцкай міфалогіі бажаство, восьмае ўвасабленне (аватара) бога Вішну. У эпічных легендах К. — мудры і мужны воін, часам вераломны да ворагаў, пазней, у сярэднія вякі, — боскі пастух-асілак (увасабленне сіл прыроды і кахання). Культ К. адыгрывае значную ролю ў індуізме. Легенды пра каханне К. да пастушак і яго подзвігі (забойства дэманаў і цара-тырана Кансу, узніманне над галавой гары, каб выратаваць ад дажджу людзей і іх статкі і інш.) здаўна выкарыстоўваюцца інд. л-рай і мастацтвам. На выявах К. — мужчына з цёмным (часцей цёмна-сінім або цёмна-ліловым) колерам скуры, ад якога і паходзіць яго імя.

т. 8, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

багі́ня, ‑і, ж.

У антычнай міфалогіі і некаторых рэлігіях — бажаство жаночага полу. Зусім недалёка ад станцыі з такой літаратурна-гістарычнай назвай знаходзяцца руіны храма фінікійскай багіні Таніт. В. Вольскі. // перан. Пра жанчыну ідэальнай прыгажосці і грацыі. Я шмат багінь спакуслівых І ласкавых страчаў, Але табе, паэзія, Ніколі не здраджаў. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ара́кул, ‑а, м.

1. Месца, храм, дзе ў Старажытнай Грэцыі, Рыме і краінах старажытнага Усходу жрацы прарочылі ад імя бога. Дэльфійскі аракул. Дадонскі аракул.

2. Бажаство, якое прарочыць; жрэц, што дае адказы, прароцтвы быццам ад імя бога. // перан. Кніжн. Асоба, чые меркаванні прызнацца бясспрэчнай ісцінай, адкрыццём.

3. Уст. Варажбітная кніга.

[Лац. oraculum.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бажо́к, бажка, м.

1. Памянш. да бог.

2. Статуэтка, якая ўвасабляе бажаство.

3. Разм. іран. Пра чалавека, які выклікае захапленне ў каго‑н. Здаралася, ля дзядзькі аказваўся прыгожы і чысценькі піжончык — гэткі бажок вуліцы..; бажок касавурыўся на дзядзькаў мех і, крывячы рот, усё адсоўваў ад яго свае райскія туфлі і штонікі. Вышынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Багаві́ца ’багіня, бажаство’ (Касп.), ’багіня; нейкая хвароба’ (Др.-Падб.), ’багіня (?) або назва нейкай хваробы’ (Гарэц.: «Багавіца цябе ведае!»). Вытворнае ад прыметніка богавы ’божы’. Як назва хваробы, гэта табуістычнае (эўфемічнае) утварэнне: хваробы часта называюць «божымі» (параўн. рус. бо́жья хвароба’, гл. Фасмер, 1, 184; чэш. božec, ням. Gewalt Gottes ’эпілепсія’, параўн. БЕР, 1, 61).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ні́мфа

(гр. nymphe)

1) бажаство ў вобразе жанчыны, якое ўвасабляе розныя сілы прыроды ў старажытнагрэчаскай міфалогіі;

2) стадыя ў развіцці большасці членістаногіх жывёл з няпоўным іх ператварэннем.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПЯРУ́Н,

вобраз стараж. міфалогіі слав. народаў; вярхоўнае язычніцкае бажаство ўсх. славян., бог грому і маланкі. Падобны да стараж.-грэчаскага бога Зеўса і стараж.-рым. Юпітэра. У стараж. славян увасабляў навальнічную хмару, якая дае дождж і спрыяе ўрадлівасці. У «Аповесці мінулых гадоў» сярод багоў П. названы першым. У гонар П. будавалі свяцілішчы-капішчы (рэшткі некат. выяўлены на Беларусі). Ідалы П. былі пастаўлены ў Кіеве (побач з Дажбогам) і Ноўгарадзе. Пасля ўвядзення хрысціянства функцыі і рысы П. нададзены Ільі.

Паводле стараж. бел. павер’яў П. трымаў у руках велізарныя жорны, удараў каменем аб камень і выклікаў гром і маланку, асколкі жорнаў ляцелі на зямлю і паражалі, як стрэлы. Лічылі, што П. накіроўвае свае ўдары супраць дэмана Жыжаля, пазней — супраць чорта. Рэлігійнае значэнне вобраз П. страціў у канцы 19 — пач. 20 ст.

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 13, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПА́ЛА,

ва ўсходнеславянскай міфалогіі гал. персанаж свята летняга сонцастаяння, магчыма, бажаство (гл. Купалле). К. называлі ляльку або чучала (жанчыны ці мужчыны); у бел. рытуалах К. наз. таксама Марай, у рус. песнях — ведзьмай (у рытуалах «ведзьму», конскі чэрап або косці жывёлы спальваюць на вогнішчы). У час свята К. топяць у вадзе. Назва К., магчыма, паходзіць ад агульнаіндаеўрап. кораня «куп» або «коп», галоўны сэнс якога — «укупе», «разам», і паказвае на яднанне (сукупленне) людзей з прыродай і аднаго з адным. Верагодна таксама, што гэтая назва паходзіць ад дзеясловаў «купаць», «кіпець», (роднасна лац. cupido, Купідон — імкненне, палкасць), паказвае на суадносіны купальскіх рытуалаў з агнём (зямным і нябесным) і вадой, што выступаюць у купальскіх міфах як брат і сястра. Тры віды чароўных траў і кветак у купальскіх песнях суадносяцца з матывамі трох змей і трох дачок К.

т. 9, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

маха́тма

(санскр. mahātmā = літар. вялікая душа)

1) сусветны дух, бажаство-звышчалавек у індуісцкай міфалогіі і тэасофіі;

2) дадатак з адценнем асаблівай павагі, які далучаецца да прозвішча славутых асоб і выдатных грамадскіх дзеячаў у Індыі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)