астр. самы блізкі і самы далёкі пункты арбіты аднаго свяціла адносна другога, цэнтральнага, напр. Зямлі адносна Сонца, Месяца адносна Зямлі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
АСТРАНАМІ́ЧНЫЯ ПАСТАЯ́ННЫЯ,
універсальныя параметры, якія характарызуюць арбіты, масы, памеры, форму, арыентацыю і рух касмічных целаў. Вызначаюцца са шматлікіх астр. назіранняў, некаторыя — тэарэтычна.
Сістэма астранамічных пастаянных уключае: 2 вызначальныя (гаўсава гравітацыйная пастаянная k = 0,017202009895, скорасць святла ў вакууме c = 299792458 м/с), 9 асноўных (напр., гравітацыйная пастаянная Ньютана-Кавендыша G = 6,6720∙10−11м³/кг∙с, экватарыяльны радыус Зямлі ae = 6378140 м і інш.), шэраг вытворных пастаянных (напр., астранамічная адзінка A = 1,49597870∙1011м, пастаянная аберацыі x = 20,49552 і інш.), а таксама масы і экватарыяльныя радыусы вял. планет і Сонца. Астранамічныя пастаянныя выкарыстоўваюцца пры рашэнні задач дынамікі Сонечнай сістэмы, дастасавальных задач геадэзіі, картаграфіі, касманаўтыкі, навігацыі, вылічэнні эфемерыд, апрацоўцы астр. назіранняў у адзінай сістэме каардынат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЕ́РА, Мілавіца,
другая па парадку ад Сонца планета Сонечнай сістэмы, астр. знак ♀. Сярэдняя адлегласць ад Сонца 108,2 млн.км. Арбіта Венеры блізкая да кругавой (яе эксцэнтрысітэт найменшы ў Сонечнай сістэме і роўны e=0,0068), нахіл арбіты да плоскасці экліптыкі складае 3°24′. Сярэдні дыяметр 12 100 км, маса 4,87∙1024кг (0,82 зямной), сярэдняя шчыльнасць 5240 кг/м³, паскарэнне свабоднага падзення на экватары 8,76 м/сек2. Бляск ад -3,3 да -4,3 зорнай велічыні (вялікі бляск з-за параўнальнай блізкасці Венеры да Зямлі і высокай адбівальнай здольнасці яе паверхні). Найменшая адлегласць Венеры ад Зямлі 38 млн.км, найб. 261 млн.км.
Венера — самае яркае свяціла на небе пасля Сонца і Месяца; бывае відаць пасля захаду Сонца як вельмі яркая вячэрняя зорка і перад світаннем як ранішняя зорка. Падобна Меркурыю і Месяцу мае фазы, якія ўпершыню адзначыў Г.Галілей у 1610. Перыяд абарачэння Венеры вакол Сонца 224,7 зямных сут, вакол восі 243 сут (абарачэнне адваротнае). Працягласць сонечных сутак на Венеры адпавядае 120 зямным сут. Змены сезонаў няма (вось абарачэння амаль перпендыкулярная плоскасці арбіты). З дапамогай АМС «Венера-15» і «Венера-16» зроблена радыёлакацыйнае картаграфаванне планеты: паверхня Венеры — гарачая сухая камяністая пустыня; горныя раёны складаюць менш за 2%. Выяўлена шмат згладжаных кратэраў дыяметрам ад дзесяткаў да соцень кіламетраў, ёсць дзеючыя вулканы. Венера абкружана шчыльнай атмасферай (адкрыў М.В.Ламаносаў у 1761), якая складаецца з вуглякіслага газу (96%), азоту (~4%) і інш. Ціск каля паверхні ~94 атм., т-ра 470 °C. Унутраная будова Венеры падобная на зямную: ядро, мантыя, кара. Даследаванні Венеры праводзіліся пры дапамозе АМС «Венера», «Вега» і «Марынер».
Літ.:
Маров М.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986;
Планета Венера: Атмосфера, поверхность, внутреннее строение. М., 1989.
Н.А.Ушакова.
Каляровыя тэлефотапанарамы паверхні Венеры, атрыманыя ў час палёту станцый «Венера-13» і «Венера-14».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛУТО́Н,
дзевятая па адлегласці ад Сонца і апошняя з вядомых планет Сонечнай сістэмы. Астр. знак ♇. Адкрыты К.Томба (1930, ЗША). Існаванне П. тэарэтычна памылкова прадказаў амер. астраном П.Ловел (1915) з аналізу ўзбурэнняў, якія П. быццам аказвае на рух планеты Нептун. Вывучэнне арбіты П. паказала, што Ловел памыліўся ў разліках і адкрыццё П. было выпадковым.
Бляск П. 14,7 візуальнай зорнай велічыні (простым вокам не назіраецца). Абарачаецца вакол Сонца па вельмі выцягнутай арбіце з перыядам 247,7 зямнога года і сярэдняй скорасцю 4,7 км/с; перасякае арбіту планеты Нептун. Сярэдняя адлегласць ад Сонца 39,4 а.а. Мае вял. спадарожнік Харон, параўнальны па памерах з П., таму сістэму П. — Харон наз. падвойнай планетай. Яны знаходзяцца блізка адзін ад аднаго і першапачаткова пры назіранні зліваліся ў адно цела (памеры П. былі завышаныя). Пры дапамозе касм. тэлескопа імя Э.Хабла (1995, НАСА) атрыманы відарысы П. і Харона; вызначаны дыяметры П. — 2320 км і Харона — 1270 км, радыус арбіты Харона 19 130 км; перыяд абарачэння спадарожніка роўны перыяду вярчэння самога П. — 6,387 зямных сутак (сінхронная арбіта). Сярэдняя шчыльнасць П. 2,06∙103кг/м³, Харона 2,18 ∙103кг/м³. Абодва целы складаюцца ў асноўным з лёду; спектраскапічнымі метадамі на паверхні П. выяўлены замёрзлы метан; т-ра паверхні каля -228 °C Маса П. каля 1,79∙1022кг. У 1999 Міжнар.астр. саюз перавёў П. у разрад планет-астэроідаў з прысваеннем парадкавага нумара астэроіда і з захаваннем статуса планеты Сонечнай сістэмы.
Літ.:
Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ.М., 1984;
Гребеников Е.А., Рябов Ю.А. Поиски и открытия планет. 2 изд. М., 1984;
Маров М.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986.
А.А.Шымбалёў.
Планета Плутон і яе спадарожнік Харон (касмічны тэлескоп імя Э.Хабла, 1995, НАСА).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
перыцэ́нтр
(ад перы- + цэнтр)
пункт арбіты нябеснага цела, самы блізкі да цела, вакол якога адбываецца рух; у залежнасці ад назвы цэнтральнага цела перыцэнтр называюць перыястрам, перыгеем, перыгеліем і інш.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ЛІБРА́ЦЫЯ МЕ́СЯЦА (лац. libratio ваганне),
бачныя з Зямлі перыядычныя ваганні Месяца вакол свайго цэнтра мас. Адрозніваюць аптычную (геаметрычную) і фізічную Л.М.
Аптычная падзяляецца на лібрацыю па даўгаце (бачнае перамяшчэнне плям па паверхні Месяца ўздоўж паралеляў з-за нераўнамернага руху яго па арбіце), лібрацыю па шыраце (бачныя ваганні полюсаў Месяца з-за нахілу яго восі вярчэння да плоскасці арбіты), сутачную лібрацыю (бачнае перамяшчэнне пунктаў па паверхні Месяца з прычыны руху назіральніка пры сутачным вярчэнні Зямлі). Фізічная Л.М. — невялікія рэальныя адхіленні ад раўнамернага вярчэння Месяца, якія выклікаюцца парай гравітацыйных сіл, што ўзнікаюць з прычыны адхілення вял. восі эліпсоіда Месяца ад напрамку на Зямлю пры аптычнай Л.М. Дакладнае вымярэнне гэтых ваганняў дае магчымасць вызначыць моманты інерцыі Месяца. З прычыны Л.М. з Зямлі можна назіраць 59% месяцовай паверхні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
апаге́й
(гр. apogeion, ад аро = ад + ge = Зямля)
1) астр. пункт арбіты Месяца або штучнага спадарожніка, найбольш аддалены ад цэнтра Зямлі (проціл.перыгей);
2) перан. самая высокая ступень развіцця, росквіт чаго-н.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
«КО́СМАС»,
1) серыя савецкіх ШСЗ для навуковых, тэхнічных і інш. даследаванняў у каляземнай касм. прасторы. Запускаюцца з 16.3.1962.
Навук. праграма ўключае даследаванне касм. прамянёў, радыяцыйных паясоў Зямлі, іанасферы, сонечнай актыўнасці і выпрамянення Сонца, распаўсюджвання радыёхваль і інш. выпрамяненняў у атмасферы Зямлі; прадугледжвае таксама рашэнне тэхн. праблем, звязаных з касм. палётамі: стыкоўку на арбіце, уваход касм. апарата ў атмасферу, арыентацыю ў космасе, жыццезабеспячэнне і ахову ад радыеактыўных выпрамяненняў, адпрацоўку элементаў канструкцыі і бартавых сістэм касм. апаратаў. Пры сумесным палёце «К.-186» і «К.-188» 30.10.1967 упершыню здзейснена аўтам. збліжэнне і стыкоўка на арбіце; пасля расстыкоўкі прадоўжаны іх аўтаномны палёт і праведзена пасадка.
2) Савецкія 2-ступеньчатыя ракеты-носьбіты, пры дапамозе якіх выводзяцца на арбітыШСЗ «К.», «Інтэркосмас» і інш.
ШСЗ«Космас» для даследавання радыяцыйных паясоў Зямлі: 1 — сонечная батарэя; 2 — блок буферных батарэй; 3 — сістэма тэрмарэгулявання; 4 — блок абслуговай апаратуры; 5 — датчык месцазнаходжання спадарожніка; 6 — адсек навуковай апаратуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАС-СПЕКТРО́МЕТР,
прылада для раздзялення з дапамогай эл. і магн. палёў пучкоў іанізаваных атамаў, малекул ці інш. часціц з рознымі адносінамі масы m часціцы да яе эл. зараду e. Распрацаваны амер. фізікам А.Дэмпстэрам (1918) і ўдасканалены Ф.У.Астанам (1925).
Бывае статычны, дзе форма траекторыі часціцы ў пастаянных (у часе) палях залежыць ад m/e, і дынамічны, дзе велічыня m/e вызначаецца па перыядзе ваганняў часціцы ў пераменным эл. або магн. полі, па рэзанансных частотах ці інш. спосабам. Рэгістрацыя часціц ажыццяўляецца эл. метадамі, напр., лічыльнікам іонных токаў, а таксама з дапамогай прыстаўкі з фотапласцінкамі (мас-спектрограф; распрацаваны Ф.У.Астанам у 1919). Па атрыманым мас-спектры вызначаюцца маса і канцэнтрацыя кампанентаў у даследуемым рэчыве. Выкарыстоўваецца ў эксперым. фізіцы, касм. даследаваннях, хіміі, біялогіі, геалогіі, ядз. тэхніцы і інш.
Схема мас-спектрометра Дэмпстэра: 1, 4 — дыяфрагмы; 2 — цыліндр Фарадэя; 3 — вакуумная камера; 5 — крыніца іонаў; R — радыус цэнтральнай арбіты іонаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖПЛАНЕ́ТНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ,
матэрыяльнае асяроддзе, якое запаўняе прастору ўнутры планетных сістэм Сонца і інш. зорак. Склад і ўласцівасці М.а. вызначаюцца тыпам зоркі. М.а. складаецца з цвёрдых цел (памеры ад 103м і менш), дробных часцінак і пылу, што ўтвараюцца пры сутыкненнях малых планет і распадзе ядраў камет, а таксама іонаў і электронаў, якія выкідваюцца з сонечнай кароны (сонечны вецер), і касмічных прамянёў.
Газавая кампанента М.а. з-за ўздзеяння сонечнага ветру малая; усюды выяўлены ў невял. колькасці нейтральны вадарод (паблізу арбіты Зямлі яго канцэнтрацыя 0,01 атама у 1 см³). Большасць цвёрдых цел М.а. рухаецца вакол Сонца паблізу плоскасці экліптыкі (канцэнтрацыя іх павялічваецца ў напрамку да Сонца). Шчыльнасць часцінак пылу 2—8 г/см³. Часцінкі памерам меней за 1 мкм выносяцца з Сонечнай сістэмы пад уздзеяннем светлавога ціску сонечных прамянёў. Каля 16 тыс.т міжпланетных часцінак пылу асядаюць штогод на зямную паверхню.