МЯ́ДЗЕЛКА,

рака ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл. і Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., правы прыток р. Бірвета (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 50 км. Пл. вадазбору 775 км². Выцякае з воз. Мядзел каля в. Лапосі Мядзельскага р-на. Асн. прытокі — Лучайка (справа) і Вінгра (злева). Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 250—400 м. Пойма двухбаковая, чаргуецца на берагах, шыр. да 200 м. Рэчышча сярэдне звілістае. Шыр. ракі ў вярхоўі 10—15 м, на астатнім працягу 15—20 м. Замярзае ў канцы снеж., крыгалом у канцы сакавіка. На рацэ ў межах г. Паставы сажалка — Пастаўскае воз. (пл. 0,27 км²).

т. 11, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКІ КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НАК,

адзіны жаночы кляштар ордэна дамініканцаў на Беларусі. Існаваў у 17—19 ст. у Навагрудку. Засн. ў 1654 М.​Дамброўскім (паводле інш. звестак — у 1678 А.​Пратасевічавай, жонкай навагрудскага земскага натарыуса). У 1690 пабудаваны мураваны касцёл Дзевы Марыі. У канцы 18 — пач. 19 ст. кляштару. належала частка в. Каменка ў Навагрудскім пав. У 1864 скасаваны, 20 яго манашак накіраваны ў Гродзенскі кляштар брыгітак і Мінскі кляштар бенедыкцінак. Каля 1900 касцёл разабраны на цэглу. У жылым будынку кляштара ў 1920-я г. размяшчалася ваяводская ўправа, у час Вял. Айч. вайны разбураны.

М.​П.​Гайба.

т. 11, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВА́ХІ, наваха,

племя паўн.-амер. індзейцаў. Разам з племем апачы складаюць паўд. групу атапаскаў. У мінулым лясныя паляўнічыя. У 14 — канцы 15 ст. мігрыравалі на Пн сучаснага штата Нью-Мексіка, займаліся земляробствам, з 18 ст. — жывёлагадоўляй. Супраціўляліся еўрап. каланізацыі. Пасля задушэння іх узбр. выступленняў у 1846—67 каля 9 тыс. Н. прымусова пераселена ў рэзервацыю Баск-Рэдан. У 1868 на мяжы штатаў Арызона і Нью-Мексіка створана рэзервацыя (сучасная тэрыторыя 60 тыс. км​5). Жывуць у рэзервацыях штатаў Арызона, Нью-Мексіка, Юта (219,2 тыс. чал., 1998). Мова — наваха (гавораць на ёй 62%), выцясняецца англійскай. Большасць Н. хрысціяне розных кірункаў.

т. 11, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСТО́К (Nostoc),

род сіне-зялёных водарасцей сям. настокавых. Каля 40 відаў. Пашыраны амаль па ўсіх кліматычных зонах. Жывуць у прэсных вадаёмах, на глебе, у каранёвых патаўшчэннях некат. вышэйшых раслін (напр., канюшыны, сагаўніка), кампанент лішайнікаў (сям. калемавых). На Беларусі 7 відаў Н.; балотны (N. paludosum), Кільмана (N. kihlmani), кропкападобны (N. punctiforme), Лінка (N. linckia), мікраскапічны (N. microscopicum), слівападобны (N. prumiforme), слізісты (N. gelatinosumj.

Калоніі — шарападобныя (дыяметрам да 5 см), коркападобныя або ніткападобна-кусцістыя ў выглядзе дзярнінак. Размнажэнне абрыўкамі нітак і спорамі. Здольныя да азотфіксацыі Ва Усх. Азіі спажываюць у ежу.

Т.​М.​Міхеева.

Насток слівападобны.

т. 11, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАХІ́Л РАКІ́,

адносіны падзення ракі на якім-н. яе ўчастку да яго даўжыні. Выражаецца ў праміле, радзей у працэнтах. Звычайна Н.р. памяншаецца ад вытоку да вусця; гэта заканамернасць парушаецца пад уплывам рэльефу, характару горных парод і грунтоў, у якіх праходзіць рэчышча. Ад Н.р. залежыць скорасць цячэння ракі. Вызначэнне нахілаў праводзяць на характэрных участках па ўзроўнях вады ў перыяд устойлівай межані. Для ўсёй ракі агульны нахіл знаходзяць шляхам усярэднення нахілаў асобных яе ўчасткаў. У горных рэках ён перавышае 10—20‰, у раўнінных каля 1—2‰; на Беларусі ад 3‰ у асобных малых рэчках на Пн да 0,1‰ У р. Прыпяць.

т. 11, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́КАЛАЧ,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ула, за 15 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,55 км², даўж. каля 1,4 км, найб. шыр. 690 м, найб. глыб. 10,5 м, даўж. берагавой лініі 5 км. Пл. вадазбору 2,35 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу. Схілы выш. 5—8 м, спадзістыя, на ПнЗ і З стромкія, разараныя. Шэраг заліваў і паўастравоў. Берагі нізкія, у асобных месцах зліваюцца са схіламі, пад хмызняком. Мелкаводдзе вузкае (шыр. да 25 м), стромкае, пясчанае. Глыбакаводная ч. ўскладнена ўпадзінамі і падняццямі, ілістая. Зарастае. Злучана ручаём з воз. Валасна.

т. 11, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕМАРА́ЛЬНАЯ РАСЛІ́ННАСЦЬ (ад лац. nemoralis лясны),

сукупнасць раслінных згуртаванняў, звязаных паходжаннем з шыракалістымі лясамі. Пашырана ў Цэнтр. Еўропе, сярэдняй паласе Усх. Еўропы, на Каўказе, Д. Усходзе, ва ўсх. ч. Паўн. Амерыкі.

Фларыстычны склад Н.р. сфарміраваўся ў трацічным перыядзе (каля 60 млн. г. назад) з лісцевых (бук, дуб, каштан, клён, ліпа, ляшчына, ясень і інш.) і хваёвых (метасеквоя і таксодыум) парод дрэў і травяністых мнагалетніх раслін (немаросаў), пераважна эфемероідаў (ветраніца, медуніца, падалешнік і інш.). У шырокім сэнсе Н.р. ахоплівае ўсе згуртаванні, што ўласцівы падзоне шыракалістых і часткова хваёва-шыракалістых лясоў. Змяняецца пад уплывам дзейнасці чалавека.

т. 11, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́СІНА,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Лукомка, за 22 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,53 км², даўж. больш за 2 км, найб. шыр. 350 м, найб. глыб. 4,8 м, даўж. берагавой лініі каля 5 км. Пл. вадазбору 15,4 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 5—7 м, сугліністыя, разараныя, на ПдЗ і ПнЗ — 13—16 м, пад хмызняком. Берагі нізкія, пясчаныя, на ПнЗ зліваюцца са схіламі. 3 невял. астравы агульнай пл. 0,6 га. Мелкаводдзе пясчанае, з глыб. 2 м дно ілістае. Зарастае. Упадае ручай, сцёк з возера па меліярацыйнай канаве.

т. 11, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКО́ЛЬСКІ (Міхаіл Васілевіч) (1848—15.7.1917),

расійскі гісторык-усходазнавец (семітолаг, шумеролаг і урартазнавец), заснавальнік асірыялогіі ў Расіі. Бацька М.М.Нікольскага. Д-р усеаг. гісторыі (1908). Арганізатар (1887) Усх. камісіі пры Імператарскім маскоўскім археал. т-ве. У 1893 з А.​А.​Іваноўскім узначальваў археал. экспедыцыю ў Закаўказзе, дзе зрабіў копіі многіх урарцкіх надпісаў 8—7 ст. да н.э. Даў пачатак вывучэнню паходжання клінапіснага пісьма, упершыню выдаў клінапісныя надпісы, знойдзеныя ў Расіі. Выдадзеныя ім гасп. дакументы Шумера 3-га тыс. да н.э. (каля 900 гліняных таблічак) — каштоўная крыніца для вывучэння эканам. і сац. ладу стараж. Двухрэчча.

т. 11, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОВАЧАРКА́СКІ СКАРБ Выяўлены ў 1864 у пахавальным кургане Хахлач каля г. Новачаркаск (Расія). Датуецца 1—2 ст. н.э. Ювелірныя вырабы Н.с. належалі сармацкай царыцы. Сярод упрыгожанняў залатая дыядэма з выявамі аленяў, птушак і дрэў, аздобленая залатымі прывескамі, рознакаляровымі камянямі і жэмчугам, а таксама пагруднай выявай жанчыны з аметысту; залатыя каралі, бранзалеты, флаконы для духмяных рэчываў, кубкі, нашыўныя бляхі для адзення і інш. Усе знаходкі належаць да сармацкага мастацтва, у якім спалучаюцца скіфскі «звярыны стыль» і паліхромнае мастацтва. Вырабы розных ант. цэнтраў, у т. л. італійскіх, прадстаўлены залатой статуэткай Эрота, сярэбранымі і бронзавымі пасудзінамі і інш.

І.​М.​Язэпенка.

т. 11, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)