АЙДЫ́Н (сапр. Сабірава Манзура; 1906, Ташкент — 30.5.1953),

узбекская пісьменніца. Скончыла Самаркандскі ун-т (1931). Жыццё узб. жанчыны, праблемы кахання і сям’і — асноўнае ў яе творах: зб-ках вершаў «Песні світанку» (1931), «Умелыя рукі» (1932), зб. апавяданняў «Дзяўчаты» (1943), «Шырын прыйшла» (1944), «Мужнасць-вечнасць» (1947), навел і нарысаў пра мінулае узб. народа, п’есе «Шлях да новага» (1925).

т. 1, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБУ́-ЛЬ-ГАЗІ́ (Бахадур-хан) (12.8.1603, г. Ургенч, Узбекістан — сак. 1664),

узбекскі пісьменнік, гісторык. Хівінскі хан. У творах («Радаслоўная туркменаў» і «Радаслоўнае дрэва цюркаў») ёсць каштоўныя звесткі пра жыццё і гісторыю розных плямёнаў Сярэдняй Азіі, шэраг нар. легендаў, паданняў, прымавак і прыказак.

Літ.:

Кононов А.Н. Родословная туркмен. Соч. Абу-л-Гази хана хивинского. М.; Л., 1958.

т. 1, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВІ́ЗА (італьян. avviso),

паведамленне (пісьмо) атрымальніку аб адгрузцы яму прадукцыі, пераводзе грашовых сродкаў ці аб зменах ва ўзаемных разліках паміж контрагентамі. У банкаўскай, камерцыйнай, бухгалтарскай практыцы авіза — афіцыйнае паведамленне аднаго контрагента другому аб выкананні разліковых аперацый. Банкі высылаюць авізу сваім карэспандэнтам і кліентам пра дэбетавыя і крэдытавыя запісы, рэшту сродкаў на рахунках і інш. разліковыя аперацыі.

т. 1, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СЬ КАЛГА́СНАЯ»,

штомесячны літаратурна-мастацкі часопіс. Выдаваўся ў 1932 у Мінску на бел. мове Аб’яднаннем пралетарска-калгасных пісьменнікаў Беларусі. Меў на мэце выхоўваць новых пісьменнікаў з асяроддзя калгаснага сялянства. Друкаваў творы пра сацыяліст. перабудову вёскі, жыццё калгасаў, саўгасаў, МТС. Сярод аўтараў Я.​Купала, П.​Броўка, А.​Куляшоў, К.​Чорны, М.​Зарэцкі, Я.​Скрыган і інш. Выйшла 8 нумароў.

т. 3, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛОРУ́ССКИЙ УЧИ́ТЕЛЬ»,

культурна-асветны часопіс. Засн. на сродкі настаўніцкага гуртка Віцебскай губ. Выйшаў адзін выпуск у лютым 1909 у Пецярбургу на рус. мове. Змяшчаў артыкулы на пед. тэмы, інфармаваў пра дзейнасць бел. выд-ва «Загляне сонца і ў наша аконца» ў Пецярбургу, бел. культ.-асв. арг-цый і інш., выступаў за ўвядзенне бел. мовы ў школах Беларусі.

т. 3, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАФАМА́НІЯ (ад графа... + манія),

хваравітая цяга да пісьменніцтва ў асоб, пазбаўленых літаратурных здольнасцей. Узнікае на аснове наіўнага ўяўлення пра лёгкасць і агульнадаступнасць пісьменніцкай працы або ў выніку пераацэнкі асабістых творчых магчымасцей. Часта графаманіі спрыяюць «гучнае імя», дачыненне да выдавецкага асяроддзя і неабмежаваная магчымасць друкавацца. Элементы графаманскай шматслоўнасці як відавочны элемент стылю бываюць і ў творчасці прафесійных пісьменнікаў.

т. 5, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭНСК,

археалагічная стаянка ранняга мезаліту (10—8 тыс. г. назад) ва ўрочышчы Грэнск, каля в. Ворнаўка Кармянскага р-на Гомельскай вобл. Выяўлены рэшткі агнішчаў, вял. колькасць крамянёвага інвентару, у т. л. тронкавыя наканечнікі стрэл (грэнскі тып), вастрыі, праколкі, разцы, скрабкі і інш. Знаходка вял. колькасці нуклеусаў сведчыць пра існаванне тут крэменеапрацоўчай майстэрні. Ад стаянкі атрымала назву грэнская культура.

т. 5, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭНДРАКЛІМАТАЛО́ГІЯ (ад дэндра... + кліматалогія),

навука пра метады вы вучэння клімату мінулых эпох па зменах велічынь гадавых кольцаў драўніны. Асн. прынцып Д. — перакрыжаванае датаванне — грунтуецца на непаўторным у часе і амаль аднолькавым характары змен памераў і структуры гадавых кольцаў у большасці дрэў, якія раслі ў падобным клімаце (вузкія кольцы паказваюць на гады засухі, шырокія — на спрыяльныя ўмовы росту).

т. 6, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНСА́ЛВІШ ((Goncąlves) Нуну) (каля 1425—92),

партугальскі жывапісец. У 1450—71 каралеўскі мастак. Яму прыпісваюць самы значны помнік партуг. мастацтва 15 ст. «Алтар св. Вінцэнта». Манум. характар кампазіцыі, тып алтара і манера пісьма сведчаць пра знаёмства яго аўтара з творамі Я. ван Эйка і інш. нідэрл. майстроў 15 ст.

Н.Гансалвіш. Размалёўка алтара св. Вінцэнта. 15 ст.

т. 5, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНО́С заведама лжывы,

наўмыснае хлуслівае паведамленне органам улады пра злачынства, якое нібыта ўчынена або падрыхтоўваецца. Паводле крымін. заканадаўства Рэспублікі Беларусь адно са злачынстваў супраць правасуддзя. Абцяжваючымі адказнасць вінаватага ў Д. акалічнасцямі з’яўляюцца абвінавачанне ім абылганага ў асабліва небяспечным дзярж. або інш. цяжкім злачынстве ці спалучанае са штучным стварэннем доказаў абвінавачвання, а таксама Д., зроблены з карыслівай мэтай.

т. 6, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)