мастацкая проза пра рэальныя ці выдуманыя падзеі, насычаныя займальнымі калізіямі, нечаканымі паваротамі, матывамі выкраданняў і праследаванняў, раскрыццём таямніц і загадак. Дзеянне адбываецца ў асаблівых умовах; персанажы рэзка падзяляюцца на ліхадзеяў і герояў. П.л. звязана з дэтэктыўнай літаратурай, падарожжам і фантастычнай літаратурай.
Вытокі Пл. ў авантурных творах антычнасці («Метамарфозы» Л.Апулея) і сярэднявечча («Аповесць пра Трышчана»), Пл. фарміравалася і развівалася ў выніку пераасэнсавання ў эпоху барока рыцарскіх раманаў, з якімі непасрэдна звязана, і пад уплывам рамантызму. У ліку першых узораў П.л. былі «марскія раманы» Дж.Ф.Купера (ЗША) і Ф.Марыета (Вялікабрытанія), гіст.-прыгодніцкія раманы А.Дзюма-бацькі і сац.-прыгодніцкія Э.Сю (Францыя). Класічныя ўзоры П.л. — творы Т.М.Рыда. Р.Л.Стывенсана, Р.Хагарда (Вялікабрытанія), Ж.Верна, Л.А.Бусенара (Францыя), Дж.Лондана (ЗША) і інш. У рус. л-ры вядомы прыгодніцкія творы А.Грына, А.М.Талстога, А.Бяляева, братоў Вайнераў, В.Каверына, А.Рыбакова, Ю.Сямёнава, І.Яфрэмава, К.Вільмонт і інш.
На Беларусі элементы П.л. прысутнічаюць у мемуарах С.Пільштын «Рэха, на свет пададзенае, заняткаў, падарожжа і жыцця майго авантураў...» (1760; у бел.пер. «Авантуры майго жыцця», апубл. ў 1993), змест якіх нагадвае прыгодніцкі раман. Уласна П.л. склалася ў творчасці Я.Маўра. Яго аповесці «У краіне райскай птушкі» (1927), «Сын вады» (1928), «Палескія рабінзоны» (1930) і раман «Амок» (1929) развіваюць традыцыі сусв. П.л. Вядомы прыгодніцкія аповесці «Каштанавы «Масквіч» Х.Жычкі (1959), «Злачынства ля Зялёнай тоні» У.Краўчанкі (1961), «Пажарніца» («Тайна бункера № 7») У.Паўлава (1968), «Эрпіды на планеце Зямля» П.Місько (1987), «Блуканні па іншасвеце» Я.Сіпакова (1994), «Пастка для пярэваратня» А.Якімовіча (1997) і інш.
Майстар прыгодніцкай прозы — У.Караткевіч (аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха», 1964; раман «Чорны замак Альшанскі», 1979—80, і інш.). Прыгодніцкі элемент характэрны для асобных твораў Я.Коласа, З.Бядулі, М.Лынькова, Э.Самуйлёнка, К.Чорнага, У.Дубоўкі, С.Баранавых, Б.Мікуліча, Р.Мурашкі, Я.Нёманскага, І.Шамякіна, І.Сяркова. У прыгодніцкім жанры выступаюць А.Асіпенка, В.Гігевіч, Л.Дайнека, Э.Скобелеў, М.Чаргінец, У.Ягоўдзік і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯХІ́МІЯ (ад радые... + хімія),
раздзел хіміі, які вывучае фізіка-хім. і хім. ўласцівасці радыеактыўных ізатопаў элементаў (радыенуклідаў), метады іх выдалення і канцэнтравання. Асн. раздзелы: агульная Р., якая вывучае агульныя заканамернасці паводзін радыенуклідаў, іх стан у ультрамалых канцэнтрацыях у растворах, газах і цвёрдых рэчывах; хімія радыеактыўных элементаў, якая вывучае хім. ўласцівасці радыеактыўных элементаў, прыкладная Р., якая ўключае сінтэз мечаных злучэнняў, выкарыстанне радыенуклідаў у хім., біял. і інш. даследаваннях (гл.Ізатопныя індыкатары), а таксама праблемы атрымання і перапрацоўкі ядз. гаручага, перапрацоўкі радыеактыўных адходаў і інш. У Р. выкарыстоўваюцца спецыфічныя высокаадчувальныя метады вымярэння колькасці радыенуклідаў, што абумоўлена радыеактыўнасцю даследуемых рэчываў.
Станаўленне Р. звязана з адкрыццём у 1898 радыеактыўных элементаў радыю і палонію (П.Кюры, М.Складоўская-Кюры). У 1-й трэці 20 ст. ўстаноўлены законы суасаджэння і адсорбцыі радыенуклідаў з ультраразбаўленых раствораў (К.Фаянс, Ф.А.Панет, В.Р.Хлопін, О.Ган і інш.), распрацаваны асновы метаду ізатопных індыкатараў (Дз.Хевешы і Панет) і эманацыйны метад даследавання фіз.-хім. уласцівасцей цвёрдых цел. Адкрыццё ў 1934 штучнай радыеактыўнасці (І. і Ф. Жаліо-Кюры) стала пачаткам новага этапу ў развіцці Р.; былі атрыманы радыенукліды нерадыеактыўных рэчываў пры апрамяненні іх нейтронамі (Э.Фермі з супрацоўнікамі), першыя штучныя радыеактыўныя элементытэхнецый (1937), астат, нептуній, плутоній (1940). Далейшае развіццё Р. звязана з атрыманнем штучных радыенуклідаў усіх элементаў перыяд. сістэмы (акрамя гелію і літыю), што ёсць у прыродзе, актыноідаў, а таксама трансактыноідных элементаў.
На Беларусі развіццё Р. пачалося ў 1969, калі ў Ін-це ядз. энергетыкі АН была створана радыехім. лабараторыя па даследаванні радыенуклідаў у растворах, вывучэнні працэсаў гідролізу катыёнаў і сорбцыі гідракомплексаў радыенуклідаў, па распрацоўцы метадаў ачысткі раствораў радыеактыўных рэчываў, а таксама спосабаў дэзактывацыі. Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) даследаванні фіз.-хім. стану, хім. трансфармацыі і міграцыі радыенуклідаў у глебе, глебава-раслінным покрыве, вадзе, паветры праводзяцца ў Ін-це радыеэкалагічных праблем і Ін-це радыебіялогіі Нац.АН і БДУ.
Літ.:
Несмеянов А.Н. Радиохимия. 2 изд. М., 1978;
Келлер К. Радиохимия: Пер. с нем. М., 1978;
Нефедов В.Д., Текстер Е.Н., Торопова М.А. Радиохимия. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
тво́рчы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да творчасці, уласцівы ёй. Творчы працэс. □ Акцёр [П. Малчанаў] многа працуе над тым, каб зрабіць тэкст сваім, блізкім, арганічным, і колькі б ён ні іграў адну і тую ж ролю, яго творчыя шуканні ніколі не спыняюцца.«Полымя».// Які заключае ў сабе элементы новага, што‑н. развівае, удасканальвае. Творчая ініцыятыва мае. □ Ідуць [воіны] смела і сурова Пад напеў пургі, І законы праўды новай Нясуць іх сцягі. Гэта праўда — дружба, згода, Творчай працы шыр, Разняволеных народаў Непарушны мір.Колас.Рэвалюцыя ўзняла да творчай дзейнасці Я. Купалу і Я. Коласа, якім суджана было стаць заснавальнікамі сапраўды народнай, рэвалюцыйна-дэмакратычнай беларускай літаратуры.Казека.// Накіраваны на творчасць. Творчая думка. □ І чула б [жалеза] цеплыню рукі, І творчую жывую сілу, І доўгія гады, вякі З людзьмі спявала б і дружыла б.Танк.Бывала так, што рабочыя падказвалі тую ці іншую ідэю, а інжынер правяраў і тэарэтычна абгрунтоўваў яе. Такі творчы падыход да справы, такое спалучэнне навукі і практыкі намнога павысілі і палепшылі праходку.Кулакоўскі.
2. Які здольны тварыць. Творчая моладзь тэатра. □ Не будзе ані класаў, ані нацый, А будзе ўсюды Вольны творчы чалавек.Бядуля.
•••
Творчая індывідуальнасць — а) асоба, якая стварае духоўныя каштоўнасці; б) характэрныя асаблівасці, уласцівыя такой асобе.
Творчая лабараторыя — непасрэдная работа аўтара над сваім творам; працэс творчасці.
Творчы вечар — вечар з удзелам самога аўтара, творчасці якога ён прысвечаны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНА-КАМА́НДНАЯ СІСТЭ́МА антыдэмакратычная іерархічна арганізаваная сістэма кіравання грамадствам, заснаваная на прынцыпах бюракратычнага цэнтралізму і адміністравання. Найчасцей пашырана ў краінах, дзе пануе практыка паліт. ўладарання, што характарызуецца рэжымам асабістай дыктатуры (гл.Аўтарытарызм) або непадзельным кантролем адной паліт. партыі, групы, ідэалогіі за ўсімі сферамі жыцця грамадства і асобы (га. Таталітарызм). Такі манапалізм найперш характэрны для сац.-эканам. сістэмы сацыялізму, якая не змагла забяспечыць свабоднае нац.-дзярж. і культ. развіццё народаў, больш высокую прадукцыйнасць працы і ўзровень жыцця людзей у параўнанні з краінамі «процілеглай» сістэмы. У Сав. Расіі, б.СССР, у т. л. на Беларусі, асн. рысы такой сістэмы пачалі складвацца ў перыяд «ваеннага камунізму» і развіліся ў 1920—30-я г. з усталяваннем сталінскага таталітарнага рэжыму. Гэта праяўлялася ва ўсеагульнай цэнтралізацыі кіравання, выкарыстанні адм.-камандных метадаў, зрошчванні парт. і дзярж. апарату, правядзенні масавых рэпрэсій і фактычнай ліквідацыі інстытутаў дэмакратыі. У эканоміцы базай адміністрацыйна-каманднай сістэмы з’яўляецца манаполія дзярж. формы ўласнасці на сродкі вытворчасці і вынікі працы. Асн. сродкі эканам. рэгулявання ў рамках адміністрацыйна-каманднай сістэмы — дырэктыўнае планаванне, цэнтралізаванае размеркаванне ўсіх відаў рэсурсаў і прадукцыі, выкарыстанне пазаэканам. формаў прымусу, іерархічная вертыкальная структура кіравання, ураўняльныя тэндэнцыі пры размеркаванні вынікаў працы ў спалучэнні з шырокай сістэмай прывілеяў для бюракратычнага апарату. Абавязковыя элементыпарт.-дзярж. рэгулявання сац. працэсаў — ліквідацыя рэшткаў рыначных адносін і свабоднага прадпрымальніцтва, прымусовая калектывізацыя і раскулачванне сялянства, прымусовыя падпіскі на дзярж. пазыкі, рэзкае павелічэнне падаткаў і г.д. Сістэма, пабудаваная на насіллі і ігнараванні эканам. законаў, завяла ў тупік эканоміку краіны, стала прычынай крызісных з’яў у розных галінах нар. гаспадаркі і сац.-эканам. краху ў канцы 1980 — пач. 1990-х г. Канцэнтрацыя ўлады ў руках крайне вузкай і малакампетэнтнай групы вышэйшых чыноўнікаў, прымат паліт. волі над эканам. мэтазгоднасцю, свядомае процідзеянне працэсу нац.-культ. адраджэння спарадзілі адчужэнне грамадзян ад дзяржавы і ўласнасці, падарвалі духоўны і стваральна-творчы патэнцыял бел. грамадства. Пасля распаду СССР і ўтварэння незалежнай дзяржавы на Беларусі ўзніклі аб’ектыўныя перадумовы для ліквідацыі негатыўных вынікаў адміністрацыйна-камандная сістэма, усталявання дэмакр. сістэмы кіравання сац. працэсамі, ажыццяўлення суверэннага права народа на самавызначэнне і свабоду выбару ўласнага шляху развіцця.
Літ.:
Экономическая история: Проблемы и исследования. М., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАГО́Д, каравод, танок,
старажытны від нар. мастацтва, у якім харэаграфічныя рухі арганічна спалучаюцца з хар. спяваннем і драматызацыяй паэт. зместу (часам з інстр. суправаджэннем). Пашыраны ў народаў з каляндарна-земляробчай абраднасцю, асабліва ў славян і прыбалтаў. На Беларусі сустракаецца амаль усюды, найбольш на Магілёўшчыне і Палессі. Звычайна прымеркаваны да пэўнага часу земляробчага календара. Вясенне-летнія К. традыцыйна займалі значнае месца ў жыцці сял. моладзі. Іх «вадзілі» на вуліцы і палянах павольна, плаўна, залучаючы ўсё новых удзельнікаў (напр., «Як выведзем луку»). Паводле харэаграфічнага малюнка іх падзяляюць на 4 групы: круг («кола»), калі ўдзельнікі рухаюцца па ім справа налева «па сонцу» ці папераменна то ў адзін бок, то ў другі (тыповы К. «Перапёлачка»); процілеглыя рады, якія папераменна то сыходзяцца «сцяной на сцяну», то разыходзяцца (тыповы «А мы проса сеялі»); «пляценне» (тыповы «Запляціся, пляцень»); шэсце, дзе ўдзельнікі рытмізаваным крокам рухаюцца ўздоўж вуліцы шарэнгай, звілістымі радамі ці больш адвольным гуртом (тыповы «Памажы нам, божа, на вуліцу выйсці»). Зімовыя К. «гуляюць» пераважна ў хаце жвава, з прытанцоўваннем, ім уласцівы розныя выяўл.элементы, перайманне рухаў звяроў, птушак («Заінька», «Верабей», «Казёл»). Многія зімовыя К. з’яўляюцца часткай калядных гульняў («Яшчур», «Халімон», «Зязюля», «Жаніцьба Цярэшкі»). Тыповыя сюжэты К.; выхад на вуліцу, велічанне дзяўчат і кпіны з хлопцаў, дабранне пары, проціпастаўленне старога і маладога жаніха (мужа), вырошчванне лёну, канапель, маку і інш. Мелодыі К. інтанацыйна блізкія тыповым напевам веснавых, купальскіх і калядных песень, але маюць і жанрава спецыфічныя рысы дзякуючы пэўнай структуры і рытму, абумоўленым рухам (з устойлівымі рытмаформуламі). На Магілёўшчыне вызначальны ўплыў карагоднай традыцыі і ў абавязковым уключэнні К. ва ўсе цыклы каляндарнага круга, і ў пранікненні рыс карагоднай стылістыкі (пластычнасці мелодыкі, тыповых структур, рытмаў, прыпеваў) у розныя песенныя жанры. У сучасным побыце вёскі захаваліся веснавыя К.-шэсці (іх водзяць пажылыя жанчыны) і тыя зімовыя К., якія ўваходзяць у калядныя гульні.
Публ.:
Можейко З.Я. Песни белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983;
Народны тэатр.Мн., 1983. Гл. таксама арт.Веснавыя песні, Калядныя песні, Каляндарныя песні.
Літ.:
Владыкина-Бачинская Н.М. Русские хороводы и хороводные песни. М.; Л., 1951;
Яшчанка В.М. Асаблівасці карагодных традыцый Магілёўшчыны // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1985. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГЧЫ́МАСЦЬ І РЭЧАІ́СНАСЦЬ,
узаемазвязаныя катэгорыі дыялектыкі, якія характарызуюць працэс станаўлення і развіцця ўсіх прадметаў і з’яў з пункту гледжання неабходнай паслядоўнасці яго пэўных момантаў (стадый, узроўняў). Магчымасць — такі ідэальны стан прадмета ці з’явы, калі ўласцівыя ім унутр. тэндэнцыі ў сваім руху яшчэ не дасягнулі дастаткова яснай акрэсленасці і форм яе знешняга выражэння, каб самастойна існаваць у якасці новых прадметаў і з’яў, г.зн. не пераўтварыліся ў элементы існуючай рэчаіснасці. Пераход з ідэальнага стану ў рэчаіснасць адбываецца згодна з логікай развіцця кожнага прадмета ці з’явы і залежыць ад наступлення пэўных умоў. Рэчаіснасць — тое, што ўжо існуе Усё існуючае ў кожны дадзены момант у вобразе пэўнай рэчаіснасці ў свой час прадстаўляла сабою магчымасць. Таму магчымасць з’яўляецца перадумовай рэчаіснасці, а працэс развіцця прадметаў і з’яў набывае выгляд бясконцых пераходаў магчымасці ў рэчаіснасць і адначасова ўзнікнення ў рэчаіснасці новых магчымасцей, якія пракладваюць шлях да фарміравання новай рэчаіснасці. Філас. класіфікацыя магчымасці ўключае абстрактныя (фармальныя) і рэальныя (канкрэтныя) магчымасці. Абстрактная магчымасць не супярэчыць сутнасці прадмета або з’явы і не адмаўляе аб’ектыўнай логікі іх развіцця, але ў дадзены час не можа пераўтварыцца ў рэальнасць, таму што адсутнічаюць неабходныя і дастатковыя ўмовы для такога пераходу. Рэальная магчымасць ужо ў дадзены момант абапіраецца на неабходную колькасць умоў, каб стаць элементам існуючай рэчаіснасці. Але фактычны пераход гэтай магчымасці ў рэчаіснасць часта залежыць ад наяўнасці некаторых дадатковых фактараў (напр., у грамадскім жыцці — ведаў, волі і г.д.). Абстрактная і рэальная магчымасць звязаны паміж сабой узаемапераходамі, г.зн., што абстрактная магчымасць дзякуючы змене ўмоў становіцца рэальнай магчымасцю, а апошняя можа перайсці ў разрад абстрактнай магчымасці (напр., у гісторыі, палітыцы).
Сістэматычнае навук. асэнсаванне М. і р. пачалося ў Стараж. Грэцыі прадстаўнікамі элейскай і мегарскай школ. Дыялектыку М. і р. распрацоўваў Арыстоцель, погляды якога панавалі ў філасофіі сярэдневякоўя. Развіццё філас. ідэй аб М. і р. звязана з імёнамі Т.Гобса, Ж.Б Ламарка, І.Канта, Г.Гегеля, К.Маркса, Ф.Энгельса, У.І.Леніна, Б.Расела, С.А.Крыпке, Я.Хінцікі.
Літ.:
Маковка Н.М. Проблема выбора в диалектике возможности и действительности. Ростов н/Д, 1978;
Материалистическая диалектика: Краткий очерк теории. 2 изд. М., 1985;
Методологические функции философских категорий. Саратов, 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАЙЛО́ЎСКІ (Мікалай Канстанцінавіч) (27.11.1842, г. Мяшчоўск Калужскай вобл., Расія — 10.2.1904),
расійскі сацыёлаг, публіцыст і літ. крытык; ідэолаг ліберальнага народніцтва, адзін з заснавальнікаў суб’ектыўнай сацыялогіі. Вучыўся ў Пецярбургскім ін-це корпуса горных інжынераў (1856—63). З 1868 супрацоўнік, пазней адзін з рэдактараў час.«Отечественные записки». У 1870-я г. зблізіўся з народнікамі. З 1892 сарэдактар час. «Русское богатство». Прадметам сацыялогіі лічыў адносіны розных форм супольнага жыцця (кааперацыі) да асобы. Пошук законаў гэтых адносін прывёў М. да стварэння канцэпцыі двухадзінай праўды, у рамках якой ён імкнуўся аб’яднаць «праўду-ісціну», атрыманую шляхам аб’ектыўнага назірання, з «праўдай-справядлівасцю», якая адпавядала маральным ідэалам вучонага. Імкненне М. асэнсаваць ўзаемадзеянне пазнавальнай і духоўна-маральнай патрэб прывяло яго да стварэння суб’ектыўнага метаду ў сацыялогіі. Паводле М., гісторыяй кіруюць стабільныя законы, што рэгулююць парадак і змену фаз гіст. руху, аднак у межах гэтых законаў асоба ставіць свае мэты ў гісторыі і «рухае да іх падзеі». Таму сацыёлаг павінен стварыць сац. ідэал і на гэтай аснове вызначыць, якія грамадскія элементы пажаданы, а якія не пажаданы ў будучыні. Лічыў асобу вышэйшым крытэрыем каштоўнасці грамадства і адмаўляў магчымасць прынясення яе ў ахвяру. Распрацоўваў тэорыю «герояў і натоўпу», гіст. прагрэс трактаваў як паступовае набліжэнне «да магчыма больш поўнага і ўсебаковага падзелу працы паміж органамі і магчыма меншага падзелу працы паміж людзьмі». Спадзяваўся, што многія праблемы грамадства будуць вырашаны пры сацыялізме, які вызначаў як «перамогу асабістага пачатку пры дапамозе пачатку грамадскага», што рас.сял. абшчына бліжэй, чым капіталіст. Захад, стаіць да сацыялізму як ідэалу будучыні. Як літ. крытык выступаў супраць утылітарных і нігілістычных літ.-крытычных поглядаў, выразнікам якіх быў Дз.І.Пісараў. Асн. творы: «Што такое прагрэс?» (1869), «Тэорыя Дарвіна і грамадская навука» (1870—73), «Барацьба за індывідуальнасць» (1875—76), «Героі і натоўп» (1882) і інш.
Тв.:
Литературная критика: Статьи о рус. лит. XIX — начала XX в. Л., 1989;
Герои и толпа: Изб. тр. по социологии. Т. 1—2. СПб., 1998.
Літ.:
Виленская Э.С. Н.К.Михайловский и его идейная роль в народническом движении 70-х — начала 80-х гг. XIX в. М., 1979;
Слинько А.А. Н.К.Михайловский и русское общественно-литературное движение второй половины XIX — начала XX в. 2 изд. Воронеж, 1982;
Володин АИ. Выдающийся деятель русской культуры // Отеч. история. 1993. № 6.
рускі і амерыканскі пісьменнік, перакладчык, літ.-знавец. З 1919 у эміграцыі: у Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі, ЗША (з 1940, з 1945 грамадзянін ЗША), Швейцарыі (з 1960). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1922). Да 1940 пісаў пад псеўд. Сірын. З 1940 пісаў і на англ. мове, з 1960-х г. толькі на англ. мове. Першы зб. — «Вершы» (1916). Расія, рускія — пастаянны фон і тэма ўсёй яго творчасці. Светаадчуванне рус. эмігранта ў раманах «Машачка» (1926), «Подзвіг» (1931—32), аўтабіягр.кн. «Іншыя берагі» (1951) і інш. Раманы «Абарона Лужына» (1929—30), «Запрашэнне на пакаранне смерцю» (1935—36; антыутопія), «Дар» (1937), «Пнін» (1957) пра трагічную калізію духоўна адоранага адзіночкі з прымітыўнай мяшчанскай цывілізацыяй, светам пошласці. У рамане «Лаліта» (1955, экранізаваны ў 1962, 1998) — спалучэнне эротыкі і сац.-крытычнага апісання нораваў Амерыкі. На аўтабіягр. аснове стварыў паэмы «Дзяцінства» (нап. 1918), «Крым» (1921), «Пецярбург» (1923), «Універсітэцкая паэма» (1927). Аўтар раманаў «Камера абскура» (1932—33), «Адчай» (1934), «Паглядзі на арлекінаў!» (1974), зб. апавяданняў «Вясна ў Фіяльтэ» і іншыя апавяданні» (1956), паэт. драм «Смерць», «Дзядуля», «Полюс» (усе нап. 1922), зб-каў вершаў «Гронка» (1923), «Вершы 1929—1951 гг.» (1952), лекцый і эсэ пра рус. л-ру, у т. л. «Мікалай Гогаль» (1944), шахматных задач і інш. Стылістычна вытанчаным яго творам уласцівы і рэалістычныя, і мадэрнісцкія элементы (лінгвастылістычная гульня, парадзіраванне, містыфікацыя і інш.). Выдаў мемуары «Памяць, гавары» (1966). Зрабіў празаічны пераклад на англ. мову «Яўгена Анегіна» А.Пушкіна (т. 1—3, 1964), пераклаў «Слова аб палку Ігаравым» і інш. П’еса «Лаліта» Э.Олбі паводле Н. пастаўлена Гродзенскім абл.драм. т-рам (1990) і Брэсцкім т-рам драмы і музыкі (1991). На бел. мову асобныя яго творы пераклала Г.Багданава.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1990;
Собр. соч. американского периода: В 5 т.Т. 1—4. СПб., 1997;
Тяжелый дым: Избр. проза. М., 1996;
Лекции по русской литературе: Чехов, Достоевский, Гоголь, Горький, Толстой, Тургенев. М., 1996;
Лекции по зарубежной литературе. М., 1998.
Літ.:
Шаховская З. В поисках Набокова;
Отражения. М., 1991;
Гурболикова О.А. Тайна Владимира Набокова. Процесс осмысления: Библиогр. очерки. М., 1995;
Носик Б.М. Мир и дар Набокова: Первая рус. биогр. писателя. М.; СПб., 1995;
Мулярчик А.С. Русская проза Владимира Набокова. М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІ́ХІКА (ад грэч. psychikos душэўны),
вышэйшая форма ўзаемасувязі жывых істот с прадметным светам, якая праяўляецца ў іх здольнасці дзейнічаць на аснове інфармацыі аб ім і рэалізоўваць свае намеры. Узнікла на пэўнай ступені біял. эвалюцыі, выступіла ў якасці аднаго з яе фактараў і забяспечвае ўсё большую складанасць прыстасавання арганізмаў да ўмоў існавання. Дзякуючы актыўнаму і аператыўнаму адлюстраванню органамі пачуццяў і галаўным мозгам аб’ектаў становіцца магчымым ажыццяўленне дзеянняў, адэкватных уласцівасцям гэтых аб’ектаў, а тым самым — выжыванню арганізма. Забяспечвае пошук і надсітуатыўную актыўнасць арганізмаў. П. чалавека і жывёл уключае комплекс працэсаў і станаў: успрыманне, памяць, мысленне, намеры, сны і інш., а таксама элементы псіхічнага вопыту: адчуванні, вобразы, уяўленні, эмоцыі. У чалавека П. набывае якасна новы характар, абумоўлены наяўнасцю мовы, свядомасці і самасвядомасці. П. чалавека развіваецца пад уплывам сацыякульт. фактараў і ўключае псіхічныя ўласцівасці (накіраванасць, тэмперамент, характар, здольнасці), працэсы (пазнавальныя, эмацыянальныя і валявыя), станы (уздым, прыгнечанасць і інш.), вопыт (веды, навыкі, уменні, звычкі). У П. прадстаўлены і ўпарадкаваны падзеі мінулага, сучаснага і магчымай будучыні. Падзеі мінулага выступаюць у даных вопыту, уяўленнях памяці; сучаснага — у сукупнасці вобразаў, перажыванняў, разумовых актаў; магчымай будучыні — у імкненнях, намерах, мэтах, а таксама ў фантазіі і інш. Залежнасць псіхічных працэсаў ад аб’ектыўнай рэчаіснасці адлюстравана ў тэорыі І.М.Сечанава, які вызначыў рэфлекторную прыроду П. ў процілегласць уяўленням аб П. як асобнай бесцялеснай субстанцыі — душы і механістычна-матэрыялістычным тэорыям, якія зводзілі П. да нервовых працэсаў. Ідэя Сечанава лягла ў аснову тэорыі грамадска-гіст. паходжання П. чалавека (рас. вучоныя Л.С.Выгоцкі, А.Р.Лурыя, А.М.Лявонцьеў). Рас. вучоны С.Л.Рубінштэйн разглядаў П. як працэс, які фарміруецца і выяўляецца ў дзейнасці і павінен даследавацца праз праяўленні ў асн. відах дзейнасці. Асаблівы падыход у вывучэнні П. чалавека прапанавалі заснавальнік псіхааналізу З.Фрэйд і заснавальнік аналітычнай псіхалогіі К.Г.Юнг.
Літ.:
Лурия А.Р. Мозг человека и психические процессы. Т. 1—2. М., 1963—70;
Веккер Л.М. Психические процессы. Т. 1—3. Л., 1974—76;
Выготский Л.С. История развития высших психических функций // Собр. соч.М., 1983. Т. 3;
Гримак Л.П. Резервы человеческой психики: Введение в психологию активности. 2 изд. М., 1989;
Юнг К.Г. Структура психики и процесс индивидуации: Пер. с нем. М., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУБЛІЦЫ́СТЫКА (ням. Publizistik ад лац. publicus грамадскі),
від твораў, прысвечаных актуальным праблемам і з’явам грамадскага жыцця. Скіравана на аператыўнае асэнсаванне рэчаіснасці (пераважна сучаснасці) шляхам спалучэння лагічнага і эмацыянальна-вобразнага спосабаў даследавання і адлюстравання жыцця. Спецыфічным чынам удзельнічае ў працэсах дзярж., грамадскага і гасп. кіраўніцтва, актыўна ўздзейнічае на ход практычных спраў ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці. Выконвае сац.-пед., прапагандысцкія, інфарм. функцыі, фарміруе грамадскую думку. Як від грамадска-паліт. л-ры найб. пашырана ў журналістыцы. Пісьменніцкая П. прасякнута кампанентамі маст. творчасці. Асн. якасці П.: тэарэт. абгрунтаванасць, доказнасць, праўдзівасць, прынцыповасць, тэндэнцыйнасць, паліт. вастрыня, эмацыянальнасць, палемічнасць (гл.Публіцыстычны стыль). Асн. жанры П.: артыкул, агляд, карэспандэнцыя, рэцэнзія. У ходзе сінтэзу маст. і публіцыстычных форм паявіліся маст.-публіцыстычныя жанры: нарыс, эсэ, фельетон, памфлет. На стыку навук. л-ры і П. ўзніклі навук.-папулярныя жанры, якія вызначаюцца выразнай публіцыстычнасцю.
Элементы П. ёсць у летапісах ВКЛ 15—16 ст. Публіцыстычная паводле свайго характару палемічная літаратура канца 16—1-й пал. 17 ст. Узор бел. публіцыстычнага слова — газ.«Мужыцкая праўда» К.Каліноўскага, першая легальная газета на бел. мове «Наша ніва». Публіцыстычнымі з’яўляюцца асобныя творы Ф.Багушэвіча, З.Бядулі, М.Гарэцкага, Цёткі, нарысы Я.Лучыны. П. заняла значнае месца ў творчасці М.Багдановіча. У 1920-я г. з публіцыстычнымі творамі выступалі Ц.Гартны, М.Зарэцкі, Я.Скрыган, М.Чарот. У гады Вял.Айч. вайны са старонак розных выданняў звярталіся да народа Я.Купала, Я.Колас, К.Чорны, А.Куляшоў, П.Броўка, П.Панчанка і інш. Публіцыстычныя па сваёй скіраванасці кнігі А.Адамовіча, Я.Брыля, У.Калесніка «Я з вогненнай вёскі», С.Алексіевіч «У вайны — не жаночы твар», створаныя на матэрыяле ўспамінаў жыхароў Беларусі пра Вял.Айч. вайну. Найб. ўклад у развіццё бел. П. пасляваен. часу зрабілі пісьменнікі Брыль, В.Быкаў, І.Дуброўскі, М.Лынькоў, В.Палтаран, Я.Сіпакоў, М.Танк, І.Чыгрынаў, І.Шамякін. У сучаснай П. працуюць Н.Гілевіч, У.Глушакоў, Л.Екель, А.Казловіч, Л.Левановіч, У.Ліпскі, С.Шаўцоў, М.Шыманскі, Л.Юнчык, В.Якавенка і інш. Трывалае месца заняла П. ў дакументальным кіно, на тэлебачанні і радыёвяшчанні.