праката́цца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Спец. Падвергнуцца пракатцы.
праката́цца 2, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Тое, што і пракаціцца (у 2 знач.). Пракатацца на машыне. □ А цяпер Васілінка не бегла, а ляцела да таго лесу з надзеяй пракатацца, ды не як-небудзь, а стоячы на возе і трымаючы ў руках лейцы. Ус.
2. Катацца некаторы час. Пракатацца на санках цэлы дзень.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыпле́сціся, ‑плятуся, ‑пляцешся, ‑пляцецца; ‑пляцёмся, ‑плецяцеся, ‑плятуцца; пр. прыплёўся, ‑плялася, ‑плялося; зак.
1. Прыйсці куды‑н., ідучы паволі, з цяжкасцю. Увечары, толькі сцямнела, да воза.. прыплёўся Міканор. Мележ. [Зоська:] А-а! Дзядочак к нам на госці прыплёўся. Купала. Прыплёўся [сабака] з лесу галодны, хворы, з абмарожанымі пярэднімі нагамі. Ваданосаў.
2. перан. Разм. Прыблюзніцца, здацца. «І трэба ж... прыпляцецца што...» — пацёр Адам.. вочы. Вышынскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узбу́джаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад узбудзіць.
2. у знач. прым. Які знаходзіцца ў прыўзнята-нервовым стане; усхваляваны, узрушаны. Ехалі падводы, ішлі ўзбуджаныя мужчыны і гучна аб чымсьці гаварылі. Каліна. Вясёлыя, узбуджаныя пары сядзелі цяпер па розных кутках. Броўка. // Які выражае, выяўляе такі стан. Узбуджаны голас. Узбуджаны твар. □ Я люблю Палявое гарачае лета, Гоман лесу І птушак узбуджаны крык. Кірэенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уро́чышча, ‑а, н.
Любая частка мясцовасці, якая адрозніваецца чым‑н. ад навакольных тэрыторый і звычайна мае сваю назву. Урочышча ляжала паміж лесу і імшарын, убаку ад дарогі, а да самай бліжэйшай вёскі было кіламетраў шэсць. Ракітны. Увесь Маргоўскі лес падзяляўся на ўрочышчы, якія мелі свае назвы. Чарнышэвіч. Да ўрочышча Затонь было недалёка, і Парфенчык убачыў дым, які ўздымаўся над лесам. Шчарбатаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ускра́ек, ‑крайку, м.
Крайняя частка якой‑н. прасторы. Над ускрайкам лесу, дзе пачыналіся жоўтыя пяскі, зазвінела песня ляснога жаваранка. Колас. Касцы стаялі на ўскрайку дарогі і з жалем глядзелі на знясіленых людзей. Прокша. // Край стала, ложкі і пад. Алена падышла, села на ўскрайку Галінага ложка, загаварыла зноў. Марціновіч. Маша зноў пагладзіла яго белую галоўку, затым адышла і села каля процілеглага ўскрайку стала. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
халаднава́ты, ‑ая, ‑ае.
1. З памяркоўным прыемным холадам, прахалодай. Ад лесу пачалі наплываць і згушчацца змрокі, і на сяло пацягнула халаднаватаю вільгаццю паплавоў. Скрыган. Халаднаватаю раніцаю партызанскі атрад.. чакаў пачатку — калі па дарозе пойдуць калоны варожых машын. Янкоўскі.
2. перан. Раўнадушны, бясстрасны. Максім таксама спыніўся, з халаднаватай цікавасцю разглядаючы.. [Шашу]. Шамякін. Вобраз Донны Анны, які ўвогуле правільна вырашаны Карзянковай, трохі халаднаваты. «ЛіМ».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чарні́чнік, ‑у, м.
Сцёблы, кусцікі, на якіх растуць чарніцы. І я ішоў па густым, яшчэ зялёным чарнічніку, не спыняючыся і зачаравана разглядаючы прыгажосць асенняга лесу. Ляўданскі. Наступны баравік сядзеў, стоены ў чарнічніку, і трэба было зыркае вока, каб яго адшукаць. Навуменка. // Месца, парослае кустамі чарніц. Чарнічніку было поўна, увесь дол укрыты. Сцяпан нагнуўся, расхінуў кусток. Ягады былі яшчэ зеленкаватыя. Гіль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шво́ран, ‑рна, м.
Жалезны стрыжань, які з’яўляецца вертыкальнай воссю перадка павозкі або паваротнай часткі лакаматыва, аўтамабіля і пад., што забяспечвае паварот на хаду. Конь звярнуў з дарогі, усцягнуў калёсы на пень, сарваў са шворна цялежкі і пакінуў драбіны з Петрусём сярод лесу. Колас. Падгоняць пад кузню благія калёсы — Атосы на гора, Пакрыўлены шворан, Разбіты драбіны Ды колы без шынаў. Броўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
КАЗЬЯ́НСКІ,
біялагічны заказнік на тэр. Шумілінскага і Полацкага р-наў Віцебскай вобл. Засн. ў 1960 як паляўнічы заказнік рэсп. значэння для захавання і ўзнаўлення запасаў паляўнічай фауны. Пл. 41,4 тыс. га (1997). Заказнік у міжрэччы Обалі і Сосніцы ў межах Полацкай нізіны. Расліннасць складаецца з відаў барэальнай і зах.-еўрап. флоры, якая належыць да Заходне-Дзвінскай акругі падзоны дубова-цемнахвойных падтаежных лясоў: хваёвыя (31%), бярозавыя (30%), чорна- і шэраальховыя (22%), яловыя (13%); папарацевыя, кіслічныя, чарнічныя, сніткавыя асакова-сфагнавыя, даўгамошныя і інш. тыпы лесу. Палавіна тэр. заказніка пад вярховымі балотамі, рэдкалеснымі пераходнабалотнымі згуртаваннямі; на буйнейшым балотным масіве Обаль-2 растуць унікальныя і рэдкія раслінныя згуртаванні, рэдкія і знікаючыя віды — бяроза карлікавая, марошка прыземістая, сфагнум Ліндберга. Вядомы 46 месцаў росту 22 відаў раслін, занесеных у Чырв. кнігу Беларусі і 12 месцаў знаходжання 44 відаў жывёл, сярод якіх: барсук, беркут, бусел чорны, журавель шэры, курапатка белая, мядзведзь, няясыць даўгахвостая, падворлікі малы і вял., рысь, скапа і інш. Адзначаны месцы гнездаванняў вераценніка вял., дупеля, кулонаў вял. і сярэдняга, сяўца залацістага, турухтана, уліта вял. і інш. Шмат паляўнічых звяроў і птушак, найбуйнейшая на Беларусі папуляцыя белай курапаткі.
т. 7, с. 436
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕБАЎТВАРА́ЛЬНЫЯ ФА́КТАРЫ,
сукупныя працэсы, ад якіх залежыць утварэнне глебы. Паводле В.В.Дакучаева, глебу фарміруюць клімат, мацярынская парода, жывыя арганізмы (расліны, мікраарганізмы, глебавыя жывёлы), рэльеф мясцовасці, час. Вельмі ўплывае на глебаўтваральныя фактары і вытв. дзейнасць чалавека (мех. апрацоўка глебы, меліярацыя, унясенне арган. і мінер. угнаенняў, высечка лесу, узорванне і інш.). Усе глебаўтваральныя фактары ўзаемазвязаны.
Клімат уплывае на характар выветрывання горных парод, вызначае цеплавы і водны рэжым глебы. Мацярынская парода ў працэсе глебаўтварэння ператвараецца ў глебу. Ад яе грануламетрычнага складу і структуры залежаць уласцівасці глебы, паветраны рэжым і інш. Уздзеянне жывых арганізмаў выяўляецца ў назапашванні і разбурэнні арган. рэчыва, якое ствараецца зялёнымі раслінамі ў працэсе фотасінтэзу, унясенні ў глебу і на яе паверхню арган. і мінер. рэчываў у выглядзе каранёвага і наземнага ападу, які з дапамогай мікраарганізмаў і глебавых жывёл ператвараецца ў гумус. Расліны і жывёлы рыхляць глебу, паляпшаючы яе паветраныя і водныя ўласцівасці. Роля рэльефу заключаецца ў пераразмеркаванні на паверхні глебы рэчываў і энергіі, што істотна ўплывае на ўтварэнне пэўных глеб. Час развіцця сталага глебавага профілю залежыць ад геал. ўзросту тэрыторыі і ў розных умовах складае ад некалькіх дзесяткаў да тысяч гадоў.
Т.А.Раманава.
т. 5, с. 293
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)