Кірза́ты ’кірпаты’ (Ян.). Балтызм. Да літ. kīrsti ’рубіць, рэзаць’. Цікава супаставіць дзве групы літоўскіх лексем: kīrsti 1 ’рубіць, рэзаць’ — kīrsti 2 ’гарчыць’ (гэтыя значэнні традыцыйна звязваюцца — Фрэнкель, 258) і kīrpti 1 ’рэзаць, карпаць’ — kīrpti ’кіслець’ (таксама генетычна звязаныя значэнні — там жа, 257–258). Ад апошняга рэгулярна ўтварылася *kirpōtas, kirpanōsis, якое стала крыніцай бел. кірпаты, кірпаносы (як ад рус. корнать — курносый). Ад першага — кірзаты (Параўн. Мартынаў, Лекс. балтызмы, 28; Лаўчутэ, Балтизмы, 143).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Брэ́дзіць ’хлусіць, узводзіць паклёп’ (Нас.), брэдня́ ’хлусня, брахня, лухта’ (Нас.), брэ́дзіць ’трызніць’, брэд трызненне’ (Сцяшк. МГ). Рус. бре́дить, бред, укр. бредня́ ’лухта, хлусня’. Этымалогія гэтай групы слоў не вельмі ясная. Параўноўваюць з дзеясловам *bresti *bredǫ ’ісці’, а таксама з с.-н.-ням. praten ’балбатаць’, ст.-англ. breodian ’крычаць, клікаць’. Гл. Фасмер, 1, 210. Ст.-бел. брэ́дня ’глупства’. Булыка (Запазыч.) лічыць паланізмам (польск. brednia). Няпэўна. Параўн. Слаўскі, 1, 41–42.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Балабо́н 1 ’званочак’ (Касп., Юрч., Янк. Мат., Гарэц.). Укр. балабо́н ’званок, бразготка’, рус. балабо́н ’пустаслоў’. Гукапераймальнае; да балабо́ніць (гл.), балабо́ліць і г. д.; аснова бала(б)‑, якая, магчыма, выступае ў бала́каць (гл.). Параўн. і чэш. blaboniti.
Балабо́н 2 ’балбатун, пустаслоў’ (Янк. Мат., Юрч.). Рус. балабо́н ’тс’, балабо́нить, укр. балабо́н ’званок’, балабо́нити ’званіць’, чэш. blaboniti. Гукапераймальнае; да вялікай групы слоў тыпу балабо́н ’званочак’, балабо́ніць, бала́каць і г. д. Параўн. бало́бан ’балбатун’ (Бяльк.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
філало́гія
(гр. philologia, ад phileo = люблю + logos = слова)
сукупнасць навук, якія вывучаюць мову і літаратуру якога-н. народа або групы народаў (напр. класічная ф., славянская ф., беларуская ф.).
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
ДЗІЦЯ́ЧЫЯ Я́СЛІ,
дашкольная ўстанова, якая забяспечвае неабходныя ўмовы развіцця і выхавання дзяцей ва ўзросце ад 2 месяцаў да 3 гадоў. У Дз.я. вылучаюць 4 ўзроставыя групы: грудных дзяцей (да 9 мес), «паўзунковая» (9—14 мес), сярэдняя (14—24 мес), старэйшая (2—3 гады). Дзяцей, якім споўнілася 3 гады, прымаюць дзіцячыя сады. З 1959 існуе дашкольная ўстанова, якая аб’яднала Дз.я. і дзіцячыя сады ў адзін тып дашкольнай установы — дзіцячыя яслі-сад.
У яслях дзеці знаходзяцца па 10—11 гадз у суткі; існуюць групы падоўжанага і кругласутачнага выхавання. З дзецьмі працуюць сёстры-выхавальніцы, метадычную і выхаваўчую работу ажыццяўляе педагог-метадыст, лячэбна-прафілактычную — урач. Будуюць Дз.я. паводле тыпавых праектаў на 30—40 месцаў; у групе ад 1 да 2 гадоў — 10, ад 2 да 3 гадоў — 15 месцаў. У апошнія гады колькасць дзяцей у Дз.я. паменшала ў выніку змены заканадаўства аб працягласці дэкрэтнага адпачынку жанчынам (да 3 гадоў). У 1980 на Беларусі было 229 Дз.я. на 20,6 тыс. дзяцей, у 1996—17 Дз.я. на 0,8 тыс дзяцей. Гл. таксама Дашкольныя ўстановы, Дашкольнае выхаванне і навучанне.
Э.А.Вальчук.
т. 6, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУХО́ЎНАСЦЬ,
уласцівае асобе або сац. групе імкненне да пазнання Сусвету, месца і ролі ў ім чалавека, стаўленне да чалавечай асобы і яе творчасці як да вышэйшай мэты і каштоўнасці развіцця грамадства, падпарадкаванне матэрыяльных здабыткаў і інтарэсаў духоўным, маральна-эстэт. здабыткам і каштоўнасцям. Існуюць 3 формы Д.: Д. асобнага індывіда (асобы); Д. сац. групы (напр., інтэлігенцыі) ці грамадства ў цэлым; Д. Бога, абсалютнай ідэі (у Платона, Г.Гегеля). Д. асобы ствараецца ў працэсе духоўнай працы; таму духоўныя адрозненні паміж людзьмі значна большыя, чым біялагічныя. Індывід. Д. становіцца сама сабой і няўхільна развіваецца пры актыўным уключэнні асобы ў духоўную сферу, культуру сац. групы і грамадства, якую яна можа засвоіць і тым самым узбагаціць сваю духоўную сутнасць у працэсе сацыялізацыі, адукацыі і выхавання. Носьбіт індывід. Д. — сац.-псіхалагічны свет пэўнай асобы, грамадскай Д. — сац. супольнасць (група, этнас, нацыя, народ). Д. грамадства трэба разглядаць як інтэграваную цэласнасць у непарыўным адзінстве з мноствам разнастайных індывід. Д. Напр., грамадская Д. бел. народа — сукупнасць духоўных прэдыкатаў, уласцівых гэтаму народу, адзінаму творцу сваёй гісторыі і культуры.
Я.М.Бабосаў.
т. 6, с. 266
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУГЛЯ́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 да снеж. 1943 у Круглянскім р-не Магілёўскай вобл. Кіраўнікі: П.І.Аляксееў, Я.В.Бендзік, М.З.Казлоў, М.С.Радзько, Л.Н.Ракушаў, С.М.Сухоцкі і інш. Падп. групы (больш за 70 чал.) дзейнічалі ў г. п. Круглае, вёсках Ліхінічы, Пасырава, Радча, Ражкі, Слабодка і інш. У канцы студз. 1942 групы аб’ядналіся ў адзіную круглянскую «Арганізацыю барацьбітоў за вызваленне Радзімы» («АБЗВР»). Падпольшчыкі падтрымлівалі сувязь з партыз. брыгадамі 8-й Круглянскай, «Чэкіст», магілёўскім патрыят. падполлем і падпольшчыкамі суседніх раёнаў; распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, здабывалі для партызан зброю, харчаванне, медыкаменты. звесткі пра ўмацаванні, перадыслакацыю і ўзбраенне ворага, падрыхтоўку акупантаў да карных аперацый. У 1942 у Круглым падпольшчыкі спалілі друкарню, ільнозавод, склад нарыхтаваных для адпраўкі ў Германію збожжа і сена, у 1943 — бензасклад у Круглым, маслазавод у в. Слабодка. Пад уплывам іх агітацыі рабочыя Круглянскага льнозавода псавалі абсталяванне, затрымлівалі зборку машын, сяляне зрывалі пастаўкі харч. прадуктаў для акупац. арміі, салдаты варожага «казацкага батальёна» перайшлі да партызан. Пасля арыштаў уцалелыя падпольшчыкі пайшлі ў партызаны.
Л.В.Аржаева.
т. 8, с. 483
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́НШТЭЙН, Манштайн (Manstein) Эрых фон Левінскі (Lewinski; 24.11.1887, Берлін — 10.6.1973),
германскі ваен. дзеяч. Ген.-фельдмаршал (1942). Скончыў ваен. акадэмію (1914). У арміі з 1906, удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1935—38 нач. Аператыўнага ўпраўлення і 1-ы обер-кватармайстар Генштаба сухап. войск. У 2-ю сусв. вайну нач. штаба групы армій «Поўдзень» у Польскую кампанію 1939, потым групы армій «А»; у Французскую кампанію 1940 камандзір 38-га корпуса; камандзір 56-га танк. корпуса (1941) і кіраўнік баявых дзеянняў (жн. — ліст. 1942) у раёне Ленінграда, каманд. 11-й арміяй у Крыме (вер. 1941 — ліп. 1942), групамі армій «Дон» у раёне Сталінграда (з ліст. 1942) і «Поўдзень» на Украіне (люты 1943 — сак. 1944). Адхілены ад камандавання і залічаны ў рэзерв з-за рознагалоссяў з А.Гітлерам. У 1949 асуджаны брыт. ваен. трыбуналам на 18 гадоў зняволення, у 1952 вызвалены. Аўтар кніг успамінаў «Страчаныя перамогі» (1955) і «З салдацкага жыцця, 1887—1939» (1958).
Тв.:
Рус. пер. — Утерянные победы. М., 1999.
Літ.:
Бузукашвили М.И. Крах «Зимней грозы». М., 1984.
т. 10, с. 96
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАШЫ́ННЫ ПЕРАКЛА́Д,
пераклад тэкстаў з адной мовы на другую з дапамогай ЭВМ. Працэс складаецца з аналізу тэксту на ўваходнай мове з пераўтварэннем яго ва ўнутранае (камп’ютэрнае) выяўленне і сінтэзу тэксту на выхадной мове. Задача М.п. з’яўляецца класічнай праблемай штучнага інтэлекту і прыкладной лінгвістыкі.
1-ы этап М.п. зводзіцца да марфалагічнага, сінтаксічнага і семантычнага аналізу зыходнага тэксту: слоўныя формы апрацоўваюцца з мэтай атрымання граматычнай і семантычнай інфармацыі і на яе аснове будуецца сінтаксічная структура кожнага сказа, пасля чаго атрыманая інфармацыя пераўтвараецца ва ўнутранае выяўленне, зададзенае семантычным графам, вяршынямі якога з’яўляюцца паняцці, а дугамі — суадносіны паміж імі. На 2-м этапе праводзіцца сінтаксічны і марфалагічны сінтэз сказаў на выхадной мове на аснове пабудаванага семантычнага графа. Пры гэтым спачатку фарміруюцца паслядоўнасці заведама сумежных слоў, якія аб’ядноўваюцца ў прыведзеныя групы слоў (напр., групы дзейніка, выказніка) і ўпарадкоўваюцца з улікам пэўных правіл расстаноўкі Марфалагічны сінтэз слоў рэалізуецца як працэс, адваротны марфалагічнаму аналізу.
Літ.:
Совпель И.В. Инженерно-лингвистические принципы, методы и алгоритмы автоматической переработки текста. Мн., 1991.
С.Ф.Ліпніцкі.
т. 10, с. 239
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЧЫ́ЛА (Фёдар Апанасавіч) (21.1.1924, в. Бардзілаўка Мінскага р-на — 25.11.1992),
удзельнік партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, журналіст. Засл. работнік культуры Беларусі (1974). Скончыў Рэсп. парт. школу пры ЦК КП(б)Б (1948). Камандзір дыверсійнай групы (партыз. атрад імя С.Лазо 3-й Мінскай партыз. брыгады імя С.Будзённага), якая падарвала 28 чыг. эшалонаў ворага. З 1949 у рэдакцыі газ. «Чырвоная змена». Аўтар успамінаў «Застаюся жыць» (1981).
т. 2, с. 363
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)