Сена́т ‘савет старэйшын, вышэйшы орган дзяржаўнай улады’ (ТСБМ), сэна́т ‘тс’ (Некр. і Байк.), сано́т (Рам. 4). Новае запазычанне з рус. сена́т ‘тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 81) або з польск. senat ‘тс’, якія праз ням. Senat з лац. senātus ‘савет старэйшын’ < senex ‘старац’; гл. Фасмер, 3, 601. Ст.-бел. сенатъ, санатъ, сэнатъ з польск. senat < лац. senātus ‘тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 33).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сма́лец ‘шмалец’ (Шат., Сцяшк., Вешт.), ‘шмалец; нагар у люльцы’ (ТС), сма́лец, сма́ляц, сма́лець ‘тс’ (смарг., баран., беласт., Сл. ПЗБ). З польск. smalec ‘тлушч’ (Сл. ПЗБ, 4, 498). Ужо ст.-бел. (XVI ст.) смалецъ ‘топлены тлушч, шмалец’ < ст.-польск. smalec < ням. Schmalz (Булыка, Лекс. запазыч., 117). Борысь (561) удакладняе паходжанне ст.-польск. smalc < с.-в.-ням. smalz ‘топлены тлушч; шмалец, тлушч, масла’. Гл. шмалец.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трады́цыя ’перадача ад пакалення да пакалення нормаў, звычаяў, поглядаў і інш.’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), трады́ція ’тс’ (Ласт.), ст.-бел. традиция, традыция ’тс’ (XVII ст.), якое праз ст.-польск. tradycyja (XVI ст.) з лац. trāditio (Булыка, Лекс. запазыч., 192) < trādĕre ’аддаваць’, ’перадаваць вусным шляхам’ < trans ’пера-’ і dare ’даць, даваць’ (Длугаш-Курчабова, 501–503; Голуб-Ліер, 485; ЕСУМ, 5, 615).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Труці́зна ‘атрута’ (Нас., Байк. і Некр., Жд. 3, ТС; шальч., Сл. ПЗБ), ‘шкодная для здароўя ежа, выпіўка, лякарства’ (полац., Нар. сл.); ‘ядахімікат’ (Сл. ПЗБ). труты́зна ‘атрута’ (стол., Нар. лекс.), труты́зно ‘тс’ (Клім.; кам., Жыв. НС), турці́зна ‘тс’ (стаўб., Сл. ПЗБ). Ст.-бел. трутизна ‘тс’ (1578 г.) запазычана са ст.-польск. trucizna ‘тс’ (Жураўскі, SOr, X (1), 40; Булыка, Лекс. запазыч., 130).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трэфны, ст.-бел. трефный ‘адборны, рэдкі’, ‘трапны, смешны, жартаўлівы’ (ГСБМ). З польск. trefny, trafny ‘адборны; жартаўлівы; дасціпны’ ад trafiać ‘трапляць у цэль; дасягаць мэты’, што да с.-в.-ням. trëffen ‘тс’ (Вінцэнц). Меркаванне пра крыніцу ў венг. tréfás ‘дасціпны’ (Булыка, Лекс. запазыч., 196) не мае падстаў, хутчэй праз чэш. trefny ‘меткі, адпаведны, падыходзячы’ ў часы ўзмацнення чэшскага ўплыву на польскую мову.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэ́раз ‘цяпер’ (Сл. ПЗБ), тэ́рас ‘тс’ (Сл. ПЗБ, шчуч., З нар. сл.), тэразне́йшы ‘цяперашні, сучасны’ (гродз., Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.), ст.-бел. тэразъ, тэразъ ‘зараз, цяпер’ (XVII ст.), теразнейший, терезнейший ‘цяперашні’ (ГСБМ). Са ст.-польск. teraz ‘толькі што’, tenraz ‘цяпер’ (XVI ст., ESSJ SG, 2, 654; Борысь, 630), сучаснага польск. teraz, terazniejszy з тым жа значэннем (Булыка, Лекс. запазыч., 157).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Маге́рка, маґерка, марге́лка, маде́рка ’круглая высокая або невялікая лёгкая лямцавая мужчынская шапка, якую насілі раней сяляне’, ’род капелюша’ (ТС, Грыг., Дэмб. 2, Мядзв., Маш., Малеч., Макс., Мал., Бяльк., Гарэц., Растарг.). Ст.-бел. макгерка, магерка (1577, 1625 гг.). Рус. маге́рка, укр. маги́рка ’белая лямцавая шапка’. Запазычана з польск. magierka ’венгерская шапка’ < венг. magyar ’венгерскі’ (Булыка, Запазыч., 195; Фасмер, 2, 555; Праабражэнскі, 1, 500, Брукнер, 317). Гл. таксама магер.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гвалт, гвалтава́ць (БРС, Касп., Шат., Бяльк., Нас., Жд. 2, Янк. III), гва́лціць (БРС, Нас.). Ст.-бел. кгвалтъ, гвалтъ, гвалтити, кгвалтовати і г. д. (Булыка, Запазыч.). Рус. гвалт, укр. гвалт. Запазычанне з польск. gwałt, gwałtować, gwałcić і г. д. (а гэта з с.-в.-ням. gewalt). Фасмер, 1, 398; Слаўскі, 1, 382. Параўн. Шанскі, 1, Г, 40. Сюды ж і прыметнік гвалто́ўны ’моцны’ (Нас.), ’гвалтоўны’ (Бяльк.) < польск. gwałtowny.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дані́чка ’гаршчок для кветак, вазон’ (зэльв., Сцяц., Сцяшк. МГ). Запазычанне з польск. doniczka ’тс’ (а гэта ў польск. мове памяншальная форма да donica ’вазон; міска, гаршчок’ < dojnica ’гаршчок для малака’; аб польск. слове падрабязна гл. у Слаўскага, 1, 155–156). Параўн. ст.-бел.: дуница ’гаршчок’ (з XVI ст., Булыка, Запазыч., 103) < польск. dunica ’тс’ (а гэта, відаць, фанетычны варыянт да donica; параўн. Брукнер, 94).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дах ’дах’. Укр. дах ’тс’. Запазычанне (гл. Кюнэ, Poln., 50) з польск. dach ’тс’, якое ўзята (у польск. мове гэта слова вядома з XV ст.) з ням. Dach ’тс’ (да польск. слова гл. Брукнер, 83–84, але Слаўскі, 1, 136, удакладняе, што польск. слова dach запазычана з с.-в.-ням. dach). У бел. мове слова дах засведчана з XVI ст. (гл. Булыка, Запазыч., 88).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)