лупцава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; незак., каго-што і без дап.
1. Біць, хвастаць. Не звяртаючы ўвагі на мой крык, Язэп усё цягаў мяне за вуха і ўвесь час лупцаваў дубцом па спіне. Лупсякоў. Павозкі спяшаліся абагнаць адна адну, салдаты з усіх сіл лупцавалі коней, крычалі, лаяліся. Мележ. // Стукаць, удараць па чым‑н. Крычаў і Федзя: «Дахаты». І таксама лупцаваў лыжкай па стале, тупаў нагамі. Хомчанка.
2. Тое, што і лупіць 1 (у 4 знач.). Да даху і сценах лупцаваў парывісты дождж, абсыпаў шыбы безліччу дробных кропель. Няхай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зве́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
1. Атрымаць даныя, звесткі аб чым‑н.; пазнаць што‑н. Радасна было ісці ўсё далей і далей, каб зведаць невядомае, убачыць нябачанае. Колас. Мой кут лясны! Я змалку добра зведаў тваю лістоту, зоры і дажджы. Русецкі.
2. Спазнаць на ўласным вопыце, перажыць. Усяго давялося зведаць [Шымкевічам] у дарозе: і голаду, і холаду, і са смерцю нос у нос сутыкацца. Чарнышэвіч. «Рай» гэты аказаўся бяздонным пеклам і, каб выбрацца з яго, трэба было зведаць самую цяжэйшую з чалавечых пакут — жыццё без радзімы... Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ме́ткі, ‑ая, ‑ае.
1. Здольны беспамылкова пападаць у цэль. Сярод дваровай чэлядзі быў зухаваты хлапец Максім, майстра на ўсе рукі, надзвычай меткі стралок. Машара. // Дакладна накіраваны ў цэль. Меткі выстрал. Меткі ўдар. □ Група маладых партызан.. навучалася меткай стральбе з вінтовак і аўтаматаў. Шамякін. // Якім без промаху пападаюць у цэль. Меткая вінтоўка. □ Не было таго дня і ночы, каб пад адкос не ляцелі воінскія эшалоны ворага, каб не знішчаліся забітыя меткай партызанскай куляй нямецкія захопнікі. «Беларусь».
2. перан. Тое, што і трапны (у 2 знач.). Меткі фельетон.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
муштрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., каго.
1. Навучаць ваеннай справе жорсткімі метадамі, заснаванымі на механічнай дысцыпліне. Два тыдні яго, навабранца, муштравалі ў павятовым горадзе, навучылі разбіраць і складаць вінтоўку, страляць, аддаваць чэсць афіцэрам і адправілі на Заходні фронт у акопы. Чарнышэвіч. // Выхоўваць, навучаць залішне строга і сурова. Даходзілі да Кастуся чуткі і пра тое, што вучыцца .. [у семінарыі] нялёгка, выкладчыка муштруюць вучняў. С. Александровіч.
2. Мучыць несправядлівымі патрабаваннямі. Быў Міха себялюб і ганарлівец. Старэйшы ў сям’і, ён часта без дай прычыны муштраваў сваю малодшую сястру.. і брата. Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
надрукава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што і без дап.
1. Узнавіць тэкст, лічбы, малюнкі і пад. друкарскім спосабам. Надрукаваць загаловак у газеце вялікімі літарамі. // Напісаць або перапісаць што‑н. на пішучай машынцы. Надрукаваць даведку. Надрукаваць рукапіс.
2. Змясціць у друку; выдаць. Сёлета Толя скончыў трэці курс літаратурнага аддзялення універсітэта.. Адзін яго нарыс днямі надрукавала абласная газета. Брыль. Рыгор памятае, як радаваўся ён, калі надрукаваў у часопісе невялічкі раздзел са сваёй дысертацыі. Арабей.
3. Аддрукаваць усё або частку чаго‑н. Надрукаваць збор твораў пісьменніка. Надрукаваць 10 старонак рукапісу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нама́заць, ‑мажу, ‑мажаш, ‑мажа; зак.
1. каго-што. Пакрыць слоем чаго‑н. ліпучага, вадкага, густога. Намазаць хлеб маслам. □ Алік намазаў мёдам лусту хлеба, узяў касу і кошык і выйшаў са двара. Шашкоў. Увечары [Іван] намазаў дзёгцем юхт[о]выя боты, апрануў паддзёўку і пайшоў. Быкаў.
2. каго-што. Разм. Пакрыць слоем касметычных сродкаў. Намазаць губы. Намазаць шчокі.
3. Разм. Напэцкаць на чым‑н. Намазаць на стале.
4. што і без дап. Разм. Дрэнна, няўмела напісаць, намаляваць і пад.
5. што. Падмазаць чым‑н. Тлуста, не шкадуючы, [Рахмілька] намазаў калёсы. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напаі́ць, ‑паю, ‑поіш, ‑поіць; зак., каго-што.
1. Даць напіцца, выпіць чаго‑н. Напаіць каня вадой. Напаіць гасцей чаем. □ [Жанчына] вельмі шпарка, вынесла малака, напаіла .. [раненых] і павяла кудысьці ў цемень поля. Чорны. І крынічка напаіла, Хлопцу сілы аднавіла. А. Александровіч.
2. Давесці да стану ап’янення. Напаіць гарэлкай. □ Напаіла яго дзяўчынка віном, пан і заснуў без памяці. Якімовіч.
3. перан. Насыціць, напоўніць чым‑н. Напаіць стэп вадою. □ Дажджы над борам прагулі, Карэнні напаілі. Кляўко. Кволы, але непаўторны, .. [пах бэзу] напаіў паветра. Чарнышэвіч. Прыляцела вясна-чараўніца, Напаіла вадою крыніцы. Журба.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напамі́нак, ‑нку, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. напомніць. Зрабіць без напамінку. Падзякаваць за напамінак. Не чакаць напамінку.
2. Паведамленне, зварот, якія напамінаюць аб чым‑н. Прыйсці пасля другога напамінку. Атрымаць напамінак. □ Гэта быў напамінак, дакор самому сабе: дзе б ты ні быў, як бы сябе не адчуваў — пішы! Лужанін. // Прадметы, словы і пад., якія напамінаюць аб чым‑н. Толькі касцёл застаўся, як напамінак аб страшным мінулым. Чарнышэвіч. З-пад ложкаў відаць чамаданы, як напамінак аб тым, што гаспадары не асабліва могуць разлічваць на гэты пакой. Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
немагчы́мы, ‑ая, ‑ае.
1. Неажыццявімы, невыканальны. [Каліноўскі] здагадваўся, што без змены эканамічнага, матэрыяльнага жыцця людзей немагчымы якія-небудзь змены грамадскага і дзяржаўнага ладу. Лушчыцкі. // у знач. наз. немагчы́мае, ‑ага, н. Тое, што нельга ажыццявіць, выканаць. [Шафёр:] — Трэба было спытаць, як хлопец дабраўся сюды, як не трапіў у рукі ворагу, а не патрабаваць немагчымага. Кулакоўскі.
2. Такі, што нельга вынесці, выцерпець; нясцерпны. Немагчымая гарачыня. Немагчымы боль. □ Вельмі карэктна Іван Іванавіч пісаў пра немагчымую абстаноўку ў інстытуце. Асіпенка. // Незвычайны. Каб захапіць слухачоў, Генька часта ішоў на самыя немагчымыя гіпербалы. Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нудо́та, ‑ы, ДМ ‑доце, ж.
Разм.
1. Тое, што і нуда (у 1, 3 знач.). Па.. [Язэпку] напала такая нудота, што хацелася кінуць-рынуць усё ды бегчы без аглядкі. Якімовіч. Серафіме думалася, што стары тырчыць тут на кухні ад нудоты, нават замінае ёй сваімі роспытамі. Сабаленка. Лес плакаў па сонцы і леце. Асенняя пустэча і нудота былі і тут. Хомчанка.
2. Пра млосны стан, які бывае перад рвотай. Адчуваючы стомленасць, боль у зацёкшай параненай назе, нудоту ад выкураных самакрутак, Сяргей складваў усё напісанае ў стосік. Сіўцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)