Лупану́ць ’рвануць, пацягнуць’ (ТС), ’моцна ўдарыць’ (віл., Сл. ПЗБ), лупяну́ць ’тс’ (Нас., ТСБМ), лупену́ць ’тс’, ’раздзерці’, ’падраць’, ’наесціся’ (ТС), лупляну́ць ’выцяць’ (Юрч. Вытв.), лупяну́цца ’упасці, пабіцца’ (Нас.). Да лупі́ць 1 (гл.). Аб суфіксе ‑ану‑ гл. Бел. гр. 2 (1, 328–329) і Слаўскі (SP, 1, 44–45). Мяккасць папярэдняй зычнай залежыць ад мяккасці зычнай словаўтваральнай лексемы, таму можна меркаваць, што формы з ‑ану‑ ўзыходзяць да лупа́ць < прасл. lupati ’ўдараць, біць, стукаць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гара́чка ’гарачка’ (БРС, Сцяшк. МГ), ’тыф’ (Шат., Касп.). Рус. горя́чка, укр. гаря́чка, горя́чка, польск. gorączka чэш. horečka і г. д. (гл. Слаўскі, 1, 319). У аснове ляжыць стары слав. дзеепрыметнік *gorǫt‑, *goręt‑ (гл. гара́чы), ад якога суфіксам ‑ka быў утвораны адпаведны назоўнік (Слаўскі, там жа; там і аб праблематыцы, звязанай з польск. суфіксам ‑cz‑). Вельмі няпэўна Шанскі, 1, Г, 145, які гэту групу слоў лічыць звязанай з дзеясловам тыпу рус. горячи́ть (?!).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Дапля́гі ’шмат, многа’ (Сцяшк.). Мусіць, запазычанне з польск. do plagi ’тс’ (гл. пля́ґа) або можа быць самастойным утварэннем на беларускай глебе ад запазычанага з польск. мовы слова пля́га (пля́ґа). Лексемы такога тыпу вельмі лёгка запазычаюцца з адной мовы ў другую. Словы плякга, пляга, плакга, флякга ’няшчасце’ вядомы ўжо ў ст.-бел. мове (гл. Булыка, Запазыч.). У польск. мове гэта лацінізм (лац. plaga; аб гэтым гл. Брукнер, 416–417).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Наўсёды ’заўсёды’ (Яруш.). Відаць, наватвор пачатку XX ст.; на- замест за‑, пашыранага ў большасці славянскіх моў у адпаведніках бел. заўсёды (гл.), магчыма, пад уплывам рус. навсегда ’назаўсёды’, дакладвай структурнай копіяй (не калькай!) якога з’яўляецца разглядаемае слова; аднак параўн. наусёгда: помні наўсёгда (ТС), наўсягды ’назаўсёды’ (Жд. 1), наўсюдых ’усюды’ (Нас.), наўсюды ’тс’ (Бяльк.), што можа сведчыць аб старажытным характары пачатку слова, пра фарміраванне пачатковага словаўтваральнага комплексу гл. таксама паў-.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кандалы́ ’абутак на драўлянай падэшве’ (паст., Сл. паўн.-зах.; ТС; Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.). З рус. кандалы ’кайданы’ — паводле падабенства: у такім абутку ідучы, чалавек моцна грукае аб падлогу, як у кайданах. Рус. лексема кандалы (са ст.-рус. кайданы, койдалы, кандалы), дыял. кайданы, кайдалы — у выніку распадабнення й…н > н…л > суч. рус. кандалы́) < з араб. qajdāni парны лік ад qajd ’завязка’ праз тур. kajd ’завязка’ (Фасмер, 2, 23–24, 178).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ара́ты. Тыпова беларускае пераўтварэнне ст.-бел. ратай, оратай, адлюстроўваючых праслав. *ortajь (< *or(ti) + (t)‑ajь) па ўзору памагаты, прыганяты. Ратай, аратай — архаізмы (Шадурскі, дыс., 261), якія адзначаюцца і ў дыялектах (Смул., 160–161). Форма ратай, як і літ. artójas, адносіцца да агульнага балта-славянскага фонду (Траўтман, 13; Фрэнкель, 17; Смулкова, Лекс. балтызмы, 37). Меркаванні Мартынава (Лекс. балгызмы, 24) аб магчымасці запазычанага характару гэтага слова з балт. выклікаюць пярэчанні.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ачы́так ’расходнік, Sedum’ (мін., Кіс.), очыток (Бесар.), укр. очиток, рус. очиток. Згодна з Мяркулавай, Очерки, 109, укр. і рус. формы з очисток (у сувязі з яго лекавымі, ачышчальнымі якасцямі), аднак пры гэтым цяжка вытлумачыць выпадзенне ‑с‑; параўн. іншыя назвы расліны адцытнік, сытнік (захад Беларусі, гл. Кісялеўскі, Аб нек. асабл., 28), да семантыкі гл. польск. дыял. odczynić ’вылечыць’, odczyna ’нейкая расліна’ (Карловіч); геаграфія слова не дазваляе звязаць яго з чыты ’цвярозы’ (Касп.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бабайкі́ ’вёслы’ (калінк., Цыхун, вусн. паведамл.). Рус. дыял. баба́йка, укр. баба́йка. Этымалогія слова няясная; параўноўваюць з рус. баба́шка ’паплавок на вудачцы’ (ад баба дошка’); так Праабражэнскі, 1, 10; Фасмер, 1, 100; Рудніцкі, 46. Здаецца, аднак, што гэта днястроўска-дунайска-чарнаморскі тэрмін, які ўзнік у румынска-ўкраінскім асяроддзі, а адтуль (у якасці рачнога тэрміна) быў запазычаны ў рус. і бел. мовы (меркаванні аб гэтым — Краўчук, ВЯ, 1968, № 4, 124).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Банке́т. Ст.-бел. банкет, з канца XVI — пачатку XVII ст. (Булыка, Запазыч.). Рус. банке́т, укр. банке́т (ужо з XVI ст.). Запазычанне з зах.-еўрап. моў. Параўн. ням. Bankett (< італ. banchetto), франц. banquet (да гісторыі слова гл. Клюге, 49; MESz, 1, 240; Фасмер, 1, 121). Улічваючы націск у слове, Фасмер адхіляе пасрэдніцтва польскай мовы, але націск ні аб чым у дадзеным выпадку не сведчыць. Няясная фанетычна бел. дыял. форма банкот (Булг.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Блат, па бла́ту (БРС), блатны́. Рус. блат, блатно́й, укр. блатни́й. Слова, якое пранікла са зладзейскага арго. Мабыць, з польск. blat ’той, хто захоўвае па знаёмству і да т. п.’ < яўр.-ням. blat. Гл. Фасмер, 1, 172; Хрысціані, AfslPh, 32, 265; Трахтэнберг, Блат. муз., 182 і далей; Шанскі, 1, Б, 136. Некаторыя іншыя версіі гл. Фасмер, там жа. Параўн. яшчэ ўкр. дыял. блят (аб гэтым Рудніцкі, 153). Гл. таксама блатаваць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)