чалаве́к, ‑а; мн. людзі, ‑ей і ўспалучэннізколькаснымісловамі чалавекі, чалавек, чалавекам, чалавекамі, аб чалавеках; м.
1. Грамадская істота, якая мае высокаарганізаваны мозг, валодае мысленнем, маўленнем, здольнасцю вырабляць прылады працы і мэтанакіравана выкарыстоўваць іх для ўздзеяння на навакольны свет. За апошнія гады багаты палескі край асабліва шпарка ўдасканальваўся савецкім чалавекам.Чорны.— Кожнаму чалавеку даецца права абрабляць зямлю сваімі рукамі, — заўважыў Іваніцкі.Мурашка.Чалавек на зямлі будзе жыць без замкоў, Бо замкі — сваякі збітых рабскіх акоў!Гілевіч.//чаго або які. Асоба як увасабленне пэўных духоўных або фізічных якасцей, уласцівасцей, службовых характарыстык і пад. Добры чалавек. Хворы чалавек. Стары чалавек. Чалавек справы. □ [Конан:] — Замыкаю [лодку] ад ліхога чалавека.Лобан.// Ужываецца ў значэнні займенніка: «ён», «нехта», «той». — Ціха, ціха! — замахаў Аніс шапкай. — Дайце чалавеку сказаць.Дуброўскі.[Карнейчык:] Тут чалавек жаніцца нарыхтаваўся, а вы перад ім сямейныя сцэны разыгрываеце.Крапіва.// Ужываецца ў спалучэнні з лічэбнікам або прыслоўем для ўказання на колькасць асоб. Паднялі дзесяць чалавек, і Арсень не прамінуў забраць большасць іх у свой узвод, паколькі меў права выбару.Хадкевіч.
2.Разм. Муж; мужчына. Жанчына ведала нораў свайго чалавека: калі яму што ўбілася.. ў галаву, дык лепш не чапай, бо бяды не абярэшся.Сабаленка.
3. Асоба як выражэнне высокіх маральных і інтэлектуальных рыс, духоўных якасцей. — Будзь старанным, сынку, — Станеш чалавекам, Будзеш ты чытаць нам, Цёмнікам, няўмекам.Колас.[Дзядзька Пракоп:] — Ну, як тут мой студэнт? — Нішто сабе, — адказвала настаўніца. — З яго будзе чалавек.Сабаленка.
4.Разм. Слуга ў тракціры, рэстаране. Успамінаецца Ваську не жыццё, а нейкае непаразуменне, быў падкухарам, быў і чалавекам у тракціры, потым неяк здарылася — захляснула Ваську жыццё цёмнай хваляй.Лынькоў.
•••
Неандэртальскі чалавек — тое, што і неандэрталец.
Боскі (божы) чалавек (уст.) — старац.
Добры чалавек — ласкавы зварот да незнаёмага. — Братцы! Адкуль вы? — З-пад Бягомля, добры чалавек! — адказаў дзядзька Мікалай.Ставер.
Малады чалавек — зварот да маладога мужчыны або мужчыны маладзейшага ўзросту. — Вам, малады чалавек, варта было адпачыць, — павярнуўся .. [Няслаўскі] да Ігнася.Мурашка.
Наш чалавек — хто‑н. блізкі, свой.
Свой чалавек — роўны каму‑н. па становішчу, аднаго светапогляду; аднадумец, той, якому можна даверыцца.
У рост чалавекагл. рост.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шнур, ‑а́, м.
1. Тонкая вяровачка, звітая з некалькіх кручаных нітак ці некалькіх пасмаў. Аднойчы, калі Люся з маці развешвалі на шнуры ля палаткі бялізну, .. [кухар] нячутна падышоў да іх.Даніленка.Палазок кінуўся на афіцэра, схапіў яго за рукі і скруціў іх шнурам ад кабуры нямецкага рэвальвера.Колас.// Тонкая вяровачка, звычайна каляровая, якая служыць для ўпрыгожання чаго‑н. Ўсе леснікі былі ўжо ў зборы У лепшым стражніцкім уборы: У новых куртках са шнурамі, А на грудзінах са знакамі.Колас.// Рыбалавецкая снасць у выглядзе доўгай вяроўкі з кручкамі. Каля шалаша Віктар у вялікім медным рондлі гатаваў над агнём юху. Нанач яны з Мінам Міхайлавічам паставілі нажыўлены жыўцамі шнур, а раніцай знялі з дзесятак акунёў і два невялікія самы.Краўчанка.Тут [на рэчцы] лавіліся добрыя акунькі, траплялі шчупакі на шнур.Лынькоў.
2. У цесляроў — вяроўка, звычайна намазаная мелам або вугалем, для адбівання прамой лініі, разбіўкі, трасіроўкі і пад. Жанчыну так і цягне на двор, да новага зруба. І яна бяжыць — то набраць з-пад сякеры пахучых смалістых трэсак, то патрымаць чорны шнур, якім адсякаюць прамую лінію пад чэс.Хадановіч.
3. Электрычны провад, які складаецца з некалькіх ізаляваных жыл. [Маці] кідаецца да разеткі, вырывае шнур. — Ты толькі пабач! — звяртаецца яна да бацькі. — Не дзяўчынка, а нешта неверагоднае!Гарбук.
4. Чарада (птушак). Лета ад нас адлятае, За небакрай адлятае. Шнурамі гусей крыклівых, Чародамі тлустых шпакоў.Жычка.І заўтра ўдваіх яны [Лявон з сяброўкай], можа, Не ўбачаць у ранішні час, Як сонца ўзыходзіць прыгожа, Як шнур жураўліны ад нас, Кідаючы кліч сумнаваты, На цёплыя воды ляціць...Бялевіч.// Шэраг аднародных прадметаў, размешчаных адзін за адным. Доўгі шнур падвод на момант затрымаўся, пасля пярэдняя завярнула на аб’езную сценку.Гартны.
5. Вузкая палоска зямлі. Асабліва кідаецца ў вочы сваёй убогасцю ярына па вузкіх шнурах, што падымаюцца на пясчаныя ўзгоркі і, дабегшы да сярэдзіны, хаваюцца па другі бок іх.Колас.Зрэдку паводдаль ад вёсак кавалкі поля, падзеленага на шнуры. Гэта аднаасобніцкая зямля.Галавач.
•••
Вогнеправодны (бікфордаў) шнур — вяроўка ці тоўстая нітка з порахам унутры, якая служыць для перадачы іскры зараду.
[Ням. Schnur.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шчы́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, у якім цесна злучаны састаўныя часцінкі; які змяшчае вялікую колькасць рэчыва ў малым аб’ёме. [Дзядзя Міша:] — Што ж ён [Грышка], небарака, будзе адчуваць, калі спадарожнік пачне зніжацца, увойдзе ў шчыльныя паветраныя пласты?Паслядовіч.Урэшце, лакатары бачаць і ў больш шчыльным асяроддзі.Шыцік.Пыл шчыльным слоем накрываў.. галовы [Міколы і Дзімы].Аляхновіч.Аж па дах шчыльны снег замятае барак.А. Вольскі.// Густы, праз які не пранікае святло; непранікальны. Сонца не магло правіць шчыльную заслону.Савіцкі.З усіх бакоў насоўвалася чарната — шчыльная, злавесная.Карпаў./уперан.ужыв.Трохтонка вырвалася З цішыні шчыльнай — Прастуе па бальшаку.Барадулін.// З частым перапляценнем (пра тканіну). Вялікія вокны былі напалову заценены цяжкімі шчыльнымі барвова-чорнымі парцьерамі.Новікаў.
2. Які складаецца з блізка размешчаных адзін ля другога асоб, прадметаў, частак; часты. Быў гэты гарадок: маленькі, ціхі, пусты, з вузкімі кароткімі вуліцамі, з нізкімі драўлянымі домікамі за шчыльнымі і высокімі платамі.Адамчык.Дрэвы адступаюць .. [падарожніка] шчыльнай сцяной, нібы свядома перашкаджаючы выбрацца з лесу.В. Вольскі.Садзяцца хлопцы ў шчыльны круг Каля рыбацкага кастра.Смагаровіч.
3. Які мае мала прасторы, з абмежаванай прасторай; цесны. У ракавіне шчыльнай Вандроўнік сядзяць.Танк.
4.перан. Дасканалы, плённы, прадукцыйны. Дадатковая электраэнергія можа быць выпрацавана на гідраэлектрастанцыях без устаноўкі новых магутнасцей. У гэтым выпадку толькі больш шчыльным стане рэжым іх работы.«Звязда».// Насычаны, напоўнены якімі‑н. падзеямі, мерапрыемствамі і пад. У летнія месяцы спартыўны каляндар бывае асабліва шчыльным.«Беларусь».// Хуткі, безупынны. — А дзе ён сёння, Сцяпан Антонавіч? — улучае хвіліну, каб утачыцца ў шчыльную Марыніну гаворку, Зіна.Палтаран.// Моцна звязаны, з’яднаны агульнымі інтарэсамі, мэтамі, задачамі і пад. Узаемная прыязнь,.. загартаваная выпрабаваннямі ў агні, стварала шчыльную баявую сям’ю.Брыль.Такі быў склаўся шчыльны дружны гурток, засяроджаны ў прытульным пакойчыку Веры Засуліч.Зарэцкі.На шчыльную еднасць з народам нас заўсёды накіроўвае партыя.Лужанін.Трымаючы шчыльную сувязь з атрадам, .. [Лялькевіч] рабіў нешта значна большае...Шамякін.
•••
Шчыльны агонь — абстрэл, пры якім па кожны ўчастак фронту, плошчы, якая абстрэльваецца, падае вялікая колькасць мін, куль, снарадаў і пад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
То́ргаць1 ’цягнуць не роўна, а рыўкамі, рэзкімі рухамі’ (ТСБМ, Касп., Сл. ПЗБ, ТС; бялын., Янк. Мат.): то́ргаў трактор трактора з ямы (ТС), ’тузаць за лейцы, прымушаючы каня ісці’ (ТСБМ), то́ргыць ’чапаць’ (Бяльк.), тарга́ць ’цягаць, валачы ў розныя бакі’, ’тузаць, шморгаць’ (Нас.), то́ргаті ’тузаць аснову красён’ (лун., Шатал.), то́ргаць ’кляваць, прыводзіць у рух паплавок’ (ТСБМ, ТС), ’дрыжаць, пацепвацца, перасмыквацца’ (ТСБМ), ’торгаць пры нарыванні (з болем), балець праз аднолькавыя прамежкі часу, тузаць пры нарыванні’ (ТСБМ, Шат., Жд. 2, Жд. 3, Сл. ПЗБ; бялын., Янк. Мат.), то́ргаты ’нарываць’ (бяроз., ЖНС), ’шморгаць, часаць лён’ (Клім., Горбач, Зах.-пол. гов.), ст.-бел.торгати ’тузаць, церабіць, рваць’ (Сл. Скар.), сюды ж то́ргацца ’тузацца’ (Касп.), выклічнік торг: торг‑торг ’тык-мык’ (віл., Сл. ПЗБ). Укр.харк.то́ргати ’тузаць’, рус.то́ргать ’штурхаць’, ’тузаць’, ’тармасіць’, ’цягаць, скубці’, ’ірваць (лён)’, ’вымотваць нервы’; польск.targać ’тс’, ст.-польск.tergać, н.-луж.tergaś ’ірваць, раздзіраць’, ’тузаць’, ’тармасіць’, ’шчыпаць’, ’цягнуць’, ’перакідаць, зносіць’, ’разбіваць’, в.-луж.torhać ’тс’, ’драць’, ’вырываць’, чэш.trhati ’тс’, ’зношваць (адзенне, абутак)’, ’падрываць (скалу)’, ’пацепваць (плячом)’, славац.trhať ’тс’, ’торгаць пры нарыванні’, ’зрываць (адзенне)’, ’рэзаць (слых)’, славен.tŕgati ’рваць, зрываць’, ’расхопліваць (тавар)’, ’разрываць (адносіны)’, ’раздзіраць (адзежу)’, ’адломваць, адрываць’, харв.tȑgati, серб.тр̏гати ’рваць’, ’зрываць (плады)’, ’тузаць пры нарыванні раны’, макед.трга ’торгаць, цягнуць рыўкамі’, ’ад’язджаць’, ’піць з бутэлькі’, ’цярпець, пакутаваць, мучыцца’, балг.тъ̀ргам (Младэнаў, 640), тръ̀гвам, тръ̀гна ’ад’язджаць, рухацца ў дарогу, адыходзіць’, ’лахаць па розных месцах’, ст.-слав.истръгати ’разрываць, перарываць’, истръгнѫти ’вырваць, выцягнуць’, ’адабраць ад каго-небудзь’. Прасл.*tъrgati, звязанае чаргаваннем галосных з *tьrg‑ (Фасмер, 4, 83), *tr̋gati або *trgãti (Сной₂, 782; Рэйзак, 673) ці *tr̥gati (Борысь, 627), роднасныя лац.tergēre ’выціраць, асушаць, чысціць’, ’казытаць’, ст.-грэч.τρώγω ’грызу, хрумстаю, ем’, арм.tʼurc ’сківіца’, тахар. A і тахар. Btrask ’жаваць’. Махэк₂ (651) прасл.*tъrgati супастаўляе з лац.stringere ’зрываць з паверхні, абрываць’, ’жаць, касіць’, ’злёгку драпаць, раніць’, ’датыкацца’ (з s‑mobile, якое ў *tьrgati страцілася), сцвярджаючы, што ‑r‑ тут не з’яўляецца каранёвым, звязвае яго з прасл.*tęg‑ ’цягнуць’, а Фасмер (там жа) — са ст.-інд.tṛṇḗḍhi ’расколаты, раздроблены’. Тым не менш Скок (3, 499), як і Борысь, Рэйзак і Сной, мяркуе, што прасл. лексема ўзыходзіць да і.-е.*ter‑ ’церці’, пашыранага фармантамі ‑gh‑ і ‑g̑h‑. Блізкім да то́ргаць (варыянт з азванчэннем пачатковага зычнага?) з’яўляецца до́ргаць ’торгаць’, ’патузваць чым-небудзь’, ’прагна хапаць ежу’, ’ванітаваць’, раздо́ргаць ’стан, калі нападае лютасць, ашалеласць, раз’юшанасць’ (Нас.), дэ́ргаты, да́ргаты ’часаць лён на грэбні’ (Уладз.), якое да прасл.*dьrgati, параўн. укр.де́ргати ’тузаць, торгаць’, дыял.де́рʼгати ’часаць (валакно)’, рус.дёргать ’торгаць’, ’рваць, выцягваць’, ’цягнуць’, ’рабіць рэзкі рух’, смал.дарга́ть ’раздзіраць’, стараж.-рус.дьргати ’торгаць’, польск.dziergać, старое dzierzgać ’фастрыгаваць’, ’вязаць’, н.-луж.źergaś ’часаць лён’, чэш.drhati, ст.-чэш.držěti se ’трэсціся’, drhat ’калыхаць’, dŕhat ’шчыпаць курыцу’, славен.dŕgati ’церці, месці’, dŕzati ’часаць’, ’шчыпаць траву’, балг.дъ́рзам ’мяць лён, трапаць яго’, якія суадносяць з *dьrati пашыраным на ‑g‑ < і.-е.*derH‑gh‑ ’цягнуць, ірваць, торгаць, здзіраць скуру’ (Фасмер, 1, 500–501; ЭССЯ, 5, 221; Сной₂, 124; Махэк₂, 127; ЕСУМ, 5, 603).
То́ргаць2 ’крычаць (пра драча)’ (ТСБМ). Слова пабудавана на гукаперайманні крыку гэтай птушкі, падобнага да дорг! (рус.дёрг!, польск.der‑der!), якое паўтараецца да 15 разоў (Праабражэнскі, 1, 179; Фасмер, 1, 501; Булахоўскі, ИАН ОЛЯ, 7, 103; Струтынскі, Nazwy, 114).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ságenvt
1) гавары́ць, каза́ць;
man sagt ка́жуць;
das lässt sich leicht ~ ! лёгка каза́ць!;
geságt – getán сказа́ў – зрабі́ў;
wie man zu ~ pflegt як ка́жуць, як гаво́рыцца, як той каза́ў;
so zu ~ так бы мо́віць;
wenn man so ~ darfкалі́ мо́жна так сказа́ць [вы́разіцца];
das muss man ~ гэ́та трэ́ба прызна́ць;
dagégen ist nichts zu ~ су́праць гэ́тага не прыхо́дзіцца пярэ́чыць;
j-metw. ~ lássen* перада́ць каму́-н. (на словах, праз трэцюю асобу);
lássen Sie sich geságt sein! ма́йце гэ́та на ўва́зе, по́мніце пра гэ́та! (з пагрозай);
sich (D) etw. nicht zwéimal ~ lássen* не застаўля́ць сябе́ ўпро́шваць;
damit ist álles geságt гэ́тым усё ска́зана;
es ist nicht zu viel geságt без перабо́льшвання мо́жна сказа́ць
2) зна́чыць;
das hat nichts zu ~ гэ́та нічо́га не зна́чыць;
◊
ságe und schréibe літара́льна, сло́ва ў сло́ва; сама́е ма́лае са́ма менш, ні даць, ні ўзяць;
ságe und schréibe húndert Éuro пішу́ про́піссю: сто е́ўра;
das hat mich, ságe und schréibe, húndert Éuro gekóstet я за гэ́та заплаці́ў ні мно́га, ні ма́ла – сто е́ўра;
ich hábe ihn, ságe und schréibe, zéhnmal gefrágt я пыта́ўся ў яго́ літара́льна дзе́сяць разо́ў;
er hat hier nichts zu ~ ён тут не распараджа́ецца
Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.)
цягну́ць, цягну, цягнеш, цягне; незак.
1.каго-што. Узяўшы за край, канец чаго‑н., перамяшчаць, набліжаць да сябе з сілай, намаганнем. Цягнуць канат. □ [Зёлкін:] (цягне за ручку дзвярэй). Замкнёна.Крапіва.[Дзеці] давай скакаць вакол маці і цягнуць за фартух і спадніцу.Бядуля.// Імкнуцца завесці, наблізіць да сябе, да якога‑н. месца. Малы.. лавіў неспадзеўкі сваю ўласную нагу і цягнуў яе ў рот.Крапіва./уперан.ужыв.Кожны млын на сваё кола ваду цягне.Прымаўка.// Ухапіўшы, трымаючы за што‑н., прымушаць каго‑н. ісці з сабой ці за сабой. Пніцкі трымаў.. [цыгана] пад руку і цягнуў наперад.Чорны.Насустрач беглі жанчыны, цягнулі за рукі дзяцей.Лынькоў.Каза ленавата спускаецца ўніз і цягне за сабой Марыльку.Кулакоўскі.// Замацоўваць, пракладваць паступова ў пэўным напрамку (провад, трубы і пад.). Цягнуць лінію сувязі. Цягнуць трубаправод.
2.каго-што. Перамяшчаць за сабой з сілай, намаганнем, не адрываючы ад паверхні; валачы. Усе будаваліся, кожны як мог — на кані, на валах, а сёй-той і на сабе — цягнуў з лесу бярвенне, жэрдкі, плахі.Сачанка.Раз’юшаны Франц трымаў адной рукой за адарваны каўнер Эдзіка, а другой цягнуў, як якую качаргу, па зямлі вінтоўку.Даніленка.// Пакідаць за сабой (след, баразну і пад.). Чалавек сядзеў на санках бокам, ногі яго цягнулі па белай роўнядзі перарывістую баразну.М. Стральцоў.А ліс-хітрэц, выжыга чуткі, Па снезе цягне шнур раўнюткі: Слядок з слядочкам супадае, Бы лапка тут адна ступае.Колас.
3.што. Выцягваць, працягваць у якім‑н. напрамку (шыю, рукі і пад.). Чарада індыкоў і качак цягнула шыі праз плот да яды.Чорны.Дзюбку цягне з гнязда птушаня, просіць есці.Барадулін.// Накіроўваць куды‑н. у час росту (лісты, кветкі і пад.). А дзівосны дзівасіл Цягне кошыкі з бурштыну Пад блакітны небасхіл.Агняцвет.
4.што. Падаўжаць або пашыраць выцягваннем, нацягваннем. Цягнуць шкурку зайца.//Спец. Вырабляць выцягваннем. Цягнуць дрот.//Спец. Апрацоўваць, выцягваючы для атрымання дроту, ніцей. Цягнуць серабро.
5.каго-што. Сілай цягі перамяшчаць за сабой, везці. Сёстры, маткі спіны гнулі, На сабе плугі цягнулі.Броўка.Болей не знаем Сох на загонах, — Трактар нам цягне Плугі, бароны.Купала.Буйвалы.. павольна цягнулі скрыпучую арбу.Самуйлёнак.// і без дап. Быць здольным перамяшчаць што‑н., мець тую або іншую сілу цягі (пра машыны, жывёлу і пад.). Гняды часта фыркаў, але цягнуў добра, без натугі.Чыгрынаў.// Адцягваць уніз, перамяшчаць у пэўным напрамку сілай цяжару, сілай цячэння і пад. Мокрае адзенне і рухацца перашкаджала і ўніз цягнула.Маўр.Вада круціла [Надзю], шалёна кідала ў бок, уладна цягнула на дно.Лынькоў.//перан. Выклікаць, мець што‑н. вынікам. [Слабасць канфлікту] звычайна цягне за сабой слабасць кампазіцыі, вяласць сюжэта, схематызм і бледнасць у паказе дзеючых асоб.«ЛіМ».
6.каго-што. Разм. Несці што‑н. цяжкае або ў вялікай колькасці. Летняя ноч кароткая, а цягнуць камень праз лес цяжка.С. Александровіч.Мне не было ніколі ў галаве, Што буду я .. Цягнуць к варожым штабам на плячы Гранат цяжкія звязкі, Скрынкі з толам.Астрэйка.
7.што. Прыкладаючы сілы, намаганні, несці якія‑н. абавязкі, выконваць якую‑н. работу (звычайна цяжкую). Скончыўшы школу, Якім пайшоў у калгас на сталую работу і ўсё цягнуў нароўні з дарослымі мужчынамі.Дуброўскі.//каго-што. Дапамагаць у вучобе, службе; садзейнічаць поспеху. [Язэпа] мучыла адна думка: чаму Гаравы выбраў іх калгас, каб цягнуць яго ў перадавікі па раёне?Асіпенка.Не той наперадзе, хто адагнаў, а той наперадзе, хто за сабою цягне.Прымаўка.
8.каго-што. Даставаць адкуль‑н., падымаючы на паверхню. Узлез [Банадысь] на лёд, растапырыў ногі, упёрся каленьмі ў тын, прысядаў і цягнуў ваду.Чорны.[Дзядзька:] — Цягну, а ён [шчупак] аж гне вудзільна, Ну, чуць не вырве яго з рук.Колас.// Вымаць, выцягваць (тое, што засела, замацавалася). Цягнуць цвік.//Разм. Вымаць, даставаць што‑н. з сярэдзіны. [Астап:] — Давай, дачка, цягні з печы, што ў цябе там.Лынькоў.
9.што і без дап. Смактаць, уцягваць (што‑н. вадкае). Невядома было, адкуль яны [сосны] цягнулі смалу на адным чэрствым жоўтым пяску.Пташнікаў.[Пятрусь:] — Ён [камар] давай гэта носам торкаць, шукаць сабе шчыліны. Чакай, думаю, цягні.Брыль.// Піць, уцягваючы губамі; піць павольна. Стрэлачка смешна пакручвала галавой, узмахвала хвосцікам і, зажмурыўшыся, з асалодай цягнула з бутэлькі малако.Даніленка.Нейкі час мы моўчкі цягнулі піва, цягнулі павольна, глыток за глытком.Васілёнак.Дэголевец .. павольна цягнуў з бакала [віно].Шамякін.// Убіраць у сябе (дым); курыць. Дзядзька нездаволена соп і цягнуў густы дым цыгарэты.Пянкрат.
10.каго-што. Разм. Прымушаць ці пераконваць ісці, ехаць і пад. з сабой, за сабой куды‑н. Цягнуць на каток. □ Марынка цягнула Яўгена ў кіно, у тэатр, у парк, на які вечар ці канцэрт.Хадкевіч.//перан. Схіляць на чый‑н. бок, на якія‑н. пазіцыі. Рыгор, мусіць, ужо так і думае, што Верамейчык цягне за багатага.Крапіва.//перан. Прыцягваць да адказнасці, аддаваць пад суд. [Полька:] — А нас у суд цягнуць — пакража з узломам.Грахоўскі.
11.каго-што. Вабіць да каго‑, чаго‑н., куды‑н. Зусім іначай жыў Анісім зімою, калі лес цягнуў у свае прыціхлыя, заснежаныя сховы і нетры кожнага, у каго хоць калі білася ў жылах кропля паляўнічай крыві.Сачанка.Раней мяне сюды [у музей] цягнула таямнічая маўклівасць старажытных рэчаў.Карпюк.Грыбы цягнулі ў лес мяне, Хоць ногі ў лагчыне зяблі.Свірка./убезас.ужыв.Мяне цягнула ў гэтыя ўрочышчы, карцела даведацца, а што далей, там, за імі.Марціновіч.Ніну ўсё больш і больш цягнула да Васіля Кузьміча.Лобан.//безас.каго-штодачаго і зінф. Мець імкненне да якога‑н. занятку. Андрэя Завацкага не дужа цягнула да навукі.Ваданосаў.Вучоная кар’ера .. не спакусіла Адама, яго больш цягнула да гаспадаркі.Кудраўцаў.
12.безас.каго-штонашто і дачаго. Адчуваць патрэбу ў чым‑н., хіліць на што‑н. (пра які‑н. фізічны, псіхічны стан). У аўтобусе — доўгім і раскошным — калыхала ззаду і цягнула на сон.Пташнікаў.А цяпер Андрэя не цягнула да жартаў. Ён сядзеў у гурце каля агню, курыў, а думкі луналі далёка.Чарнышэвіч.//зінф. Хацець, мець жаданне. [Няміру] ўсё цягнула пайсці зноў глянуць на попелішча свае хаты.Чорны.Сцяпан усё мацней і мацней захапляўся Маяй. Цягнула падысці да яе, загаварыць, але ён не знаходзіў прычыны.Дуброўскі.
13.што. Разм. Патрабаваць, вымагаць (грошы). Кажуць, быў вялікі хабарнік гэты царскі служка. Цягнуў і з жывога і з мёртвага, хто яго не ведаў!В. Вольскі.// і без дап. Незаконна браць, прысвойваць што‑н.; красці. Саўка не з тых вартаўнікоў, якія самі цягнуць і другім патураюць.Ермаловіч.
14.што і без дап.(сасловамі «клін», «шнур» і пад.). Ісці, рухацца ў пэўным парадку. Жураўлі па небу цягнуць клін З родных месц к цяплу, На дальні поўдзень.Астрэйка.Касцы ідуць то грамадою, То шнурам цягнуць, чарадою, То паасобку, то па пары.Колас.
15. Слаба дзьмуць, рухацца, ісці (пра паветра). З акна цягнула свежае паветра, відаць былі зоры.Гурскі.//безас.чым. Веяць, абдаваць (цяплом, холадам, якім‑н. пахам і пад.). Ад вады цягнула холадам, хвалі, невысокія, прасвечаныя па-шкляному наскрозь сонцам, мякка цмокалі ў бераг.Хомчанка.А з гары цягнула пахам ліповага цвету, дбайна назапашанага Рагінаю на доўгую зіму.Адамчык.Ад грубкі цягне прыемным цяплом. Гаркавата пахнуць асінавыя дровы.Каршукоў.//што. Прыносіць з сабой (пра паветра). Узнімаўся вецер, цягнуў вострую свежасць.Чорны.
16.што. Марудна рабіць, занадта доўга займацца чым‑н. Цягнуць судовую справу.//без дап. Марудзіць з ажыццяўленнем чаго‑н. Сімон не любіў доўга цягнуць, калі датычылася справы.Самуйлёнак.[Эма:] — Збірайся [Таня], а я пайду за рамізнікам. Вырашылі, дык няма чаго цягнуць.Машара.
17.што. Павольна, марудна гаварыць, спяваць і пад. Бурат .. на невялічкім мангольскім коніку аб’язджае незлічоную атару і цягне бясконцую стэпавую песню.Корбан.Адно Рыгор сядзеў на прызбе пад грушай і цягнуў жахлівае апавяданне.Сабаленка.Я люблю, калі мужчыны, Чаркі звёўшы, у цішы Забываюць пра маршчыны — Цягнуць песню ад душы.Свірка./уперан.ужыв.Лес адвечны бесканечны Цягне, цягне гоман свой.Купала.
•••
За вушы цягнуцькаго — памагаць таму, хто сам не стараецца, не імкнецца што‑н. рабіць.
Ледзь ногі цягнуць — тое, што і ледзь ногі цягаць (гл. цягаць).
Цягам цягнуць — праз сілу, жывасілам валачы каго‑н.
Цягнуць (спяваць) адну і тую ж песню — паўтараць адно і тое ж.
Цягнуць валынку — марудзіць з ажыццяўленнем якой‑н. справы.
Цягнуць рызіну (гуму) — адцягваць, адкладваць якую‑н. справу, работу і пад. надаўжэй; марудліва, павольна гаварыць, рабіць і пад. што‑н.
Цягнуць ярмо — бесперапынна і цяжка працаваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АРХІТЭКТУ́РА (лац. architectura ад грэч. architektōn будаўнік),
дойлідства, мастацтва праектавання і будаўніцтва будынкаў, збудаванняў і іх комплексаў, а таксама сістэма будынкаў і збудаванняў, якія фарміруюць прасторавае асяроддзе для жыцця і дзейнасці людзей. Архітэктура адначасова з’яўляецца і галіной матэрыяльнай культуры і маст. творчасці. Ствараецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі і магчымасцямі грамадства, якое вызначае функцыян. прызначэнне і маст. лад архітэктуры. Паводле функцыян. прызначэння падзяляецца на жылую архітэктуру (гл.Жыллё), прамысловую архітэктуру, архітэктуру грамадскіх будынкаў і збудаванняў (гл.Грамадскія будынкі), садова-паркавую (гл.Садова-паркавае мастацтва). У асобныя галіны вылучаюць планіроўку і забудову гар. і сельскіх населеных месцаў (гл.Горадабудаўніцтва, Сельская архітэктура). Пры стварэнні матэрыяльнага асяроддзя жыцця і дзейнасці людзей архітэктура зыходзіць з патрабаванняў карыснасці, трываласці і прыгажосці. Адзін з асн. яе крытэрыяў — мэтазгоднасць. Архітэктура мае спецыфічныя сродкі выяўлення ідэйна-маст. зместу, гал. з іх — фарміраванне прасторы і архітэктоніка. Для гарманізацыі прасторавых формаў выкарыстоўваюць кампазіцыйна-вобразныя прыёмы і сродкі: сіметрыю і асіметрыю, кантраст і нюанс, рытм, прапорцыі, маштабнасць, вылучэнне гал. ў кампазіцыі, суразмернасць частак і цэлага і г.д.Маст. выразнасць твораў архітэктуры павышаецца падборам фактуры, колеру, дэкар. элементаў, выяўленнем формы з дапамогай святлаценю і інш. Асобны будынак, нават дасканалай маст. формы, успрымаецца сам па сабе, а разам з інш. аб’ектамі і ландшафтам стварае пэўную арх.-прасторавую сістэму, вышэйшай ступенню якой з’яўляецца арх. ансамбль. Найбольшы маст. эфект дасягаецца ў выніку сінтэзу архітэктуры з інш. відамі мастацтва (жывапіс, скульптура, дэкар.-прыкладное мастацтва, маст. канструяванне; гл.Сінтэз мастацтваў). Сукупнасць функцыян., канструкцыйных і маст. рысаў, уласцівых архітэктуры пэўнага народа ў вызначаны гіст. перыяд, складае яе стыль. Нац. характар архітэктуры выяўляецца ў яе асаблівасцях пэўнага народа або рэгіёна і звязаны з іх гіст. развіццём, эканомікай, культурай, этнічнымі і маст. традыцыямі. Найб. яскравы нац. характар маюць помнікі народнага дойлідства. Мясц. традыцыі архітэктуры часцей сінтэзуюцца з традыцыямі, агульнымі для многіх краін і народаў. У гэтым выяўляецца ўзаемаўплыў і ўзаемадзеянне мастацтва розных народаў, кожны з якіх робіць свой уклад ў сусветную архітэктуру.
Архітэктура зарадзілася, калі чалавек пачаў сам будаваць жыллё. Найб. раннія жылыя збудаванні на тэр. Беларусі адносяцца да часоў палеаліту (стаянкі каля вёсак Бердыж Чачэрскага і Юравічы Калінкавіцкага р-наў Гомельскай вобл.). Пазней з’явіліся селішчы з наземнымі жытламі. Ад часоў бронз. і жал. вякоў у Англіі, Францыі, Арменіі і інш. краінах захаваліся культавыя мегалітычныя збудаванні — дальмены, менгіры, кромлехі (сусветна вядомы кромлех у Стоўнхенджы, Вялікабрытанія) і абарончыя збудаванні. У рабаўладальніцкіх дзяржавах, дзе ў руках маёмных класаў канцэнтраваліся сродкі і бясплатная рабочая сіла, былі дасягненні навукі і тэхнікі, ствараліся буйныя ірыгацыйныя сістэмы, абарончыя і культавыя забудаванні, манум. палацы і храмы (піраміды ў Гізе, храмы ў Луксоры і Карнаку ў Егіпце, зікураты Асірыі і Вавілоніі, Вялікая Кітайская сцяна, пячорныя храмы і ступы ў Індыі, храмы і палацы інкаў і ацтэкаў). У эпоху росквіту эгейскага мастацтва і гарадоў-дзяржаў (полісаў) Стараж. Грэцыі развівалася сістэма рэгулярнай планіроўкі гарадоў, узніклі разнастайныя тыпы жылых, культавых і грамадскіх будынкаў, грамадска-рэліг. цэнтры — акропалі (Афінскі акропаль), склалася сістэма арх.ордэра. Прасякнутая гуманіст. духам архітэктуры Стараж. Грэцыі значна паўплывала на далейшае развіццё сусветнага дойлідства. У Стараж. Рыме вял. значэнне набылі збудаванні, якія сведчылі аб магутнасці дзяржавы (форумы, амфітэатры, тэрмы, базілікі, палацы, аркі трыумфальныя), з’явіліся скляпеністыя перакрыцці, новыя буд. матэрыялы (Рымскі Калізей, Рымскі Пантэон). У эпоху сярэднявечча асн. тыпамі былі культавыя збудаванні (хрысц. цэрквы і манастыры ў Еўропе, мячэці і медрэсэ, маўзалеі ва ўсх. краінах), а таксама крапасныя і абарончыя замкі, крамлі. У Візантыі створаны буйныя купальныя збудаванні (Канстанцінопальскі Сафійскі сабор). Візантыйская архітэктура зрабіла вял. ўплыў на дойлідства Балгарыі, Сербіі, Македоніі, Грузіі, Арменіі і Стараж. Русі. На землях Кіеўскай Русі ў 10—12 ст. будаваліся гарады, абарончыя ўмацаванні з магутнымі валамі і вежамі (Залатыя вароты ў Кіеве), храмы (Кіеўскі Сафійскі сабор, Наўгародскі Сафійскі сабор, Уладзімірскі Дзмітрыеўскі сабор), на бел. землях — Полацкі Сафійскі сабор, Полацкая Спаса-Ефрасіннеўская царква, Віцебская Благавешчанская царква), княжацкія палацы. У 12—14 ст. на землях б.Стараж. Русі склаліся школы дойлідства: кіеўская, чарнігаўская, уладзіміра-суздальская, пскоўская, наўгародская, гродзенская, полацкая (гл. асобныя арт.). У 14—16 ст. фарміруецца руская, украінская, беларуская архітэктура. У 17—18 ст. высокага ўзроўню дасягнула рус., бел. і ўкр.драўлянае дойлідства (Кіжы, Новамаскоўскі Троіцкі сабор, Рубельская Міхайлаўская царква). Значны ўклад у развіццё архітэктуры сярэднявечча зрабілі народы араб. Усходу і Сярэдняй Азіі (гл. ў арт.Арабская культура), Паўд.-Усх. Азіі (храмавы комплекс Ангкор у Камбоджы, маўзалей Тадж-Махал у Агры, Індыя). У Зах. і Цэнтр. Еўропе ў канцы 10 ст. склаўся раманскі стыль — манастырскія комплексы з замкнутымі дварамі-клуатрамі, масіўныя храмы базілікальнага тыпу з некалькімі манументальнымі вежамі (саборы ў Мілане, Вормсе, Ілі і інш.). У 12 ст. ў Францыі, а потым у краінах Зах. і Цэнтр. Еўропы пашырылася архітэктура готыкі са своеасаблівай канструкцыйнай сістэмай — нервюрнымі скляпеннямі, стральчатымі аркамі, аркбутанамі і т.д. (саборы ў Парыжы, Рэймсе, Ам’ене, Шартры ў Францыі, Кёльне, Марбургу ў Германіі, у Празе, Кракаве і інш.).
Важны этап гісторыі архітэктуры ў краінах Зах. і Цэнтр. Еўропы звязаны з эпохай Адраджэння, калі пашырылася буд-ва свецкіх будынкаў, ансамбляў, гарадскіх цэнтраў. На змену ананімнаму рамесніку-дойліду прыйшоў адукаваны спецыяліст-архітэктар, які ў сваіх праектах звяртаецца да ант. спадчыны і абапіраецца на дасягненні сучаснай яму культуры (Ф.Брунелескі, Д.Брамантэ, Мікелоца; тэорыю архітэктуры развівалі Л.Б.Альберці, Віньёла, А.Паладыо і інш.). На Беларусі стыль эпохі Адраджэння выявіўся ў культавых (Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква) і замкава-палацавых (Мірскі замкава-паркавы комплекс, ратуша і замкавая брама ў Нясвіжы) пабудовах. У канцы 16 ст. ўзнік стыль барока са складанай сістэмай аб’ёму і прасторы, пластычнасцю і сакавітай дэкаратыўнасцю. Ён стаў пануючым у Італіі (арх. Л.Берніні, Ф.Бараміні), Германіі, Аўстрыі, Чэхіі, Іспаніі, Партугаліі, пашырыўся ў Расіі, а ў краінах Лацінскай Амерыкі набыў нац.маст. ўвасабленне. Першы помнік барока на Беларусі — Нясвіжскі касцёл езуітаў. Маст. сістэма позняга бел. барока мае назву віленскае барока. У 2-й пал. 17 ст. ў Францыі пачала складвацца архітэктура класіцызму, якая была гал. кірункам і ў 18 ст. пасля кароткачасовай успышкі дэкар. і вычварнага стылю ракако. Сярод франц. архітэктараў класіцызму вылучаліся Л.Лево, Ж.Ардуэн-Мансар, А.Ленотр, К.Перо, Ж.А.Габрыэль, К.Н.Леду. У Францыі класіцызм перыяду напалеонаўскай імперыі прыйшоў да халоднай параднасці ампіру. У Расіі ён адцясніў барока і праз абавязковыя «ўзорныя праекты» пашырыўся на звычайную забудову гарадоў. Росквіт рус. класіцызму на пач. 19 ст. адзначаны стварэннем манум. ансамбляў у Пецярбургу, Маскве і правінцыяльных гарадах. Яго прадстаўнікі — В.Бажэнаў, М.Казакоў, І.Староў, Дж.Кварэнгі, А.Захараў, А.Вараніхін, Ж.Тама дэ Тамон, К.Росі, В.Бавэ, Дж.Жылярдзі, А.Грыгор’еў. На Беларусі канца 18 — 1-й пал. 19 ст. ў ліку помнікаў сталага класіцызму ў жыллёвай грамадз. і культавай архітэктуры Гомельскі, Сноўскі (Нясвіжскі р-н), Жыліцкі (Кіраўскі р-н), Радзівілімонтаўскі (в. Чырвоная Зорка Клецкага р-на) палацы, Магілёўскі Іосіфаўскі сабор, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор, Слаўгарадская царква Раства Багародзіцы. У сярэдзіне 19 ст. класіцызм прыйшоў у заняпад. Пачалі ўзнікаць новыя тыпы збудаванняў, заводскія цэхі, шматпавярховыя фабрычныя будынкі, вакзалы, універсальныя магазіны, выставачныя павільёны, даходныя дамы; будынкі з металу і шкла («Хрустальны палац» у Лондане), вышынныя інж.-тэхн. збудаванні з метал. каркасам (Эйфелева вежа ў Парыжы). Група архітэктараў т.зв. чыкагскай школы ў ЗША стварыла спецыфічную форму вышыннага канторскага будынка — небаскроб. Аднак наватарскія канструкцыі часта губляліся ў дэкар. формах, якія ўзнаўлялі стылі розных эпох (гл.Эклектызм). У архітэктуры Беларусі канца 19 — пач. 20 ст. ўпор рабіўся на вонкавую дэкаратыўнасць фасадаў, развіваліся рэтраспектыўныя плыні: неакласіцызм (будынкі духоўнага ведамства і т-вас.-г. страхавання ў Мінску, рэальнага вучылішча ў Гродне); неараманскі стыль (касцёл Сымона і Алены ў Мінску, касцёл у в. Воўчкавічы Мінскага р-на); несапраўдная готыка; неарускі стыль (Пазямельна-сялянскі банк у Віцебску, капліца ў в. Лясная Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл.). Супярэчнасць паміж традыц. архітэктурай і новай тэхнікай спрабавалі вырашыць архітэктары стылю мадэрн, які ўзнік у 1890-я г. Выкарыстоўваючы новыя буд. і маст. магчымасці, яны аддавалі перавагу пластычнай форме, якая набывала жывапісна-дэкар. трактоўку (А.Гаўдзі ў Іспаніі, У.Макінтош у Вялікабрытаніі, В.Арта ў Бельгіі, Й.Ольбрых, Й.Гофман у Аўстрыі, Ф.Шэхтэль у Расіі). На пач. 20 ст. шэраг архітэктараў спалучалі тэхн. дасягненні з нац. традыцыямі і класічнымі прынцыпамі кампазіцыі (А.Перэ ў Францыі, О.Вагнер і А.Лоз у Аўстрыі, П.Берэнс у Германіі, Х.П.Берлаге ў Нідэрландах). У архітэктуры складваецца рацыяналізм, гал. прынцып якога — максімальная мэтазгоднасць і дакладная адпаведнасць будынка яго прызначэнню. Рацыяналісты (Ле Карбюзье ў Францыі, прадстаўнікі арх. аб’яднання «Баўгаўз» у Германіі) шукалі выразнасці ў лаканізме формаў і іх кантрастах. У 1930-я г. рацыяналізм, пашыраны ў архітэктуры ўсіх развітых краінах, атрымаў назву функцыяналізм. Імкненню функцыяналістаў да універсальнасці формаў проціпастаўлялася т.зв.арганічная архітэктура, заснавальнікам якой быў Ф.Л.Райт. У пасляваенны час своеасаблівасцю нац. школ вылучаліся Фінляндыя (А.Аалта), Японія (К.Танге), Бразілія (О.Німеер). У ЗША арх. Л.Міс ван дэр Роэ стварыў канцэпцыю «універсальнай» архітэктуры, заснаванай на рытмічнай яснасці, прастаце геам. формаў і вял. унутраных прастораў. У процілегласць ёй развіўся кірунак бруталізму, які спалучаў функцыянальнасць пабудоў з наўмыснай масіўнасцю і грубай фактурай аголеных паверхняў (Л.Кан і інш. ў ЗША). Усё большыя магчымасці буд. тэхнікі, якія дазваляюць ствараць складаныя прасторавыя формы зборных жалезабетонных абалонак і вантавых пакрыццяў, набылі маст. асэнсаванне ў збудаваннях П.Л.Нерві ў Італіі, Ф.Кандэлы ў Мексіцы і інш. У 1970—80-я г. ў ЗША і Зах. Еўропе пашырыўся постмадэрнізм, які абвясціў вяртанне да рознастылёвых гіст.арх. формаў мінулых эпох (П’яцца д’Італія ў Нью-Арлеане).
У архітэктуры былога СССР таксама прасочваюцца пэўныя стылявыя змены. Рысы архітэктуры 1920 — пач. 30-х г. выявіліся ў пошуках новых формаў маст. выразнасці і рацыянальнага выкарыстання збудаванняў — лаканічнасць і прастата арх.-маст. вырашэння фасадаў (будынак Дзяржпрома ў Харкаве, Дом урада Рэспублікі Беларусь і інш.). Узніклі новыя тыпы грамадскіх будынкаў — палацы культуры, рабочыя клубы, фабрыкі-кухні, т.зв. дамы-камуны, у праектаванні якіх удзельнічалі групоўкі «канструктывістаў» (браты Весніны, М.Гінзбург, І.Леанідаў), «функцыяналістаў» (К.Мельнікаў, М.Ладоўскі) і інш. Дойліды старэйшага пакалення імкнуліся захаваць класічныя арх. традыцыі (А.Шчусеў, І.Жалтоўскі, І.Фамін). З пачаткам пяцігодак сав. архітэктура перайшла да масавага стварэння буйных прамысл. комплексаў, жылых масіваў і цэлых гарадоў. З 2-й пал. 1930-х г. у архітэктуры грамадскіх будынкаў узніклі тэндэнцыі да захаплення параднасцю, заснаваныя на выкарыстанні класічнай спадчыны, што прывяло да часовага адыходу ад наватарскіх прыёмаў. Дасягненнем гэтага перыяду была рэалізацыя шырокіх горадабудаўнічых ідэй (ген. планы рэканструкцыі Масквы, Ленінграда, Мінска, Гомеля, Віцебска і інш.). У пасляваенны час паралельна з вырашэннем грандыёзных задач па аднаўленні і рэканструкцыі разбураных гарадоў, ствараліся новыя ансамблі гарадскіх цэнтраў. Удасканальваліся віды і тыпы збудаванняў, шырока ўкараняўся метад тыпавога праектавання. Разам з тым назіраўся і зварот да класічнай арх. спадчыны, імкненне да трыумфальнасці, што адбівалася на вырашэнні функцыян., тэхн. і эканам. аспектаў і тэмпе буд-ва. З укараненнем індустр. метадаў буд-ва пашыралася колькасць тыпавых праектаў жылых дамоў з павялічаным наборам тыпаў кватэр. Імкненне да утылітарнасці і эканоміі прывяло да манатоннай аднастайнасці архітэктуры. З 1970-х г. пачынаюць стварацца новыя жылыя раёны, дзе ў буд-ве выкарыстаны больш эстэтычна выразныя формы і планіровачныя прынцыпы, у т. л.Зялёны Луг і Усход у Мінску. Перадавыя тэхн. прыёмы давалі магчымасць стварыць грамадскія збудаванні са свабодным аб’ёмна-планіровачным вырашэннем (Палац з’ездаў у Маскве, палацы мастацтваў і культуры ў Алматы, Ташкенце, Ерэване, Кіеве, Рэсп. інфармацыйна-культурны цэнтр, павільён міжнародных выставак і Палац спорту ў Мінску, аэравакзал ў Брэсце і інш.). Важную ролю ў фарміраванні горадабуд. структур адыгрываюць мемарыяльныя збудаванні і комплексы, якія арганічна ўваходзяць у ансамблі населеных пунктаў і ландшафтаў. Гл. таксама раздзелы «Архітэктура» ў арт. пра Беларусь і інш. краіны і вял. гарады.
Літ.:
Всеобщая история архитектуры. Т. 1—12. 2 изд. М., 1970—75;
Витрувий. Десять книг об архитектуре: Пер. с лат.М., 1936;
Буров А.К. Об архитектуре. М., 1960;
Виолле ле Дюк. Беседы Об архитектуре: Пер. с фр.Т. 1—2. М., 1937—38;
Гропиус В. Границы архитектуры: Пер. с англ.М., 1971;
Мастера архитектуры об архитектуре. М., 1972;
Бэнэм Р. Взгляд на современную архитектуру: Эпоха мастеров: Пер. с англ.М., 1980;
Гидион З. Пространство, время, архитектура: Пер. с нем. 3 изд. М., 1984;
Ле Корбюзье. Архитектура XX в.: Пер. с фр. 2 изд. М., 1977;
Нимейер О. Архитектура и общество: Пер. с португ., англ. и фр.М., 1975;
Райт Ф.Л. Будущее архитектуры: Пер. с англ.М., 1960;
Архітэктура Беларусі: Энцыкл.давед.Мн., 1993;
Encyclopeadia of modern architecture. London, 1963;
History of world architekture. Vol. 1—14. New York, 1972—80;
Kraiewski K. Mala encyklopedia architektury I wnetrz. Wrocław etc., 1974;
Broniewski T. Historia architektury dła wszystkich. 2 wyd. Wrocław etc., 1980;
Benevolo L. Histoire de l’architecture moderne. [Vol.] 1—2. Paris, 1979—80;
Да арт.Архітэктура. Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку. 1152—61 (уверсе); Дзмітрыеўскі сабор ва Уладзіміры. 1194—97.Да арт.Архітэктура. Храм Геры ў Пестуме. Італія. 5 ст. да н.э.Да арт.Архітэктура. Сабор у Ілі (Вялікабрытанія). 12 ст. (уверсе); палацца Ручэлаі ў Фларэнцыі (арх. Л.Б.Альберці і Б.Раселіна). 1446—51.Да арт.Архітэктура. Сабор Нотр-Дам у Шартры (Францыя). 1194—1260.Да арт.Архітэктура. Палац Верхні Бельведэр у Вене. Арх. Л.Гільдэбрант. 1722.Да арт.Архітэктура. Мікалаеўская царква ў в. Кажан-Гарадок Лунінецкага раёна Брэсцкай вобл. 1818.Да арт.Архітэктура. Царква Саграда Фамілія ў Барселоне. Арх. А.Гаўдзі. 1884—1926.Да арт.Архітэктура. Алімпійскі спартыўны комплекс у Токіо. Арх. К.Тангэ. 1960—64.Да арт.Архітэктура. Капэла Нотр-Дам-дэю-О ў Раншане (Францыя). Арх. Ле Карбюзье. 1950—53.Да арт.Архітэктура. П’яцца д’Італія ў Нью-Арлеане. Фантан. Арх. Ч.Мур. 1976.Да арт.Архітэктура. Галоўны корпус архітэктурна-будаўнічага факультэта БПА у Мінску. Арх. І.Есьман, В.Анікін. 1982.Да арт.Архітэктура. Павільён міжнародных выставак у Мінску. Арх. Л.Маскалевіч і інш. 1989.
1. Ступаючы, перамясціцца. Праз гэты двор прайсці прыемна: тут відзён клопат, ёсць і план.Колас.Вырашылі даехаць да праспекта і прайсці пехатою.Шыцік.//што. Хадзьбой пераадолець якую‑н. адлегласць. — Засталося прайсці не больш як кіламетры два.Анісаў.Старанна абмацваючы шлях разведкай, [салдаты] прайшлі яшчэ кіламетраў 20.Брыль.Нямала ёсць дарог. Я кожную прайсці Як найхутчэй імкнуся.Танк.//уперан.ужыв.Не доўгі век маіх герояў, Але калі зірнуць назад, То ён падзеямі багат, Не лёгкі шлях прайшлі абое.Колас.// Перамясціцца ў якім‑н. напрамку пехатою з мэтай трапіць куды‑н. Заранік разгублена і крыху спалохана глянуў у глыбіню залы, правёў рукой па непакорных валасах і, утуліўшы галаву ў плечы, прайшоў за стол прэзідыума.Хадкевіч.//што і без дап. Пратанцаваць. Прайсці адзін тур вальса. □ Эх, чаму б з дзяўчынай тою, Што з касою залатою, Не прайсці па крузе мне!Ляпёшкін.// Перамясціцца па якім‑н. шляху (пра які‑н. від транспарту). Цераз мост прайшоў грузавік.Шамякін.На рассвітанні.. [Крамарэвіч] бачыў, як прайшло палявой дарогай многа нямецкіх танкаў.Чорны.// Распаўсюдзіцца (пра чуткі, весткі і пад.). Пад вечар прайшла чутка, што ў ваколіцах вёскі паявіліся конныя польскія легіянеры.Колас.// Прабегчы, пракаціцца (пра шум, крык і пад.). Па зале, як лёгкі павёў ветрыку, прайшоў смяшок.Сабаленка.//перан. Успомніцца, пранесціся перад вачыма. Як часта бывае ў такіх выпадках, перад.. [дзяўчынай] прайшло ўсё яе жыццё.Маўр.//перан. З’явіцца і хутка знікнуць (пра ўсмешку, мімічны рух і пад.). Па твары ў Ганны прайшла вельмі рухавая рыса і знікла.Чорны.
2.што і без дап. Прамінуць каго‑, што‑н. (не затрымліваючыся або празяваўшы). Прайсці паваротку дарогі. □ Хіба ж можна прайсці міма, каб у прыскрынак не зірнуць.Колас.Нічыпар прайшоў міма, так і не адважыўшыся прызнацца, хто ён такі.Асіпенка.//што. Перамяшчаючыся куды‑н., пакінуць за сабой каго‑, што‑н. Ішоў [Ілья] хутка. Стараўся да ночы прайсці хвойнік, дзялянкі, бо далей поле, — смялей...Галавач.
3. Выпасці (пра ападкі). Раніцай прайшоў спорны дождж, і дрэвы абапал дарогі яшчэ не абсохлі.Ваданосаў.
4. Пралезці, прасунуцца праз што‑н. Сухі корань прарваў шынель і прайшоў навылёт.Чорны.// Прасачыцца, выступіць (пра вадкасць). Гімнасцёрку можна было б вывернуць, але гэта нічога не дасць: фарба прайшла наскрозь.С. Александровіч.//што. Рухаючыся наперад, апрацаваць, зрабіць. Я мог араць поле, калоць дровы, прайсці добры пракос, нават мог жаць, малаціць цэпам, але работа ў рэдакцыі мяне палохала і бянтэжыла.Сабаленка.//што. Спец. Рухаючыся ў якім‑н. напрамку ў тоўшчы чаго‑н., прабіць (шлях) або вырубіць, распрацаваць (участак якой‑н. пароды). Прайсці вугальны пласт.
5. Пралегчы, працягнуцца ў якім‑н. напрамку (пра дарогу, тунель і пад.). Чыгунка, што перасякае галоўную вуліцу, мусіць, пройдзе пад ёй або пераступіць цераз яе па віядуку.Карпаў.
6. Аказацца прынятым, залічаным у выніку галасавання, адбору і пад. Прайсці па конкурсу.
7.што або празшто. Падвергнуцца чаму‑н., вынесці што‑н. Краіна мая! Ты прайшла праз агонь, Праз буры, Руіны І росквіт...Глебка.// Перажыць, зведаць, перанесці (які‑н. стан, стадыю). Прайсці загартоўку. □ Паводле дакладных звестак, — Марс старэйшы за нашу планету. Таму ён даўно павінен быў прайсці гэтую фазу развіцця.Шыцік.// Падвергнуцца (разгляду, рэгістрацыі, кантролю і пад.). Паўгода вучыліся дзяўчаты, затым прайшлі самы строгі экзамен.«Звязда».
8.што. Пазнаёміцца з чым‑н., вывучыць што‑н. Першакласнікі прайшлі буквар у першым паўгоддзі. □ [Вучні] паспелі прайсці толькі палову курса.Брыль.
9.што. Выканаць, завяршыць які‑н. курс, тэрмін (вучобы, лячэння і пад.). — Ты ж, як той казаў, чалавек вучоны, рабфак прайшоў.Сабаленка.Практыку прыехалі прайсці Два студэнты, два хлапца з В’етнама.Аўрамчык.
10. Адбыцца, закончыцца з якім‑н. вынікам. Спектакль прайшоў з вялікім поспехам. □ Уборка сена прайшла неўзаметку — і ў гаспадароў, і ў калгаснікаў.Чорны.
11. Мінуць, адысці ў мінулае (пра час, падзеі і пад.). Прайшлі бурлівыя гады, Уціхла бура-навальніца, І ніва жытам маладым Пад вольным ветрам каласіцца.Крапіва.Дажджлівая, шэрая ноч прайшла без трывогі.Брыль.Дзяцінства.. [Андрэя] і першая маладосць прайшлі бесклапотна ў багатых бацькоў.Чорны.// Знікнуць, прапасці. Мацей падняўся, і пакуль улазіў рукамі ў цёплы кажушок і ногі шукалі каля ложка валёнкі, сон прайшоў.М. Стральцоў.//Разм. Перастаць балець. Галава прайшла./убезас.ужыв.— Калі не ломіць у нагах, можа і пройдзе, не зляжаце...Пташнікаў.
•••
Мароз па скуры (па спіне) прайшоўгл. мароз.
Прайсці (праз) агонь, ваду і медныя трубы — шмат зведаць у жыцці; з поспехам пераадолець цяжкасці.
Прайсці з аншлагам — прайсці з вялікім поспехам (пра спектакль).
Прайсці праз рукікаго,чые — быць некаторы час у распараджэнні, у рабоце і інш. у каго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чорт, ‑а, М ‑рце, м.
1. Паводле забабонных уяўленняў — злы дух, які мае выгляд істоты, пакрытай чорнай поўсцю, з рагамі, капытамі і хвастом; д’ябал. Хто супроць нас? Прэч з дарогі! Бачыш нашу грамаду? Мы [камсамольцы] саб’ём і чорту рогі, Богу вырвем бараду.Крапіва.Хацеў чорт балота запаліць, але гарэць не хоча.Прыказка.
2.Разм. Ужываецца як лаянкавае слова. — Стойце, чэрці! — зноў крыкнулі салдаты.Маўр.[Афіцэр] гнеўна крыкнуў старому: — Ты, стары чорт... Табе хлеб даю, што ты робіш?Лынькоў.[Камандзір:] — А ты [Рома], чорт, не зяваў бы на сонцы, а сеў ды чытаў.Брыль.//Разм. Ужываецца як пабочнае слова і ў значэнні выклічніка для выражэння прыкрасці, незадаволенасці, раззлаванасці. [Апанас:] — От чорт! Акурат такі самы, як Параска.Чарнышэвіч.[Боткін:] — Прыязджаю — пляменнікі скігочуць... От чорт! Ламі цяпер галаву, як вярнуць.. [цётку] з дарогі.М. Ткачоў.
3.перан.Разм. Пра каго‑н. вельмі спрытнага, смелага, дужага і пад. Прыборны засмяяўся. — Вось чэрці, гэтыя жаўноўцы. Хвіліны супакою фрыцам не даюць.Шамякін.Васіль Гайдук, цябе мы, чорт, усе, Гарачы палкавы наш агітатар, Прамоў і песень баявых аматар, Любілі ў прыфрантавой паласе.Панчанка.
•••
Аддаць (прадаць) чорту душугл. аддаць.
Адзін чорт — тое, што і адна трасца (гл. трасца).
Да чорта — пра вялікую колькасць, мноства каго‑, чаго‑н.
Куды яго чэрці ўхапілі — куды ён дзеўся, знік.
К чорту — а) на кавалкі, ушчэнт. А потым, брат, калі рвануўся, — Усё к чорту — вуда і кручок, Пайшоў гуляць мой шчупачок!Колас; б) прэч, вон; выражае злосць на каго‑, што‑н., жаданне пазбавіцца ад каго‑, чаго‑н. К чорту касцёлы, капліцы, Цэрквы, званіцы, званы! Досыць працоўным маліцца Рэчам папоўскай маны.Крапіва.
К чорту на рогі — вельмі далёка, у глухія мясціны (ехаць, адпраўляцца і пад.).
К чорту ў зубы — у небяспечнае месца, на рызыкоўную справу (ісці, лезці, трапіць і пад.).
На чорта (груб.) — навошта, дзеля чаго?
Ні богу свечка ні чорту качаргагл. свечка.
Ні к чорту (не варты) — ні на што не прыгодны.
Ніякага чорта — нічога.
(Сам) чорт галаву (нагу) зломіць — аб вялікім беспарадку дзе‑н.; пра непраходнае месца, дарогу.
Сам чорт не браткаму — пра таго, хто нічога не баіцца, ні ад кога не залежыць, якому ўсё лёгка, даступна.
Скруціць чорту рогігл. скруціць.
Чарцям млосна (будзе, стане)гл. млосна.
Чорта лысага — абазначае поўнае адмаўленне чаго‑н. — Кінь званіць! — у абурэнні крыкнуў .. [Петрусю] а. Ціт і ціха дадаў: — Ні чорта лысага не вызваніш там.Колас.
Чортам падшытыгл. падшыты.
Чортам свістацьгл. свістаць.
Чорт ведае (хто, што, які, куды, дзе і пад.) — невядома (хто, што, які, куды, дзе і пад.).
Чорт ведае што! — а) нешта неймавернае, такое, што цяжка ўявіць; б) усё, што хочаш.
Чорт (кадук, ліха, пярун, халера) з ім (з табой, з ёй, з вамі, з імі) — хай, няхай будзе так.
Чорт лазаты — пра таго, хто з’яўляецца ўвасабленнем зла, несправядлівасці. Ён [Богут] там здохне, чорт лазаты, І захлынуцца ўсе паны.Колас.
Чорт не бярэ (не возьме) — нічога не здараецца (не здарыцца), не шкодзіць (не пашкодзіць).
Чорт падаткнуў — аб якім‑н. дзеянні, якое робіцца без патрэбы, невядома для чаго.
Чорт пацягнуўкагоза язык — навошта было гаварыць што‑н. (як шкадаванне з прычыны сказанага недарэчы, не па сутнасці).
Чорт прынёс (паднёс, прыгнаў)каго — пра таго, хто прыйшоў, з’явіўся не ў пару, недарэчы, не тады, калі трэба.
Чорт сеў (уссеў)накаго — пачаць нервавацца, раптоўна праявіць раздражненне, злосць.
Чорт сядзіцьукім — пра злоснага, свавольнага чалавека з дрэнным характарам.
Чорту лысаму — некаму, невядома каму (аддаць, пакінуць і пад.).
Чорт што — а) нешта недарэчнае, незразумелае, што выклікае злосць, раздражненне. — Чорт што, — раптам вырвалася ў .. [Мароза], і ён хапіўся за кішэні. — Ты [Шэмет] разумееш? Вот ключ не магу знайсці.Лобан; б) вельмі многа. [Базылькевіч:] — То вы ж, пане Бірыла, чорт што збожжа прадалі!Чорны.
Чорт яго бяры — добра, няхай будзе так; згода.
Чорт яго (цябе, яе, вас, іх) ведае — тое, што і бог яго (цябе, яе, вас, іх) ведае (гл. бог).
Чэрці носяцькаго — аб тым, хто ходзіць невядома дзе, невядома нашто.
Што за чорт! — як выражэнне здзіўлення, незадаволенасці.
Якога чорта — выражэнне негатыўных адносін да каго‑н., зласлівасці, незадавальнення.
Як чорт ад ладану — усімі сіламі, любымі сродкамі, імкнучыся пазбавіцца (бегчы, адмахвацца і пад.) ад каго‑, чаго‑н.
Як чорт крыжа (ладану) — вельмі, надта моцна (баяцца каго‑, чаго‑н.).
Як чорт пад крыжам — вельмі моцна (дрыжаць, калаціцца).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВАРША́ВА (Warszawa),
горад, сталіца, буйнейшы эканам. і культ. цэнтр Польшчы. Адм. ц.Варшаўскага сталічнага ваяводства. Размешчана на Мазавецкай нізіне абапал р. Вісла. 1642,7 тыс.ж. (1993). Вузел 7 чыгунак і 8 аўтадарог. Порт на р. Вісла. Міжнар. аэрапорт Акенцэ. Буйны цэнтр машынабудавання (эл.-тэхн. і радыёэлектроннае; оптыка, дакладная механіка, аўта-, трактара- і станкабудаванне; каля 30% агульнай вытв-сці ў краіне), вытв-сці якасных сталей, будматэрыялаў, хім. (у т. л. фармацэўтычная і фотахім.), парфумернай, харч., буд. матэрыялаў, дрэваапр., швейнай, гарбарна-абутковай, паліграф. прам-сці. Буйныя ЦЭЦ. Кінастудыя. Метрапалітэн (з 1994). На пач. 1990-х г. пачаўся агульны спад вытв-сці на большасці прадпрыемстваў горада. Пасля 1992 значны прыток замежных інвестыцый.
Першыя паселішчы на тэр. сучаснай Варшавы адносяцца да 10 ст., зручнае іх месцазнаходжанне на перакрыжаванні важных гандл. шляхоў спрыяла хуткаму эканам. развіццю і ўтварэнню горада. Упершыню Варшава ўпамінаецца ў 1313. З 1413 сталіца Мазавецкага княства, у 1526, пасля спынення дынастыі мазавецкіх князёў, Варшава далучана да Кароны. У 16 ст. тут праходзілі пасяджэнні сейма, у 1573 адбыліся першыя каралеўскія выбары. З 1596 сталіца Польшчы. У часы польска-швед. 1655—60 і Паўн. 1702—09 войнаў неаднаразова разбурана швед. войскамі, але хутка адбудоўвалася. З 2-й пал. 18 ст. — паліт., эканам., культ. і асв. цэнтр краіны. На Чатырохгадовым сейме 1788—92 у Варшаве прынята Канстытуцыя 3 мая 1791. Насельніцтва горада актыўна падтрымала паўстанне 1794 пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Варшава ў складзе Прусіі, яе паліт. і гасп. развіццё прыпынілася. У 1807—13 сталіца Варшаўскага герцагства, пасля Венскага кангрэса 1814—15 — Каралеўства (Царства) Польскага ў складзе Рас. імперыі, у 1837—1915 цэнтр Варшаўскай губерні. Варшава — адзін з цэнтраў нац.-вызв. паўстанняў 1830—31 і 1863—64. Важнейшы цэнтр фарміравання польск. культуры. Тут жылі і працавалі вучоныя, пісьменнікі, кампазітары, цесна звязаныя з бел. культурай: Э.Ажэшка, М.Федароўскі, Я.Карловіч, У.Сыракомля, Ч.Пяткевіч, І.Лялевель, С.Манюшка, В.Каратынскі, Ю.Галомбак, А.Плуг і інш.; дзейнічаў Варшаўскі нарадавольскі гурток беларускіх студэнтаў. З пач. індустрыялізацыі горада ў 2-й пал. 19 ст. Варшава — буйнейшы ў Польшчы асяродак рабочага руху, адзін з асн. цэнтраў рэвалюцыі 1905—07. У гады 1-й сусв. вайны пад герм. акупацыяй, каля Варшавы рус. войскі разграмілі ням.-аўстр. армію (гл.Варшаўска-Івангародская аперацыя 1914). З 1918 сталіца незалежнай Польшчы. У 1920 пад Варшавай разбіты войскі Чырв. Арміі (гл.Варшаўская аперацыя 1920). У маі 1926 Ю.Пілсудскі ажыццявіў у Варшаве дзярж. пераварот. У вер. 1939 акупіравана ням. фашыстамі, стала цэнтрам нац.-вызв. барацьбы (гл.Варшаўскае паўстанне 1943, Варшаўскае паўстанне 1944). Вызвалена 17.1.1945 у ходзе Вісла-Одэрскай аперацыі 1945. Горад быў моцна разбураны. У 1-й пал. 1950-х г. у час найб. ўзмацнення ў краіне паліт. рэпрэсій у Варшаве адбыліся шматлікія паказальныя суд. працэсы. У 2-й пал. 1950-х г. з пачаткам паліт. «адлігі» — цэнтр грамадскага руху за дэмакр. рэформы, месца правядзення дэманстрацый пратэсту (1956, 1968, 1976). Прадстаўнікі сацыяліст. краін падпісалі ў Варшаве Варшаўскі дагавор 1955. На пач. 1980-х г., калі палітыка-гасп. крызіс ахапіў усю Польшчу, хваля забастовак прайшла і на буйнейшых прадпрыемствах Варшавы.
Гістарычнае ядро горада ўключае раёны Старая Варшава і Новая Варшава. У старой Варшаве крапасныя сцены (14—15 ст.) з барбаканам (1548, арх. Дж.Баціста); камяніцы 15—18 ст. з дэкар. скульптурай, размалёўкамі і сграфіта; фарны касцёл св. Яна (14 ст.). У Новай Варшаве фарны касцёл (15 ст.), кляштары і касцёлы 16—17 ст. На Пд ад раёна Старой Варшавы Каралеўскі замак (1598—1619) з параднымі інтэр’ерамі ў стылях барока і класіцызму. У 17—18 ст. уздоўж гал. вуліц пабудаваны палацы: Асалінскіх (1641, арх. В.Сенес), Красінскіх (1677—83), Паца (1690—97, арх. абодвух Тыльман Гамерскі), Блакітны (Замойскіх, 1726, арх. Я.Д.Яўх, М.Д.Пёпельман), Бланка (1762—64, арх. Ш.Б.Цуг), Тышкевічаў (1785—92, арх. С.Завадскі, Я.Х.Камзетцэр). У прадмесці Варшавы размешчана летняя каралеўская рэзідэнцыя Вілянаў (1677—96, арх. А.Лочы) з рэгулярным паркам. У 18 ст. пабудаваны касцёлы візітак (1727—34, арх. К.Бай; фасад і інтэр’ер 1754—62, Э.Шрогер), евангелісцкі (1777—81, арх. Цуг), св. Ганны (1786—88, арх. Х.П.Айгнер, С.К.Патоцкі); палацава-паркавы комплекс Лазенкі. З пач. 19 ст. фарміруецца новы цэнтр Варшавы з рэгулярнымі кварталамі, жылымі і грамадскімі будынкамі ў стылі класіцызму (ансамблі Тэатральнай і Банкаўскай плошчаў). У канцы 19 — пач. 20 ст. цэнтр, зах. і паўд. раёны забудоўваліся шматпавярховымі эклектычнымі пабудовамі, будынкамі ў стылях мадэрн, пазней — функцыяналізму («Тэатр польскі», 1912; Банк кааператыўных т-ваў, 1912—17; Гал. гандлёвая школа, 1926—35, і інш.). У 2-ю сусв. вайну знішчана або значна пашкоджана 90% арх. помнікаў Варшавы. Паводле праекта рэканструкцыі Варшавы (1946) пабудаваны гал. магістралі Усход—Захад і Поўнач—Поўдзень, рэканструявана вул. Маршалкоўская з ансамблем пл. Канстытуцыі (1950—52), Палацам культуры і навукі (1952—55, арх. Л.Руднеў) і сучасным гандл. цэнтрам (т.зв. Усходняя сцяна, 1962—70, арх. З.Карпінскі). Найб. значныя пабудовы гэтага часу: будынкі Нац. Польскага банка (1948), Сейма (1948—51, арх. абодвух Б.Пнеўскі), Гданьскі мост (1957—59, арх. Я.Ратынскі). У 1970-я — пач. 1990-х г. пабудаваны: Цэнтральны вакзал (1972—75, арх. А.Рамановіч), вышынны дом на Банкаўскай пл. (т.зв. серабрысты, 1991), будынак Польскіх авіяліній «Лёт» і атэль «Марыёт» (1978—89, арх. Т.Стафанскі і інш.), Гандлёвы дом «Пэвэкса» (1989—91, арх. Е.Скшыпчак), атэль «Меркуры» (1991—93, арх. Я.Роўб) і інш.
У Варшаве больш за 40 помнікаў, у т. л. калона Жыгімонта III на Замкавай пл. (1644), помнікі М.Каперніку (1828—30, Б.Торвальдсен), А.Міцкевічу (1898, Ц.Гадэбскі), Ф.Шапэну ў Лазенках (1907—26, В.Шыманоўскі), героям Варшавы (1964, М.Канечны), касцюшкаўцам (1985, А.Кастэн, Б.Хімінскі), Варшаўскаму паўстанню (1989, В.Куцма) і інш.
У Варшаве 18 ВНУ: ун-т (з 1818); політэхнічны ін-т (з 1915); акадэміі медыцынская, музычная імя Шапэна, прыгожых мастацтваў, каталіцкай тэалогіі, фіз. выхавання, хрысціянская тэалагічная; Вышэйшая тэатр. школа; Гал. гандлёвая школа; Вышэйшая школа кіравання і інш. Польская АН. Буйнейшыя б-кі: Нац.б-ка, Гал.б-ка Варшаўскага ун-та, Публічная б-ка Варшавы. Каля 40 музеяў, у т. л.Нац. музей, Этнаграфічны, Археалагічны, Войска польскага, Гістарычны, Літаратурны імя А.Міцкевіча, у Лазенках, Вілянаве. Мастацкія галерэі. Батанічны сад. 23 драм., 5 дзіцячых, 2 оперныя т-ры, т-р аперэты. Філармонія. Штогод праводзіцца Міжнар. фестываль сучаснай музыкі «Варшаўская восень». 1 раз у 5 гадоў Міжнар. конкурс піяністаў імя Шапэна.
Літ.:
Czajewski W. Warszawa ilustrowana. T. 1—4. Warszawa, 1895;
Drozdowski N.M., Zahorski A. Historia Warszawy. Warszawa, 1972;
Lewicka M. Atlas architektury Starego Miasta w Warszawie. Warszawa, 1992;
Да арт.Варшава. Калона Жыгімонта III. 1644.Да арт.Варшава. Каралеўскі замак. 1598—1619.
Да арт.Варшава. Барбакан. 1548.Да арт.Варшава. Фрагмент палаца ў Вілянаве. 1677—96.У гістарычным цэнтры Варшавы.Да арт.Варшава. Помнік героям Варшавы. 1964.Да арт.Варшава. Цэнтральны вакзал. 1972—75.