ТЫЛКО́ЎСКІ (Tylkowski) Войцех (1624, Мазовія, Рэч Паспалітая — 1695),
польскі філосаф-тэолаг. Выкладаў у езуіцкіх калегіумах, працаваў у Ватыкане. У 1677—81 праф. Віленскай акадэміі, пазней кіраваў папскай семінарыяй у Вільні. Аўтар твораў па філасофіі, тэалогіі, прыродазнаўстве. У гал. яго працы — 9-томнай «Займальнай філасофіі» (Кракаў, 1669), прысвечанай логіцы, метафізіцы і этыцы, шмат звестак па гісторыі прыродазнаўства і медыцыны. Нягледзячы на ўстарэласць звестак і езуіцкую казуістыку, на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў творы Т. былі для езуіцкіх прафесараў адной з гал. крыніц прыродазнаўчых ведаў. З дапамогай лагічных прыёмаў і фармальных доказаў ён абгрунтоўваў і абараняў догматы рэлігіі, існаванне Бога як стваральніка сусвету і бессмяротнасць душы. У поглядах на гісторыю Т. прытрымліваўся правідэнцыялізму, паводле якога ўся дзейнасць людзей — гэта ажыццяўленне раней прадугледжанага «божага плана»; гісторыя і мінулае маюць значэнне толькі таму, што ў іх ёсць божыя прадбачанні сучаснага і будучыні.
Літ.:
Бирало А.А. Философская и общественная мысль в Белоруссии и Литве в конце XVII — середине XVIII в. Мн., 1971. С. 29—33.
Г.А.Маслыка.
т. 16, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭХНАКРАТЫ́ЧНЫЯ ТЭО́РЫІ,
сацыяльна-эканамічныя тэорыі, паводле якіх кіруючай сілай грамадства з’яўляюцца не ўласнікі капіталу, а навук. і тэхн. інтэлігенцыя, спецыялісты, тэхнакраты. Узніклі ў 1920-я г. ў ЗША, калі Т.Веблен выступіў з тэорыяй «рэвалюцыі інжынераў», паводле якой кіраваць эканам. і паліт. жыццём ва ўмовах навук.-тэхн. прагрэсу могуць толькі тэхнікі і інжынеры, здольныя рацыянальна арганізаваць вытв-сць. У 1930-я г. эканамісты А.Берлі і Г.Мінс абгрунтавалі кіраўніцкай рэвалюцыі тэорыю, паводле якой панаванне акцыянернай формы прадпрыемстваў вядзе да адхілення ўласнікаў капіталу ад улады і перадачы яе ў рукі менеджэраў, тэхнакратаў. Як канцэпцыя гэтая тэорыя сфарміравалася ў 1940-я г. ў працах амер. эканаміста Дж.Бёрнхема (тэорыя новага грамадства і новага пануючага класа). У 1960—70-я г. яе прапагандаваў аўтар канцэпцыі індустрыяльнага грамадства Дж.Голбрэйт (тэорыя тэхнаструктуры, тэорыя новай карпарацыі). Т.т. ёсць таксама ў працах Л.Блюма (Францыя), Дж.Стрэйчы (Вялікабрытанія), З.Бжазінскага (ЗША), М.Джыласа (Югаславія) і інш.
І.В.Катляроў.
т. 16, с. 148
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЛАСО́ФІЯ ПАЧУЦЦЯ́ І ВЕ́РЫ (ням. Glaubens-philosophie),
ірацыяналістычны кірунак у нямецкай філасофіі 2-й пал. 18 ст. Склалася як рэліг.-філас. абгрунтаванне духоўнай атмасферы Германіі 1770-х г. з яе псіхалагізмам, культам пачуцця, суб’ектывізмам; супрацьстаяла асветніцкаму рацыяналізму. Рацыянальнаму апасродкаванаму пазнанню проціпастаўляла ідэю «непасрэдных ведаў». Яе прадстаўнікі (Ф.Г.Якобі, І.Г.Гаман і інш.) зыходзілі з таго, што рэальнае існаванне рэчаў даецца чалавеку непасрэдна ў яго пачуццях і веры пераважна інтуітыўна; сцвярджалі, што шляхам рацыянальнага мыслення немагчыма ўсвядоміць сутнасць чалавечай асобы, а пазнаецца яна толькі шляхам «веры», «адкрыцця», «пачуццяў». Зместам веры яны лічылі і рэальнасць пачуццёвага зместу зямных рэчаў, і рэальнасць абсалютнага і вечнага. Гэтыя ідэі паўплывалі на развіццё інтуітывізму 19—20 ст., які ў інтуіцыі бачыў дастатковы сродак для атрымання сапраўдных ведаў, экзістэнцыялізму і філасофіі жыцця. Але большасць прыхільнікаў непасрэднага інтуітыўнага пазнання (М.А.Лоскі, С.Л.Франк, Я.М.Трубяцкой) імкнулася да спалучэння інтуіцыі і інтэлектуальнага пазнання. Гл. таксама Ірацыяналізм.
В.Дз.Марозаў.
т. 16, с. 387
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЕ́РАХАВА Маргарыта Барысаўна (н. 25.8.1942, г. Турынск Свярдлоўскай вобл., Расія),
расійская актрыса. Засл. арт. Расіі (1976). Вучылася ў Ташкенцкім ун-це (1959—61). Скончыла Школу-студыю пры Т-ры імя Массавета (1964), у 1964—83 і з 1987 працуе ў гэтым т-ры. Яе творчасці ўласцівы дакладнасць псіхал. аналізу, стрыманы лірызм, шчырасць, непасрэднасць: Клеапатра («Цэзар і Клеапатра» Б.Шоу), Віржыні Вальтэр («Мілы друг» Г. дэ Мапасана), Мары («Вачыма клоуна» паводле Г.Бёля), Соня («Злачынства і кара» паводле Ф.Дастаеўскага), Лізавета («Царскае паляванне» Л.Зорына), Любоў Сяргееўна («Тэма з варыяцыямі» С.Алёшына) і інш. З 1966 здымаецца ў кіно: «Бягучая па хвалях» (1967), «Беларускі вакзал» (1971), «Маналог» (1973), «Люстра», «На ўсё астатняе жыццё» (абодва 1975), «Дзённы цягнік» (1976), «Сабака на сене» (1977), «Д’Артаньян і тры мушкецёры» (1978), «Давай пажэнімся» (1983), «Яно» (1989), «Толькі для вар’ятаў» (1990), «Каралі расійскага вышуку» (1996) і інш. Выступае як рэжысёр.
Літ.:
Актеры советского кино Вып. 12. М., 1976.
т. 17, с. 105
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКСПРО́МТ (ад лац. expromtus гатовы),
1) у літаратуры — невялікі верш, складзены хутка, без абдумвання, пад уражаннем пачуццяў, выкліканых якой-н. з’явай ці падзеяй; адзін з відаў імправізацыі. Э. звычайна невялікі па аб’ёме і просты па кампазіцыі. У маст. л-ры да Э. адносяць эпіграмы, мадрыгалы, жарты, лірычныя вершы. Прыклад Э.:
Адолець можна ўсё...
Ісці па першапутку
Праз непагадзь, праз дождж і снег,
Каб толькі вочы — з радасці і смутку —
Даверліва глядзелі ў вочы мне.
(М.Пракаповіч. «Адолець можна ўсё...»)
Э. сустракаюцца ў творчасці сучасных бел. паэтаў (Р.Барадулін, М.Рудкоўскі і інш.).
2) У музыцы — інстр. п’еса імправізацыйнага характару; адзін з жанраў камернай музыкі.
Як самаст. жанр (пераважна для фп.) пашырыўся ў 19 ст. ў перыяд станаўлення рамант. кірунку ў музыцы. Сярод класічных Э. творы А.Глазунова, Э.Грыга, Ф.Ліста, А.Лядава, А.Скрабіна, П.Чайкоўскага, Ф.Шапэна, Ф.Шуберта. Э. стварылі бел. кампазітары А.Багатыроў, Я Глебаў, Дз.Лукас, К.Цесакоў і інш.
А.А.Майсейчык (у літаратуры).
т. 18, кн. 1, с. 77
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Астадо́ліцца ’супакоіцца, сцішыць бег’ (Янк. I). Відаць, звязана з стадола ’будынак для вазоў на заезным двары’ (Бяльк.) і асабліва ’вялікі двор для жывёлы, хлеў’ (Нас.). Дзеяслоў, відаць, азначаў ’стаць, як у стадолі’, прычым пачасова ўжываўся для жывёлы і толькі пазней для людзей. Паралелі ў іншых славянскіх мовах невядомыя. Магчыма, што ў слове адлюстроўваюцца некаторыя кантамінацыі з астанавіцца ’спыніцца’ і г. д.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ава́лак ’прылада, якой прасуюць («качаюць») бялізну’ (Янк.) да valъ, valiti ’качаць’. Тады а пратэтычнае. Лексема валак утворана, як рускае валёк, толькі іншага акцэнтуацыйнага тыпу. Параўн. літ. volė̃ ’прылада, якой прасуюць бялізну’, лат. vale ’тс’, якія да літ. vélti, лат. vel̄t ’качаць’. Зыходныя славянскія і балтыйскія словы генетычна суадносяцца, а вытворныя ад іх (авалак, валёк, volė̃, vale) узніклі, мабыць, незалежна адзін ад аднаго.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Жывадзёр ’жорсткі, бязлітасны, скупы чалавек’ (ТСБМ). Рус. живодер ’асоба, што прафесійна займаецца забоем жывёл, здзіраннем з іх скуры, скуралуп’, ’жорскі, бязлітасны, скупы чалавек’, славац. (< рус.) živoder ’жывадзёр’, славен. živodèr ’скуралуп’, серб.-харв. живо̀дер ’скуралуп’, балг. дыял. живодерец, живодѐрник ’ліхвяр’. Ст.-рус. живодеръ (1646 г.) ’скура-луп’. Захаванне ў бел. толькі пераноснага значэння ўказвае на магчымасць запазычання яго з рус. (як і славац.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
лёд, лёду (ільду); мн. льды (ільды), ‑оў; м.
Вада, якая замерзла і перайшла ў цвёрды стан. Тонкі лёд на застылай лужыне праламаўся, разляцеўся мокрымі льдзінкамі. Шыцік. Сонца залаціла стрэхі і тонкія іголкі лёду. Чорны. // толькі мн. (льды́, ‑оў). Вялікая колькасць ільдзін; суцэльны лёд. Вечныя льды. Палярныя льды.
•••
Сухі лёд — цвёрдая вуглекіслата, якая прымяняецца як ахаладжальны сродак.
Біцца як рыба аб лёд гл. біцца.
Зімой лёду не дастаць у каго гл. дастаць.
Лёд крануўся — пра пачатак якога‑н. дзеяння, руху.
Разбіць лёд гл. разбіць.
Як лёду — роўна, якраз, не больш і не менш.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мане́р, ‑а, м. (ужыв. толькі ў В і Т скл.).
Спосаб дзеяння, лад, узор. Андрэй дастае .. шчарбаты чайнік, налівае яго вадою з тэндэра і.. прымайстроўвае чайнік да топкі.. Такім жа манерам, як чайнік, прымайстроўваецца патэльня з салам. Лынькоў. На працу .. [даяркі] ішлі ў добрым, пашытым на сучасны манер адзенні. Хведаровіч. / у знач. прыназ. у спалуч. з «на». — Як ты мяркуеш, Мартыне, — парушыў маўклівасць дзед Талаш, пачаўшы трохі здалёку, — ці можна падабраць добрых хлопцаў... ну, на манер невялічкага войска? Колас.
•••
На адзін манер — аднолькавы, падобны; аднолькава, падобна.
На свой манер — па-свойму, не так, як іншыя.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)