О́СТВАЛЬД ((Ostwald) Вільгельм Фрыдрых) (2.9.1853, Рыга —4.4.1932),
нямецкі фізікахімік і філосаф, адзін з заснавальнікаў фізічнай хіміі. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1896). Скончыў Дэрпцкі (Тартускі) ун-т (1875), дзе і працаваў. З 1881 праф. Рыжскага політэхн. вучылішча, з 1887 Лейпцыгскага ун-та, адначасова ў 1898—1905 дырэктар заснаванага ім Фіз.-хім. ін-та. З 1906 праводзіў даследаванні ва ўласнай хім. лабараторыі. Навук. працы па хім. кінетыцы і каталізе, тэорыі электралітычнай дысацыяцыі, вучэнні аб колерах, гісторыі хіміі. Вывеў суадносіны паміж электраправоднасцю разбаўленых раствораў бінарных слабых электралітаў і іх канцэнтрацыяй (закон разбаўлення О.; 1888). Распрацаваў спосаб каталітычнага акіслення аміяку да азотнай к-ты (1902). У 1889 распачаў выданне серыі «Класікі дакладных навук». Стваральнік філас. тэорыі энергетызму, паводле якой адзінай субстанцыяй сусвету з’яўляецца энергія. Нобелеўская прэмія 1909.
Літ.:
Родный Н.И., Соловьев Ю.И. Вильгельм Оствальд, 1853—1932. М., 1969;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРМО́Н (Валянцін Мікалаевіч) (н. 18.4.1948, г. Брандэнбург, Германія),
расійскі фізікахімік. Акад.Рас.АН (1997, чл.-кар. 1991). Беларус. Скончыў Маскоўскі фіз.-тэхн. ін-т (1972). З 1977 у Ін-це каталізу Сібірскага аддз.Рас.АН (з 1985 нам. дырэктара, з 1995 дырэктар), адначасова з 1978 у Новасібірскім ун-це (з 1989 праф.). Навук. працы па хім. кінетыцы і каталізе, фота- і радыяцыйнай хіміі. Распрацаваў тэорыю спектраў электроннага парамагн. рэзанансу стабільных бірадыкалаў, навук. асновы фотакаталітычных метадаў пераўтварэння сонечнай энергіі ў хім., радыяцыйна-тэрмічнага каталізу (новы кірунак у радыяцыйным каталізе). Пад яго кіраўніцтвам створаны першыя ў Расіі сонечныя каталітычныя рэактары, каталізатары на аснове аксідаў урану, якія спалучаюць функцыі ядз. паліва і каталізатараў для акумуляцый хім. энергіі.
Тв.:
Стабильные бирадикалы. М., 1980 (разам з А.І.Какорыным, Г.М.Жыдаміравым);
Фотокаталитическое преобразование солнечной энергии. Ч. 2. Молекулярные системы для разложения воды. Новосибирск, 1985 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕАКТЫ́ЎНЫЯ АДХО́ДЫ,
вырабы, матэрыялы, рэчывы і біял. аб’екты, не прыдатныя да далейшага выкарыстання, у якіх утрыманне радыенуклідаў перавышае вызначаныя нормы. Паводле агрэгатнага стану Р.а. падзяляюцца на вадкія, цвёрдыя, газападобныя; паводле ўзроўню актыўнасці — на групы нізкага, сярэдняга і высокага ўзроўняў; паводле хім. якасцей — на гаручыя і негаручыя.
Утвараюцца ў працэсе работы і рамонту энергет.ядз. рэактараў на АЭС, суднах і інш.; пры выкарыстанні радыеізатопных крыніц і прэпаратаў у тэхніцы, навуцы, медыцыне, у працэсе апрацоўкі руд, горных парод і інш. Метады перапрацоўкі і захавання Р.а. залежаць ад іх фіз. і хім. якасцей. Для вадкіх Р.а. выкарыстоўваюць метады канцэнтравання і захавання ў стальных ёмістасцях, для цвёрдых — захаванне ў спец. бетонных сховішчах. Біял. Р.а. (трупы эксперым. жывёл і інш.) спальваюць тэрмічным або хім. спосабам ў спец. могільніках.
На Беларусі асобны тып Р.а. — прадукты дэзактывацыі аб’ектаў і тэр. пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАФІНАВА́ННЕ (ад франц. raffiner ачышчаць),
канчатковая ачыстка тэхн. прадуктаў ад пабочных прымесей у металургічнай, хім. і інш. галінах прам-сці. Ачыстку харч. прадуктаў (напр., алеяў, цукру) наз. рафінацыяй.
У металургіі пашырана Р. металаў — ачыстка першасных, ці чарнавых металаў (маюць 96—99% асн. металу), ад прымесей для павышэння якасці сталей, металаў і сплаваў, а таксама атрымання каштоўных металаў (золата, серабра і інш.), якія ёсць у чарнавых металах. Асн. метады Р.: піраметалургічныя (гл.Піраметалургія), электралітычныя і хім., заснаваныя на адрозненні ўласцівасцей (т-р плаўлення, шчыльнасці і інш.) элементаў, што раздзяляюць. Піраметалургічнае Р., якое ажыццяўляюць у расплавах, мае шэраг разнавіднасцей (напр., зонная плаўка). Электралітычнае Р. — электроліз водных раствораў ці расплаваў солей. выкарыстоўваюць для атрымання каляровых металаў (медзь, нікель і інш.) высокай чысціні. Хім. Р. засн. на рознай растваральнасці металаў і прымесей у растворах кіслот і шчолачаў (напр., афінаж — Р. высакародных металаў). Для атрымання чыстых металаў звычайна выкарыстоўваюць паслядоўна некалькі метадаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛЫ́КА (Галіна Аляксандраўна) (н. 6.12.1960, в. Восава Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. паэтэса. Дачка А.М.Булыкі. Скончыла хім.ф-тБДУ (1983), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1989). У 1990—94 у газ. «Культура», з 1994 у час. «Беларуская думка». Друкуецца з 1983. У зб-ках вершаў «Сінтэз» (1986), «Турмалін» (1994) — рацыяналізм і экспрэсіўнасць, эмац.-эстэтычнае асваенне «непаэтычных» фіз. і хім. з’яў і рэчываў, філасафічнасць, незвычайнасць міфалагічнай і фалькл. сімволікі, шматпланавасць, неадназначнасць сэнсу (вершы пра гісторыю, навуку, культуру, мастацтва, каханне і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БХО́ПАЛ,
горад у цэнтр.ч. Індыі. Адм. ц. штата Мадх’я-Прадэш. 1062,8 тыс.ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтамаб. дарог. Аэрапорт. Гандаль збожжам і бавоўнай. Хім. (вытв-сць сродкаў аховы раслін), маш.-буд., цукр., гарбарна-абутковая, баваўняная, мукамольная, алейная прам-сць. Саматужная вытв-сць запалак, тканін, швейна-трыкат. і ювелірных вырабаў. Ун-т. Археал. музей. Маўзалей Тадж-ал Масаджыд (незакончаны). У снеж. 1984 горад пацярпеў ад буйной індустр. катастрофы — выкіду атрутнага газу ізацыянату з хім. прадпрыемства амер. кампаніі «Юніян карбайд» (загінула 2,5 тыс.чал., пацярпела больш за 100 тыс.чал.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАЦЫЯ́НЫ (ад грэч. anthos колер + kyanos блакітны),
фарбавальныя рэчывы (пігменты з групы флаваноідаў) клетачнага соку раслін. Паводле хім. саставу — гліказіды, у якіх рэшткі глюкозы або інш. цукру звязаны з афарбаваным нецукрыстым рэчывам. Колер антацыянаў залежыць ад хім. прыроды апошняга і рэакцыі асяроддзя (напр., чырвоны — у кіслым, сіні, фіялетавы — у шчолачным). Наяўнасцю антацыянаў абумоўлена фіялетавая, сіняя, карычневая, чырв., аранжавая і інш. афарбоўка пялёсткаў кветак, пладоў, лістоў, сцяблоў, чырв. колер вінаў і фруктовых сокаў. Мяркуюць, што антацыяны — ахоўны сродак ад шкоднага дзеяння ультрафіялетавых прамянёў і перагрэву тканак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАДЖЭ́ННЕ,
выдзяленне цвёрдай фазы з газаў ці суспензій; выдзяленне аднаго ці некалькіх кампанентаў з раствораў у выглядзе асадку. Можа працякаць адвольна пад дзеяннем сілы цяжару (адстойванне), цэнтрабежнай сілы (цэнтрыфугаванне) ці сіл электрастатычнага поля. Асаджэнне з раствораў робіцца з дапамогай хім. рэакцый (комплексаўтварэння, акіслення-аднаўлення і інш.) пры дабаўленні рэагентаў. Выкарыстоўваецца ў хім. аналізе і прам-сці пры атрыманні чыстых рэчываў, ачыстцы газаў. Мае месца ў геал. працэсах утварэння платформавага чахла і асобных геахім. комплексаў (у т. л. радовішчаў многіх карысных выкапняў; гл. таксама Асадканамнажэнне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫПА́РВАННЕ,
тэхналагічны працэс канцэнтравання раствораў частковым выпарэннем растваральніку пры кіпенні. Робяць для вылучэння растворанага рэчыва (найчасцей цвёрдага з вады) ці атрымання чыстага растваральніку.
Праводзіцца ў выпарных апаратах пры атм., паніжаным (да 0,008 МПа) ці залішнім (да 0,6 МПа) ціску. Канструкцыя апаратаў для выпарвання залежыць ад саставу, фізіка-хім. уласцівасцей, неабходнай ступені канцэнтравання раствораў, іх схільнасці да ўтварэння накіпу і пены. Выпарванне тэрмаадчувальных (напр., лізін) і высокакіпячых (напр., серная к-та) раствораў робяць ва ўмовах разрэджвання, таму што зніжаецца т-ра іх кіпення. Выкарыстоўваюць у хім., харч. і інш. галінах прам-сці.