сукупнасць прадпрыемстваў і службаў, спецыялізаваных на абслугоўванні насельніцтва. Уключае: сан.-тэхн. прадпрыемствы (водаправод, каналізацыю, прадпрыемствы па ўпарадкаванні тэр. населеных месцаў, пральні, лазні); гарадскі транспарт; энергетычныя прадпрыемствы (электрычныя, газавыя, цеплафікацыйныя размеркавальныя сеткі, кацельні і інш.); службы па эксплуатацыі жыллёвага фонду; збудаванні знешняга добраўпарадкавання (дарогі, тратуары, масты, пуцеправоды, падземныя і наземныя пешаходныя пераходы, трансп. эстакады, зялёныя насаджэнні агульнага карыстання, вулічнае асвятленне і інш.), гасцініцы, рамонтна-буд. арг-цыі і інш. Да 1920-х г. на Беларусі не было адзінай сістэмы прадпрыемстваў К.г. Водаправод дзейнічаў у Мінску з 1874, Гродне з 1876, Магілёве з 1878, Слоніме з 1890, Віцебску з 1895, Мазыры з 1902, Гомелі з 1908. У гарадах толькі цэнтр. вуліцы былі брукаваныя, асвятляліся газавымі ліхтарамі. Электрычнае асвятленне ў Мінску з 1895. Асн. відам гар. транспарту быў гужавы. У Мінску (з 1892) і Магілёве (з 1910) працавала конная чыгунка (конка). Да 1932 у БССР электрыфікаваны ўсе гарады і 30 мястэчак. У 1940 у рэспубліцы былі 92 камунальныя гасцініцы на 3574 месцы. На канец 1996 цэнтралізаванае водазабеспячэнне на Беларусі мелі 102 гарады, 106 гар. пасёлкаў і 4904 сельскія нас. пункты, каналізацыю — 101 горад, 101 гар. пасёлак, 2065 сельскіх населеных пунктаў; тралейбусны парк налічваў 1778 машын, аўтобусны — 3821 аўтобус на ўнутрыгар. перавозках; у Мінску — метрапалітэн (132 вагоны). Дзейнічалі 258 гасцініц, матэляў і інтэрнатаў для прыезджых на 28 297 месцаў і інш.
Л.А.Бірукоев.
Да арт.Камунальная гаспадарка. Дом быту ў в. Чурылавічы Мінскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРГА́Н,
зямельны насып над стараж. пахаваннем, часам засыпанае зямлёй пахавальнае збудаванне. Звычай хаваць нябожчыкаў у К. склаўся на мяжы неаліту і энеаліту, на Беларусі — на мяжы 3-га і 2-га тыс. да н.э. Выяўленыя на Беларусі асобныя К. і курганныя могільнікі належаць усх.-слав. плямёнам, славяна-балцкаму насельніцтву, балтам, найб.стараж. — плямёнам сярэднедняпроўскай культуры. Вядомы пад назвамі курганы, капцы, валатоўкі, сопкі, французскія або шведскія магілы. Адрозніваюцца формай, памерамі, унутр. будовай, становішчам нябожчыка, абрадам пахавання, характарам пахавальнага інвентару. Найб. пашыраны круглыя (дыям. 3—18 м, зрэдку да 25), доўгія курганы і падоўжаныя ў плане К. (даўж. 10—110 м). Да канца 1-га тыс.н.э. пахавальны абрад — трупаспаленне, у 11—13 ст. — трупапалажэнне. Найчасцей у К. пахаваны адзін нябожчык, радзей 2—3, зрэдку больш, бываюць пазнейшыя падпахаванні. Больш ранняе трупаспаленне адбывалася па-за межамі К., пазней на месцы насыпу; рэшткі крэмацыі змяшчалі на падсыпцы, на гарызонце, у гаршку ці інш. пасудзіне, у выкапанай ямцы. Трупапалажэнне ў залежнасці ад племяннога абраду адбывалася на гарызонце, у яме, у некат. К. выяўлены рэшткі драўляных трун. Нябожчыка клалі на спіне або на баку, зрэдку ў сядзячым становішчы, галавой у пэўным напрамку свету (ва ўсх. славян звычайна на 3). Пахавальны інвентар складаецца з керамічнага посуду (або яго рэштак), прылад працы і побыту, упрыгожанняў. Сустракаюцца насыпы без пахаванняў — кенатафы. У 14 ст. курганныя пахаванні заменены грунтавымі пахаваннямі на могілках.
Г.В.Штыхаў.
Да арт.Курган. Курганны могільнік каля в. Высачаны Лёзненскага раёна Віцебскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́РЧАНСКА-ЭЛЬТЫГЕ́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
дэсантная аперацыя войск Паўн.-Каўказскага фронту (камандуючы ген.-палк. І.Я.Пятроў), сіл Чарнаморскага флоту (віцэ-адм. Л.А.Уладзімірскі) і Азоўскай ваен. флатыліі (контр-адм. С.Г.Гаршкоў) у Вял.Айч. вайну. Праведзена 31.10—11.12.1943 з мэтай авалодання Керчанскім п-вам. Адначасова планавалася высадзіць сіламі Азоўскай ваен. флатыліі (АВФ) 3 дывізіі 56-й арміі на ПнУ ад г. Керч (асн. напрамак) і сіламі Чарнаморскага флоту пад кіраўніцтвам контр-адм. Г.М.Халасцякова 1 дывізію 18-й арміі каля пас. Эльтыген на Пд ад Керчы (дапаможны напрамак), пасля іх сустрэчнымі ўдарамі авалодаць партамі Керч і Камыш-Бурун. Удзельнічалі 130 тыс.чал., больш за 2 тыс. гармат і мінамётаў, 125 танкаў, 278 катэраў і дапаможных суднаў, больш за 1000 самалётаў 4-й Паветр. арміі і марской авіяцыі. Вечарам 31 кастр. з-за шторму сарвалася высадка дэсантных атрадаў на асн. напрамку. 1 ліст. дэсант 18-й арміі захапіў плацдарм у раёне Эльтыгена. Ва ўмовах адцягнення для блакады плацдарма значных сіл праціўніка АВФ 3 ліст. высадзіла дэсант з часцей 56-й арміі, які да 12 ліст. выйшаў на рубеж Азоўскае м. — паўн.-ўсх. ўскраіна Керчы, дзе і замацаваўся. Дэсант з раёна Эльтыгена 6—7 снеж. прарваўся да паўд. ускраіны Керчы, захапіў пануючую над горадам гару Мітрыдат, але 9 снеж. пад націскам праціўніка пакінуў яе і 11 снеж. быў эвакуіраваны суднамі АВФ. Нягледзячы на незавершанасць, К.-Э.а. стварыла перадумовы (захоп буйнога плацдарма) для вызвалення Крыма ў ходзе Крымскай аперацыі 1944.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕЦЬ,
традыцыйная сялянская гасп. пабудова для захоўвання збожжа, прадуктаў, адзення і інш. Шырока вядома ў нар. дойлідстве слав. і балт. народаў, у Скандынавіі. На Беларусі была пашырана ўсюды ў 19 — пач. 20 ст. У бел.нар. дойлідстве К. — у плане блізкі да квадрата аднакамерны зруб (каля 5 × 6 м) на камянях або дубовых штандарах, накрыты 2-схільнай (радзей вальмавай) страхой з драніцы, саломы, чароту. Тарцовыя сцены звычайна рубіліся закотам. Часам бярвёны 2 ніжніх вянкоў, выпушчаныя да 1 м вонкі, утваралі перад уваходам ганак. На Палессі да пач. 20 ст. існавалі парныя К., злучаныя павецямі. Падлога насцілалася з тонкіх бярвён або плашак (нярэдка абмазаных глінай), столь адсутнічала або была з бярвён у выглядзе скляпення. У некат. К. быў невысокі верхні паверх пад страхой, з галерэйкай на гал. фасадзе, пад падлогай рабілі мураваныя або рубленыя скляпы. К., што стаяла асобна, часта наз.свірнам. К. называлася таксама прыбудова да хаты, якая выкарыстоўвалася як летняе жыллё (звычайна для маладажонаў). З хатай злучалася сенцамі або мела самаст. ўваход звонку. У вял. сям’і, дзе было некалькі жанатых сыноў, для кожнай маладой пары будавалі асобную К. У ёй захоўвалі пасаг нявесты. Больш бедныя сяляне замянялі К. каморай-кладоўкай. Часам К. наз. неацяпляльную ч. хаты. К. захаваліся да нашага часу, але страцілі свае першапачатковыя функцыі. Выкарыстоўваліся таксама пры буд-ве абарончых збудаванняў (вежы, гародні). Храмы з прамавугольнымі зрубамі і 2-схільнымі дахамі (без вярхоў і шатроў) наз. клецевымі.
Ю.А.Якімовіч.
Клець у вёсцы Пузыры Мядзельскага раёна Мінскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́САВА,
горад у Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл. За 15 км на ПнЗ ад Івацэвічаў, 151 км ад Брэста, 13 км ад чыг. ст. Косава-Палескае на лініі Баранавічы—Брэст. 2,7 тыс.ж. (1998).
Вядома з 1494, калі вял. князь ВКЛ Аляксандр падараваў двор К. маршалку Я.Л.Храптовічу. З 1510 мястэчка, цэнтр павета, з 1560-х г. у складзе Слонімскага пав. З 1517 да 19 ст. належала Осцікам, Сангушкам-Кашырскім, Мялешкам, Сапегам, Флемінгам, Чартарыйскім, Пуслоўскім. У 1597 у К. 79 двароў, царква, касцёл, 2 млыны, 34 корчмы. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. цэнтр воласці Слонімскага пав. Гродзенскай губ. У 1897—4143 ж., 431 дом, нар. вучылішча, косаўскія суконныя прадпрыемствы, гарбарня, 2 царквы, касцёл, капліца, 4 яўр. малітоўныя дамы, пошта, 58 крам, 8 кірмашоў штогод. У 1921—39 у складзе Польшчы, горад, цэнтр Косаўскага павета Палескага ваяв. У лют. 1927 у К. паліцыя расстраляла дэманстрацыю працоўных (гл.Косаўскі расстрэл 1927). З 1939 у БССР, у 1940—47 цэнтр Косаўскага раёна. З 25.6.1941 да 13.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў К. і раёне 3112 чал.; дзейнічала Косаўская раённая антыфашысцкая арганізацыя, паміж партызанамі і гітлераўцамі адбыўся Косаўскі бой 1942. У 1959—2,5 тыс. ж.
Прадпрыемствы дрэваапр., харч. прам-сці. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнікі архітэктуры: Косаўскі палац (1838), Антоньеўская царква (1868), Косаўскі Троіцкі касцёл (1878), Георгіеўская царква (18 ст.). Радзіма кіраўніка паўстання 1794 А.Т.Касцюшкі. Каля горада — гарадзішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ШТВАў архітэктуры,
накладная, часам фігурная планка вакол аконнага ці дзвярнога праёма. У драўляным дойлідстве — адзін з элементаў аздаблення знадворнай часткі жылля і грамадскіх пабудоў. Найб. пашыраная форма Л. — прамавугольная з трохвугольным, лучковым або складанай канфігурацыі завяршэннем. Асн. сродкі аздобы: краявая і скразная разьба геам., расл. ці зааморфнага характару, прафіляваныя накладныя элементы, паліхромная афарбоўка.
На Беларусі Л. адметныя шматслойнай ажурнай разьбой расл. характару, шматпланавасцю кампазіцый завяршэнняў. Разьбяныя Л. вядомы з 11 ст. (фрагмент знойдзены пры раскопках Полацка). Па-мастацку дэкарыраваныя Л. рабілі пераважна ў гарадах і мястэчках. У 2-й пал. 19 ст. разнастайны дэкор Л. паявіўся і ў сял. жыллёвым буд-ве. Упрыгожаныя разьбой і пафарбаваныя Л. выкарыстоўваюць у сучасным нар. жыллёвым буд-ве. На Міншчыне, Гродзеншчыне, З Віцебшчыны пашыраны Л. з гладкімі прафіляванымі фігурна выпілаванымі з адной дошкі завяршэннямі, з дэкорам геам., зааморфнага ці расл. характару. У цэнтр. Палессі (Пінскі, Столінскі р-ны) завяршэнні аздабляюцца шматслойнымі прафіляванымі планкамі, точанымі элементамі. Разнастайнасцю і багаццем дэкору вызначаюцца Л. на У Гомельшчыны (гл.Веткаўская разьба). Іл.гл. таксама ў арт.Дэкор.
Літ.:
Беларуская народная архітэктурная разьба. Мн., 1958;
Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973. С. 61—70;
Сахута Я.М. Народная разьба па дрэву. Мн., 1978;
Яго ж. Народное искусство и художественные промыслы Белоруссии. Мн., 1982;
Локотко А.И. Белорусское народное зодчество. Мн., 1991. С. 174—195.
Я.М.Сахута.
Ліштва жылога дома ў вёсцы Гусараўка Рагачоўскага раёна Гомельскай вобл. 1950-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОДЗЬ (Łódź),
горад у цэнтр.ч. Польшчы, адм. ц. Лодзінскага ваяв., на водападзеле рэк Вісла і Одра. Вузел чыгунак і аўтадарог. 1 млн. 41 тыс.ж. з прыгарадамі (1993). Буйны цэнтр тэкст. прам-сці; электратэхн., маш.-буд., металаапр., хім. (штучнае валакно, гумавая), швейная, харч., мэблевая, папяровая, паліграф., абутковая прам-сць. Буйнейшы кінематаграфічны цэнтр Польшчы. 8 ВНУ, у т. л.ун-т, мед. акадэмія, Вышэйшая школа кінематаграфіі, тэлебачання і тэатра, Вышэйшая духоўная семінарыя; аддзяленне АН. Філармонія, тэатры. Музеі: маст., археал. і этнагр., гісторыі тэкст. вытв-сці. Арх. помнікі 18—19 ст.
Першапачаткова вёска Лодзя, уласнасць біскупаў куяўскіх; упершыню згадваецца ў 1332. У 1387 атрымала ням.гар. права, у 1423 кароль Польшчы Ягайла надаў Л. магдэбургскае права. Месцазнаходжанне Л. сярод пушчаў, далёка ад гандл. шляхоў не спрыяла развіццю горада, і да пачатку 19 ст. ён захоўваў агр. характар. У 1820-я г. створаны першыя мануфактуры, у 2-й пал. 19 ст. Л. — цэнтр буйнога тэкст.раёна, пачалося яго хуткае дэмаграфічнае развіццё. З 1870-х г. Л. — важны цэнтр рабочага руху. Тут адбылося першае ў Рас. імперыі рабочае паўстанне (гл.Лодзінскае паўстанне 1905). У 1-ю сусв. вайну ў ліст. 1914 пад Л. адбылася бітва, у выніку якой герм. войскі спынілі наступленне рас. войск. У 2-ю сусв. вайну акупіравана ням. фашыстамі (1939—45; наз. Ліцманштат). Вызвалена войскамі 1-га Бел. фронту. У 1971 адзін з цэнтраў забастовачнага руху ў Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУСК,
гар. пасёлак, цэнтр Глускага р-на Магілёўскай вобл., на р. Пціч. Вузел аўтадарог на Бабруйск, Старыя Дарогі, Любань, Акцябрскі. За 170 км ад Магілёва, 33 км ад чыг. ст. Ратміравічы, на лініі Бабруйск—Акцябрскі. 8,5 тыс.ж. (1995).
У пісьмовых крыніцах упамінаецца з 2-й пал. 15 ст. як Стары Глуск (пазнейшы Глуск Пагарэлы); у 16—19 ст. — вядомы як Глуск Дубровіцкі. Належаў Гальшанскім, Хадкевічам, Палубінскім, Чартарыйскім, Радзівілам. У 16 ст. пабудаваны Глускі замак. У 18 ст. ў складзе Рэчыцкага пав. Мінскага ваяводства, з 1791 у Случарэцкім пав. Навагрудскага ваяводства. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка ў Бабруйскім пав. У 1864 меў каля 3 тыс.ж.; у 1897 каля 5328 ж., 500 дамоў, нар. вучылішча, касцёл, 2 царквы, 5 сінагог. У 1911 у Глуску 6680 ж., 3 гарбарныя з-ды, драўнянастружкавая мануфактура, 22 крамы. З 17.7.1924 цэнтр Глускага раёна, з 27.9.1938 — гар. пасёлак. У 1939 — 5125 ж. У Вял.Айч. вайну з 28.6.1941 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Глуску каля 3 тыс.чал. Вызвалены 27.6.1944 у ходзе Бабруйскай аперацыі 1944. У 1960 у Глуску знойдзены Глускі скарб. У 1962—66 у Бабруйскім р-не. У 1977 у Глуску 6,4 тыс.ж. Прадпрыемствы харч., дрэваапр. прам-сці.
4 сярэднія і 1 муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Мемарыяльны комплекс землякам. Помнік двойчы Герою Сав. Саюза С.Ф.Шутаву. Магілы ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕКРАШЭ́ВІЧ (Сцяпан Міхайлавіч) (8.5.1883, в. Данілоўка Светлагорскага р-на Гомельскай вобл. — 20.12.1937),
бел. мовазнавец. Акад.АН Беларусі (1928). Скончыў Віленскі настаўніцкі ін-т (1913). З 1918 заг.бел. секцыі пры губ. аддзеле нар. асветы Адэсы. З 1920 заг.літ.-выдавецкага аддзела Наркамасветы БССР, старшыня навук.-тэрміналагічнай камісіі, нам. старшыні Галоўпрафасветы пры Наркамасвеце БССР, старшыня Інбелкульта. З 1926 старшыня аддзела гуманітарных навук Інбелкульта, з канца 1928 віцэ-прэзідэнт АНБССР, старшыня камісіі па ўкладанні слоўніка жывой бел. мовы і арфаграфічнай камісіі, старшыня Галоўнавукі пры Наркамасвеце БССР, дырэктар Ін-та мовазнаўства АН Беларусі. Асн. даследаванні па лексікаграфіі, правапісе, дыялекталогіі і гісторыі бел. мовы. Разам з М.Я.Байковым выдаў «Беларуска-расійскі слоўнік» (1925) і «Расійска-беларускі слоўнік» (1928). Аўтар артыкулаў «Сучасны стан вывучэння беларускай мовы» (1927), «Мова кнігі Касьяна Рымляніна Ераміты «О уставах манастирских» (1928), «Васіль Цяпінскі. Яго прадмова, пераклад евангелля на беларускую мову і мова перакладу» (не апублікавана), а таксама «Беларускага лемантара» (1922, 6-е выд. 1929), чытанкі «Роднае слова» (1922, 4-е выд. 1925) і інш. У 1930 арыштаваны і высланы ва Удмурцію. У 1937 паўторна арыштаваны і расстраляны. Рэабілітаваны па абодвух абвінавачаннях адпаведна ў 1938 і 1957.
Тв.:
Праграма для збірання асаблівасцей беларускіх гаворак і гаворак, пераходных да суседніх моў. Мн., 1927 (разам з П.А.Бузуком);
Да характарыстыкі беларускіх гаворак Парыцкага раёна. Мн., 1929.
Літ.:
Германовіч І.К. Аб навуковай дзейнасці С.М.Некрашэвіча // Весн. БДУ. Сер. 4. 1972. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ТАЛЬСКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення ў Зах. Палессі. Бытаваў у 19—1-й пал. 20 ст. на невял. тэр. Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. (вёскі Моталь, Тышкавічы, Асаўніца). Аснову летняга касцюма жанчын складалі кашуля, спадніца, фартух, гарсэт. Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, прышытымі па аснове, са шматлікімі складкамі вакол стаячага каўняра. Тыповым прыёмам аздаблення былі звычайныя строчкі, уручную прашытыя чорнай баваўнянай ніткай упоперак стаячага каўняра, манжэты. Спадніца — гладкафарбаваны, бурачковы ці чырвоны андарак або палатнянік з белага кужалю, сабранага па лініі таліі на матузок. Фартух кроілі з 4 полак кужэльнага палатна, якія злучалі дэкар. швом, што дазваляла насіць яго на два бакі. Арнамент натыкання вызначаўся дробным малюнкам чырвонага, чырвона-чорнага, блакітна-чырвона-чорнага геам. або расліннага арнаменту. Гарсэт шылі з чырвонага фабрычнага сукна, з серабрыстай парчы, аздаблялі нашыўкамі тасьмы-галуна, стужак, пацерак, запраўлялі яго ў спадніцу і падпяразвалі шырокім бурачкова-чырвоным поясам ручнога пляцення. Галаўны ўбор — моцна накрухмаленая намітка, завітая на каробачку з чапцом, аздобленая кветкамі па баках або паўкругам спераду. Мужчынскае адзенне складалі нагавіцы і кашуля навыпуск, падперазаныя шырокім плеценым поясам з кутасамі, галаўны ўбор — саламяны брыль, магерка. Верхняе адзенне — світка, катанка, куртка з чорнага валенага сукна, аздобленая цёмна-сіняй аблямоўкай, з бакавымі клінамі-«вусамі». Прыгожым маст. аздабленнем вылучаліся аўчынныя кажушкі і паўкажушкі (гл.Мотальскія кажухі).
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Мотальскі строй. Летняе традыцыйнае адзенне жанчын. Вёска Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобл. 1930-я г.