кава́ць, кую, куеш, куе; куём, куяце; незак., што.
1. Ударамі молата або ціскам апрацоўваць распалены метал, надаваць яму патрэбную форму. Каваць жалеза. // Вырабляць каваннем. Заўсёды ля .. кузні шмат народу: падкоўваюць коней, куюць нарогі. Бядуля.
2. перан. Настойлівай працай, вялікімі намаганнямі ствараць што‑н., дамагацца чаго‑н. Каваць перамогу. □ — Табе, Міхась, ужо вядома, Што нашы людзі мір куюць, На рыштаваннях, на варштатах, У інстытутах, у брыгадах. Корбан. Людзі самі, сваімі шчырымі рукамі, куюць сваё шчасце, робяць вясну на зямлі! Бялевіч.
3. Падкоўваць, акоўваць. Каваць колы. □ У наступныя дні ён вадзіў у саўгасную кузню каваць кон[ей]. Чорны.
4. Закоўваць (у кайданы і пад.). Так і павялі таварыша Васіля.. Каваць не пасмелі, каб не выклікаць цікаўнасці людзей. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адхілі́цца, ‑хілюся, ‑хілішся, ‑хіліцца; зак.
1. Падацца, нахіліцца ўбок; адхінуцца. Бацюшка адхіліўся ў другі бок і, каб не прыкмеціў Пётра, перажагнаўся. Чарот.
2. Збіцца, адысці ад прамога кірунку, ухіліцца ад галоўнага. — Куды ж мы адхіліліся? Дзе ж тут гумно? — раздумліва спытаў Лясніцкі. Шамякін. За гэту бамбёжку Косця атрымаў ад.. начальства вымову — ён адхіліўся ад маршруту. Навуменка.
3. Адгарнуцца, адсланіцца. Пачуліся крокі. Фіранка адхілілася, і ў бакоўку глянула гаспадыня. Пестрак.
4. перан. Пакінуць займацца чым‑н., думаць, гаварыць пра што‑н., перакінуўшы ўвагу на што‑н. іншае, заняўшыся чым‑н. іншым; адысці ўбок. Ну, не буду вам расказваць пра тыя дзівы, якія я ўбачыў назаўтра, бо тады я адхілюся ў бок ад галоўнага. Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
акуну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
1. Апусціцца ў ваду на некаторы (звычайна кароткі) час. Ліда раней за ўсіх зайшла на глыбокае месца, акунулася і паплыла. Шамякін. Калі мы самі ўрэшце адважыліся акунуцца, адразу зразумелі, чаму так мала плыўцоў на гэтым гарачым беразе. Лынькоў. // перан. Быць ахопленым чым‑н.; апусціцца ў што‑н. Праваднік уключыў электрыку, і купэ акунулася ў бледна-зялёнае святло. Васілевіч. Мы выйшлі з сада на сенажатную дарогу і акунуліся ў сінія, шаўковыя туманы. Пестрак.
2. перан. Поўнасцю аддацца якой‑н. справе. Восенню 1904 года Алаіза Пашкевіч пераехала ў Вільню, каб у губернскім горадзе акунуцца ў рэвалюцыйныя справы. С. Александровіч.
•••
Акунуцца з галавой у што — поўнасцю аддацца якой‑н. рабоце, дзейнасці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аднаста́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Аднолькавы, нязменлівы на ўсім працягу. Тут была вялікая тэрыторыя, аднастайная сваёй прыродай. Чорны. Магло здацца, што ні моладзь, якая тут сабралася, нічога больш не ўмела скакаць, ні музыка — іграць, акрамя гэтай аднастайнай полькі. Лобан. Поезд ішоў сваёй аднастайнай хадою. Пестрак.
2. Які выяўляецца ў аднолькавым гучанні; манатонны. А яшчэ запомніўся мне аднастайны і роўны шум пушчы, што стаяла ўся ў красе асенняга золата. Краўчанка. Спачатку.. [Антонік] не мог разабраць ні аднаго слова, галасы зліваліся ў аднастайны гул. Мележ.
3. Аднародны паводле складу, будовы. Глеба з аднастайнай структурай.
4. Падобны адзін на адзін; зроблены на адзін узор. Тоўстым пластом лёг на саламяных стрэхах снег і, здаецца, яшчэ ніжэй прыгінае да зямлі старасвецкія будынкі, шэрыя, нізкія, аднастайныя. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абабі́ць, ‑б’ю́, ‑б’е́ш, ‑б’е́; ‑б’ём, ‑б’яце́; зак., каго-што.
1. Удараючы, прымусіць адпасці што‑н. Абабіць яблык. Абабіць расу. □ [Апанас] абабіў попел з папяросы і скрывіўся ад дыму. Пестрак. // Удараючы, ачысціць ад чаго‑н. Неўзабаве.. [Чарнавус] павольна адчыніў дзверы ў сенцы, па зімняй прывычцы абабіў аб падлогу боты. Кулакоўскі. // Абмалаціць. Наперадзе чакала работа цяжкая і доўгая: малацьба. Абабіць цапамі ўсю збажыну нялёгка. Чарнышэвіч.
2. Пашкодзіць паверхню чаго‑н., прымусіць адпасці. Абабіць палец. Абабіць тынк. // Абнасіць з краёў вопратку. Абабіць рукавы.
3. Прыбіць, пакрыўшы, абцягнуўшы чым‑н. Абабіць дзверы дэрмацінам. □ [Дзеці] укапалі слупкі, абабілі аполкамі, навазілі з саўгаснай гантарэзкі пілавіння. Пальчэўскі.
4. Зрабіць прыгодным для язды. Абабіць дарогу.
•••
Абабіць капейку — зарабіць грошай. [Ціток:] — Сваю ж гаспадарку кідаеш, каб хаця капейку якую абабіць. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
капо́т 1, ‑а, М ‑поце, м.
1. Уст. Жаночае хатняе плацце шырокага пакрою з рукавамі і разрэзам спераду. На сляпой цяпер быў старамодны капот у доўгіх жоўтых палосах, на нагах — сандалі. Бядуля. // Доўгі кафтан. Абрам у доўгім чорным капоце, які блішчэў на грудзях ад заношанасці, стаяў сярод майстэрні і на пальцы сукаў суравую нітку. Пестрак.
2. Адкідная металічная накрыўка ў машынах, механізмах, якая ахоўвае іх ад пылу, вільгаці і інш. Капоты на дзвюх машынах былі падняты; нешта ладзячы, шафёры корпаліся ў маторах. Шахавец. [Лёнька] падышоў да сваёй паўтаратонкі, рэзка адкінуў капот і, нырнуўшы да матора з галавою, пачаў там нешта бразгаць гайкамі і ключамі. Краўчанка.
[Фр. capote.]
капо́т 2, ‑а, М ‑поце, м.
Тое, што і капатаж.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
карыста́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак., чым.
1. Выкарыстоўваць для сваіх патрэб. Каля дому быў яшчэ невялікі кавалак зямлі, якім, за адсутнасцю гаспадароў сядзібы, карыстаўся адзін з суседзяў. Самуйлёнак. Кнігамі асокінскай бібліятэкі Карніцкі карыстаўся даволі часта. Паслядовіч. // Прымяняць што‑н. як прыладу, сродак. Карыстацца новым абсталяваннем. Карыстацца прагрэсіўнымі метадамі. □ У гутарцы [Казімір] любіў карыстацца мясцовымі народнымі прымаўкамі. Пестрак.
2. Выкарыстоўваць што‑н. у сваіх інтарэсах, атрымліваць выгаду, карысць з чаго‑н. Карыстацца момантам. Карыстацца людской дабратой. □ Рыначнай мітуснёй часта карысталіся і падпольшчыкі. Новікаў.
3. Мець што‑н. (аўтарытэт, павагу, права і інш.). Карыстацца папулярнасцю. □ Насця Рагіна карысталася славай прыгажуні на ўвесь сельсавет. Шамякін. Нягледзячы на тое, што Макар быў прыгожы хлопец, ён поспехам не карыстаўся. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нябе́сны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да неба. З нябеснай вышыні далятала журботнае і стрыманае курлыканне жураўлёў. М. Ткачоў. Ганна Паўлаўна захаплялася нябесным блакітам, гарамі, якія так гарманічна зліваліся з чароўным светам тутэйшых раслін... Вірня. // Які знаходзіцца ў міжзорнай і міжпланетнай прасторы. Нябесныя целы.
2. Які вывучаецца і прымяняецца ў астраноміі. Нябесны глобус.
3. Паводле рэлігійных уяўленняў — які знаходзіцца на небе. Нябесны рай.
4. Які мае колер неба; светла-блакітны. Нябесны колер.
5. перан. Цудоўны. Валя нахілілася галавой да рукі. І ўсмешка... усмешка нябесная заззяла на твары. Пестрак.
•••
Нябесная механіка гл. механіка.
Нябесны мерыдыян гл. мерыдыян.
Манна нябесная гл. манна.
Спадзявацца на манну нябесную гл. спадзявацца.
Царства нябеснае гл. царства.
Чакаць манны нябеснай гл. чакаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паце́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак., кім-чым, з каго-чаго і без дап.
1. Парадавацца, палюбавацца, атрымаць задавальненне. Пасля трэцяга ўрока ўся школа пайшла на высокі бераг пацешыцца з прыгажосці яснага дня. Чорны. Як бы пацешылася цяпер .. [Сымонава] першая жонка, Вераніка, з свайго Кастуська! Якімовіч. Даніла ўсё ж такі расказаў пра свой улоў. — Удача добрая. Завязі сваю здабычу дахаты, хай там пацешацца. Пестрак. Прыйшлі старыя маміны сяброўкі, каб разам з ёй пацешыцца маім зваротам, каб разам і паплакаць яшчэ раз аб тых, што не прыйдуць. Брыль.
2. Паздзекавацца з каго‑, чаго‑н., пазабаўляцца. — Ідзі, не бойся! — крыкнуў Сцёпа. Ён добра ведаў, што Рыгорка і кроку не зробіць. Інакш Палкан парве яго. Але хацелася пацешыцца, пазабаўляцца, паздзекавацца з маленькага Рыгоркі. Курто.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паце́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго.
1. Парадаваць каго‑н. Наведае хворую маці Марыйка, усё чысценька раскажа, як яны дома ўпраўляюцца, пацешыць яе. Місько. Бедны араты хацеў пацешыць сваю дачку, прынесці ёй гасцінец. Кудраўцаў.
2. Павесяліць, развесяліць, забавіць. — Ого-го-го! — загагатаў Гусак, — Над Сонцам захацеў мець волю? Ну і пацешыў нас, дзівак... Валасевіч. І вось пацешыць Верачку Жучкі прыбеглі спрытныя, Камарыкі гуллівыя, Мурашкі працавітыя. Танк. І раптам голас: «Эй, Ігнат! Пацеш малодак і дзяўчат, Каб Беларусь затанцавала!» Колас.
3. Суцешыць, заспакоіць. [Казік] не ведаў, што адказаць Веры, як падтрымаць яе, чым пацешыць.., потым прамовіў: — Бедная Верачка, колькі на тваю долю выпала пакут! Машара. [Грыша:] — Зайдзі калі-небудзь да маіх бацькоў, пацеш іх, я цябе прашу. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)