АБРАМО́ВІЧ (Людвік Кароль) (5.7.1879, Масква — 9.3.1939),
польскі гісторык, грамадскі дзеяч, журналіст, выдавец. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве. З 1905 у Вільні. З 1906 супрацоўнік газ. «Gazeta Wileńska» («Віленская газета»), «Kurier Wileński» («Віленскі веснік»). У 1911—38 рэдагаваў і выдаваў газ. «Przegląd Wileński» («Віленскі агляд»), дзе часта публікаваліся бел. аўтары, пісалася пра нац.-вызв. рух на Беларусі. У 1925—39 старшыня Навук.к-та садзейнічання б-цы Урублеўскіх (цяпер Цэнтр.б-каАН Літвы). Быў звязаны з бел. грамадска-культ. жыццём у Вільні. У кн. «Чатыры стагоддзі кнігадрукавання ў Вільні, 1525—1925» (Вільня, 1925) пісаў пра дзейнасць Ф.Скарыны і яго паслядоўнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРА́ШЫН (Вячаслаў Мікалаевіч) (н. 22.7.1943, г. Ржэў Цвярской вобл., Расія),
бел. матэматык. Д-рфіз.-матэм.н. (1979), праф. (1981). Скончыў БДУ (1966). З 1967 у Ін-це матэматыкі АНБеларусі. Адначасова з 1972 у БДУ. Навук. працы па вылічальнай матэматыцы і матэм. мадэляванні. Развіў тэорыю нелінейных рознасных схем для дыферэнц. ураўненняў у частковых вытворных, распрацаваў эканам. метады рашэння мнагамерных задач матэм. фізікі.
Тв.:
О некаторых разностных схемах для задач лучистой теплопроводности // Докл.АНСССР. 1976. Т. 230, № 4;
Об экономичных итерационных методах решения многомерных задач математической физики. II (разам з І.А.Дзюба) // Дифференциальные уравнения. 1994. Т. 30, № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГА́ВА (Agave),
род шматгадовых раслін сям. агававых. Радзіма — Цэнтр. Амерыка. Больш за 300 відаў. У Еўропу завезена пасля адкрыцця Амерыкі. Некаторыя віды культывуюцца ў адкрытым грунце ў Крыме і на Каўказе. На Беларусі ў пакоях і аранжарэях як дэкар. вырошчваецца агава нітканосная (агава filifera), агава сціснутая (агава stricta), агава амерыканская (агава americana) і інш.
Сцябло ўкарочанае, з разеткай буйнога мясістага калючага лісця. Цвітуць раз у жыцці на 6—15-м годзе, утвараючы кветанос выш. да 12 м з шматкветнай (да 17 тыс.) мяцёлкай. Потым расліны адміраюць, ад карэнішча адрастаюць парасткі. Каштоўныя: з лісця робяць грубую тканіну, паперу, з соку — напоі, з каранёў — лекі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРО́Л»
(«Adler»),
кодавая назва карнай аперацыі, праведзенай ням. фашыстамі на акупіраванай Беларусі ў Вял.Айч. вайну 20.7.—10.8.1942 супраць партызанаў і цывільнага насельніцтва Клічаўскай партыз. зоны. Праводзілася сіламі баявой групы групенфюрэра СС Бах-Зелеўскі, часцей ахоўных дывізій, артдывізіёнаў, камандаў тайнай палявой паліцыі і СД, зондэркамандаў пад агульным камандаваннем ген.-м. Рыхерта. Ім процістаялі 11 партыз. атрадаў, больш за 2 тыс. партызанаў, падпарадкаваных 208-му партыз. атраду імя Сталіна (У.І.Нічыпаровіч), у зоне знаходзілася некалькі тысяч жанчын, старых, дзяцей. У выніку аперацыі было загублена больш за 1,5 тыс.чал., спалена 31 вёска, захоплены больш за 3 тыс. галоў жывёлы і інш. маёмасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРО́НЧЫК (Юдзіф Самойлаўна) (19.12.1908, Мінск — 3.6.1993),
бел. актрыса. Засл. арт.Беларусі (1938). Скончыла Бел.драм. студыю ў Маскве (1926, яўр. секцыя). Працавала ў Дзярж.яўр. т-ры БССР (да 1949). У 1950—56 у Т-ры драмы і камедыі пры Белдзяржэстрадзе. У 1970—90 маст. кіраўнік Мінскага нар.т-ра мімікі і жэсту Бел.рэсп.т-ва глухіх. Мастацтва Арончыка вызначалася разнастайнасцю фарбаў у абмалёўцы характараў, глыбокім пранікненнем у псіхалогію персанажаў. З лепшых роляў: Вера Паўлаўна («Пяюць жаваранкі» К.Крапівы), Антаніна Цімафееўна («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), Голда («Тэўе-малочнік» паводле Шолам-Алейхема), Лаўрэнсія («Фуэнтэ Авехуна» Лопэ дэ Вэгі), Мірандаліна («Карчмарка» К.Гальдоні).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТО́ТРЫХУМ (Orthotrichum),
род брыевых імхоў сям. артотрыхавых. Каля 200 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных шыротах. На Беларусі 15 відаў, з іх артотрыхум прыгожы (O. speciosum) трапляецца часта, артотрыхум Лаеля (O. layelii) занесены ў Чырв. кнігу. Растуць на кары дрэў, камянях, мураваных і бетонных збудаваннях. Ксераморфныя расліны, вытрымліваюць працяглае высыханне.
Падушачкі ад цёмна-зялёных да карычневых. Сцябло 0,5—7 смдаўж., прамастойнае або прыўзнятае, разгалінаванае, густа ўкрытае лісцем. Лісце яйцападобна- або лінейна-ланцэтнае, з простай жылкай. Каробачка на кароткай ножцы, з 8—16 прадаўгаватымі палоскамі, радзей без іх. Вечка конусападобнае з дзюбкай. Перыстом двайны.
Артотрыхум Лаеля: а — вывадковыя цельцы; б — ліст; в — верхняя частка сцябла з каробачкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАЛАГІ́ЧНАЯ РАЗВЕ́ДКА,
від і метад навукова-даследчай дзейнасці па вывучэнні археалагічных помнікаў на аснове выяўленых знаходак. Праводзіцца паводле дазволу (адкрытага ліста). Пры археалагічнай разведцы на Беларусі асаблівая ўвага звяртаецца на абследаванне берагоў старыц і тарфяных масіваў, якія ў мінулым былі вадаёмамі. Асаблівы плён дае абследаванне зямель, якія разворваюцца, дзе лёгка прасочваюцца стараж. могільнікі і жытлы. Выкарыстоўваюць таксама авіяразведку, якая дае магчымасць выявіць малапрыкметныя з зямлі помнікі, з дапамогай электрапошуку атрымліваюць даныя пра рэшткі стараж. збудаванняў пад зямлёй. Знойдзеныя археал. помнікі наносяць на карту, апісваюць, робяць чарцяжы, фотаздымкі. Па сабраных знаходках вызначаюць папярэдняе датаванне помніка, яго прыналежнасць да пэўнай археалагічнай культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІТЭКТУ́РНЫЯ МУЗЕ́І.
Вывучаюць, збіраюць, экспануюць, прапагандуюць і папулярызуюць помнікі нар. дойлідства, прадметы побыту, творы дэкар.-прыкладнога мастацтва і інш., якія характарызуюць матэрыяльную і духоўную культуру народаў і краін.
Архітэктурныя музеі часта маюць форму т.зв. паркаў-музеяў або музеяў пад адкрытым небам, дзе сабраны звезеныя з розных рэгіёнаў помнікі нар. драўлянага дойлідства [навукова-даследчы архітэктурны музей імя А.В.Шчусева ў Маскве (1964), «Скансен» у Стакгольме, Латвійскі этнагр. музей пад адкрытым небам, Музей нар. побыту Літвы, Дзярж. музей нар. архітэктуры Украіны, Львоўскі музей нар. дойлідства і побыту, Музей нар. дойлідства і побыту Грузіі і інш.]. На Беларусі з 1970 дзейнічае Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАДКАНАМНАЖЭ́ННЕ, седыментацыя,
прыродны працэс утварэння ўсіх відаў адкладаў у выніку пераходу матэрыялу, які асаджваецца, з рухомага завіслага або растворанага стану (у водным або паветраным асяроддзі) у нерухомы — асадак. Адбываецца на дне рэк, азёраў, мораў і акіянаў, на паверхні сушы за кошт абломкавага матэрыялу, вулканічнага і касм. рэчыва, біягенных і хемагенных кампанентаў. На тэр.Беларусі ў геал. мінулым (ад рыфею да палеагену ўключна) асадканамнажэнне адбывалася пераважна ў марскіх умовах; з позняга палеагену і да цяперашняга часу — у кантынентальных умовах. Асадкі — пяскі, алеўрыты, торф і інш.Стараж. асадкі ператварыліся ў асадкавыя горныя пароды, найб. магутныя ў Прыпяцкім прагіне, Аршанскай і Брэсцкай упадзінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЕ́ННІ ПАЛАСА́ТЫ, штрэйфлінг, штрыфель,
старадаўні асенні сорт яблыні. Належыць да зах.-еўрап. групы сартоў. Паходжанне невядома. Упершыню апісаны ў пач. 17 ст. Вельмі пашырыўся ў сярэдняй паласе Расіі, Прыбалтыцы, на Украіне. На Беларусі раянаваны ва ўсіх садовых зонах.
Дрэва моцнарослае, утварае высокашарападобную крону. Зімаўстойлівасць высокая. Сорт сярэднеўстойлівы да паршы. Плоданашэнне пачынае на 9—13-ы год. Высокаўраджайны. Плады буйныя (100—120 г), злёгку рабрыстыя, тупаканічныя, крыху сціснутыя з трох бакоў, зеленавата-жаўтаватыя з кармінавым румянцам у выглядзе палос і штрыхоў, выспяваюць у 2-й пал. верасня і могуць захоўвацца да лістапада. Мякаць кісла-салодкая, духмяная. Плады спажываюць пераважна свежыя, гатуюць варэнне.