ПЛАКЕ́ТКА (франц. plaquette памяншальнае ад plaque пласцінка, дошчачка),

1) твор медальернага мастацтва, які адрозніваецца ад звычайнага медаля прамавугольнай або блізкай да яе формай. Паводле зместу шырэйшая за медаль, можа мець разгорнуты сюжэт, што набліжае яе да скульптуры. Бываюць керамічныя, метал., фарфоравыя, шкляныя і інш. Паводле правіл Міжнар. федэрацыі медальераў не павінны быць даўжэй за 180 мм па большаму боку. Пашырыліся ў 19—20 ст. На Беларусі П. рабілі і робяць Г.​Асташонак, Э.​Астаф’еў, Л.​Багданаў, В.​Буціна, С.​Гарбунова, А.​Дзятлава, У.​Жохаў, А.​Зіменка, С.​Ларчанка, В.​Леантовіч, Ю.​Любімаў, У.​Мелехаў, У.​Мурахвер, В.​Прыешкін, Л.​Талбузін, В.​Янушкевіч і інш. 2) Пласцінка (метал., керамічная і інш.) з рэльефнай выявай, прызначаная для ўпрыгожання мэблі, хатняга начыння і інш.

А.​Я.​Белы.

Да арт. Плакетка. А.​Зіменка. Зубр. 1982.

т. 12, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Бры́на ’вільгаць, вада’ (У склепе адна бры́наСцяшк. МГ). Цёмнае слова. Можа, мае нейкія адносіны да рус.-ц.-слав. брение гліна, гразь’, ст.-серб.-харв. брна ’гразь’, славен. bȓn ’рачны іл’ (аб гэтых словах гл. Фасмер, 1, 212). Але хутчэй за ўсё да слав. *brьněti ’налівацца, паспяваць’ (гл. брыня́ць), асабліва параўн. яго значэнне разбухаць’. З гэтага апошняга, відаць, і трэба зыходзіць: ’разбухаць (ад вільгаці)’ → ’рабіцца вільготным’ → ’вільгаць’. Пра сувязь дзеяслова набрыня́ць ’набухнуць’ з бры́на думаюць Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1972, № 1, 80.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Магары́ч, магары́ш ’пачастунак асобы, якая атрымала прыбытак ад здзелкі’ (Нас., ТСБМ, Шпіл., Растарг., ТС), ’барыш’ (Нас.), ’аплата слугам за год’ (Чач.), магары́чнік ’асоба, якая любіць піць на барышах’, ’зводнік’ (Нас.). Ст.-бел. могоричъ ’магарыч’ (1598 г.), могаричникъ (1539 г.). Рус. могоры́ч, магары́ч, арэнб. магара́ ’падарунак’, укр. могори́ч, могри́ч ’пачастунак’, ст.-рус. могорьць (1496 г.). Праз рус. мову запазычана з цюрк. < араб. maḫārij ’выдаткі’ (Гл. Корш, AfslPh, 9, 654; Бернекер, 2, 67; Фасмер, 2, 635; Булыка, Запазыч., 205). Насовіч (287) памылкова з літ. magariczy ’выпіўка пасля торгу’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Напоў ’папалам’ (Гарэц., Др.). З прыназоўнікавага спалучэння *na роlъ, гл. поў ’палова, палавіна’, параўн. рус. напол ’папалам, напалавіну’, польск. napoi ’тс’, в.-, н.-луж. napoi ’тс’, славен. napoi ’тс’ і пад. (Фасмер, 3, 43; Шустар-Шэўц, 13, 988). Пераход л > ў звычайна не характэрны для канца слоў, параўн. вол, кол і пад., хутчэй за ўсё ў выніку частага ўжывання ў складаных словах і ўстойлівых выразах тыпу паўтара (Карскі, 1, 318), гл. таксама напаў-, параўн., аднак, напал, напол (гл.), магчыма, з напали капалам, напалавіну’ (ст.-бел. наполи ’тс’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба́лё (дзіцяч.) ’абаранак’ (палес., Клім.), ба́ля (дзіцяч.) ’тс’ (Бяльк., Шат.). Як і ўсе дзіцячыя словы, магчыма, гукапераймальнага характару. Параўн., аднак, і аснову бал‑ (балаб‑), што сустракаецца ў назвах розных вырабаў з цеста. Але хутчэй за ўсё звязана з рус. ба́ля ’ягня, авечка’. Як семантычную паралель параўн. бел. бара́нік ’абаранак, крэндзель’, рус. бара́нок ’тс’, бара́н печыва’, бара́нка ’булка’. Гэта, можа, сведчыць у пэўным сэнсе супраць агульнапрынятай (гл. Фасмер, 1, 124) этымалогіі рус. бара́нка, бел. абара́нак, укр. оба́рінок (< ob‑variti). Параўн. і ўкр. ба́льо (дзіцяч.) ’падарунак, гасцінец’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бра́га (у розных значэннях) (БРС, Янк. I, Касп., Нас., Шат., Бяльк.). Рус. бра́га, укр. брага, польск. braha (< усх.-слав. моў). Лічылася запазычанне з кельт. моў (параўн. ірл. braich ’солад’, кімр. brag ’тс’). Бернекер, 80; Шахматаў, AfslPh, 33, 87; Брукнер, 38; Лер-Сплавінскі, RS, 18, 6; Машынкі, Pierw., 68. Але хутчэй за ўсё гэта запазычанне з цюрк. моў (*бърага < чуваш. pɛraGa). Гл. Фасмер, 1, 205 (там іншая літ-ра і іншыя малапраўдападобныя версіі). Параўн. яшчэ MESz, 1, 366 (венг. bráha), дзе ёсць меркаванні да этымалогіі слав. слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жгут ’скручаны кавалак матэрыялу’. Рус. жгут ’тс’, укр. джгут, жгут. Паводле Гараева (107), падтрыманага Фасмерам (2, 38), дзеепрыметнік ад дзеяслова з коранем *žьg‑ (гл. жгаць), першапачаткова як ’шнур для падпальвання’. Праабражэнскі (1, 223) у гэтым не быў упэўнены, а Шанскі (1, Д, Е, Ж) прапануе тлумачэнне жгут//жигут (прадстаўленага ў арл., разан. гаворках) як вытворнага з суфіксам ‑ут (як лоскут) ад дзеяслова жигать (параўн. жгаць2) паводле функцыі жгута, якім удараюць. Але галоўная семантычная прымета жгута — скручанасць — у абедзвюх этымалогіях застаецца па-за тлумачэннямі. Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Право́рны ’рухавы, спрытны’ (ТСБМ), право́ра ’рухавы хлопчык або дзяўчынка’ (Нас.), рус. прово́рный, прово́р ’спрытны чалавек’, укр. прово́рний ’тс’, проворя́ка ’рухавая, спрытная асоба’. Хутчэй за ўсё, запазычана з рускай мовы, што канстатуецца і для ўкраінскай (ЕСУМ, 4, 592). Рускае слова звязваюць з балг. прови́рам ’прасоўваць’, літ. varyti ’гнаць’, лат. vert ’бегаць’ (Фасмер, 3, 372). Параўн. віру́тнік ’узбаламучаны, кручаны чалавек; злачынец, злодзей’ (гл.), увера́цца ’чапляцца’ (гл.). Варбат рэканструюе прасл. *provorь < *proverti (Супр. чыт., II, 15; Слав. языкозн., XII, 119). Гл. таксама Калашнікоў, ОЛА, Исследов., 1994–1996, 217–218.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сухале́снік ’брызгліна, Euonymus europaea L.’ (гродз., Кіс.). Несумненна, звязаны з сухале́с ’сухія дрэвы ў лесе’, сухале́ссе ’сухі хваёвы лес (без забалаццяў)’ (Янк. 3.), сухолес́ок ’сухое месца, грудок’ (люб., Сл. ПЗБ), сухо́лесок ’сухое месца сярод балота, парослае лесам’, сухоле́сок ’лісцевы лес на роўным ці ўзвышаным месцы’ (палес., Талстой, Геогр.), што да сухі і лес, гл. Матывацыя назвы расліны няясная (Янышкава, Этимология–1985, 46), магчыма, паводле месца, дзе часцей за ўсё сустракаецца, або ў выніку збліжэння з сухалі́снік, назвай расліны (?), пераклад рус. сухоли́стник (Некр. і Байк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АБРА́ДАВАЕ ПЕ́ЧЫВА адзін з элементаў сямейных і каляндарных святаў і абрадаў многіх народаў свету. На Беларусі ім сустракалі і частавалі гасцей, бралі ў поле, едучы першы раз сеяць, пакідалі ў полі на дажынках, давалі жывёле, каб добра вялася, ім клікалі вясной буслоў і г. д. На радзіны звычайна пяклі жытнія пірагі (дарылі бабкам-павітухам), якія з жартамі ламалі, каштавалі, елі з баршчом за святочным сталом. Жанчын, што ішлі ў адведкі, частавалі пірагамі (на Брэстчыне такі пірог наз. скрушок). На вяселле акрамя каравая пяклі пшанічныя пірагі маладым — месяц, падручнік, крыж (булка з крыжам). Падручнік і крыж пяклі для маладой, з імі яна ехала да маладога і клала на века дзяжы свекрыві. Памінальнае печыва заўсёды было прэснае (мёртвы хлеб) — корж, гарачыкі, галушкі, праснак. Корж і гарачыкі крышылі ў канун, «па крошцы» раздавалі прысутным за жалобным сталом. На Каляды пяклі жытнія пірагі-каляднікі, якімі абдорвалі калядоўшчыкаў. На саракі выпякалі 40 піражкоў (птушкі з цеста, галушкі, варэнікі) з макам або з фасоляй (іх называлі саракі, жаваронкі, бапкі). У вялікі пост пяклі храсцы-крыжыкі, саху, барану (булку, абкладзеную шышкамі), якія бралі ў поле, едучы сеяць. На Благавешчанне пяклі пампушкі, галёпы, якімі сустракалі буслоў, на Вялікдзень — здобныя пірагі (паскі, калачы). На Палессі на Юр’я пяклі расянік і хадзілі з ім вакол жыта, у Бярозаўскім р-не гатавалі піражок-юрок і клалі ў жыта (калі жыта яго не закрывала, то гэта прадказвала дрэнны ўраджай). У некаторых мясцінах на Юр’я ішлі ў поле з хлебам і інш. частаваннем. На святы рабілі таксама варэнікі з хлебнага цеста з макам або канапляным семем (на Варвару, Міколу), каржы з мёдам (напярэдадні Купалля).

Г.​Ф.​Вештарт.

Да арт. Абрадавае печыва. Вясельны каравай.

т. 1, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)