ДУДА́,

народны духавы язычковы муз. інструмент. Са старажытнасці вядома пад рознымі назвамі ў многіх народаў свету; у Беларусі, Латвіі, Літве і на Украіне, радзей у Расіі пад назвай «Д.». Уяўляе сабой скураны мех з маленькай трубачкай-«соскай» для напаўнення яго паветрам і некалькімі ігравымі трубкамі («перабор» з 7 адтулінамі для выканання мелодыі і 1—2 бурдонныя трубкі«гукі»), якія маюць пішчык з адзінарным язычком з трысцінкі ці гусінага (індычага) пяра. У час ігры дудар націскае левым локцем на мех, паветра паступае ў трубкі і прымушае вібрыраваць язычкі. Гучанне моцнае і рэзкае. На Беларусі Д. была пашырана з 16 ст. на тэр. Віцебскай, частцы Віленскай і некат. паўн.-зах. і ўсх. паветаў Мінскай губерняў. Меладычная трубка найб. пашыранай двухгукавой Д. мае дыятанічны гукарад мажорнага нахілення; адзін гук строіўся ў актаву да меладычнай трубкі, другі — у квінту да першага. Д.«весялуха» была вельмі папулярным муз. інструментам, выкарыстоўвалася для суправаджэння танцаў, песень і прыпевак на сямейных і каляндарных святах, ігрышчах, кірмашах, у ансамблі са скрыпкай ці са скрыпкай, цымбаламі і бубнам. Апошняе публічнае выкананне на Д. адбылося ў 1951 г. ў Полацку.

Літ.:

Назина И.Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Самозвучащие, ударные, духовые. Мн., 1979.

І.​Дз.​Назіна.

Дуда.

т. 6, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́РАВЫ,

сям’я рускіх цыркавых артыстаў — клоунаў і дрэсіроўшчыкаў.

Анатоль Леанідавіч (6.12.1865, Масква —21.1.1916). Артыстычную дзейнасць пачаў як клоун, з 1880 гастраліраваў па Расіі, Еўропе, у 1915 выступаў у Мінску. Стварыў сатырычна-публіцыстычную клаунаду з дрэсіраванымі жывёламі.

Уладзімір Леанідавіч (6.7.1863, Масква — 3.8.1934), засл. арт. Рэспублікі (1927). Брат А.​Л.​Дурава. На арэне з 1885. Выступаў як клоун-сатырык і дрэсіроўшчык. Распрацаваў навук. метад дрэсіроўкі, заснаваны на гуманных адносінах да жывёл. У 1912 стварыў у Маскве звярынец (цяпер Куток імя У.​Дурава).

Уладзімір Рыгоравіч (16.4.1909, г. Варонеж — 14.3.1972), нар. арт. СССР (1967). Унук А.​Л.​Дурава. У выступленнях спалучаў сатыр. клаунаду з паказам дрэсіраваных жывёл.

Юрый Уладзіміравіч (12.1.1910, Масква — 22.2.1971), нар. арт. СССР (1971). Унук У.​Л.​Дурава. У цырку з 1937. Выступаў з вялікай групай розных жывёл, спалучаў дрэсіроўку з сатыр. нумарамі.

Наталля Юр’еўна (н. 13.4.1934, Масква), нар. арт. СССР (1989). Дачка Ю.​У.​Дурава. Скончыла Літ. ін-т імя Горкага (1956). У 1956—59 дрэсіроўшчык Кутка У.​Дурава, у 1963—73 — «Саюздзяржцырка». З 1978 маст. кіраўнік Тэатра звяроў імя У.​Дурава. Аўтар аповесцей і апавяданняў на тэмы цырка. Дзярж. прэмія СССР 1987.

У цырку працуюць і інш. прадстаўнікі сям’і Д.

т. 6, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫНАМІ́ЧНАЕ ПРАГРАМАВА́ННЕ,

раздзел матэматыкі, прысвечаны тэорыі і метадам рашэння мнагакрокавых задач аптымальнага кіравання. Грунтуецца на прынцыпе аптымальнасці, прапанаваным у 1950-я г. амер. матэматыкам Р.​Белманам. У матэм. тэорыі кіроўных працэсаў строгае абгрунтаванне атрымана Л.​С.​Пантрагіным і інш. Выкарыстоўваецца ў аперацый даследаванні, у задачах аптымальнага планавання (напр., аб аптымальнасці размеркавання рэсурсаў, замены абсталявання), пры рашэнні многіх тэхн. праблем (у задачах кіравання паслядоўнымі хім. працэсамі, аптымальнага праектавання пракладкі дарог, аптымальных памераў ступеней ракет).

У Д.п. для кіроўных працэсаў сярод магчымых кіраванняў выбіраецца тое, якое вядзе да экстрэмальнага значэння мэтавай функцыі. Мнагакрокавасць вынікае з рэальнага працякання працэсаў або ўводзіцца штучна для расчлянення зыходнага працэсу прыняцця рашэння (у т. л. неперарыўнага) на асобныя этапы (крокі), якія выконваюцца ў розныя моманты часу. Гал. асаблівасць Д.п. — магчымасць рашаць усе аднатыпныя задачы пры любых пачатковых умовах (напр., вызначэнне аптымальнага рэжыму палёту самалёта ў зменлівых умовах надвор’я). На Беларусі праблемы Д.п. распрацоўваюцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ, Бел. дзярж. эканам. ун-це.

Літ.:

Беллман Р. Динамическое программирование: Пер. с англ. М., 1960;

Хедли Дж. Нелинейное и динамическое программирование: Пер. с англ. М., 1967.

С.​У.​Абламейка.

т. 6, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСПЕРСІ́ЙНЫЯ СУАДНО́СІНЫ,

суадносіны паміж велічынямі, што характарызуюць рэакцыю (водгук) фіз. сістэмы на знешняе ўздзеянне. Д.с. не залежаць ад канкрэтнага механізму ўзаемадзеяння сістэмы са знешнім уздзеяннем і з’яўляюцца вынікам прычыннасці прынцыпу.

У оптыцы Д.с. звязваюць рэчаісную і ўяўную часткі дыэлектрычнай (магнітнай) пранікальнасці асяроддзя, у квантавай тэорыі поля — рэчаісныя і ўяўныя часткі амплітуд працэсаў узаемадзеяння паміж элементарнымі часціцамі. Д.с. ўпершыню атрыманы ў тэорыі дысперсіі святла (гл. Дысперсія хваль) галанд. фізікам Р.​Кронігам (1926) і англ. фізікам Х.​Крамерсам (1927; суадносіны Крамерса—Кроніга). Першыя доказы Д.с. для пі-мезон-нуклоннага рассеяння дадзены М.М.Багалюбавым (1956). На аснове Д.с. вырашаны многія прынцыповыя пытанні оптыкі, электрадынамікі, фізікі эл. і магн. з’яў, ядз. фізікі і фізікі элементарных часціц.

У Беларусі даследаванні па выкарыстанні Д.с. у фізіцы элементарных часціц праводзяцца з 1964 у Ін-це фізікі Нац. АН, БДУ і Гомельскім ун-це.

Літ.:

Туров Е.А. Материальные уравнения электродинамики. М., 1983;

Нуссенцвейг Х.М. Причинность и дисперсионные соотношения: Пер. с англ. М., 1976;

Максименко Н.В., Мороз Л.Г. Феноменологическое описание поляризуемостей элементарных частиц в полевой теории // XI Междунар. школа молодых ученых по физике высоких энергий и релятивистской ядерной физике. Дубна, 1979.

Л.​Р.​Мороз.

т. 6, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФЕРЭНЦАВА́ННЕ ў матэматыцы,

аперацыя адшукання вытворнай (або дыферэнцыяла) па пэўных правілах (гл. табл.) Бывае аналітычнае (гл. Дыферэнцыяльнае злічэнне), графічнае (гл. Графічныя вылічэнні) і лікавае (гл. Лікавыя метады). Фіз. сэнс Д. — знаходжанне скорасці змянення пераменнай велічыні (функцыі).

Літ.:

Гусак А.А. Высшая математика. Т. 1. 2 изд. Мн., 1983;

Курс вышэйшай матэматыкі. Мн., 1994.

А.​А.​Гусак.

Асноўныя правілы дыферэнцавання і вытворныя некаторых элементарных функцый
Функцыя ƒ(x) Вытворная ƒ′(x)
C = const 0
Cu(x) Cu′(x)
u(Cx) Cu′(Cx)
u(x) ± v(x) u′(x) ± v′(x)
u(x) ∙ v(x) u′(x) ∙ v(x) + u(x) ∙ v′(x)
u(x) / v(x) [u′(x)v(x)−u(x)v′(x)]/v2(x)
u(g(x)) du dg dg dx = u′(g) g′(x)
x​a axa−1 (a=const; x≠0 пры a≤1)
a​x a​x ln a (a>0; a=1)
e​x e​x
ln x 1/x
sin x cos x
cos x −sin x
tg x 1/(cos​2x)
ctg x −1/(sin​2x)
arcsin x 1 / 1x2
arccos x 1 / 1x2
arctg x 1/(1+x2)
arcctg x −1/(1+x2)

т. 6, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФРА́КЦЫЯ РЭНТГЕ́НАЎСКІХ ПРАМЯНЁЎ,

з’ява, што выяўляецца пры пругкім рассеянні рэнтгенаўскіх прамянёў крышталямі (або малекуламі вадкасцей і газаў), пры якім з першаснага пучка прамянёў узнікаюць другасныя адхіленыя пучкі той жа даўжыні хвалі.

Д.р.п. эксперыментальна выяўлена ням. фізікамі М.​Лаўэ, В.​Фрыдрыхам і П.​Кніпінгам (1912) як доказ хвалевай прыроды рэнтгенаўскіх прамянёў. Крышталь з’яўляецца натуральнай трохмернай дыфракцыйнай рашоткай (адлегласці паміж атамамі аднаго парадку з даўжынёй хвалі λ); напрамак дыфракцыйных максімумаў у агульным выпадку падпарадкоўваецца ўмовам Лаўэ: a(cosα − cosα0) = hλ, b(cosβ − cosβ0) = kλ, c(cosγ − cosγ0) = lλ, дзе a, b, c — памеры крышт. рашоткі, α0, β0, γ0 — вуглы, што ўтварае падаючы прамень, α, β, γ — рассеяны прамень з восямі крышталя, h, k, l — цэлыя лікі (індэксы Мілера). Дыфракцыйную карціну назіраюць на нерухомым крышталі з выкарыстаннем поліхраматычнага выпрамянення (Лаўэ метад), пры вярчэнні або ваганнях крышталя, а таксама на полікрышталях пры асвятленні монахраматычным выпрамяненнем (гл. Дэбая—Шэрэра метад). Д.р.п. выкарыстоўваецца для даследаванняў атамнай структуры рэчыва, рашэння задач матэрыялазнаўства, у рэнтгенаўскай спектраскапіі. Гл. таксама Рэнтгенаўскі структурны аналіз, Рэнтгенаграфія матэрыялаў.

Літ.:

Иверонова В.И., Ревкевич Г.П. Теория рассеяния рентгеновских лучей. 2 изд. М., 1978.

М.​М.​Аляхновіч.

т. 6, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФУ́ЗІЯ (ад лац. diffusio распаўсюджванне, расцяканне, рассейванне),

перанос рэчыва за кошт цеплавога руху часціц (малекул, атамаў і інш.) у адна- ці шматкампанентным газавым або кандэнсаваным асяроддзі; узаемнае пранікненне рэчываў, якія мяжуюць адно з адным. Адбываецца пры наяўнасці градыента канцэнтрацыі і вядзе да раўнамернага размеркавання рэчыва па ўсім аб’ёме сістэмы.

Д. ўласціва газам, вадкасцям і цвёрдым целам. Працякае з рознай скорасцю (найб. хутка ў газах), што абумоўлена характарам цеплавога руху. Дыфундзіраваць могуць завіслыя часцінкі прымесей (з прычыны броўнаўскага руху) і часціцы самога асяроддзя (самадыфузія), хім. састаў якога застаецца нязменны. Узнікае і пры адсутнасці градыента канцэнтрацыі: пад уплывам градыента т-ры (тэрмадыфузія), пры ўздзеянні знешняга эл. поля (электрадыфузія) ці градыента ціску (барадыфузія). Вызначае механізм і кінетыку хім. рэакцый, шматлікіх фіз.-хім. працэсаў і з’яў (мембранных, выпарэння, гарэння, крышталізацыі і інш); з’яўляецца асновай многіх працэсаў жыццядзейнасці жывёл і раслін (Д. кіслароду з лёгкіх у кроў, паглынанне пажыўных рэчываў, усмоктванне прадуктаў стрававання з кішэчніка і інш.), тэхнал. аперацый (гомагенізацыі сплаваў, зваркі металаў, дублення скуры і футра, афарбоўкі валокнаў і інш).

Літ.:

Овчинников А.А., Тимашев С.Ф., Белый А.А. Кинетика диффузионно-контролируемых химических процессов. М., 1986;

Чалых А.Е. Диффузия в полимерных системах. М., 1987.

У.​С.​Камароў.

т. 6, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА,

тайная рэв. арг-цыя, якая дзейнічала ў 1836—38 у Віленскай мед. акадэміі. Заснавальнік і арганізатар Ф.А.Савіч. Складалася са студэнтаў і дробнай шляхты. Уваходзілі прадстаўнікі розных нацыянальнасцей: беларусы, украінцы, палякі і інш. Мела статут «Прынцыпы дэмакратызму». У 1837 устанавіла сувязі з Ш.Канарскім, які ўзначальваў тайную арг-цыю «Садружнасць польскага народа», што дзейнічала на тэр. Беларусі, Літвы і Украіны. Д.т. пад назвай «Маладая Польшча» ўвайшло ў склад «Садружнасці» як яе радыкальнае крыло. Члены т-ва імкнуліся наладзіць сувязі з сялянамі, прапагандавалі сярод іх ідэі свабоды і роўнасці, выступалі за асвету народа, за права кожнага народа на нац. самастойнасць, адстойвалі ідэю рэв. саюзу братніх народаў у барацьбе супраць самадзяржаўя, лічылі сябе прадаўжальнікамі справы дзекабрыстаў. Найлепшай формай дзярж. кіравання абвяшчалі рэспубліку. Ідэалогія Д.т. адлюстроўвала працэс пераходу ад шляхецкай рэвалюцыйнасці да рэв. дэмакратызму. У чэрв. 1838 частка членаў Д.т. арыштавана. Савіч і яго памочнікі Я.​Загорскі і К.​Рабчынскі прыгавораны да ссылкі на Каўказ, астатнія аддадзены ў салдаты.

Літ.:

Мохнач Н.Н. Идейная борьба в Белоруссии в 30—40-е г. XIX в. Мн., 1971;

Смирнов А.Ф. Революционные связи народов России и Польши, 30—60 гг. XIX в. М., 1962.

Н.​Н.​Махнач.

т. 6, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЕ́Н (Клаўдзій) (Claudius Galenus; 129, г. Пергам, сучасны г. Бергама, Турцыя — каля 201),

рымскі ўрач і натураліст. Вывучаў філасофію Платона, Арыстоцеля і медыцыну ў Пергаме, удасканальваўся па анатоміі ў Александрыі, Палесціне, на Кіпры. З 164 працаваў у Рыме ўрачом Марка Аўрэлія. Аўтар больш як 400 навук. прац па медыцыне, філасофіі. Увёў у медыцыну вівісекцыйныя эксперыменты на жывёлах. Паказаў, што анатомія і фізіялогія — аснова навук. дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі хвароб. Упершыню зрабіў анатама-фізіял. апісанне цэласнага арганізма, у т. л. каля 300 мышцаў, чатырохбугорнага цела, блукальнага нерва, 7 пар чарапных нерваў, вылучыў 3 слаі сценак артэрый. Развіў гумаральнае вучэнне Гіпакрата, стварыў вучэнне пра тэмперамент, увёў размежаванне ўяўленняў псіхікі і свядомасці. Абагульніў уяўленні ант. медыкаў у адзінае вучэнне, якое паўплывала на развіццё прыродазнаўства да 15—16 ст. Ідэаліст. накіраванасць яго твораў спрыяла трансфармацыі вучэння ў т.зв. галенізм, які кананізаваўся царквой і панаваў у медыцыне некалькі стагоддзяў.

Тв.:

Рус. пер. — О назначении частей человеческого тела. М., 1971.

Літ.:

Лункевич В.В. От Гераклита до Дарвина: Очерки по истории биологии. Т. 1—2. 2 изд., М., 1960;

Бляхер Л.Я. Очерк истории морфологии животных. М., 1962;

История биологии с древнейших времен до начала XX в. М., 1972.

т. 4, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛІ́НА (сцэн. псеўд.; дзявочае Грудзінская, па мужу Александроўская) Вольга Уладзіміраўна (23.3.1899, г.п. Жалудок Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. — 4.12.1980), бел. актрыса, педагог. Нар. арт. Беларусі (1946). Сцэн. дзейнасць пачала ў 1919. У 1923—62 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы. Педагог студый пры т-ры і Бел. тэатр.-маст. ін-та. Актрыса вял. сцэн. культуры. Выканаўца роляў гераінь і характарных. Створаныя ёй вобразы вызначаліся інтэлектуальнасцю, багаццем і шматграннасцю сцэн. характарыстык: Ганна, Графіня Стэмбоўская («Машэка», «Кастусь Каліноўскі» Е.​Міровіча), Яворская, Альдона («Мост», «Вір» Я.​Рамановіча), Пані Яндрыхоўская, Марозава, Прымаковіч («Партызаны», «Пяюць жаваранкі», «Людзі і д’яблы» К.​Крапівы), Купавіна («Ваўкі і авечкі» А.​Астроўскага), Соф’я («Апошнія» М.​Горкага), Ранеўская, Аркадзіна («Вішнёвы сад», «Чайка» А.​Чэхава), Карэніна («Жывы труп» Л.​Талстога), Тэадора («Дурная для іншых, разумная для сябе» Лопэ дэ Вэгі). Выступала ў перыяд. друку з успамінамі пра дзеячаў бел. т-ра, з рэцэнзіямі на спектаклі, артыкуламі-роздумамі пра сутнасць акцёрскага мастацтва.

Літ.:

Гаробчанка Т.Я. Вольга Галіна: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1980;

Сабалеўскі А. Жыццё тэатра: Мастацтвазнаўчыя артыкулы, рэцэнзіі. Мн., 1980. С. 181—187;

Бур’ян Б. З сёмага рада партэра: Нататкі тэатральнага рэцэнзента. Мн., 1978. С. 37—41.

В.У.Галіна. Партрэт мастака Л.​Рана. 1960.

т. 4, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)