ААМІЦЭ́ТЫ
(Oomycetes),
клас (аддзел) ніжэйшых грыбоў. Уключае 4 парадкі: сапралегніяльныя, лептамітавыя (Leptomitales), лагенідыевыя (Lagenidiales), перанаспаральныя; 70 родаў, каля 550 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, Амерыцы. На Беларусі каля 100 відаў з парадкаў перанаспаральных і сапралегніяльных. Сапратрофы і паразіты. Водныя і наземныя формы. Некаторыя ааміцэты развіваюцца на рэштках раслін, трупах насякомых і інш. дробных жывёл. Шмат ааміцэтаў паразітуе на водарасцях, водных грыбах, чарвях, ікры, маляўках рыб і амфібій, вышэйшых раслінах. Вегетатыўнае цела (міцэлій) грыбоў пераважна добра развітае, шмат’ядравае, няклетачнае. Бясполае размнажэнне зааспорамі (маюць 2 жгуцікі), радзей канідыямі. Вынік палавога працэсу — ааспора, пераходзіць у стан спакою, у якім ааміцэты пераносяць неспрыяльныя ўмовы. Выклікаюць захворванні культ. раслін: фітафтароз бульбы, памідораў і інш. паслёнавых, караняед цукр. буракоў, чорную ножку розных с.-г. культур, мільдзю вінаграду і інш.
У адрозненне ад большасці інш. грыбоў, каркасным рэчывам клетачнай абалонкі з’яўляецца цэлюлоза і глюкан, а не хіцін, што сведчыць пра паходжанне ааміцэтаў ад продкаў жоўта-зялёных водарасцяў або ад флагелятаў.
Літ.:
Жизнь растений. М., 1976. Т.2. С. 35—64.
т. 1, с. 8
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)