ЛІ́КАВАЕ РАШЭ́ННЕ ЎРАЎНЕ́ННЯЎ,

знаходжанне дакладнага ці набліжанага рашэння ўраўненняў у выглядзе лікаў.

Зводзіцца да выканання арыфм. аперацый над каэфіцыентамі ўраўнення і значэннямі функцый, якія ўваходзяць у яго, і дазваляе знаходзіць рашэнне з любой наперад зададзенай дакладнасцю. Кожны від ураўнення мае свае лікавыя метады рашэння. Пры Л.р.ў. карыстаюцца ЭВМ і інш. сродкамі вылічэнняў. Гл. таксама Набліжанае інтэграванне, Найменшых квадратаў метад, Паслядоўных набліжэнняў метад.

т. 9, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЭ́МБАЎСКІ ЗРУХ узроўняў энергіі,

невялікія адрозненні энергій электрона ў атаме вадароду і вадародападобных атамах для некаторых станаў, у якіх, паводле Дзірака ўраўнення, энергіі павінны супадаць. Эксперыментальна выяўлены ў 1947 У.Ю.Лэмбам і амер. фізікам Р.​Рызерфардам і тэарэтычна растлумачаны Г.А.Бетэ. У квантавай электрадынаміцы Л.з. тлумачыцца тым, што ўплыў на электрон яго ўласнага поля залежыць ад стану электрона. Гл. таксама Тонкая структура.

т. 9, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРАКА́ЙБСКІ НАФТАГАЗАНО́СНЫ РАЁН.

На ПнЗ Венесуэлы і ПнУ Калумбіі. Займае частку тэктанічнай катлавіны з воз. Маракайба, Венесуэльскі заліў і прылеглую да яго сушу. Пл. 86 тыс. км². Вядома каля 80 нафтавых (найб. — Балівар, Лама, Ламар, Мене-Грандэ і інш.) і 4 газавыя радовішчы ў адкладах неагену, палеагену і мелу. Пач. запасы нафты каля 6,6 млрд. т, газу — 1,7 трлн. м³ (1986).

т. 10, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫ ЦЭНТР НАВУКО́ВАЙ І ТЭХНІ́ЧНАЙ ІНФАРМА́ЦЫІ (МЦНТІ),

міжурадавая арг-цыя па садзейнічанні развіццю міжнар. сістэмы навук. і тэхн. інфармацыі. Створаны ў 1969 краінамі—членамі Саюза эканам. узаемадапамогі. Членамі (на 1.6.1999) з’яўляюцца 16 краін, у т. л. Беларусь. Цэнтр ажыццяўляе даследаванні і распрацоўкі ў галіне інфарм. тэхналогіі, забяспечвае інфарм. абслугоўванне арг-цый краін, якія ўваходзяць у яго. Месцазнаходжанне цэнтра г. Масква.

т. 10, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНАТА́ЎР,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі пачвара-людаед з галавой быка і целам чалавека. Яго ўласнае імя — Астэрый («Зорны»). Народжаны жонкай крыцкага цара Мінаса (дачкой Геліяса) Пасіфаяй ад свяшчэннага быка бога Пасейдона або ад самога Пасейдона. Мінас пасяліў М. ў падземным лабірынце, куды яму прыносілі ў ахвяру (штогод або некалькі разоў на год) па сем юнакоў і дзяўчат з падуладных Мінасу Афін. Забіты героем Тэсеем.

т. 10, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ЎМАЦАВА́НЫ РАЁН, Мінскі УР,

пабудаваны ў 1928—37 для прыкрыцця Мінска з З. Працягласць па фронту да 150 км. 26.6.1941 ударныя групоўкі ням.-фаш. войск (да 5 танк. дывізій) выйшлі да М.у.р. і атакавалі яго. Аднак сходу ўзяць не здолелі — М.у.р. на 3—4 дні затрымаў рух праціўніка на ўсх. напрамку і адыграў значную ролю ў абароне горада (гл. Мінска абарона 1941).

т. 10, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́РСКІ (Міхаіл Шлёмавіч) (н. 11.5.1911, Мінск — 9.11.1989),

бел. трэнер па грэка-рымскай барацьбе. Засл. майстар спорту СССР (1948). Засл. трэнер СССР (1957). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1955). У 1967—74 старшы трэнер Рэсп. школы вышэйшага спарт. майстэрства. Сярод выхаванцаў А.Караваеў, чэмпіёны СССР С.​Залускі, І.​Коршунаў, У.​Сусіч, М.​Чучалаў. Пад яго кіраўніцтвам каманда Беларусі стала чэмпіёнам СССР (1960).

т. 10, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНАГАСКЛА́Д, паліном,

алгебраічная сума канечнай колькасці адначленаў. Ступенню М. наз. найб. са ступеней адначленаў, якія ўваходзяць у яго. Любы М. адной пераменнай можа мець выгляд a0x​n+a1x​n-1+...+an=a0(x-x1)(x-x2)...(x-xn), дзе x1, x2, ..., xn — карані дадзенага М. Складанне, адыманне і множанне М. падпарадкоўваюцца камутатыўнаму (гл. Камутатыўнасць), спалучальнаму (гл. Асацыятыўнасць) і размеркавальнаму (гл. Дыстрыбутыўнасць) законам.

т. 10, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОНАХРАМАТЫ́ЧНАЕ СВЯТЛО́,

светлавое выпрамяненне строга вызначанай частаты. У дачыненні да інш. участкаў спектра эл.-магн. хваль карыстаюцца тэрмінам монахраматычнае выпрамяненне. Строга М.с. не існуе, таму што ўсякае рэальнае выпрамяненне абмежавана ў часе і ахоплівае пэўны інтэрвал частот (гл. Шырыня спектральных ліній). Крыніцамі выпрамянення, блізкага да М.с., з’яўляюцца, напр., спектральныя лямпы, лазеры; для яго вылучэння з нямонахраматычнага святла выкарыстоўваюцца інтэрферэнцыйныя святлафільтры і монахраматары.

т. 10, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯРЗЛО́ТНЫ РЭЛЬЕ́Ф, крыягенны рэльеф, крыягенная морфаскульптура,

сукупнасць форм рэльефу, паходжанне і развіццё якіх звязана з працэсамі прамярзання і адтайвання грунтоў. Характэрны пераважна для палярных абласцей, дзе пашыраны шматгадовамёрзлыя грунты, трапляецца таксама ў высакагор’ях. Уключае бугры пучэння, курумы, саліфлюкцыйныя тэрасы, паліганальныя ўтварэнні і інш. На тэр. Беларусі М.р. развіваўся ў часы зледзяненняў (захаваліся яго сляды, напр., тэрмакарставыя азёры і сподкі, бугры пучэння).

т. 11, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)