ТРАФІМЧУ́К Алег Рыгоравіч (16.1.1941, Мінск — 18.5.1984),
бел. архітэктар. Скончыў БПІ (1968). З 1968 гал. архітэктар г. Маладзечна, з 1971 ва ўпраўленні па буд-ве і архітэктуры Мінскага аблвыканкома (з 1973 нач. упраўлення, гал. архітэктар вобласці). Асн. работы: Манумент у гонар маці-патрыёткі ў г. Жодзіна (Дзярж. прэмія СССР 1977), праекты планіроўкі і забудовы 3 мікрараёнаў і праспекта Леніна ў Маладзечне (1969—73), цэнтраў гарадоў Капыль (1972) і Жодзіна (1974—75), мікрараёна ў г. Клецк (1972), генпланы г.п. Мядзел (1973), г. Вілейка (1977), вёсак Крупіца Мінскага (1979), Слабада Смалявіцкага (1980) р-наў (усе ў сааўт.). Помнікі М.Горкаму ў Мінску (1981), Г.А.Нікандравай у г. Дуброўна (1980), мемар. комплекс у гонар Ветрынскіх падп. райкомаў КП(б)Б і ЛКСМБ, партыз. брыгады імя Варашылава ў в. Гомель Полацкага р-на (1977).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛАДЗІ́МІРСКІ ДЗМІ́ТРЫЕЎСКІ САБО́Р,
помнік рус. архітэктуры Уладзіміра-Суздальскай школы дойлідства ў г. Уладзімір (Расія). Пабудаваны, верагодна, у 1194—97. Напачатку ўваходзіў у комплекс княжацкага палаца. Урачысты і велічны 1-купальны 4-слуповы храм вылучаецца строгімі прапорцыямі, складанай арнаментальнай разьбой на фасадах, калонкамі аркатурнага пояса. Разьба шчыльна пакрывае 8-калонны барабан купала, архівольты, капітэлі перспектыўных парталаў. У інтэр’еры захаваліся фрагменты фрэскавай размалёўкі 12 ст. («Страшны суд», рус. і візант. майстры). Храм пашкоджаны ў 16 і 18 ст., у 1837—39 рэстаўрыраваны, цалкам адноўлены ў 1941—52 (арх. А.Сталетаў). Сабор уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Літ.:
Воронин Н.Н. Зодчество Северо-Восточной Руси XII—XV вв. Т. 1. М., 1961;
Вагнер Г.К. Скульптура Древней Руси, XII в. Владимир. Боголюбово. М., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛА́САЎ Аляксандр Васілевіч (1.11.1900, с.Вял. Коша Селіжараўскага р-на Цвярской вобл., Расія — 25.9.1962),
расійскі архітэктар. Акад. (1947), прэзідэнт Акадэміі архітэктуры СССР (1955—56). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1928). З 1931 выкладаў у Маскоўскім арх. ін-це. Адзін з заснавальнікаў Усерас.т-ва (у 1929—32 Усесаюзнага аб’яднання) пралетарскіх архітэктараў. З 1944 гал. архітэктар Кіева, у 1950—55 — Масквы. Асн. работы: у Маскве — Крымскі мост (1936—38, інж. Б.Канстанцінаў), комплекс стадыёна ў Лужніках (1955, у аўт. калектыве; Ленінская прэмія 1959), генплан і асобныя ч. ансамбля Цэнтр. парку культуры і адпачынку імя М.Горкага (1935—41); забудова вул. Крашчацік у Кіеве (план 1945—47, у аўт. калектыве; Дзярж. прэмія СССР 1950).
Літ.:
Астафьева-Длугач М.И. А.Власов // Зодчие Москвы. М., 1988. Кн. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСМО́КТВАННЕ, рэзорбцыя,
пераход рэчываў праз клетачныя элементы жывёльных тканак у кроў і лімфу. Адбываецца пераважна ў стрававальным тракце, таксама з поласці лёгкіх, плеўры, маткі, мачавога пузыра, з паверхні скуры, слізістых абалонак і інш.Найб. спецыялізаванае — У. ў кішэчніку пазваночных праз варсінкі або мікраварсінкі эпітэліяльных клетак.
Большасць высокамалекулярных пажыўных рэчываў перад У. ферментатыўна гідралізуецца і ператвараецца ў простыя злучэнні (напр., бялкі — у амінакіслоты, вугляводы — у монацукрыды). Праз клетачныя мембраны рэчывы пранікаюць пасіўна (дыфузія, фільтрацыя, электраосмас і інш.) і актыўна — з удзелам спец. пераносчыкаў і з затратай энергіі. У працэсе У. ўдзельнічаюць клетачныя арганоіды — мітахондрыі, комплекс Гольджы, эндаплазматычная сетка. Парушэнне У. прыводзіць да знясілення арганізма. Адваротнае У. адбываецца ў сакраторных і экскрэторных органах (напр., у ныркавых канальцах пры мочаўтварэнні). Гл. таксама Біялагічныя мембраны, Транспарт рэчываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЛЁРАЎ Іван Андрэевіч (24.3.1905, в. Двурэчкі Ліпецкай вобл., Расія — 7.10.1941),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Скончыў Ваен. акадэмію імя Дзяржынскага (1941). У Чырв. Арміі з 1932. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну капітан Ф. камандзір асобнага мінамётнага дывізіёна рэактыўнай артылерыі на чале першай у Чырв. Арміі эксперыментальнай батарэі, якая 14.7.1941 упершыню нанесла ўдары па ворагу з рэактыўных установак БМ-13 («кацюш») на чыг. ст. Орша і па пераправах цераз Дняпро і Аршыцу. Трапіўшы ў акружэнне, дывізіён з баямі прайшоў больш за 200 км па тылах ворага, але ў ноч на 7 кастр. ў час няроўнага бою на Смаленшчыне сав. воіны, расстраляўшы ўвесь боезапас, падарвалі сакрэтную зброю. У г. Орша створаны мемар. комплекс«Кацюша», у в. Пішчалава Аршанскага р-на пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫГУ́НАЧНЫ ВАКЗА́Л,
комплекс збудаванняў для абслугоўвання пасажыраў чыгуначнага транспарту, выканання грузавых, паштовых і багажных аперацый; састаўная частка чыгуначнай станцыі. Тэр. Ч.в. ўключае пасаж. будынак, прывакзальную плошчу, пасажырскія платформы, пешаходныя пераходы-залы (канкорсы) і масткі, багажныя тунэлі і інш.
У залежнасці ад прапускной здольнасці і адначасовай умяшчальнасці пасажыраў адрозніваюць Ч.в. малыя (да 200 чал.), сярэднія (да 900), вялікія (да 1500) і пазакласныя (больш за 1500). Пасаж. будынак уключае памяшканні: аперацыйныя (касавыя залы, камеры захоўвання багажу, вузел сувязі і інш.), для чакання і адпачынку, быт. абслугоўвання і харчавання, службовыя і дапаможныя. Паводле размяшчэння пасаж. будынка адносна пуцей Ч.в. падзяляюць на берагавыя, астраўныя, папярочныя (пры тупіковых пуцях) і камбінаваныя. Часта Ч.в. аб’ядноўваюць з вакзаламі інш. відаў транспарту (напр., аўтобусным). Гл. таксама Вакзал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫГУ́НАЧНЫ ПУЦЬ,
комплекс інжынерных збудаванняў і ўладкаванняў у паласе адводу, якія ўтвараюць дарогу з накіравальнай чыгуначнай каляёй для руху цягнікоў. Бываюць галоўныя, бакавыя, станцыйныя і інш. Выкарыстоўваецца на чыгунках, метрапалітэне, прамысл. прадпрыемствах і інш.
Асн. элементы Ч.п.: верхняя будова, якая ўспрымае нагрузку ад трансп. сродкаў і перадае яе на земляное палатно і грунтавую аснову (уключае чыг.рэйкі і іх мацаванні, стрэлачныя пераводы, шпалы, пераводныя і маставыя брусы, баластавы слой, проціўгоны і інш.); земляное палатно і штучныя збудаванні (чыгуначныя масты, тунэлі, цягавыя падстанцыі, водапрапускныя трубы, дзюкеры, дамбы, фільтравальныя насыпы і інш.). Ч.п. мае спец. ахоўныя збудаванні, сігнальныя і пуцявыя знакі. Для злучэння і развіцця Ч.п. робяцца стрэлачныя вуліцы, з’езды, паваротныя трохвугольнікі, сартавальныя горкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАСІСТЭ́МА (ад эка... + сістэма),
прыродны функцыян.комплекс, утвораны ўзаемадзеяннем жывых арганізмаў з іх асяроддзем; адкрытая тэрмадынамічная сістэма, стабільнасць якой падтрымліваецца кругаваротам рэчываў і патокамі энергіі. Асн. працэс у Э. — іх біялагічная прадукцыйнасць, якая праходзіць з рассейваннем ч. энергіі ў форме цяпла.
Тэрмін «Э.» прапанаваны англ. батанікам А.Тэнслі (1935); яго выкарыстоўваюць у дачыненні да прыродных аб’ектаў рознага аб’ёму і складанасці: возера, лес, балота, лужына, Зямля ўвогуле. Характарызуецца Э. відавым складам, колькасцю асобін кожнага віду, іх біямасай, размеркаваннем і сезоннай дынамікай, суадносінамі розных трафічных груп, інтэнсіўнасцю працэсаў прадуцыравання і дэструкцыі арган. рэчыва. Размяркоўваюць Э. па геагр., фіз.-хім., трафічных умовах, відавой разнастайнасці і інш.
Літ.:
Уиттекер Р. Сообщества и экосистемы: Пер. с англ.М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЮ́НЯ Уладзімір Леанідавіч (н. 24.5.1953, в. Вялікія Якетаны Астравецкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. вучоны-эканаміст. Д-рэканам.н. (2000), праф. (2001). Скончыў Гродзенскі пед.ін-т (1975). З 1979 у БДУ (з 1991 заг. кафедры). Навук. працы па метадалогіі эканам. даследаванняў, пытаннях трансфармацыі эканам. сістэмы ва ўмовах глабалізацыі сусв. эканомікі, сац.-эканам. пераўтварэнняў у агр. сектары эканомікі. Адзін з аўтараў навуч. дапаможнікаў для ВНУ «Асновы эканамічнай тэорыі» (ч. 1—3; 1995—97), «Эканамічная тэорыя» (2001) і інш.
Тв.:
Влияние научно-технического прогресса на преобразование материальной основы сельскохозяйственного производства. Мн., 1984;
Экономические проблемы взаимодействия обобществления производства и отношений собственности. Мн., 1985 (у сааўт.);
Обобществление сельскохозяйственного производства и развитие социально-экономических факторов труда. Мн., 1991 (у сааўт.);
Агропромышленный комплекс в условиях переходной экономики. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЗЬМІ́ЦКІ Валерый Аляксандравіч (н. 27.3.1948, в. Капысіца Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне малекулярнай спектраскапіі. Д-рфіз.-матэм.н. (1999). Скончыў БДУ (1972). З 1972 у Ін-це фізікі, з 1992 у Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі Нац.АН Беларусі. Навук. працы па квантавай хіміі і спектраскапіі малекулярных сістэм, у т. л. хларафілападобных злучэнняў. Распрацаваў комплекс квантавахім. праграм для разліку электронных характарыстык шмататамных малекул; выкарыстаў квантавамех. тэорыю ўзбурэнняў для апісання спектральна-люмінесцэнтных уласцівасцей малекул класа парфірынаў.
Тв.:
Спектроскопия и квантовая химия порфиринов (разам з К.М.Салаўёвым, М.П.Цвіркам) // Порфирины: Спектроскопия, электрохимия, применение. М., 1987;
Квантовохимические расчеты электронной структуры и спектроскопических свойств тетрапирольных молекулярных систем (разам з Салаўёвым, У.І.Гаелем) // Спектроскопия и люминесценция молекулярных систем. Мн., 2002.