комплекс работ па вырабе, укладцы ў форму ці ўстаноўцы на месца бетанавання (мантаж) арматурных элементаў жалезабетонных канструкцый. Уключаюць нарыхтоўку арматурных стрыжняў, выраб арматурных сетак ці каркасаў, іх зборку і ўстаноўку ў форму ці апалубку.
Стрыжні робяць з арматурнай сталі на спец. станках, сеткі і каркасы — на станках з гібачнай бэлькай. Плоскія сеткі і каркасы шыр. да 1 м вырабляюць кантактнай зваркай на зварачных машынах і аўтаматызаваных паточных лініях, прасторавыя каркасы збіраюць у асн. на гарыз. і верт. кандуктарах-маніпулятарах. Арматуру для папярэдне напружаных канструкцый да ўкладкі ў форму расцягваюць гідраўл. дамкратамі ці падаўжаюць награваннем да 300—450 °C. Арматуру для маналітных канструкцый (напр., плацін) зварваюць з сетак, каркасаў і інш. элементаў, устаўляюць у формы або апалубку кранамі, маніпулятарамі і да т.п.
Да арт.Арматурныя работы. Тэхналагічная схема вырабу шырокіх арматурных сетак на аўтаматызаванай паточнай лініі: 1 — стыкавая зварка стрыжняў; 2 — праўка стрыжняў; 3 — зварка сетак; 4 — падоўжная рэзка сетак; 5 — папярочная рэзка сетак; 6 — пакетаванне сетак; 7 — змотванне сетак у рулон; 8 — транспартаванне кантэйнера з пакетам сетак.Да арт.Арматурныя работы. Арматурны станок-аўтамат: 1 — прыёмнае прыстасаванне; 2 — праві́льны барабан; 3 — механізм падачы і рэзкі; 4 — пульт кіравання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАВЫ́ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ПРАДУ́КТ (ВНП),
эканамічны паказчык, які адлюстроўвае сукупную вартасць канчатковых тавараў і паслуг у дзеючых рыначных цэнах. Уваходзіць у сістэму нац. рахункаў. Распрацоўваецца па методыцы ААН, у бягучых і пастаянных цэнах. У адрозненне ад валавога ўнутранага прадукту ВНП пазбаўлены двайнога ўліку (кошту прамежкавай прадукцыі, што ідзе на выраб канчатковай прадукцыі) і таму больш поўна адлюстроўвае ўзровень развіцця грамадства, яго магчымасці для паляпшэння дабрабыту сваіх членаў. ВНП у натуральна-рэчыўнай форме — вырабленыя за пэўны перыяд сродкі вытв-сці, спажывецкія даброты і паслугі, а ў вартаснай — рыначны кошт усіх гатовых тавараў і паслуг, вырабленых за пэўны перыяд усімі фактарамі вытв-сці (капітал, зямля, праца), якія належаць грамадзянам пэўнай краіны незалежна ад іх месца знаходжання. У ВНП уваходзіць таксама знешнегандл. сальда (розніца паміж экспартам і імпартам). Аднак гэты паказчык не ахоплівае прадукты і паслугі, вырабленыя ў дамашняй гаспадарцы, ценявой эканоміцы і інш. Таму ВНП найбольш адлюстроўвае дзелавую актыўнасць і магутнасць нац. эканомікі. Выкарыстоўваецца ВНП на спажыванне, інвестыцыі, экспарт і імпарт. На Беларусі выкарыстоўваецца з 1988. З-за крызісу ў пераходны да рыначнай эканомікі перыяд змяншаецца: у 1995 яго аб’ём склаў прыкладна 2/3 ад узроўню 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНІ́ЛЬНАЯ СПРА́ВА,
апрацоўка паверхні прыродных і сінт. мінералаў-самацветаў і шкла для ювелірных і тэхн. мэт. Уключае працэсы рэзкі, абдзіркі, стварэння граней, паліраванне. Робіцца на спец. (у т. л. гранільных) станках з дапамогай алмазнага інструменту, паліравальных парашкоў і розных прыстасаванняў.
Зыходная сыравіна для вырабу ювелірных камянёў (уставак, пацерак, падвесак і да т.п.) — самацветы з высокім (больш за 1,54) паказчыкам пераламлення святла (пераважна алмазы), вырабныя каляровыя камяні прыгожых расфарбовак і натуральнага малюнка, бясколернае і афарбаванае шкло (празрыстае, без унутр. дэфектаў, якое імітуе аграначныя самацветы). Выраббрыльянтаў уключае распілоўку алмаза на часткі, абточванне па форме, агранку. Гатовыя брыльянты класіфікуюць і ацэньваюць. Мінералы-самацветы таксама распілоўваюць, ім надаюць папярэднюю форму, наносяць грані, паліруюць. Гранільная справа вядомая з 3-га тыс. да н.э. (Стараж. Егіпет, Месапатамія). Значнае развіццё пачалося з вынаходства ў 1456 у Галандыі гранільнага станка, які даў магчымасць рабіць найб. дасканалы від агранкі — брыльянтавую. У 19 і 20 ст. гранільная справа механізуецца, з’явіліся дасканалыя станкі, прыстасаванні і інструменты.
На Беларусі апрацоўкай алмазаў займаецца прадпрыемства «Крышталь» (Гомель). Гл. таксама Алмазная прамысловасць, Граненне.
Да арт.Гранільная справа. Каштоўныя камяні, апрацаваныя для калекцыі, і ювелірныя вырабы з кабашонамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́БАВЫЯ ГРЫБЫ́,
група сям.базідыяльных грыбоў парадку афілафаральных. Вядома больш за 1 тыс. відаў, пашыраных па ўсім зямным шары. На Беларусі больш за 200 відаў і формаў з 62 родаў: карыёл, летыпор, грыфала, гіменахета, шчыліналіснік, фомес, дэдалея, аксіпор і інш. Губавыя грыбы — актыўныя разбуральнікі драўніны. Пераважна сапратрофы, растуць на адмерлай драўніне, пнях, радзей на глебе, пашкоджваюць драўляныя збудаванні (дамавыя грыбы). Некат. паразіты, пасяляюцца на жывых дрэвах (напр., фелінус, інанотус, фамітопсіс), зніжаюць выхад дзелавой драўніны. Драўніна з пач. стадыяй пашкоджання некат. губавымі грыбамі (напр., сапраўдным, кляновым) мае прывабны ўзорысты малюнак і ідзе на вырабмуз. інструментаў, сувеніраў. Губавыя грыбы мінералізуюць арган. рэчывы, садзейнічаюць аднаўленню ўрадлівасці глебы. Некат. маюць антыбіятычныя і інш. ўласцівасці, выкарыстоўваюцца ў медыцыне (чага, сапраўдная губа, лістоўнічная губка, ганадэрма), ёсць ядомыя (бяляк, пячоначніца звычайная, серна-жоўтая губа).
Міцэлій шматгадовы, гіфы тонкія, разгалінаваныя. Пладовыя целы адна-, двух- і шматгадовыя, масай да 10 кг, распасцёртыя (да 1,5 м), распасцёрта-адагнутыя, сядзячыя, некат. дыферэнцыраваны на ножку і шляпку шапку*; кансістэнцыя мясістая, скурыстая або дравяністая; колер ад белага, жаўтаватага і шэрага да чырвонага, бурага і чорнага. Пры адміранні высыхаюць. Гіменафор звычайна трубчасты, радзей лабірынтападобны або пласціністы. Споры цыліндрычныя, эліпса- ці шарападобныя, разносяцца ветрам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАЧЭ́ННЕ,
пакрыццё вырабаў, асобных частак прылад, канструкцый, збудаванняў тонкім слоем золата з дэкаратыўнымі, ахоўнымі і ахоўна-дэкаратыўнымі мэтамі. Выкарыстоўваецца ў ювелірнай і гадзіннікавай вытв-сці, паўправадніковай тэхніцы, ужытковым мастацтве і інш.
Ліставое З. — наклейванне на падрыхтаваную паверхню вырабаў або збудаванняў тонкіх (0,1—0,3 мкм) лістоў золата. Вядома з 3-га тыс. да н.э. (Егіпет), у Кіеўскай Русі пашырылася з 10—11 ст. Ужывалася для аддзелкі палацаў і храмаў. У паліграфіі выкарыстоўваецца для спец. мастацкага друкавання і ціснення пераплётаў. Парашковае З. — нанясенне на выраб, пакрыты клейкім лакам, тонкага слоя залатога парашку. Агнявое З. — пакрыццё метал., звычайна медных, лістоў амальгамай (сплаў золата і ртуці) з наступнай адгонкай ртуці нагрэвам. Другі яго спосаб — нанясенне лаку, у якім ёсць золата, на фарфора-фаянсавыя вырабы. Пры абпальванні лак выгарае, а залатое покрыва застаецца. З. плакіроўкай — гарачая пракатка лістоў золата з лістамі інш. металу або валачэнне метал. пруткоў, абкручаных лістамі золата. Гэтым спосабам вырабляюць біметал для карпусоў гадзіннікаў і інш.Гальванічнае З. (выкарыстоўваецца з сярэдзіны 19 ст.) робіцца пераважна ў цыяністых залатых электралітах метадам электралітычнага асаджэння. З. катодным распыленнем пашырана пры вытв-сці фотаэлементаў і інш. З. наз. таксама пакрыццё прадметаў рэчывамі залацістага колеру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛО́ТНІЦТВА,
выраб рэчаў з каштоўных металаў; від ювелірнага мастацтва. Шырока вядома ў Стараж. Егіпце, Грэцыі, Амерыцы, краінах Усходу, сярэдневяковых Індыі і Кітаі, краінах Еўропы 15—18 ст. На Беларусі вядома з часоў жал. веку (7—6 ст. да н.э. — 8—9 ст.н.э.). Найб. пашырана як гар. рамяство ў 12—18 ст.Бел. майстры-злотнікі валодалі рознымі тэхнікамі апрацоўкі (ліццё, коўка, чаканка, гравіраванне) і аздаблення металаў, пераважна серабра (залачэнне, чарненне, зярненне, пацініраванне). Выраблялі посуд, абклады кніг і абразоў, крыжы, дарахавальніцы і інш. Шэдэўр З. часоў сярэдневякоўя — крыж Ефрасінні Полацкай работы Лазара Богшы (1161). У 16—17 ст. майстэрні і цэхі злотнікаў існавалі ў Віцебску, Брэсце, Кобрыне, Гродне, Магілёве, Нясвіжы, Слуцку і інш. У 2-й пал. 17 ст. больш за 50 бел. злотнікаў, пераважна з Віцебска, Полацка, Магілёва, працавалі ў Залатой, Сярэбранай і Аружэйнай палатах Маскоўскага Крамля, у т. л. П.Заборскі, В.Карпаў, М.Логінаў, Я.Магілёвец і інш. Яны выраблялі посуд, абклады абразоў і кніг, зброю. Пашырэнне мех. апрацоўкі металаў у сярэдзіне 19 ст. прывяло да заняпаду 3.
Я.М.Сахута.
Да арт.Злотніцтва. Абклад абраза. Пач. 17 ст.Да арт.Злотніцтва. Пацір з Навагрудка. 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНА́Т,
гнуткі выраб з стальнога дроту або нітак пражы (каболак) расліннага, мінер. ці сінт. паходжання. Падзяляюцца на кручаныя (вітыя), някручаныя і плеценыя.
Стальныя К. робяць з высокатрывалага дроту дыяметрам 0,3—4 мм. Кручаныя атрымліваюць адзінарным (спіральныя К.), двайным (тросавыя) і трайным (кабельтавыя) звіваннем. Для эластычнасці ў сярэдзіну К. ўплятаюць валакністы або метал. асяродак. Звіванне бывае аднабаковае (дрот у пасмах і самі пасмы скручаны ў адзін бок) і крыжовае (у розныя бакі). Някручаныя К. складаюцца з шчыльна ўкладзеных груп стальнога дроту або спіральных К., змацаваных спіральнай абмоткай ці заціскачкамі. Плеценыя К. робяць з цотнага ліку (звычайна 4) пасмаў, скручаных у розных напрамках. Неметалічныя К. звіваюць з доўгіх натуральных (пяньковых, баваўняных, джутавых, сізалевых, азбеставых) або сінтэтычных (капронавых, нейлонавых, поліпрапіленавых і інш.) валокнаў (з кароткіх пяньковых і баваўняных валокнаў уюць вяроўкі, шпагат і да т.п.). Канатна-вяровачныя вырабы з валакністых матэрыялаў і стальнога дроту наз.тросамі (пра іх злучэнне гл. ў арт.Вузлы марскія). К. выкарыстоўваюць на транспарце (на канатных дарогах, фунікулёрах, у суднавым такелажы і інш.), у буд-ве (у вісячых канструкцыях, грузападымальных машынах), горнай (у шахтавых пад’ёмніках, каменярэзных машынах), рыбалоўнай (у тралах. невадах), лясной і інш. галінах прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАПЛЁТ,
1) комплекс аперацый па стварэнні знешняга пакрыцця (цвёрдай вокладкі) кнігі, дакумента і інш. Уключае змацаванне кніжнага блока, далучэнне да яго форзацаў, заклейванне і кругленне карашка, абразанне блока, прыклейку каптала, выраб і аддзелку пераплётных абкладак (накрывак), устаўку блока ў абкладкі, абцісканне і штрыхоўку (атрыманне паглыбленых ліній) гатовай кнігі. У пераплётнай вытв-сці выкарыстоўваюць блокаапрацоўчыя агрэгаты, накрыўкаробныя, кнігаўставачныя і інш. машыны.
2) Сукупнасць пераплётнай абкладкі і элементаў змацавання кніжнага блока і абкладкі з блокам.
У адрозненне ад звычайнай вокладкі, якую найчасцей робяць з паперы і выкарыстоўваюць для сшыткаў, часопісаў, брашур, кніжную абкладку як асн. элемент П. вырабляюць 3 больш трывалых і зносаўстойлівых матэрыялаў (кардону, скуры, тканіны, сінт. матэрыялаў і інш.). Існуе 5 тыпаў П. (ад 5-га да 9-га). Найб. пашыраны тып 5 (выкарыстоўваецца для школьных дапаможнікаў, дзіцячай л-ры і інш.) і тып 7 (з тканінным покрывам — для шматтомных падпісных выданняў, энцыклапедый, слоўнікаў, з покрывам на папяровай аснове — для выданняў менш інтэнсіўнага карыстання).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРНІКА́РСТВА,
выраб фігурных пернікаў; від народных мастацкіх промыслаў. Пернікі здаўна адыгрывалі значную ролю на вяселлі, хрэсьбінах, памінках і інш. абрадах многіх народаў. На Беларусі ў 16—18 ст. П. пераважала ў гарадах і мястэчках (Дуброўна, Копысь, Мінск, Орша, магчыма, Смаргонь), у 19 ст. пашырана і ў вёсках. Прадукцыю збывалі на мясц. рынках і кірмашах. Пернікі выраблялі з мукі вышэйшага гатунку, у цеста дадавалі харч. фарбавальнікі, мёд, прыправы. Фармавалі іх у выглядзе розных фігур антрапаморфнага, зааморфнага, геам. характару (лялька, певень, конь, казёл, рыба, сэрца, ромб і інш.). Трактоўка фігур моцна стылізаваная, абагульненая; выбар сюжэтаў адлюстроўваў іх стараж. сімвалічны сэнс. Існавалі розныя тэхнікі фармоўкі вырабаў: узор атрымлівалі з дапамогаю спец. драўлянай дошкі, на якой выразалася адпаведная фігура, выціскалі бляшанымі штампамі з плоска раскачанага кавалка цеста, фармавалі ўручную. Пасля выпечкі пернікі аздаблялі каляровымі крэмамі, харч. фарбавальнікамі, глазуравалі расплаўленым цукрам. У сярэдзіне 20 ст. промысел заняпаў. У наш час фігурныя пернікі з аздабленнем выпускаюць прадпрыемствы харч. прам-сці.
Літ.:
Нікольскі Н.М. Жывёлы ў звычаях, абрадах і вераньнях беларускага сялянства. Мн., 1933;
Сахута Я. Абрадавая пластыка // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1982. №2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ШЛІНА ДЗЯРЖА́ЎНАЯ,
грашовы збор, які спаганяецца дзярж. органамі з грамадзян, устаноў і арг-цый за пэўныя віды паслуг. На Беларусі парадак спагнання П.дз. рэгулюецца Законам «Аб дзяржаўнай пошліне» ад 10.1.1992. П.дз. бярэцца: у суд. установах пры падачы іскавых заяў, заяў і скарг, за выдачу копій дакументаў; у органах пракуратуры пры падачы наглядных скарг на судовыя пастановы, а таксама за выдачу копій дакументаў; у натарыятах і выканкомах мясц. Саветаў за натарыяльныя дзеянні, выдачу дублікатаў натарыяльна засведчаных дакументаў, складанне праектаў здзелак і заяў, выраб копій дакументаў і выпісак з іх; у органах ЗАГСа за рэгістрацыю актаў грамадзянскага стану і інш.; у органах мін-ваунутр. спраў за выдачу дакументаў на права выезду за мяжу, выязных і ўязных віз, з заяў аб прыёме ў грамадзянства Рэспублікі Беларусь і выхадзе з яго, за прапіску грамадзян і ў некат. інш. выпадках. Стаўкі П.дз. устанаўліваюцца СМ Беларусі. Законам аб П.дз. вызначана кола ўстаноў і грамадзян, якія вызваляюцца ад выплаты П.дз. П.дз. выплачваецца наяўнымі грашамі, пошліннымі маркамі, а таксама шляхам пералічэнняў з рахунка плацельшчыка ў банку. З тавараў, якія перавозяць праз дзярж. граніцу, спаганяецца пошліна ў адпаведнасці з мытнымі тарыфамі.