АСТРЭ́ЙКА (Сяргей Адамавіч) (9.7.1912, в. Каласоўшчына Капыльскага р-на Мінскай вобл., паводле інш. звестак мяст. Усць-Дзвінск каля Рыгі — 14.9.1937),
бел.паэт. Скончыў Мінскі пед. тэхнікум (1930). Працаваў літ. рэдактарам у Бел.НДІ прамысловасці, з 1932 у Камісіі па складанні слоўнікаў Ін-та мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі. У 1933 арыштаваны і высланы ў г. Ірбіт Свярдлоўскай вобласці. Там у 1937 арыштаваны зноў і расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1928. Рамантычная паэма «Смарагды кроз» (апубл. 1990) — роздум пра шляхі развіцця роднага краю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎРА́Н (Gratiola),
род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ва ўмераных і халодных паясах абодвух паўшар’яў, у горных сістэмах тропікаў. На Беларусі, пераважна ў паўд.-ўсх. раёнах, па заліўных лугах, забалочаных месцах, берагах рэк і вадаёмаў расце аўран лекавы (Gratiola officinalis). Культывуецца ў Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі.
Шматгадовая карэнішчавая травяністая расліна. Сцябло прыўзнятае або прамастойнае, выш. 10—40 см. Лісце сядзячае, процілеглае, лінейна-ланцэтнае, зубчастае. Кветкі двухполыя, белыя, адзіночныя, на доўгіх кветаножках у пазухах лісця. Плод — 2-гнездавая шматнасенная каробачка. Ядавітая і лек. расліна (слабіцельны, ірвотны, мачагонны сродак), мае гліказіды, сапаніны, алкалоіды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСТРАЛІ́ЙСКІЯ МО́ВЫ,
сям’я моў, на якіх гаворыць карэннае насельніцтва Аўстраліі (акрамя папуаскай мовы мірыям і тасманскіх моў). Агульная колькасць моў ад 200 да 600 (у сувязі з істотнымі адрозненнямі паміж дыялектамі), значная частка знікла або знікае. Аўстралійскія мовы ўключаюць 12 асобных моў і 16 сем’яў (найбольш моў у сям’і паманюнга — каля 180).
Фанетычная сістэма большасці аўстралійскіх моў мае тры галосныя (i, a, u), сярод зычных няма свісцячых і шыпячых, не адрозніваюцца глухія і звонкія. Націск, як правіла, на першым складзе. Граматычны лад усіх аўстралійскіх моў аглюцінатыўны. Парадак слоў у сказе — свабодны. Усе аўстралійскія мовы — бяспісьменныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСТРАЛІ́ЙЦЫ,
1) карэннае насельніцтва (абарыгены) Аўстраліі. У канцы 18 ст. былі расселены па ўсім мацерыку (250—300 тыс.чал.); больш за 500 плямёнаў. У аснове рэлігіі татэмізм і розныя формы магіі, мова — аўстралійская. Еўрап. каланізацыя з канца 18 ст. суправаджалася масавым вынішчэннем і выцясненнем аўстралійцаў у неўрадлівыя раёны ўнутр. Аўстраліі. У 1966 іх захавалася каля 40 тыс.чал. 2) Нацыя (англа-аўстралійцы), асн. насельніцтва Аўстраліі (12,15 млн.чал., 1987). Амаль выключна нашчадкі перасяленцаў з Англіі, Шатландыі і Ірландыі. Гавораць на аўстрал. варыянце англійскай мовы. Паводле рэлігіі хрысціяне (англікане, католікі, прэсвітэрыяне, метадысты, баптысты і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСЮ́К, авёс пусты,
жывы авёс (Avena fatua),
кветкавая расліна з роду авёссям. метлюжковых. Пашыраны ва ўсіх нетрапічных паясах Зямлі, акрамя Крайняй Поўначы. На Беларусі трапляецца па ўсёй тэрыторыі, на палях, каля дарог. Пустазелле пасеваў аўса пасяўнога і інш. яравых культур.
Аднагадовая травяністая расліна з валасніковым коранем. Сцябло круглаватае, прамастойнае, выш. да 120 см. Лісце лінейнае, пляскатае, шурпатае. Каласкі 2—3-кветныя. Ніжняя кветкавая лускавінка з доўгім каленчата-сагнутым асцюком. Мяцёлка буйная, раскідзістая, даўж. да 30 см. Плод — плевачная верацёнападобная зярняўка. Аўсюк лёгка скрыжоўваецца з аўсом пасяўным і пагаршае яго селекцыйныя якасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФАНА́СЬЕЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура эпохі энеаліту (3-е — пач. 2-га тыс. да нашай эры) у вярхоўях Енісея і на Алтаі. Назва ад могільніка каля гары Афанасьеўская недалёка ад в. Бацяні (Хакасія). Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй, жыло на паселішчах у драўляных паўзямлянках і наземных зрубных жытлах. Была развіта апрацоўка медзі. Нябожчыкаў хавалі ў скурчаным стане, у спушчаных у яму зрубах пад землянымі насыпамі ці каменнымі вымасткамі. Для афанасьеўскай культуры характэрны вастрадонны ці кругладонны яйцападобны посуд, упрыгожаны па ўсёй паверхні разным ці штампаваным арнаментам. Носьбіты афанасьеўскай культуры ў антрапал. і культ. дачыненні былі крайняй усх. галіной еўрапеоідных плямёнаў Еўразіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФІУ́РЫ, змеяхвосткі (Ophiuroidea),
клас ігласкурых. 2 атрады: афіуры скураныя (Euryalae) і афіуры сучасныя (Ophiurae). Каля 2 тыс. відаў. Вядомы з ардовіку. Жывуць усюды на дне акіянаў і мораў ад літаралі да глыб. 8000 м. Найб. вядомыя афіура Сарса (Ophiura sarsi), афіура галава гаргоны (Gorgonocephalus caryi), афіура калючая змеяхвостка (Ophiopholis aculeata).
Даўж. з прамянямі ад некалькіх мм да 0,5 м. Цела дыскападобнае, дыяметрам да 10 см з 5 (радзей 10) гнуткімі доўгімі прамянямі. Большасць раздзельнаполыя. У некаторых афіур маляўкі выношваюцца ў вывадкавых сумках — бурсах. Усёедныя. Зрэдку ўтвараюць вял. скопішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБАЎНЯ́НСКІ ПА́РК,
помнік садова-паркавага мастацтва. Створаны ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў в. Бабоўня Капыльскага р-на Мінскай вобласці. Пл.каля 9 га. Парк амаль квадратнай формы з роўным рэльефам. З трох бакоў акружаны ровам і суцэльнымі пасадкамі, з захаду — сістэмай вадаёмаў. Планіроўка рэгулярная. У цэнтры стаяў сядзібны дом (не захаваўся). З Пн да яго прымыкаў пладовы сад, з Пд — партэр з сажалкай і пладовымі садамі вакол яе (збярогся часткова).
У парку растуць лістоўніца еўрапейская, дуб звычайны пірамідальны, каштан конскі васьмітычынкавы, явар і яго пурпуралістая форма, вярба ломкая шарападобная. Парк значна пашкоджаны.
бел. мастак. Скончыў Бел.дзярж.тэатр.-маст.ін-т (1976). Сын А.С.Бархаткова. Піша пейзажы, партрэты, нацюрморты. Галоўнае ў творчасці — колеравая гама, эмацыянальнасць. Раннія работы напісаны ў імпрэсіяністычнай манеры, што адбілася і на далейшай творчасці. Сярод работ: «Каля возера» (1963), «Вёска» (1968), «Восень», «Партрэт дзяўчыны» (абодва 1971), «Вясновы дзень» (1972), «Нацюрморт з рыбай» (1974), «Новы дом» (1976), «Бэз» (1982), «Князь Ігар на рускай зямлі» (1985), «Вязынка» (1987), «На Бярэзіне» (1989), «Арлекіна» (1992), «Саванна» (1994) і інш. З 1990 жыве ў ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БАСФ»
(BASF AG),
хімічная карпарацыя ў Германіі. Засн. ў 1865, з 1973 сучасная назва. Адыграла важную ролю ў развіцці вытв-сці фарбаў, пластмасаў, фармацэўтычных прэпаратаў, стварэнні прамысл. сінтэзу аміяку і інш. Адзін з вядучых у свеце вытворцаў угнаенняў, пігментаў, палімерных матэрыялаў і паўфабрыкатаў для іх выпуску, лекаў, хім. сродкаў аховы раслін, магнітных стужак.
Выпускае больш за 5 тыс. найменняў гатовых вырабаў і 7 тыс. паўфабрыкатаў. Здабывае нафту, прыродны газ і вугаль. Аб’ядноўвае больш за 100 прадпрыемстваў у Германіі і каля 200 у ЗША, Францыі, Бельгіі, Нідэрландах, Японіі, Індыі, Бразіліі, Аргенціне і інш.