ІНВЕНТАРЫЗА́ЦЫЯ,

перыядычная праверка адпаведнасці фактычнай наяўнасці гасп. сродкаў (матэрыяльных і інш. каштоўнасцей) даным бухгалтарскага ўліку; адзін са сродкаў кантролю за захаваннем уласнасці, фінансава-разліковай дысцыпліны. Праводзіцца ва ўстаноўленыя тэрміны (планавая І.), раптоўна (рэвізія), пры змене матэрыяльна-адказных асоб, пасля стыхійных бедстваў, па патрабаванні следчых органаў, у інш. выпадках. Вылучаюць бягучую (праводзіцца ў любы час на працягу года) і гадавую (пры складанні гадавой справаздачы), поўную (ахоплівае ўсе віды сродкаў прадпрыемства, фірмы, арганізацыі) і частковую. І. прыродных рэсурсаў, улік колькасці, якасці, дынамікі запасаў і ступені эксплуатацыі прыродных рэсурсаў. Ажыццяўляецца самастойна і ў працэсе складання кадастраў. Выкарыстоўваецца ў якасці асновы для распрацоўкі праектаў рацыянальнага прыродакарыстання, экалагічных прагнозаў, планавання прыродаахоўнай дзейнасці, вырашэння навук. праблем. На падставе фактаграфічных даных І. прыродных рэсурсаў складзены водны, зямельны, лясны кадастры Беларусі.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНІ́ЧНЫЯ СЯЧЭ́ННІ,

лініі, якія атрымліваюцца пры перасячэнні прамога кругавога конуса з плоскасцямі, што не праходзяць праз яго вяршыню. Пры розных становішчах сякучай плоскасці адносна конуса атрымліваюцца эліпс, парабала, гіпербала.

Калі ў плоскасці выбрана дэкартава сістэма каардынат, то кожнае з К.с. вызначаецца ўраўн. 2-й ступені: Ax​2 + 2Bxy + Cy​2 + 2Dx + 2Ey + F = 0. Наадварот, калі такое ўраўн. мае хоць адно сапраўднае рашэнне і левая частка ўраўн. не распадаецца на 2 лінейныя множнікі, то гэтае ўраўн. задае адно з К.с. Такім чынам, К.с. вызначаюцца яшчэ як крывыя 2-га парадку, якія не распадаюцца. К.с. пашыраны ў з’явах прыроды і ў розных галінах навукі. Напр., планеты сонечнай сістэмы і ШСЗ рухаюцца па эліпсах; траекторыя цела, кінутага нахілена да гарызонту, падобна на парабалу.

Да арт. Канічныя сячэнні: а — эліпс; б — парабала; в — гіпербала.

т. 7, с. 586

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КСЕРАТЫЗА́ЦЫЯ (франц. xérotisation ад грэч. xēros сухі),

паступовае памяншэнне ступені ўвільгатнення глебы і агульнае нарастанне сухасці ў экасістэмах, ландшафтах і інш. Прычыны — уздзеянне чалавека на глебавае покрыва (абязлесенне тэрыторый, адпампоўванне падземных вод для прамысл. мэт, знішчэнне расліннасці, утварэнне рухомых пяскоў на пашах і інш.). Прычынамі К. сушы могуць быць і прыродныя з’явы, напр., агульнае падняцце раўнінных і інш. участкаў паверхні Зямлі, змена напрамку руху паветраных патокаў (антыцыклонаў, цыклонаў, мусонаў), цыклічныя Змены клімату, абумоўленыя сонечнай актыўнасцю. К. вядзе да змяншэння біял. прадуктыўнасці экасістэм, астэпавання і апустыньвання тэрыторый, перавагі ў фітацэнозах ксерафітаў і інш. Напр., пл. Сахары павялічваецца штогод на 100 тыс. га. Працэсы К. абарачальныя пры ажыццяўленні прыродаахоўных мерапрыемстваў: полеахоўнага лесаразвядзення, павышэння ўрадлівасці глебы, падтрымання воднага балансу ў глебах, арашэння і абваднення, глебаахоўнай агратэхнікі і інш.

т. 8, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНТГО́МЕРЫ Аламейнскі

(Montgomery of Alamein) Бернард Лоу (17.11.1887, Лондан — 25.3.1976),

брытанскі ваен. дзеяч, фельдмаршал (1944), віконт (1946). Скончыў ваен. вучылішча ў Сандхерсце (1908). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У пач. 2-й сусв. вайны (1939—40) удзельнічаў у баях на тэр. Францыі і Бельгіі. З жн. 1942 камандуючы 8-й англ. арміяй у Паўн. Афрыцы, нанёс паражэнне італа-герм. войскам (гл. Эль-Аламейнская аперацыя 1942). Са студз. 1944 камандуючы саюзнымі арміямі, якія высадзіліся ў Францыі і дзейнічалі ў Нармандыі, Бельгіі і Паўн. Германіі (гл. Нармандская дэсантная аперацыя 1944). З 1945 галоўнакамандуючы брыт. акупацыйнымі войскамі ў Германіі. З 1946 на розных ваен. пасадах, у т. л. ў 1951—58 першы нам. галоўнакамандуючага ўзбр. сіламі НАТО. Узнагароджаны ордэнамі СССР «Перамога» і Суворава 1-й ступені. Аўтар успамінаў (1958).

т. 10, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЭ́НКА,

частка рознічнай цаны тавару, што ўстанаўліваецца гандл. і інш. прадпрыемствамі пры яго рэалізацыі. Прызначана для пакрыцця расходаў, звязаных з продажам (вяртаннем выдаткаў абарачэння) і атрыманнем прыбытку ад гэтых аперацый — гандлёвай надбаўкі. На некат. прадпрыемствах (напр., грамадскага харчавання) ужываюцца дыферэнцаваныя Н. на рознічныя цэны сыравіны, якая выкарыстоўваецца для вырабу ўласнай прадукцыі і на большасць пакупных тавараў, што не патрабуюць цеплавой апрацоўкі. Н. адрозніваецца таксама ў залежнасці ад катэгорыі і тыпу прадпрыемства, месца знаходжання, ступені матэрыяльна-тэхн. абсталяванасці, аб’ёму паслуг, што прадастаўляюцца, узроўню абслугоўвання і інш. Н. брокера — плата, якая бярэцца брокерам (дылерам) пры выкананні ім дылерскіх функцый, звязаных з пакупкай у кліента каштоўных папер і іх наступным продажам па больш высокай цане; гэта сума таксама ўключаецца ў суму продажу. Гл. таксама Скідка.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 11, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«САЮ́З ВЫРАТАВА́ННЯ»,

тайная паліт. арганізацыя дзекабрыстаў у 1816—17. Паводле статута (1817) наз. «Таварыства сапраўдных і верных сыноў Айчыны». Заснавальнікі: А.М. і М.​М.​Мураўёвы, М.І. і С.​І.​Мураўёвы-Апосталы, С.​П.​Трубяцкой, І.​Дз.​Якушкін, М.​С.​Лунін, Ф.​П.​Шахаўской, П.​І.​Песцель. Налічваў каля 30 чалавек. Мэта «С.в.» — ліквідаваць прыгонніцтва, увесці канстытуц. манархію шляхам ваен. перавароту. Чл. «С.в.» павінны былі пашыраць склад т-ва, займаць важнейшыя ваен. і цывільныя пасады, фарміраваць грамадскую думку, асабліва сярод перадавога дваранства. «Саюз» падзяляўся на 3 ступені — «баляры», «мужы» і «браты», быў арганізаваны на прынцыпах глыбокай канспірацыі і строгай дысцыпліны. У «С.в.» вылучыліся радыкальная і памяркоўная плыні. Разыходжанні ў пытаннях тактыкі, непадрыхтаванасць да рашучых дзеянняў прывялі да самароспуску «С.в.» і заснавання ў 1818 т-ва «Саюз працвітання».

т. 14, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Разві́цца, развіва́цца ’раскруціцца, расплесціся, распусціцца’, ’дасягнуць пэўнай стадыі развіцця’, ’прыняць шырокі размах’, ’знаходзіцца ў працэсе росту’ (ТСБМ), ’натрудзіць’ (лаг., паст., ігн., Сл. ПЗБ), ’узнікнуць’ (мядз., Сл. ПЗБ), ’пасталець’ (навагр., Сл. ПЗБ), укр. розви́тися ’развіцца, дасягнуць пэўнай ступені росту’, ’распусціцца’, рус. разви́ться ’раскруціцца’, ’стаць больш моцным’, ’пасталець разумова, духоўна’, дыял. ’віцца, расці (пра расліны)’, ’пачаць балець ад моцнага фізічнага напружання’, польск. rozwijać się ’пра расліны: выпускаць лісты, кветкі’, балг. разви́я се ’развіцца, раскруціцца’, ’развіцца (пра расліны). Ад раз- і віць 2 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

разві́ць, разаўю, разаўеш, разаўе; разаўём, разаўяце; пр. развіў, ‑віла, ‑віло; заг. разві; зак., што.

1. Раскруціць, расплесці што‑н. звітае, завітае. Развіць вяроўку. □ І лёгкі вецер бестурботна Развіў завітую касу. Глебка.

2. Давесці да высокай ступені, высокага ўзроўню, найбольшай сілы. Развіць машынабудаванне. □ Але .. [Васіль Макаравіч] і сам адчуваў, бачыў па ўсім, што вораг развіў шалёную актыўнасць, што партызанам давядзецца вынесці нечуваныя цяжкасці. Шчарбатаў. // Паспрыяць узнікненню і ўмацаванню (якіх‑н. якасцей, уласцівасцей). Развіць любоў да роднага слова. Развіць апетыт. // Распачаць што‑н. у вялікіх памерах, шырока разгарнуць. Развіць бурную дзейнасць. // Паступова павялічваючы, давесці да значнай ступені. Самалёт развіў вялікую хуткасць.

3. Даць магчымасць раскрыцца духоўным і разумовым здольнасцям каго‑н., пашырыць кругагляд. Заняткі па музыцы развіваюць здольнасці дзяцей. □ [Шулевіч:] Трэба пажыць у горадзе, павучыцца, развіць і ўзброіць прыродны свой розум, тады і ў глушы не страшна. Колас.

4. Пашырыць, паглыбіць змест або ўжыванне чаго‑н. Развіць тэму. Развіць традыцыі. □ Пасля смерці Н. Маркса і Ф. Энгельса іх справу працягнуў У.І. Ленін, які развіў марксізм у новых гістарычных умовах. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апраме́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, як у пекле; пякельны. // перан. Незвычайны па ступені праяўлення. На міг здалося, што навокал апраметная цемрадзь. Карпаў. Прыўзнімаю галаву .. і жахаюся: пада мною — прадонне. Чорная, як сажа, апраметная бездань. Сачанка.

2. у знач. наз. апраме́тная, ‑ай, ж. Пекла, падземнае царства. — А вы, бацюшка, — перабіў яго Андрэй, — у Чыжэвічы да свае Юлькі ўсё яшчэ па лёдзе ходзіце ці праз мост? Па лёдзе цяпер страшна, праваліцеся ў апраметную. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ква́рта, ‑ы, ДМ ‑рце, ж.

1. Даўнейшая мера вадкіх і сыпкіх рэчываў, роўная чацвёртай частцы гарца, або 0,70577 літра. Кварта жыта. □ Амброжык Кубел разгуляўся, Са ўсімі шчыра цалаваўся, І кварту трэцюю ўжо ставіў, І ўсёю выпіўкаю правіў. Колас. // Металічны кубак роўны прыблізна гэтай меры. Антон зачарпнуў у вядры і паднёс да губ знаёмую медную кварту. Ракітны. Тося разлівае па квартах малако. Савіцкі.

2. У музыцы — чацвёртая ступень дыятанічнага гукарада. // Інтэрвал, які ахоплівае 4 ступені.

[Ад лац. quarta — чацвёртая.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)