Вінье́тка ’аздабленне ў выглядзе невялікага малюнка на загаловачным лісце кнігі ў пачатку або ў канцы раздзела’ (БРС, КТС). Укр.віньєтка, рус.виньетка (з 1863 г.). Бел. лексема запазычана з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 76) < франц.vignette ’віньетка, застаўка’ < vigne ’вінаград, аздоба з галінак і лісцяў вінаграду’ (Даза, 751; Шанскі, 1, В, 102; Махэк₂, 690; БЕР, 1, 149). Фасмер (1, 318) мяркуе, што рус.виньет запазычана з франц.vignette, а рус.виньетка — з ням.Vignette. Апошняе Шанскі (1, В, 102) лічыць памылковым.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Асфа́льт. У сучасным значэнні, відаць, праз рускую (Крукоўскі, Уплыў, 83) ці польскую мову (у пачатку XX ст.) з нямецкай (дзе з французскай) або з французскай, дзе праз лацінскую з грэчаскай (Фасмер, 1, 194–195; Шанскі, 1, А, 167–168). Але ў перакладзе Флавія сустракаем ст.-рус.асфальтъ (XII ст.). Традыцыя ўжывання слова ў рускай мове, відаць, не перарывалася, таму, магчыма, што дакладней лічыць сучаснае рускае працягам гэтага слова па паходжанню з грэч.ἄσφαλτος. Але ў беларускай мове традыцыя ўжывання слова, відаць, была перапынена.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Парка́н ’агароджа з бярвёнаў, штыкецін або мураваная’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Шат., Касп., Янк., Мядзв., Шпіл., Грыг., П. С., Сцяшк., Бір. Дзярж.; ДАБМ, 811; Шушк.), парга́н (Арх. Бяльк., слонім.), парка́н, парга́н (Сл. ПЗБ) ’тс’. Рус.зах.парка́н ’агароджа’, укр.парка́н, барка́н ’тс’. Ва ўсх.-слав. мовах з польск.parkan (Кюнэ, Poln., 85). Далей, паводле Фасмера (3, 208), з сяр.-в.-ням.parkȃn, якое з франц. < араб.Ст.-бел.парканъ, барканъ < польск.parkan, barkan ужо ў пачатку XVI ст. (Булыка, Даўн. запазыч., 256).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тэ́ма ‘галоўная думка, прадмет, змест твора; заданне’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.). Хутчэй праз ням.Thema, якое, у сваю чаргу, з лац.thema < грэч.θέμα (Рэйзак, 655). Літаратуразнаўчы тэрмін, паводле Краснея (Прабл. бел. філал., 64), запазычаны з рус.тема ў пачатку XX ст., дзе замацаваўся з часоў Ламаносава, аднак паралельна з ім ужываўся ў XVIII ст. адпаведнік грэчаскай форме фема ‘тс’ (Фасмер, 4, 40; Арол, 4, 58; Кохман, 235). Беласт.тема́т (Вруб.) з польск.temat ‘асноўная думка’ з пераносам націску на канец слова.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ВЕГЕТАЦЫ́ЙНЫ ПЕРЫ́ЯД,
перыяд года, калі магчымы рост і развіццё (вегетацыя) раслін па метэаралагічных умовах. Працягласць залежыць ад геагр. шыраты, клімату. У тропіках вегетацыйны перыяд доўжыцца ўвесь год, у высокіх шыротах і гарах — ад апошняга веснавога да першага восеньскага замаразку. Адрозніваюць агульны вегетацыйны перыяд для раслін пэўнай мясцовасці, што вызначаецца колькасцю сутак з сярэднімі т-рамі больш за 5 °C, і вегетацыйны перыяд асобных відаў раслін — час, неабходны для поўнага цыкла іх развіцця, які можа быць значна карацейшы за агульны.
У Беларусі пачатак вегетацыйнага перыяду прыпадае на канец 1-й дэкады крас. на ПдЗ, да канца 2-й дэкады гэтага месяца пачынаецца на астатняй тэрыторыі. Сярэдняя працягласць вегетацыйнага перыяду 185—205 дзён (гл. карту). У асобныя гады можа перавышаць сярэдні паказчык на 30—40 дзён. На ўзвышшах, асушаных балотах, у значных паніжэннях рэльефу на 3—6 сутак карацейшы, чым на суседніх раўнінах. Заканчваецца ў канцы 2-й дэкады кастр. на ПнУ, у пачаткуліст. на ПдЗ. Вегетацыйны перыяд — асн. біякліматычны паказчык, якім карыстаюцца пры інтрадукцыі і акліматызацыі раслін, падборы с.-г. культур, правядзенні с.-г. работ і агратэхн. мерапрыемстваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДАНО́ВІЧ (Адам Ягоравіч) (1 ці 6.4.1862, г.п. Халопенічы Крупскага р-на Мінскай вобласці — 16.4.1940),
бел. этнограф, гісторык культуры, фалькларыст, мовазнавец. Бацька М.Багдановіча. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1882). Настаўнічаў, удзельнічаў у рэв. руху мінскіх нарадавольцаў. З 1885 заг. гарадскога пач. вучылішча ў Мінску. З 1892 у сял. зямельным банку ў Гродне. З 1896 у Ніжнім Ноўгарадзе, з 1907 у Яраслаўлі. Збіраў фалькл.-этнагр. матэрыялы, дасылаў іх П.Шэйну. Апублікаваў гіст. нарыс «Пра паншчыну» (1894), даследаванне «Перажыткі старажытнага светасузірання ў беларусаў» (1895), у якім аналізаваў перажыткі анімізму, фетышызму, культу сонца, нячыстай сілы і інш. У 1923 перадаў у Інбелкульт рукапісы М.Багдановіча. Аўтар успамінаў пра сына. Рукапісы прац Бадановіча «Мова зямлі. Утварэнне водарачных імёнаў і што ад іх паходзяць», «Этнічны склад народаў славянскіх і рускіх», «Этнічны склад беларускага народа», «Рэвалюцыйны рух у г. Мінску і губерні ў 80 і пачатку 90-х гг.», «Да гісторыі партыі «Народнай волі» ў Мінску і Беларусі, 1880—1892 г.» у Ін-це л-ры АН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́БСКАЕ ПІСЬМО́,
алфавітная сістэма пісьма. Пашыраная ў арабамоўных краінах, а таксама сярод шэрагу інш. мусульманскіх (ісламскіх) народаў (Іран, Пакістан, Афганістан і інш.). Выпрацавана ў 4—6 ст. для арабскай мовы на базе арамейскага пісьма. Да канца 1920-х г. арабскае пісьмо выкарыстоўвалі носьбіты многіх цюркскіх моў (туркі, узбекі і інш.). Ім карысталіся бел. татары для напісання т.зв.кітабаў. З 7—8 ст.н. э., калі быў напісаны Каран, арабскае пісьмо мала змянілася. Мае кансананты характар. 28 літар перадаюць зычныя; 3 з іх ужываюць і для доўгіх галосных, кароткія галосныя перадаюцца дыякрытычнымі знакамі. Кожная літара арабскага пісьма мае 4 абрысы: на пачатку, у сярэдзіне, на канцы слова і пры ізаляваным ужыванні. Для прыстасавання арабскага пісьма ў асобных мовах выкарыстоўваліся дадатковыя знакі. Так, для перадачы бел. гукаў «дз’ (дзь)» і «ц’ (ць)» ужываліся звычайна літары «даль» і «сад» з трыма падрадковымі дыякрытычнымі кропкамі, для абазначэння гука «с» — розныя знакі: «сад» — для цвёрдага «с», а «са», «сін» або «шын» — для мяккага «с’ (сь)». Накірунак арабскага пісьма гарызантальны, справа налева. Развітая каліграфія дала высокамастацкія ўзоры арнаментальнага пісьма арабскай вяззю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУАЛО́, Буало-Дэпрэо (Boileau-Despréaux) Нікала (1.11.1636, Парыж — 13.3.1711), французскі паэт. Тэарэтык класіцызму. На пачаткуліт. дзейнасці блізкі да колаў вальнадумнай багемы і бурлескнага кірунку ў паэзіі барока. У «Сатырах» (1—9-я, 1600—67; 10—12-я, 1693—1705) крытыкаваў дзейнасць улад і царквы, адстойваў гуманістычны прынцып ацэнкі чалавека. У 1660-я г. зблізіўся з Мальерам, Ж.Расінам, Ж.Лафантэнам. З 1668 прыбліжаны да арыстакратычных колаў і каралеўскага двара. Матывы вальнадумства зніклі, але Буало назаўсёды захаваў антыпатыю да рэліг. фанатызму. У «Пасланнях» (1669—77) імкнуўся стварыць вобраз бездакорнага свецкага чалавека, распрацоўваў гарацыянскія матывы асалоды ад сузірання прыроды. Аўтар іроікамічнай паэмы «Налой» (1674—83). Асн. твор — вершаваны трактат «Паэтычнае мастацтва» (1674), у якім падвёў вынікі дзейнасці класіцызму 17 ст., выклаў яго эстэт. прынцыпы, даў бліскучы ўзор класіцыстычнага стылю. У адпаведнасці з філасофіяй Дэкарта сцвярджаў ідэал мастацтва, для якога на першым месцы — розум і сэнс. Трактат моцна паўплываў на класіцызм 18 ст. ў Францыі і ў іншых краінах.
Тв.:
Рус.пер. — Поэтическое искусство. М., 1957;
[Стихи] // Европейская поэзия XVII в. М., 1977.
Літ.:
Обломиевскнй Д.Д. Французский классицизм: Очерки. М., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕТО́ННЫЯ РАБО́ТЫ,
сукупнасць тэхнал. працэсаў па бетанаванні маналітных бетонных і жалезабетонных канструкцый і збудаванняў. Уключаюць падрыхтоўку бетоннай сумесі, яе транспартаванне на буд. пляцоўку, укладку (звычайна ў апалубку), ушчыльненне, нагляд за бетонам пры яго цвярдзенні, кантроль якасці бетанавання.
Рыхтуюць бетонную сумесь на спец. устаноўках ці бетонных з-дах з дапамогай бетоназмяшальнікаў і дастаўляюць да месцаў укладкі спец.бетанавозамі, аўтамабілямі-самазваламі, канвеерным, помпавым і кранавым транспартам. Укладваюць сумесь у блокі бетанавання і разраўноўваюць пры дапамозе бетонаўкладчыкаў, бетанапомпаў, эстакад (з праходжаннем сумесі па вібраправодах), стужачных транспарцёраў, пнеўманагнятальнікаў, латакоў, вібражалабоў, вібрахобатаў і інш. Ушчыльняюць сумесь вібрыраваннем (гл.Вібраўшчыльненне бетону), цэнтрыфугаваннем, прасаваннем, вакуумаваннем. Выкарыстоўваюць таксама метад таркрэт-бетону, пры якім па адным гнуткім шлангу сціснутым паветрам падаюцца сухія кампаненты сумесі, а па другім — вада пад ціскам; бетонная сумесь са змяшальніка выкідваецца на паверхню, паслойна накладваецца і ўшчыльняецца пад напорам струменя. У пачатку цвярдзення бетону яго засцерагаюць ад мех. пашкоджанняў і страсенняў, падтрымліваюць неабходны тэмпературна-вільготнасны рэжым. Пры выкананні бетонных работ зімой выкарыстоўваюць супрацьмарозныя дабаўкі, падаграюць сумесь (пры прыгатаванні ці перад укладкай) і ўкладзены бетон.
Бетонныя работы: а — выгрузка бетоннай сумесі аўтамабілямі-самазваламі; б — бетанаванне з эстакад; в — укладка сумесі пад’ёмнымі кранамі; г — утоптванне буйнога запаўняльніка ў раствор цяжкім вібратарам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ТВА НА ВЯДРО́ШЫ 1500.
Адбылася ў ходзе вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—03 на р. Вядроша 14.7.1500. З пачаткам вайны вясной 1500 баявыя дзеянні адбываліся ўздоўж усёй дзярж. мяжы. Вял. князь ВКЛ Аляксандр накіраваў войскі гетмана К.І.Астрожскага да Смаленска «стеречи границы», дзе да яго далучыўся гарнізон пад камандаю С.П.Кішкі. Пасля гэтага 4—5-тысячнае войска ВКЛ рушыла пад Дарагабуж, дзе стаяў маскоўскі ваявода Ю.Захар’іч з войскам у 20 тыс.чал. (паводле інш. звестак да 40 тыс.чал.). На пачатку бітвы Астрожскі разбіў авангард маск. войска на левым беразе р. Вядроша, пасля перайшоў раку і атакаваў гал. сілы праціўніка, якімі кіраваў Д.В.Шчэня. Зыход 6-гадзіннай бітвы прадвызначыла флангавая атака засаднага маск. палка. Харугвы Астрожскага пачалі адступаць і былі разбіты. Маск. воіны знішчылі мост цераз р. Трасна і дабівалі войска ВКЛ на яе левым беразе. Уцёкамі ўратаваўся толькі Кішка з чатырма ротмістрамі і з некалькімі сотнямі воінаў. Астрожскі з многімі князямі і воінамі трапіў у палон. У выніку бітвы ВКЛ страціла лепшае войска і апынулася ў цяжкім ваенна-паліт. становішчы.