частка агульнага ўзбраення воінаў, баявое пакрыццё, прызначанае для аховы розных частак цела ад наступальнай зброі праціўніка. Прымітыўныя ўзоры З.ў. (шчыты, скураныя паясы і шапкі) вядомы з глыбокай старажытнасці. У арміях Стараж. Усходу карысталіся скуранымі і набранымі з пласцін металічнымі панцырамі, шлемамі (вядомы з 3-га тыс. да н.э. ў Шумеры). У Стараж. Грэцыі з 14 ст. да н.э. выраблялі суцэльнакаваныя даспехі, якія часта паўтаралі форму торса. Каля 5 ст. да н.э. кельты (галы) вынайшлі кальчугу, якая хутка пашыралася на У і З Еўропы, дзе была асн. відам даспеха ў раннім і сталым сярэдневякоўі. З.ў. дружыннікаў на Беларусі ў 10—14 ст. складалася са шчыта, кальчужнага ці набранага з пласцін панцыра і шлема, да якога маглі мацавацца барміца і лічына, што засцерагалі карак, шыю і твар воіна. На мяжы 14—15 ст. суцэльнакаваныя даспехі, сфарміраваныя ў Еўропе ў 1230—1410, якія закрывалі воіна з ног да галавы. У камплекце з імі ўжываліся шлемы больш дасканалых форм — капаліны, салады ці прылбіцы. Акрамя суцэльнакаваных даспехаў на Беларусі ў 15—16 ст. выкарыстоўвалі традыцыйныя кальчужныя і пласцінкавыя панцыры, а таксама неметалічныя віды З.ў. — цягіляі, ватаваныя зіпуны і кафтаны. З сярэдзіны 16 ст. ў сувязі з пашырэннем агнястрэльнай зброі поўныя рыцарскія даспехі паступова страцілі сваё значэнне. Замест іх пачалі карыстацца паўдаспехам у камплекце з аблегчанымі тыпамі шлемаў — штурмгабам, капалінам, шышаком. На Беларусі побач з імі выкарыстоўваўся кальчужны панцыр з лёгкім шлемам-місюркай. У 18 ст. значэнне З.ў. рэзка зменшылася, аднак у выглядзе кірасы і каскі яно выкарыстоўвалася некат. аддзеламі цяжкай кавалерыі (кірасіры) да пач. 20 ст. У пяхоце, сілах спец. прызначэння і паліцэйскіх фарміраваннях 20 ст. З.ў. складаецца з касак, шлемаў, бронекамізэлек, шчытоў.
Літ.:
Кирпичников А.Н. Древнерусское оружие. Вып. З. Л., 1971;
Яго ж. Военное дело на Руси в XIII—XV вв. Л., 1976;
Бохан Ю. М. Пласцінкавыя даспехі ў Вялікім княстве Літоўскім у другой палове XIV—XVI ст. // Весці АН Беларусі. Сер. гуманіт.навук. 1996. № 4;
Яго ж. Баявыя нагалоўі ў Нялікім княстве Літоўскім у другой палове XIV—канцы XVI ст. // Гіст.-археал.зб.Мн., 1996. № 10;
Яго ж. Пласцінавы даспех у Вялікім княстве Літоўскім у другой палове XIV—канцы XVI ст. // Там жа. 1997. № 11;
Żygulski Z. Broń w dawnej Polsce na tle uzbrojenia Europy i Blizkiego Wschodu. 2 wyd. Warszawa, 1982.
Ю.М.Бохан.
Да арт.Засцерагальнае ўзбраенне. Поўны гатычны даспех з закрытым шлемам-прылбіцай: 1 — грэбень; 2 — звон; 3 — зрокавая шчыліна (віздра); 4 — заслона; 5 — палічка; 6 — падбароднік; 7 — шчыток; 8 — абойчык; 9 — гак (крук для мацавання кап’я); 10 і 11 — кіраса (нагруднік і наспіннік); 12 і 13 — спаднічка (фартух і ахова паясніцы); 14 — ташка; 15 — наруч; 16 — наплечнік; 17 — апаха; 18 — налакотнік; 19 — крыльца налакотніка; 20 — зарукаўе; 21 — рукавіца; 22 — поўная засцярога нагі; 23 — набедранік; 24 — накаленнік; 25 — нагалёначнік; 26 — чаравік.Да арт.Засцерагальнае ўзбраенне. «Максімілянаўскія» даспехі на рыцара і каня. 1-я чвэрць 16 ст. (асобныя часткі са збраёўні Радзівілаў у Нясвіжы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́КАНАПІС, пісанне абразоў (ікон),
від жывапісу (пераважна сярэдневяковага), рэліг. па тэматыцы і сюжэтах, культавага па прызначэнні. Найб. характэрны для ўсх. хрысціянства. Узнік і развіваўся як важны элемент візант. культуры і рэгіёнаў, мастацтва якіх зведала яе ўплыў. Тэхніка І. блізкая да станковага жывапісу, аднак яго творы — абразы, што звычайна ўваходзяць у адзіны ідэйна-маст. комплекс з архітэктурай, дэкар.-прыкладным мастацтвам і ў ансамбль іканастаса, не разглядаюцца як цалкам станковыя творы.
Найбольш стараж. творы І. (6 ст.) паходзяць з Пярэдняй Азіі і захаваліся ў сінайскіх манастырах. Узнік на аснове познаэліністычнай традыцыі пахавальных партрэтаў (гл.Фаюмскі партрэт). Паводле царк. паданняў, сімвалічнае аблічча Хрыста цудоўным чынам захавалася на ўбрусе (хусце), а прататыпы абразоў Маці Божай намаляваны евангелістам Лукой. Іканаграфія святых і евангельскіх падзей склалася пераважна ў Візантыі і пазней паўтаралася праз іканапісныя дапаможнікі У маст. практыцы выпрацавалася сістэма ўмоўных прыёмаў адлюстравання рэчаіснасці: адсутнасць перадачы аб’ёмаў і трохвымернай прасторы, адасоблены, часта «залаты» фон, падпарадкаванне адлюстравання мэтам сімвалічнага ці апавядальнага сэнсу кампазіцыі. Гал. ролю ў фарміраванні вобразнага ладу твораў І. меў кампазіцыйна-рытмічны пачатак, выразнасць лініі і колеру, часцей лакальнага. Ідэйнага і маст. росквіту І. Візантыі дасягнуў у 11—12 ст., творы таго часу сталі кананічнымі. У 14—15 ст. склаўся рус. І. (Феафан Грэк, А.Рублёў, Дыянісій), які ў 17 ст. перажыў карэнныя змены пад уплывам еўрап. мастацтва праз пасрэдніцтва бел., укр., польскіх мастакоў (майстры Аружэйнай палаты). Самабытныя школы І. існавалі ў копцкім Егіпце, Эфіопіі, Грузіі, у балканскім і карпацкім рэгіёнах. Цэласнасць эстэт. прынцыпаў І. была падарвана крызісам сярэдневяковага светаўяўлення і развіццём культуры Адраджэння. Напачатку І. перайшоў да кампрамісных форм, што было выклікана рэаліст. пошукамі ў асобных краінах, пазней заняпаў і наблізіўся да рамяства.
На Беларусі І. узнік з прыняццем хрысціянства. Да 16 ст. развіваўся на аснове візант. традыцый, паступова засвойваў рэаліст. рысы зах.-еўрап. сакральнага мастацтва. У 16—1-й пал. 17 ст. склалася самабытная беларуская іканапісная школа, якой характэрна візант. духоўная і іканаграфічная аснова ў спалучэнні з рэальнасцю вобразаў, уключэннем ў біблейскія сюжэты этнагр. элементаў, простанароднасць тыпажу, пэўная маст. свабода выканаўцаў. Праіснавала яна да сярэдзіны 19 ст., калі страціла сваю самабытнасць і прыйшла ў заняпад. Іл.гл. таксама да арт.Абраз, Беларуская іканапісная школа.
Літ.:
Жывапіс Беларусі XII—XVIII ст.: [Альбом]. Мн., 1980;
Алпатов М.В. Древнерусская иконопись. М., 1984;
Іканапіс Беларусі XV—XVIII стст. 3 выд.Мн., 1995.
А.А.Ярашэвіч.
Да арт.Іканапіс. Спас Нерукатворны. З Успенскага сабора ў Маскве. 12 ст.Да арт.Іканапіс. Багародзіца Адзігітрыя. Абраз іканастаса Ражэнскага манастыра. 17 ст. Балгарыя.Да арт.Іканапіс. Святая Агнеса з Марыяй і маленькім Ісусам. Апошняя чвэрць 15 ст. Кёльнскі жывапісец (Германія).Да арт.Іканапіс. Параскева. Сярэдзіна — 2-я пал. 16 ст. беларуская іканапісная школа.Да арт.Іканапіс. Выбраныя святыя: Васіль Вялікі, Грыгорый Багаслоў, Іаан Златавуст. 2-я пал. 18 ст. Беларуская іканапісная школа. Шарашоўскі майстар.Да арт.Іканапіс. Мадонна з маленькім Ісусам. Канстанцінопаль. 1200.Да арт.Іканапіс. Тадэа ды Бартала. Мадонна з дзіцем. 15 ст. Італія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТУРГІ́Я (грэч. leiturgia),
1) найбольш важнае богаслужэнне правасл. царквы (у католікаў і пратэстантаў наз.імша). Праводзіцца звычайна ў перадабедзенны час (адсюль другая назва — абедня). Рэлігійны сэнс Л. — здзяйсненне таінства прычасці, ці еўхарыстыі. Паводле евангелляў, першая еўхарыстычная трапеза адбылася ў вял. чацвер у час Тайнай вячэры Ісуса Хрыста з апосталамі. Большасць тэкстаў правасл. Л. нязменныя, у адрозненне ад зах. традыцыі, дзе асн. іх частка мяняецца ў залежнасці ад канкрэтнага рэліг. свята. Гістарычна сфарміраваліся 3 асн. чыны Л.: блізкія паводле зместу Іаана Хрызастома, ці Златавуста (штодзённы) і Васіля Вялікага (святкуецца 10 разоў на год); папярэдне асвячоных дароў, ці Грыгорыя Дваяслова (у час вял. посту і ў першыя 3 дні Перадвелікоднага тыдня). Парадак іх правядзення выкладзены ў Служэбніку. Л. ўключае праскамідыю — спец. рытуальнае прыгатаванне «рэчыва для св. еўхарыстыі» з просвір і разбаўленага чырв. віна; Л. апавешчаных для тых, хто рыхтуецца да хрышчэння, і тых, хто адлучаны ад прычасці і каецца ў грахах; Л. верных, на якой спачатку прысутнічалі толькі хрысціяне. Л. складаецца з чытання выбраных урыўкаў з Бібліі, малітваў, шэрагу сімвалічных дзеянняў і працэсій, песнапенняў.
Сутнасная і неад’емная частка Л. — псалмодыя, антыфонны і рэспансорны спеў. Да 16 ст. музыка Л. развівалася ў рэчышчы манадыйнай традыцыі. Важнейшыя тэксты распяваліся ў традыцыйным знаменным, дзямественным, вялікім, малым, грэчаскім і інш. стылях. На Беларусі найб. пашыраны былі мелодыі т. зв. кіеўскага і балг. роспеваў, а таксама мясц. меладычныя варыянты (супрасльскія, віленскія, мірскія і інш.). У 17—18 ст. у муз. афармленні большую ролю адыгрывалі партэсныя кампазіцыі, якія паступова пачалі дамінаваць. Асобныя «херувімскія» і інш. кампазіцыі на тэксты Л. і цыклы т. зв. «службаў божых», аб’яднаныя адзінай аўтарскай задумай, стварылі М.Дылецкі, В.Цігоў, А.Ведаль, С.Давыдаў і інш. З канца 18 ст. важную ролю пачалі адыгрываць хар. канцэрты a cappella, кампазіцыі досыць вольнай формы, якія выконваліся ў час Л. (Дз.Бартнянскі, М.Беразоўскі, С.Дзегцяроў, Ведаль і інш.). Росквіт правасл. музыкі канца 19 — пач. 20 ст. звязаны са стварэннем літургічных цыклаў П.Чайкоўскага, А.Грачанінава, А.Кастальскага, С.Рахманінава і інш. Да 1-й пал. 18 ст.традыц. чыны Л. — нязменная аснова літургічнай практыкі уніяцкай царквы Беларусі. Менавіта ў Л. — набажэнства, прызначанае для шырокіх колаў вернікаў, найб. актыўна ўводзіліся кампазіцыі ў новых муз. стылях. Захаваліся унікальныя помнікі уніяцкай муз. традыцыі «Херувік балгарскі» св. Іасафата Кунцэвіча (аднагалосая кампазіцыя страфічнай будовы; Аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў Нац. б-кі Рэспублікі Беларусь) і першы вядомы помнік шматгалосай партэснай кампазіцыі «Херувімская» з Супрасльскага ірмалоя 1639 (б-каАН Літвы). У сучаснай бел. музыцы цыклы Л. стварылі М.Равенскі, М.Шчаглоў-Куліковіч, А.Хадоска, А.Залётнеў, А.Бандарэнка, Л.Шлег.
2) 3 16 ст. ў каталіцкай тэалагічнай л-ры тэрмін «Л.» абазначае сукупнасць афіц. богаслужэнняў і цырымоній.
Літ.:
Арранц М. Историческое развитие Божественной литургии. Л., 1978;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ДРА́МЫ І КАМЕ́ДЫІімя В.І.Дуніна-Марцінкевіча.
Створаны ў 1970 у Бабруйску з выпускнікоў Бел.тэатр.-маст. ін-та (курс Б.Платонава і В.Рэдліх) і акцёраў інш. т-раў (часткова Магілёўскага абл.т-рамуз. камедыі), у 1975 трупа значна абноўлена. У 1977 прысвоена імя В.Дуніна-Марцінкевіча. У першыя гады т-р арыентаваўся на распрацоўку героіка-патрыят. праблематыкі: «Хлопец з нашага горада» К.Сіманава, «Трыбунал» А.Макаёнка, «А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.Васільева і інш.Паступоваасн. месца ў рэпертуары занялі пастаноўкі п’ес на сучасную тэматыку: «Адны без анёлаў» Л.Жухавіцкага, «Птушкі нашай маладосці» І.Друцэ, «Палын» М.Варфаламеева, «Энергічныя людзі» В.Шукшына і інш. Значнага поспеху т-р дасягнуў пры пастаноўцы інсцэніровак празаічных твораў: «Бераг» Ю.Бондарава, «Апошні тэрмін» В.Распуціна, «Лесвіца ў неба» М.Слуцкіса. Традыцыйнымі для яго сталі пастаноўкі рус. і замежнай класікі: «Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага, «Даходнае месца», «Свае людзі — паладзім» А.Астроўскага, «Ветрык, вей!» Я.Райніса, «Дзікун» Вальтэра, «Утаймаванне свавольніцы» У.Шэкспіра, а таксама сучаснай замежнай драматургіі: «Сола для гадзінніка з боем» А.Заградніка, «Каханне пад вязамі» Ю.О’Ніла, «Эмігранты» С.Мрожака, «Дзіўная місіс Сэвідж» Дж.Патрыка, «Вязень 2-й авеню» Н.Саймана. Асаблівая ўвага аддаецца падзеям, звязаным з гісторыяй горада і творчасцю Дуніна-Марцінкевіча: «Правілы гонару» В.Бабровіча, «Камедыянт, альбо Узнёсласць сумнае надзеі» А.Асташонка, «Пінская шляхта» і «Залёты» Дуніна-Марцінкевіча, «Вечар у Люцынцы» паводле твораў Дуніна-Марцінкевіча. У 1990-я г. ў рэпертуары: «Прымакі» Я.Купалы, «Мікітаў лапаць» М.Чарота, «Беларускія вадэвілі» («Два жаніхі» М.Гарэцкага, «Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча), «Калізей» М.Матукоўскага, «Чорная панна» А.Дударава, «Паўночны аўкцыён» і «Султан Брунея» А.Дзялендзіка, «Чорт у рабрыну» М.Манохіна, «Русалка» А.Пушкіна і інш.Найб. плённыя перыяды ў творчасці т-ра звязаны з дзейнасцю рэжысёраў В.Каралько, Ф.Пуховіча, М.Кавальчыка, Г.Несцера. У розны час у т-ры працавалі: засл. артысты Беларусі Б.Баеў, Н.Калаптур, П.Масцераў, В.Філатаў, Л.Федчанка. Гал. рэжысёр С.Паляшчанаў (з 1999), гал. мастак В.Навакоўскі (з 1989).
Будынак т-ра ў Бабруйску ўзведзены ў 1978 (арх. В.Крамарэнка) на аснове рэканструкцыі Дома культуры (1927—30, арх. А.Оль). Гал. фасад вырашаны ў выглядзе своеасаблівага порціка з вертыкальнымі рэбрамі і вял. паверхняй зашклення. На глухіх сценах бакавых фасадаў рэльефныя кампазіцыі на тэмы мастацтва Па восі будынка размешчаны вестыбюль, фае, глядзельная зала на 700 месцаў з балконам і развітая сцэнічная група памяшканняў, у бакавых аб’ёмах — гардэробы, кулуары, буфеты. Памяшканні для абслугоўвання гледачоў ссунуты на паўпаверха адзін адносна аднаго і злучаны адкрытымі лесвіцамі. У дэкоры фасадаў выкарыстаны вапняк і паліраванае шкло, інтэр’ераў — туф, розныя пароды дрэва, маст. шкло; у афармленні інтэр’ераў удзельнічалі Б.Папоў, М.Пірагоў, маст. В.Ананьеў, М.Макашвілі.
А.В.Спрынчан, А.А.Воінаў (архітэктура).
Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцынкевіча. Сцэна са спектакля «Султан Брунея».Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча. Сцэна са спектакля «Пінская шляхта».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
з’е́хаць, з’еду, з’едзеш з’едзе; зак.
1. Едучы, спусціцца адкуль‑н. З’ехаць з гары на санках. □ З гары аж да моста з’ехалі лёгка і нячутна.Пташнікаў.// Саслізнуць, ссунуцца ўніз. [Ірынка] ўжо некалькі разоў з’ехала па лесвічных парэнчах, і ўсё было добра.Арабей.
2. Едучы, павярнуць куды‑н. З’ехаць з дарогі. □ Машына з’ехала ўбок і перавярнулася пад адкос.Чорны.
3. Выехаць, паехаць адкуль‑н. (звычайна далёка або надоўга). Сама Галя ніяк не магла заснуць. Думала: а чаму б ім сапраўды не з’ехаць туды, дзе іх ніхто не ведае, з’ехаць ад гэтай паняверкі, ад косых позіркаў.Сабаленка.[Мая] сабралася і пайшла да сваіх сябровак, але з палавіны дарогі вырашыла вярнуцца, забраць небагатыя рэчы і з’ехаць куды-небудзь.Дуброўскі.
4. Ссунуцца са свайго месца; збіцца, спаўзці. Шапка з’ехала на патыліцу. □ Белая хустка, завязаная пад барадой, з’ехала на шыю.Васілевіч.// Асунуцца, апусціцца ўніз. Грузным мяшком бандыт з’ехаў пад абгарэлы пянёк, адну руку падкурчыўшы пад сябе, а другой хапаючыся за прыламаныя галінкі.Кірэенка.[Зося] хацела апусціцца на лаву, страціўшы яснасць думак — што рабіць, і з’ехала на зямлю.Чорны.
5.перан.Разм. Непрыкметна, паступова перайсці на другую тэму, тон і пад. (у гутарцы, пісьме і пад.). Але пан Богут з’ехаў з тону І ўжо гаворыць чуць мякчэй.Колас.
6.каго або каму. Груб. Моцна, з размаху ўдарыць. Лезе пан да Бандароўны, Ўвесь гарыць, бы ў жары: Тая, жартаў не пазнаўшы, З’ехала па твары.Купала.
7.Разм. Пахудзець. З’ехаць на шыла.З нар.// Спасці, знікнуць (пра тлустасць). Як цяжка папрацаваў, дык сала з яго і з’ехала.
•••
З глузду з’ехаць — страціць розум, развагу; адурэць, звар’яцець.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ ПАЛІ́ТЫКА,
сфера дзейнасці дзярж., грамадскіх, паліт. утварэнняў па рэгуляванні міжнац. і міжэтнічных адносін, а таксама ўлік нац. паходжання людзей у дзярж. будаўніцтве, эканоміцы, культуры, адукацыі, асв. і выхаваўчай працы. Тэарэт. аснову Н.п. складае права народа, групы людзей, адной асобы на свабоднае, добраахвотнае, этнічнае, нац., нац.-дзярж., нац.-культ. і інш. самавызначэнне. Н.п., як правіла, скіравана на прадухіленне расколу грамадства, узнікнення войнаў, розных дыскрымінацый на нац. глебе, на стварэнне і развіццё добрасуседскіх узаемапаважлівых, супрацоўніцкіх міжэтнічных і міжнац. адносін. Служыць для вырашэння нац. пытання дастасоўна да канкрэтных умоў гіст. развіцця грамадства, форм і асноў чалавечага супольніцтва. Сусв. грамадства разглядае нац. пытанне як стварэнне спрыяльных умоў для прагрэсіўнага эканам., культ., духоўнага развіцця нацый, народнасцей, нац. і этнічных груп, асобных індывідуумаў, вызваленне людзей ад нац. прыгнёту, паслядоўную барацьбу супраць праяў нацыяналізму і шавінізму. Нац. пытанне не залежыць ад віду грамадска-эканам. фармацыі, як лічылася раней у СССР. Як праблема яно існуе разам з нац. адносінамі, пастаянна зменлівымі задачамі іх усебаковага развіцця, што робіць Н.п. неад’емнай часткай дзярж., грамадскага і культ. жыцця. 20 ст. з’яўляецца перыядам новай актуалізацыі міжнац. адносін, калі міжнац. канфлікты сталі адной з прычын развязвання 1-й і 2-й сусв. войнаў, распальвання сусв. тэрарызму. З-за нешматлікасці нац. інтэлігенцыі працэс нац. адраджэння беларусаў праходзіў марудна. Калі ў агульнай колькасці інтэлігенцыі ў 5 зах. губернях Рас. імперыі прадстаўнікі рус. насельніцтва складалі 29,83%, яўр. — 28,81%, то беларускага — 26,12%. Нязначнай была доля беларусаў сярод рабочага класа (23%) і гар. насельніцтва (каля 17,1%). Дэкларацыя правоў народаў Расіі (2(15).11.1917] і Дэкларацыя правоў працоўнага і эксплуатуемага народа (12(25).1.1918] далі пачатак ажыццяўленню Н.п. бальшавікоў на аснове права нацый на самавызначэнне.
1.1.1919 утворана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. У канцы 1922 БССР разам з РСФСР, УССР і ЗСФСР стала адной з рэспублік — заснавальніц СССР. Тэарэт. аснову рэгулявання міжнац. адносін у СССР складала марксісцка-ленінскае вучэнне (гл.Марксізм-ленінізм) аб нацыі, нац. пытанні, прыярытэце пралетарскай класавай салідарнасці над інш. праявамі грамадскага жыцця. За гады сав. улады на аснове Н.п. атрыманы важкія здабыткі ў эканоміцы, адукацыі, кнігавыдавецкай справе, мастацтве, кінематографе і інш. Пралетарскі інтэрнацыяналізм вышэй за ўсё ставіў яднанне людзей на аснове класавай прыналежнасці і свядомасці. Гэта, з аднаго боку, забяспечвала існаванне агульнай дзяржавы для больш чым 100 нацый і народнасцей, садзейнічала іх эканам. і духоўнаму развіццю, а з другога — нярэдка вяло да штучнай нівеліроўкі іх нац.-этнічных асаблівасцей. Перагібы ў нац. сферы праяўляліся ва уніфікацыі сац. структуры грамадства ў рамках усяго СССР, у якой няпоўнасцю ўлічваліся вытв. магчымасці той ці інш. мясцовасці або рэгіёна. Адмоўную ролю адыгрывалі цэнтралізацыя і адм.-камандныя метады кіравання. Таму сусв.гіст. тэндэнцыі ў нац. адносінах — уздым нац. жыцця і імкненне да інтэрнацыяналізацыі — мелі не заўсёды гарманічны характар, паступова напаўняліся адмоўнымі праявамі. Гэта выявілася (канец 1980 — пач. 1990-х г.) у нац. канфліктах у Алма-Аце, Тбілісі, Крыме, Нагорным Карабаху, Вільнюсе і інш. У выніку пад уплывам розных фактараў было пастаўлена пытанне пра перагляд саюзнага дагавора ад 30.12.1922 і адбылася яго дэнансацыя 8.12.1991 у Віскулях (гл. ў арт.Белавежскія пагадненні 1991). У Беларусі ажыццяўленне Н.п. прадугледжвала пераадоленне эканам. і культ. адсталасці, што склалася гістарычна, развіццё нац. дзяржаўнасці, удасканаленне нац.-дзярж. будаўніцтва ў цеснай сувязі з умацаваннем федэратыўных адносін БССР з РСФСР і інш.сав. рэспублікамі. Значнае месца ў правядзенні Н.п. займала фарміраванне тэрыторыі (гл. ў арт.Узбуйненне БССР). Вырашэнне гэтага пытання было ў асн. завершана ў вер. 1939 пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Значнай падзеяй для Беларусі стаў уваход яе ў 1945 у ААН. У пасляваен. перыяд у рэспубліцы сталі развівацца машынабудаванне, хім.прам-сць, здабыча калійных солей, навукаёмістая вытв-сць. Сістэматычна расла колькасць спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй. Паступова ўлік асаблівасцей бел. эканомікі стаў чыста сімвалічным, паколькі Беларусь усё больш ператваралася ў рэгіён, які абапіраўся на пастаўкі з розных куткоў СССР. У канцы 1950-х г.БССР, як і інш. саюзныя рэспублікі, у адпаведнасці з рашэннямі XX з’езда КПСС (1956) і 7-й сесіі Вярх. Савета СССР (1957) пашырыла свае правы ў вырашэнні пытанняў адм.-тэр падзелу, эканам. і бюджэтнай палітыцы. Аднак да прынцыповых дэмакр. змен у адносінах паміж саюзнымі органамі ўлады і рэспублікамі гэтыя меры не прывялі. Н.п. ў Беларусі ўсё больш абмяжоўвалася правядзеннем розных мерапрыемстваў у сферах ідэалогіі і культуры. Тут таксама праяўляліся супярэчнасці паліт. і дзярж. сістэм, што знайшло адлюстраванне ў Канстытуцыі Беларускай ССР 1978. Хоць яна дэкларавала пабудову развітога сацыяліст. грамадства, стварэнне гіст. супольнасці людзей — сав. народа, шэраг праблем у матэрыяльным, культ. і духоўным жыцці насельніцтва заставаўся нявырашаным. Асабліва гэта назіралася ў сац. сферы ў параўнанні з многімі замежнымі краінамі, звужэнні сферы выкарыстання бел. мовы, развіцці гуманітарнай адукацыі. Разам з тым атрымалі пашырэнне цікавыя формы міжнац. адносін у культ. жыцці: дэкады нац. культур, дні л-ры сав. рэспублік, абмен дэлегацыямі, сумесныя паездкі дзеячаў культуры, л-ры і мастацтва на новабудоўлі, удзел у правядзенні міжнац. свят і інш. Але ў выніку заарганізаванасці іх змест часта выпустошваўся.
Н.п. не перашкаджала масаваму перасяленню людзей у інш. рэгіёны СССР у форме правядзення важных эканам. мерапрыемстваў. Так, у 1950—70-я г. ў час асваення на У цалінных і абложных зямель, буд-ва Байкала-Амурскай магістралі за межамі БССР апынулася больш за 900 тыс. грамадзян Беларусі (прыкладна 80% з іх беларусы). Перасяленцам даводзілася прымаць дадатковыя захады, каб захаваць традыцыі нац.-культ. жыцця. Моцны ідэалаг. ўціск адчувалі на сабе грамадскія навукі, у задачу якіх уваходзіла распрацоўка тэарэт. асноў Н.п. Нярэдка аўтарам навук. прац адводзілася роля простых каментатараў. У кантэксце працэсаў суверэнітызацыі, якія ў канцы 1980-х г. ахапілі рэспублікі СССР, 27.7.1990 Вярх. СаветБССР прыняў Дэкларацыю аб Дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Важнае месца ва ўнутр. і знешняй палітыцы Рэспублікі Беларусь адводзіцца захаванню незалежнасці і суверэнітэту бел. дзяржавы. Гэты курс знайшоў адлюстраванне ў заканадаўчых і нарматворчых актах. Асн. палажэнні Н.п. замацаваны ў абноўленым тэксце Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі). У наш час суб’ектамі Н.п. ў Беларусі з’яўляюцца Нац. сход, Савет Міністраў і Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, розныя грамадскія аб’яднанні і паліт. партыі.
Літ.:
Итоги разрешения национального вопроса в СССР. М., 1936;
Многонациональное советское государство. М., 1972;
В.И. Ленин о национальном вопросе и национальной политике. М., 1989;
Перабудова і міжнацыянальныя адносіны = Перестройка и межнациональные отношения. Мн., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЯ ВАЙНА́ 1655—60,
вайна Швецыі і яе саюзнікаў (Брандэнбург і Трансільванія) супраць Рэчы Паспалітай, пазней таксама супраць Аўстрыі, Даніі, Брандэнбурга і Галандыі. Імкнучыся авалодаць пруска-літ. узбярэжжам Прыбалтыкі, якое належала Рэчы Паспалітай, шведскі кароль Карл X Густаў (гл. ў арт.Карл, імя каралёў Швецыі) у ліп. 1655 напаў на Польшчу. Вайна пачалася ва ўмовах вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. За паўгода шведы захапілі большую частку тэр. Польшчы і Жамойць (гэты перыяд вайны ў гістарыяграфіі Польшчы вядомы пад наз. «Патоп»). Кароль Ян II Казімір выехаў з краіны. Паражэнні Рэчы Паспалітай у войнах са Швецыяй і Расіяй падштурхнулі «сепаратысцкую» партыю ВКЛ на чале з Я.Радзівілам падпісаць Кейданскі дагавор 1655, паводле якога ВКЛ парывала дзярж. унію з Польшчай і заключала яе са Швецыяй. У студз. 1656 саюз са Швецыяй заключыў брандэнбургскі курфюрст і прускі герцаг Фрыдрых Вільгельм. Акупацыя Польшчы шведамі выклікала шырокае нар. супраціўленне і партыз. барацьбу, да якой далучылася і шляхта. Аднавіла ваен. дзеянні польская армія. Каронныя гетманы С.Патоцкі і С.Лянцкаронскі адступілі ад прысягі шведскаму каралю і арганізавалі канфедэрацыю ў Тышкоўцах, якая пасля вяртання Яна II Казіміра ператварылася ў генеральную канфедэрацыю. Нягледзячы на паражэнне польскіх войск пад камандаваннем С.Чарнецкага пад Голамбам 17—18.2.1656, хутка настаў пералом. Гал. сілы Карла X Густава трапілі ў акружэнне ў сутоках рэк Сан і Вісла, а войска, што ішло яму на дапамогу, 7.4.1656 разбіта пад Варкай. 1 ліп. вызвалена Варшава. Пасля паражэння 8 кастр. арміі Фрыдрыха Вільгельма пад Просткамі шведскі кароль выступіў з праектам падзелу Рэчы Паспалітай паміж Швецыяй, Брандэнбургам, Трансільваніяй, укр. казакамі і Б.Радзівілам. Аднак пачынаючы з 1-й пал. 1657 шведаў сталі паступова выцясняць з Польшчы. На бок Рэчы Паспалітай стаў імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Леапольд 1 (май 1657) і перайшоў Фрыдрых Вільгельм (Вяляўска-Быдгашчцкія трактаты вер.—ліст. 1657). 11.6.1657 вайну Швецыі аб’явіў дацкі кароль Фрэдэрык III, які, аднак, пацярпеў паражэнні: шведы занялі Ютландыю і высадзіліся на дацкія астравы. Данія і Швецыя падпісалі мір (8.3.1658 у Раскіле), паводле якога Швецыя атрымала паўвостраў Сконе і інш. дацкія ўладанні ў Скандынавіі. У жн. 1658 Карл X Густаў парушыў мір і аблажыў Капенгаген. На дапамогу датчанам прыйшлі аўстрыйскія, брандэнбургскія, польскія (на чале з Чарнецкім) войскі і галандскі флот. Правал шведскага штурму Капенгагена ў лют. 1659 і канчатковае выгнанне шведаў з Польшчы вырашылі зыход вайны. Смерць Карла X Густава аблегчыла мірныя перагаворы, якія завяршыліся падпісаннем Аліўскага міру 1660 паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай і Капенгагенскага міру 1660 паміж Швецыяй і Даніяй. Швецыя захавала тэрытарыяльныя набыткі, прадугледжаныя Раскільскім дагаворам (за выключэннем некаторых пунктаў). Кароль польскі і вял.кн.літ. Ян II Казімір адмовіўся ад прэтэнзій на шведскі трон. Рэч Паспалітая прызнала шведскія заваяванні ў Інфлянтах на Пн ад Дзвіны; Курляндскае і Земгальскае княства і Інфлянцкае ваяв. засталіся ў Рэчы Паспалітай як сумеснае ўладанне Польшчы і ВКЛ.
Літ.:
Szełągowski A. Sprawa północna w wiekach XVI i XVII. Cz. 3. Warszawa, 1905;
Яго ж. Walka o Bałtyk. 2 wyd. Lwów, 1921;
Konopczyński W. Polska a Szwecja od pokoju oliwskiego do upadku Rzeczypospolitej 1660—1795. Warszawa, 1924;
Polska w okresie drugiej wojny północnej 1655—1660: Mapy i szkice. Warszawa, 1957;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
тачы́ць1, тачу, точыш, точыць; незак., што.
1. Рабіць вострымі рэжучую частку, лязо чаго‑н. з дапамогай тачыла, бруска і пад. Тачыць нож. □ Адшукаўшы ў сенцах заржавеўшую сякеру, .. [Захар] пайшоў да Дзяніса Пляцінскага, узяў у яго брусок і, прыстроіўшыся пасярод хаты, пачаў тачыць сякеру.Чорны.// Надаваць патрэбную форму (пра ногці). // Рабіць прыдатным для карыстання (пра аловак).
2. Вырабляць што‑н. з дрэва, металу і пад., надаючы патрэбную форму зрэзваннем знешніх або ўнутраных слаёў матэрыялу на такарным станку. Тачыць ручкі. Тачыць шахматы. □ Сядзеў бы я і сёння ў курнай хаце, Тачыў бы верацёны пры лучыне.Грахоўскі.//без дап. Працаваць на такарным станку. Тачыць на станку.
•••
Лясы тачыць — займацца пустымі размовамі.
Тачыць зуб (зубы) — тое, што і вастрыць зуб (зубы) (гл. вастрыць).
Тачыць ножнакаго — задумваць зло супраць каго‑н.
тачы́ць2, тачу, точыш, точыць; незак.
1.што. Грызучы, праядаючы, рабіць дзіркі ў чым‑н., пашкоджваць што‑н. (пра насякомых, грызуноў). Было чутно, як недзе пад ложкам шашаль тачыў бервяно.Чыгрынаў.Мерзнуць мільёны мурашак, і мільёны іх на лета вясной точаць зямлю, — вылазяць з норак і паўзуць з таго боку, дзе сонца, уверх па дрэве...Пташнікаў./ Пра дзеянне вады, ветру. Па вуліцах ліліся жвавыя раўчукі, яны тачылі снег і, прабраўшыся да ракі, ліліся ў яе з высокага берага тысячамі маленькіх вадаспадаў.Чарнышэвіч.І ўсё ж Дняпро, амаль зусім адступіўшы ў летняе рэчышча, не можа супакоіцца і ляніва точыць нізы берага...Караткевіч.
2.перан.; каго-што. Неадступна мучыць, паступова пазбаўляючы сіл (пра хваробу, думкі, пачуцці і пад.). Яго [Адама Блецьку] тачыла думка, што ўсё тут добра было толькі тады, калі ў яго было сваё ўласнае аселішча.Чорны.Не было ні дня, ні гадзіны, каб помста і нянавісць не тачылі яго [Багуцкага] сэрца.Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Казачо́к1 ’народны танец з паступова нарастаючым тэмпам, а таксама музыка для гэтага танца’ (БРС, ТСБМ, Бяльк.; віц., КЭС; Мат. Гом., Сержп. Грам., Шат.). Калі слова — не беларускі наватвор ад казак у гэтым жа значэнні, то, паводле лінгвагеаграфічных даных, можна меркаваць аб уплыве рус. гаворак, аднак аб геаграфіі рус. слова нельга сказаць нічога пэўнага. Даль (2, 177) адзначае: «казачок… известный вид пляски, перенятой у казаков». Аб этымалогіі гл. казак2.
Казачо́к2 ’васьмушка, 1/8 куб. сажня дроў, прыблізна адзін воз’ (Бяльк., Шат.), ’мера каля 2 вазоў’ (Жд. 2) ’мера дроў, 1/16 кубічнага сажня’. Можна меркаваць аб сувязі з каза1 (утваральнай аснове каз‑), параўн. бел.гом.казёл ’мера дроў, 2,5 м³, рус.арханг.козлец ’маленькі воз сена’. Аб тэрміналагічных утварэннях ад такой асновы гл. казак, казакі. Што датычыцца матывацыі ўтварэння, ёсць тэрміны-дэрываты ад каза, казёл, якія абазначаюць спецыяльную (напрыклад, для аховы ад дажджу) укладку снапоў у полі, рус.складывать в козлы ’складваць адзін кусок торфа на другі сценкай’ (м.-арханг., арл.) і ’складваць цагліны, укладваючы адны плазам, а другія стаўма так, каб паміж імі заставаліся прамежкі для доступу паветра’ (маск.). Матывацыя такая ж, што і тэрмінаў, якія абазначаюць перакладзіны, Т‑падобныя прыстасаванні і сувязь з лексемамі каза, казёл відавочныя. Можна дапусціць, што спецыяльная (для прасушкі) укладка дроў у лесе была аднаго канкрэтнага памеру, што пры ўмове наймення такой укладкі дэрыватам ад каза1 магло прывесці да ўтварэння назвы меры. Зразумелым становіцца і дробнае (ад сажня) значэнне меры. Рус.арханг.козлец ’маленькі воз сена’ можна разумець як аргумент на карысць гэтай жа этымалогіі (< козлец ’укладка снапоў’). Падобны тэрмін мог паходзіць непасрэдна ад козлец (< козел) дзякуючы сваім зааморфным прыкметам (форма палазоў і інш.). Паколькі такога роду ўтварэнні (гл. тэрміны ад каза1 ў бел.) вядомыя, параўн. рус.дыял.казак ’рагуліна, ручка ў сахі, якой араты трымае саху’, можна меркаваць і аб спецыфічнай назве воза, як спецыяльнага, каб вазіць дровы, так і маленькага (які мог атрымаць такое найменне не толькі па яўна зааморфных адзнаках, але і ў кантэксце параўнання з вялікім возам), у тым ліку і ручных санак (саматужак). Што датычыцца апошняй рэаліі, то магчымая сувязь назвы каза, якая адзначана для маленькіх санак, з каза1 магла быць вельмі ўскоснай. Бел.казачок ’мера каля двух вазоў’ можна разглядаць як развіццё значэння слова паводле другой версіі або як аргумент на карысць першай: тады казачок ’укладка дроў, якая размяшчаецца на адным (двух) возе’. Статус бел. слова не зусім ясны — рус. паралелі дазваляюць меркаваць, што намінацыі такога тыпу былі вядомы больш шырока на ўсх.-слав. тэрыторыі. Магчыма, гэта выклікана спецыяльным характарам слова і наступнай яго экспансіяй, аднак аб цэнтры (у сэнсе зыходнага пункта) інавацыі меркаваць як у гэтым, так і ў іншых выпадках такога тыпу вельмі цяжка.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ЛІБЕ́РЫЯ (Liberia),
Рэспубліка Ліберыя (Republic of Liberia), дзяржава ў Зах. Афрыцы, на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. Мяжуе на З з Сьера-Леоне, на Пн з Гвінеяй, на У з Кот-д’Івуарам. Пл. 111,4 тыс.км²Нас. 3073,2 тыс.чал. (1995). Дзярж. мова — англійская. Сталіца — г.Манровія. Краіна падзяляецца на 13 графстваў. Нац. свята — Дзень Незалежнасці (26 ліпеня).
Дзяржаўны лад. Л. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1986. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на 6 гадоў. Вышэйшы прадстаўнічы і заканад. орган — двухпалатны парламент (Сенат і Палата прадстаўнікоў), выбіраецца на ўсеагульных выбарах. Выканаўчая ўлада належыць ураду, прызначанаму прэзідэнтам.
Прырода. Уздоўж узбярэжжа Атлантычнага ак. — вузкая (да 60 км) нізінная раўніна. Углыб краіны тэрыторыя паступова павышаецца і пераходзіць у Леона-Ліберыйскае ўзв.выш. каля 500 м. Над ім уздымаюцца асобныя астраўныя горы (г. Німба, на стыку межаў з Гвінеяй і Кот-д’Івуарам, 1752 м). Карысныя выкапні: жал. руда (больш за 3,5 млрд.т), алмазы, золата, баксіты і інш. Клімат субэкватарыяльны, гарачы і вільготны. Сярэднямесячныя т-ры паветра ад 23 °C у жн. да 27 °C у красавіку. Ападкаў за год да 1500—2000 мм ва ўнутр. раёнах, да 5000 км на ўзбярэжжы. Рэкі кароткія, паўнаводныя, з парогамі і вадаспадамі. У раслінным покрыве пераважаюць вечназялёныя экватарыяльныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў, саваннавыя рэдкалессі, участкі саваннаў. Пад лесам і хмызнякамі 39% тэрыторыі. Жывёльны свет разнастайны. У саванне трапляюцца буйвалы, антылопы, леапарды. У лясах шмат птушак, малпаў, змей, насякомых, у т. л. тэрмітаў, мух цэцэ. Нац. парк Сарпа (Сапа), лясныя заказнікі.
Насельніцтва. На тэр. Л. жыве больш за 20 этн. груп. Пераважаюць народы, якія размаўляюць на нігера-кангалезскіх мовах. Найб. народы: кпела, лома, мака, банды, кру, кісі, гола. Каля 5% складаюць амерыкана-ліберыйцы (нашчадкі неграў-рабоў з ЗША), жывуць пераважна ў гарадах. 70% насельніцтва вызнае нац.традыц. культы, ёсць мусульмане (20%) і хрысціяне (10%). Сярэднегадавы прырост насельніцтва 3,3%. Сярэдняя шчыльн. 27,6 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселена прыбярэжная паласа — 40—50 чал. на 1 км². У гарадах жыве 48% насельніцтва (1996). Найб. горад Манровія (962 тыс.ж., 1997). Каля 50 тыс.ж. у гарадах Б’юкенен, Робертспарт, Харбел. У сельскай гаспадарцы занята 70,5% працаздольных, у прам-сці і гандлі — 4,5%, у абслуговых галінах — 10,8%. Каля 700 тыс. — 1 млн. грамадзян Л. ў выніку грамадз. вайны (1989—96) вымушаны былі эмігрыраваць. З 1996—97 бежанцы паступова вяртаюцца з суседніх краін.
Гісторыя. Старажытная гісторыя Л. да з’яўлення ў сярэдзіне 15 ст. на яе тэрыторыі еўрапейцаў малавядома. У 1822 група б. неграў-рабоў з ЗША заснавала тут пасяленне Манровія. У 1820—30-я г. ўзніклі інш. пасяленні, якія 1.4.1839 аб’ядналіся ў Садружнасць пасяленняў Ліберыі. 26.7.1847 абвешчана Рэспубліка Л., улада ў якой належала выхадцам з ЗША — амерыкана-ліберыйцам, карэнныя жыхары былі пазбаўлены грамадз. правоў. З 1920-я г. Л. трапіла ў моцную эканам. залежнасць ад амер. кампаній. У студз. 1944 прэзідэнт У.Табмен абвясціў «палітыку аб’яднання», паводле якой карэнныя жыхары ў 1945 атрымалі права голасу. Панаванне амер.-ліберыйскай эліты ў эканоміцы і палітыцы захоўвалася да забойства ў 1980 групай ваенных прэзідэнта У.Толберта. Улада перайшла да Савета нац. выратавання на чале з С.Доу, які ў кастр. 1985 быў выбраны прэзідэнтам Л. У выніку пагаршэння эканам. становішча ў 2-й пал. 1980-х г. і міжнац. спрэчак у грамадстве Л. павялічылася незадаволенасць. У снеж. 1989 узбр. група створанага эмігрантамі Нац.-патрыят. фронту Л. (НПФЛ) на чале з Ч.Тэйларам уварвалася ў Л. з тэр. Кот-д’Івуар. Пасля гібелі Доу ў вер. 1990 пачалася барацьба за ўладу паміж НПФЛ, групамі, якія адкалоліся ад яго і б. прыхільнікамі Доу. У выніку грамадз. вайны 1989—96 загінула каля 150 тыс.чал., 1,2 млн. пазбавіліся прытулку, 700 тыс. уцяклі ў суседнія краіны. 2.8.1996 у г. Абуджа (Нігерыя) падпісана пагадненне пра спыненне агню і раззбраенне ўсіх бакоў канфлікту. На ўсеагульных выбарах у ліп. 1997 прэзідэнтам Л. выбраны Тэйлар.
Л. — чл.ААН (1945), Арг-цыі афр. адзінства. У краіне дзейнічаюць Нац.-патрыят. фронт Л., Незалежны Нац.-патрыят. фронт Л., Аб’яднанне незалежнага руху за дэмакратыю ў Л.
Гаспадарка. Л. — агр. краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю. Значна пацярпела ад грамадз. вайны і ваен. дзеянняў. Валавы нац. прадукт на 1 чал. складае 770 дол. (1994). На сельскую і лясную гаспадарку разам з рыбалоўствам прыпадае 40%, на прам-сць — каля 30%, у т. л. на горназдабыўную — каля 20%. У сельскай гаспадарцы пераважае абшчыннае землеўладанне і дробныя сялянскія надзелы. Ёсць плантацыі, якія належаць замежным кампаніям або дзяржаве. Найб. развіта земляробства. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 1 млн.га, у т. л. каля 0,5 млн.га пад ворывам, каля 0,3 млн.га пад шматгадовымі насаджэннямі, каля 0,2 млн.га пад лугамі і пашай. Асн. таварныя культуры: гевея, алейная пальма, кава, какава, цукр. трыснёг, тытунь. Штогод атрымліваюць каля 100 тыс.т пальмавага алею, 10 тыс.т кавы, 5 тыс.т какавы. На ўнутр. патрэбы вырошчваюць рыс (каля палавіны пасяўной плошчы), маніёк, тара, ямс, бананы, ананасы, арахіс, сою, цытрусавыя. Жывёлагадоўля развіта слаба. Пагалоўе (пач. 1990-х г., тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — каля 40, авечак і коз — каля 500, свіней — каля 100. Развіта лясная гаспадарка. Нарыхтоўка каштоўных парод драўніны складае штогод каля 1 млн.м³, працуе 19 лесапільных з-даў. Марское рыбалоўства (15—20 тыс.т рыбы штогод). У прам-сці гал. роля належыць здабычы карысных выкапняў, якую вядуць замежныя кампаніі. Штогод здабываюць каля 15—20 млн.тжал. руды (1-е месца ў Афрыцы), каля 0,3—0,4 млн. каратаў алмазаў, 3—4 т золата. Да пач. ваенных дзеянняў штогадовая вытв-сць электраэнергіі складала каля 1 млрд.кВт∙гадз, у 1993 атрымана 440 кВт∙гадз. Больш за палавіну электраэнергіі дае ГЭС Маўнт-Кофі на р. Сент-Пол. Апрацоўчая прам-сць развіваецца з 1960-х г.Найб. развіта харчасмакавая галіна (вытв-сць безалкагольных напіткаў, віна, піва, мукі, кансерваў, перапрацоўка рыбы, мяса, агародніны і інш.). Ёсць асобныя прадпрыемствы нафтаперапр., буд. матэрыялаў, хім., лёгкай, мэблевай прам-сці. Больш за 60% прамысл. прадпрыемстваў у г. Манровія. Развіты традыц. рамёствы: прадзенне і ткацтва, выраб цыновак, кошыкаў, скур, разьба па дрэве і інш. Транспарт пераважна аўтамабільны і чыгуначны. Аўтадарог 10,1 тыс.км, у т. л. асфальтавых і гравійных 5,8 тыс.км; чыгунак 490 км. Пад флагам Л. з прычыны нізкіх падаткаў і выгаднага для суднаўладальнікаў прац. заканадаўства плаваюць гандл. судны ЗША і краін Зах. Еўропы агульнай грузападымальнасцю 56,7 млн. брута-рэг. т (1997). Гал. парты — Манровія (разнастайныя грузы) і Б’юкенен (экспарт жал. руды). У краіне 59 аэрапортаў, у т. л.міжнар. аэрапорт Робертсфілд каля Манровіі. У 1989 экспарт склаў 505 млн.дол., імпарт — 394 млн. долараў. У экспарце пераважаюць жал. руда (61%), каўчук (20%), драўніна і лесаматэрыялы (11%), кава, у імпарце — паліва, хімікаты, машыны і прамысл. абсталяванне, харч. прадукты. Гал.гандл. партнёры — ЗША і краіны Зах. Еўропы. Знешні доўг Л. перавышае 1,7 млрд. долараў. Грашовая адзінка — ліберыйскі долар.
Літ.:
Френкель М. Гражданская война в Либерии (1989—1997) // Мировая экономика и междунар. отношения. 1998. № 7.
Ю.В.Ляшковіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Ліберыі.Сталіца Ліберыі — горад Манровія.